7835.fb2
Калi першыя сiнiя адценнi ляглi на снег, ён заўважыў, што сабакi сталi неспакойныя. Вушы у iх насцярожвалiся, i было ясна, што яны нешта чуюць. I раптам, зусiм нечакана, перадавы пёс, Джэк, забрахаў i рвануў нарты ўбок. За iм з ярасным, захлынаючымся брэхам паiмчалi астатнiя сабакi. Падкова зразумеў, што хоць напрамак зусiм другi, але нюх нiколi не падманвае сабак: паблiзу жыллё або звер.
I ён пусцiў сабак. Ен ведаў, што ўзiмку буйных i страшных звяроў у тундры няма. Заяц, лiсiца, гарнастай, расамаха – гэта было бадай што ўсё.
Праз некалькi хвiлiн з ледзь прыкметнага ўзгорка Падкова пабачыў у кiламетры ад сябе гiганцкую стракатую пляму: вялiзны табун аленяў.
Сабакi цягнулi да яго, цягнулi з узбрэхам, з задыханнем, з ярасным вiскам. Гэтыя страшныя звяры, ездавыя камчацкiя лайкi, нашчадкi вялiкага ваўчынага племя, бязлiтасныя, як ваўкi i перавышаючы ваўкоў сiлай, – пры сустрэчы з будзь-якiм зверам шалеюць. Усё адно, хатнi гэта звер цi дзiкi. I забiваюць яны гэтага звера трапным ваўчыным кiдком на карак i паступовым перахватам да шыi. Некалькi год таму ездавыя сабакi Падковы, якiх ён не мог стрымаць, у некалькi хвiлiн расправiлiся з тройкай аленяў. Чукча-пастух прыбег з вартавымi сабакамi запозна i нават не лаяўся, толькi сказаў сумна:
– Э-эх, бачка. Вялiкi начальнiк, а сабак, прыяцель, трымаць не ўмееш. Дурны, аднак, як дзiцёнак.
Горш за ўсё было тэта спакойнае пахiтванне галавою.
Цяпер Андрэй быў ужо спрактыкаваным каюрам i таму, даўшы сабакам магчымасць наблiзiцца на палову кiламетра, спрытным рухам перакулiў нарту i сеў на яе.
Добра ўвязаныя пажыткi не маглi рассыпацца, i нарта ўсёй паверхняй забаранавала снег. Андрэй ведаў, што метраў праз 200 – 300 сабакi знясiлеюць i з iмi легка будзе справiцца.
I сапраўды, ён адолеў iх, калi зусiм блiзка закачалiся перад вачыма галiнастыя рогi аленяў.
Два цёмныя ценi беглi ад табуна: пастухi. Падкова, спынiўшы сабак, стаў перад
нартамi, прылашчыў сабак, i яны ляглi, супакоеныя.
Выявілася, што зусiм недалёка стойбiшча ў восем юртаў. Адзiн з пастухоў падсеў да Андрэя, i праз трыццаць хвiлiн яны пад’ехалi да цёмных конусаў.
“Чукоцкае таварыства па супольнаму выпасванню аленяў, – прывычна адзначыў Падкова, – сем’яў каля сарака (у кожнай юрце некалькi “полагаў”), насельнiцтва, пэўна, сотнi паўтары. Значыць, i дзяцей шмат”. Але дзяцей не было вiдаць. Толькi дарослыя, смуглявыя, вузкавокiя твары. Яны балбаталi нешта, усмiхалiся. Андрэй, дрэнна яшчэ ведаючы чукоцкую мову (астатнiя ведаў добра), разабраў толькi:
– Прыяцель! Чай пiць...
Высокі чукча, якi сяк-так ведаў па-руску, даведаўся ў Падковы, хто ён i куды едзе, i аддаў загад жанчынам. Лiтаральна праз дзве хвiлiны яны паставiлi нарту каля юрты, распрэглi сабак i прывязалi iх да нартаў i да аццяжак юрты.
Гаспадары прыязна ўсмiхалiся, запрашалi ў юрту. I Андрэй усмiхаўся iм. З некаторага часу ён схiльны быў думаць, што гэтыя жыхары бязлiтасна-халоднай краiны – лепшыя людзi на зямлi. Гасцiнныя, як беларусы i рускiя, але, акрамя таrо, шчырыя, як дзецi. Ён ведаў, што ў iхнiх мовах няма слоў для такiх паняццяў, як “крадзёж” або “хлусня”. I сапраўды, яны нiколi не хлусiлi i не кралi, здзiўляючыся да глыбiнi душы, калi бачылi такое ў iншых.
Ён, заядлы вораг рэлiгii, здзiўляўся яшчэ i таму, што ў многiх з гэтых народаў, асаблiва ў iтэльменаў, зусiм няма 6агоў. Гэта быў першабытны, прыродны атэiзм. I таму яны былi Андрэю як браты.
Трохi наводдаль ад правiльнага круга юрт Андрэй пабачыў групу людзей, якiя сядзелi проста на снягу. Поруч з iмi стаяла высокая фiгура у малiцы i кухлянцы з аленячых шкур.
