76628.fb2 Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!

Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!

Адольф(пяе).

Гляджу я без толку на хладную шаль,І чорную душу церзае печаль.

Паўлінка(душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?

Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?

Адольф(насупіўшыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)

Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!

Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і ўсе разам.

Паўлінка(да Адольфа, хітравата). А пан Адольф нам паможа?

Адольф. Ані думаў.

Колькі галасоў. А што мы спяём?

Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»

Адольф. Фі, мужыцкая!

Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеў, каб завялі якога манчыза?!

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.

Сцяпан(да Пранціся, сціха). Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?

Колькі галасоў. Згода, згода!! А пасля другую.

Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Гля-дзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.

Колькі галасоў. Добра, добра!

Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.

Дый куды ж ты, дуб зялёны,    Пахінаешся?Дый чаго ж ты, мой міленькі,    Задумляешся?

Пранцісь(як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.

Адольф. Ізноў мужыцкую!

Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А васпан, собственно, сваю панскую схавай свінням на снеданне.

Агата(падыходзіць і цягне Пранціся за полы). Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!

Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!

Паўлінка. Ну, будзем пець «Як жа мне не пець, як жа не гудзець?..».

Пяюць, як першую.

Пранцісь(як скончылі). А цяпер, собственно, чачотачку, пане дабрудзею.

Колькі галасоў. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)

Спарадзіла чачотачка семера дачок,Спарадзіла невялічка семера малых...

Альжбета(як сціхлі). Аддыхнеце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся.) Хадзіце, сваток, за стол ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагаў.

Пранцісь(садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны ўсё патрапяць... правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з пляшкі, да Сцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім не дам, яны маладзічкі яшчэ, паспеюць.

Сцяпан. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)

Паўлінка(каля гасцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?

Пранцісь(закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога не ведаеце.

Паўлінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?

Адна з гасцей. Пан Адольф, відаць, закахаўся.

Адольф. Ну, дык што, калі закахаўся?

Пранцісь(перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабру-дзею!

Усе. Лявоніху! Лявоніху!

Адольф. Ізноў мужыцкае!

Паўлінка(да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.

Адольф. Ды я ўжо вельмі не гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!

Пранцісь(да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з сваццяй тупнем, вось-цо-да!..

Сцяпан(да Агаты). А мы з сваццяй, каханенькая, родненькая!

Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасля ідуць, за імі іншыя госці. Паўлінка з Адольфам.

Пранцісь(прыпявае)

О, Лявоніха-Сымоніха была,Ды Лявону хлеба, солі не дала!О, Лявоніха-Сымоніха, а-ей!Не хадзі ламаць капусткі маей!

Альжбета

Хоць капуста зарасла лебядою,Не пайду яе палоць за табою.Прападзі ты і з капустай сваёй,Не сушы ты маладосці маёй!