76628.fb2
Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выхо-дзіць.)
Тыя ж без Сцяпана.
Паўлінка(стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеў разнесці?
Адольф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.
Паўлінка(хітравата). Пэўне, і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?
Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць не ўсе чыста круцяцца на адным месцы.
Паўлінка(ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
Альжбета. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзвесце, аўса таксама са дзвесце, ячменю - з сотню.
Адзін з гасцей. А колькі ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі з паўтары добрыя будзе.
Госць. І лес ёсць?
Адольф(абціраючы хустачкай лоб). А як жа - ёсць: з паўвалокі, калі не болей. Сасна ў сасонку!
Госць. І сенажаць ёсць?
Адольф. Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.
Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу, так! З добрую паўвалочку!
Альжбета. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
Паўлінка(сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым не зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як ува ўсіх.
Адзін з гасцей. Каб толькі не ўдалася нара-вістая.
Паўлінка. Цікавасць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
Адольф. Гэта, пакуль што, сакрэт.
Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?
Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасля ўжо і васпані на самае вушка.
Паўлінка(беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата?!
Паўлінка(ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.
Альжбета. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?
Адольф. А так - першы!
Адна з гасцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
Адзін з гасцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак не йдуць.
Адольф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.
Альжбета(убок). І дурны ж ён, як відаць.
Паўлінка(падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?
Альжбета. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.
Адольф(п'ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.
Паўлінка. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?
Альжбета. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?
Музыка(убок да другога). Конь не конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.
Адольф(да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усё мне капліменты гавора.
Паўлінка(рассеяна). Ага! Капліменты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
Музыка(да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як нале-жыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструменты.)
Паўлінка(да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не ўмею, але ніколі нават іх і не бачыла.
Адольф. Не бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкаў.) Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтага не ўмеем.