– Гэта што такое, сябры?
Твар таго чукчы, якi разумеў па-руску, расплыўся, вачэй стала не вiдаць.
– Скола, Андруса... Цаеваць трэба.
Андрэй не зразумеў. I толькi потым, у юрце, калi пытаннi пасыпалiся на яго градам, зразумеў, што “скола” азначае “школа”. Але якая школа, адкуль яна тут? А чукча толькi галавой хiтаў:
– Настаўнiца шыбка малады... харошы. З закуранага катла падалi пахнучы дымам, як вэнджаны, вельмi гарачы чай.
– Тоўсты чай, аднак, прыяцель... Добры.
“Тоўсты” чай быў зусiм чорны, на чукоцкi смак: у нязвыклага чалавека сэрца спынiцца. Падкова з асалодаю пiў яго, глядзеў у вогнiшча, якое трапятала, асвятляючы полагi – завесы, за якiмi жывуць асобныя сем’i.
I раптам шкура, якая замяняла дзверы, адхiнулася, адкрыўшы вачам зорнае неба. Постаць, захутаная ў мяхi, наблiзiлася да вогнiшча.
Андрэй пабачыў глыбокiя шэрыя вочы, круглы тварык, ахутаны, як нiмбам, капюшонам з футра лiсiцы. I быў гэты тварык пасiвералы, суровы, але вельмi-вельмi знаёмы.
– Добры дзень, – пачуў ён мяккi, багаты адценнямi голас.
Праз хвiлiну яна сядзела поруч з iм, i за ёю булькацела ў катлах вада, даносячы смачны пах аленяга мяса.
Калi катлы спустошылi i яна стамiлася перакладаць Андрэю пытаннi чукчаў, Падкова раптам спытаў:
– Дзесьцi я вас бачыў.
– Дый я вас добра ведаю, Андрэй Пятровiч. I толькi тут прыпомнiў Падкова адзiную iхнюю сустрэчу, якая адбылася тры гады таму. I з нечаканай радасцю ён крыкнуў:
– Антанiна Сяргееўна, Антося, зямлячка.
Бацюхны мае, як жа ж так? Хiба вы не паехалi тады ва Уэлен?
– Як бачыце, не. А хiба вам не перадаў Нiкiфараў, што я ў качавой школе?
– Нiчога не парадаваў. Вось расцяпа! А яшчэ загадчык райана... Ну як жа ж вы тут? Раскажьще.
– Ды, уласна кажучы, нiчога асаблiвага. Вы яшчэ спаць не хочаце?
– Ды не, я тры днi пад снегам адпачываў.
– Пад снегам якi адпачынак. Спiце. Вось ваш полаг. Заутра пабачыце, як я тут працую.
Загадчык залез у полаг, дзе было цёпла, нават горача, лёг, але доўгi час не мог заснуць. Звiнелi аб шкуры юрты сняжынкi, узнятыя лёгкай замеццю, хадзiў, хрумстаючы снегам, алень, i Андрэю было чуваць ля самай галавы яго гучнае – па марозу – дыханне.
– Дзяўчыну гэтую – а праўдзiвей дзяўчынку, бо ёй тады было не больш як шаснаццаць год, – ён пабачыў у аблана тры гады таму. Маленькая, падобная на сiмпатычную шэранькую курачку, яна толькi скончыла педвучылiшча недзе на Беларусi, i занесла яе дарога у гэты жорсткi для слабага край. Ён i помнiў яе толькi таму, што была зямлячка, аднекуль з-пад Мiнска, ды яшчэ таму, што яна ў лёгкiх боцiках, у пальтэчку, падбiтым ветрам, так вось проста падумала ля карты дый махнула сюды. I не за грашыма, бо нават не ведала, колькi тут плоцяць. Ён тады яшчэ – грэшным чынам – пашкадаваў яе, спытаў, чаго яна залезла сюды, за тысячы вёрст ад мамы.
– Мацi у мяне няма, палякi застрэлiлi. Я ў дзiцячым доме была.
– А бацька дзе?
– Бацька загiнуў над Бугам... Вы, дзядзька, накiруйце мяне туды, дзе цяжка... Мне з цяжкай працы трэба пачынаць, каб стаць добрай настаўнiцай.
Андрэй тады пашкадаваў яе. Куды такому пiсклёнку ехаць у тундру. Таму дамовiўся з заведуючым факторыі на Чукотцы i накiраваў Антосю да суседзяў. Усе ж там нейкая культура ёсць. А Нiкiфараў – д’яблы б яго насiлi – паспеў пераманiць да сябе i накiраваў у качавую школу.
“Ат, чорт! Калi мне, мужыку, тут плакаць хочацца, дык што пра яе казаць. Уцякла-такi дзяўчына ад культуры. Ну, тут ёй тундра паказала, што такое рамантычныя ўчынкi”.
Падкова заварушыўся i спытаў дзяўчыну, якая ўсё яшчэ сядзела ля агню:
– Цяжка вам тут, Антося?
Яна павярнула да яго абветраны, з глыбокiмi вачыма твар: