76628.fb2
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып'ем па місцы. (Дастае з бакавой кішэні пляшку, пацягае з яе і хавае назад.)
Альжбета(смеючыся). А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолькі пассаць. Ці ж мы з сваццяй паскрэбкі...
Паўлінка(выходзячы з чарапкамі). Ого! Гэтых свянцоных кропель дзядзька і канаючаму не даў бы, не то што... (Выходзіць.)
Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь(услед Паўлінцы). Глупства, глуп-ства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, мала-дзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.
Агата(да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?
Альжбета. Ат, сёе ды тое. Паглядзіце, калі хочаце. Нічога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі.)
Пранцісь(да Сцяпана). Чуў, сват, пане дабру-дзею, што сягоння людзі казалі?
Сцяпан. Не, не, каханенькі, родненькі, не чуў, не было калі! А што?
Пранцісь. Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно...
Агата(перабіваючы з месца). Не чатырыста ты-сяч, а чатыры сотні тысячаў...
Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.
Агата(з месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касцёл вязе.
Сцяпан і Альжбета (здзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касцёл вязуць!..
Агата. Але ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.
Сцяпан. Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжыновы касцёл, то можна бу-дзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэння. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым... з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі.
Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы не шкодзіла б, пане дабру-дзею.
Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладдзю. Пайшло такое распуства на свеце, што не дай Божа! Заместа кніжак ды набажэн-ства - чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ва ўсіх па галаве ходзіць. Гэта ж мне калісь сказалі: ідзі за Сцяпана, - я і пайшла без ніякай спрэчкі са сваімі старымі.
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як да мяне пасватаўся, бацька-нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы не возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пайшла.
Глядзяць абедзве на сваіх мужоў, пасля - адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клункі.
Пранцісь. Так, так, пане дабрудзею, іначай калісь было. (Дастае пляшку і п'е, а пасля дае Сцяпану.) Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела.
Сцяпан п'е, Пранцісь прытрымлівае за пляшку, каб той залішне не выпіў.
Сцяпан(абціраючы вусы ды сплёўваючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!
Пранцісь(хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею.
Абодва закурваюць.
Альжбета(да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?
Агата. Ды трэба ж будзе як сцягацца.
Тыя ж і Паўлінка.
Паўлінка(уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца.
Альжбета. Яшчэ паспее... Дай мне з цёткай разгаварыцца.
Паўлінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас з цёткай пагавару.
Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.
Альжбета(выходзячы). Ну, як сабе хочаце.
Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.
Паўлінка, Сцяпан, Пранцісь, Агата.
Сцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага... як ён... а каб цябе... (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазываў?
Паўлінка(з месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?
Сцяпан. Ну, гэты ж?.. каб ён цяміўся... зяць, зяць!
Паўлінка(прыпамінаючы). Як жа ён, як?.. Здаецца, Бык... Бычок...
Сцяпан. Ага, ён, ён. Не, не так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?
Пранцісь(дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П'е і дае гарэлкі Сцяпану.)
Сцяпан(выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваёй загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.
Сцяпан. Блізка-то блізка, але каб не было слізка: на дождж як бы збіраецца.
Паўлінка(з месца). А ці, татка, каня паілі?
Сцяпан. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся.) Можа, разам з сватам пой-дзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?
Агата(з месца). Што - праўда?
Пранцісь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.