76628.fb2 Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам ездзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.

Сцяпан. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.)

Чаму ж нам не пець,Чаму ж не гудзець,Калі ў нашых хатачкахПарадак ідзець?

З'ява XI

Паўлінка, Агата.

Паўлінка. Але ж калі я яго люблю, цётачка.

Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.

Паўлінка. А што там людзі? Яны ж з ім жыць за мяне не будуць і па маёй смерці за мяне пакута-ваць не будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.

Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

Паўлінка(заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

Агата. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, - патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

Паўлінка(як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў... Хораша так аб усім расказваў... як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усё ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад'юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».

Агата. Чула я, чула аб ім не раз. Вельмі ўжо, ка-жуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.

Паўлінка(ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім...

Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.

Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..

Агата(хрысцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсвентшая!

Паўлінка(паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны... (Заглядзеўшыся ўдаль.) Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста - жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?

Агата(тулячы да сябе Паўлінку, праз слёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.

Паўлінка(як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, - я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося.

Агата. А ўсё ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?

Паўлінка. Бо... бо Якім з мужыкоў...

З'ява XII

Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь.

Пранцісь(за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.

Сцяпан(уваходзячы ў хату, а за ім Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэт-кую яшчэ цемру.

Агата(усхапіўшыся). Каго прывязаць?

Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.

Агата. Дык дзе ж кабыла?

Пранцісь(дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.

Агата(падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваёй хаце!

Пранцісь(пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.

Агата(хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае). Вось я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай... гэтай...

З'ява XIII

Тыя ж і Альжбета.

Альжбета(убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?

Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)

Альжбета(да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, - пэўна, там; гэта ж ёй не першыня.

Агата. Ці ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.

Сцяпан(закурваючы люльку). Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.

Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..

Пранцісь(устаючы). Глупства, пане дабру-дзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.

Агата(выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!

Выходзяць, за імі - Альжбета з клінком.

З'ява XIV

Паўлінка, Сцяпан.

Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, - ужо пазбыўся.

Паўлінка. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі і татка дамоў пехатой прытрапаў?

Сцяпан. Што было, тое сплыло, і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.

Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.

Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.

Паўлінка. Што ён конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?

Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.

Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.

Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.