76628.fb2 Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукер не раз-мокне.

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоння каляндар - нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, пагля-дзім праўды.

Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае.

(Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?

Паўлінка(хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, тата!

Сцяпан. Я пытаюся - хто гэта?

Паўлінка. Ці ж, тата, не бачыце?

Сцяпан(са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)

Паўлінка(скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзеквайцеся над ім...

Сцяпан(адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адча-піся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў...

Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцамі фартух.

З'ява XV

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.

Агата(дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.

Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшла-ся. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?

Сцяпан(тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбе-це). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!

Альжбета(закрываючы рукою твар). Чаго соваешся... Такая яна і твая, як мая.

Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.

Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?

Сцяпан(паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!

Пранцісь(разглядаючы). Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей... Собственно, Сарока, вось-цо-да.

Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.

Агата(да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.

Пранцісь(да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваёй спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд зробім... правы і скоры.

Паўлінка(падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.

Альжбета. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе...

Сцяпан(да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізі-тарскі суд зрабіць - па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.

Паўлінка(кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзеквайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.

Сцяпан(са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)

Паўлінка(з плачам апускаючыся на лаву). Татка, загубіць мяне хочаце... Гвалтам з хаты выгнаць.

Пранцісь(дастаючы пляшку). А цяпер, соб-ственно, вып'ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П'е.)

Паўлінка(усхапіўшыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!

Пранцісь(развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!

Заслона

Акт другі

Тая ж самая - што ў першым акце - святліца. За сталом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці - тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны - з другога. П'юць гарбату, наліваючы на сподкі, закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гле-дзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі - сядзяць два музыкі і, зводзячы інструменты, ціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона - Паўлінка нясе гарбату.

З'ява I

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, госці, музыкі.

Паўлінка(стаўляючы гарбату перад Сцяпа-нам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Гіршы, будзе чорт іншы.

Паўлінка(насмешліва). Мала што будзе... Але ж калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык... Бычка... Ах, як яго?..

Сцяпан(з націскам). Быкоўскага.

Паўлінка(падыходзячы да другога канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?

Адэлька(госця). Дзякуй. Ужо напілася.

Альжбета. Ды бяры! Што там пытаешся? Панна Адэля толькі дзве выпіла.

Адэлька. Калі ж болей не хочацца.

Паўлінка(забіраючы шклянку). Вып'еш, вы-п'еш, Адэлька, - змесціцца.

Альжбета(падсоўваючы гасцям яду). Старайцеся, госцікі, старайцеся. Вось - сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоння трохі папрацавалі каля полькі ды лявоніхі.

Колькі галасоў(перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.

Сцяпан. Чым хата багата - тым рада. Хлеб на стале - рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як наліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.

Музыка(убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і не жыў. Я сам бачыў, як пасля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.