7835.fb2 Белае полымя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Белае полымя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

– Зараз добра. А раней часта плакала. I ўсё ж не ўцякала.

– Што ж, дрэнна вас тут сустрэлi?

– Жартуеце? Не, я тут зараз як у сваей сям’i. Член рода, сваячка ўсiм, хоць i не па крывi. Баяцца, каб не кiнула iх. Улетку – смешна нават – кветкi першыя прыносяць.

– Не хапала чаго, можа?

– Усяго не хапала i не хапае. Паперы няма, чарнiл, алоўкаў, кнiг няма. Вы бачылi сёння нас там, за стойбiшчам? Гэта мы на снезе палачкамi пiшам.

– Што ж тэта за дурасць? А начальства што думала? Загадчык ваш?

Яна пасуравела, рашуча адкiнула з галавы капюшон, i зазалацiліся ў святле дагараючага вогнiшча яе валасы.

– Не ведаю, што i чым ён думае. Калi прыехалi мы на параходзе, на пяты дзень, у райана нас добра сустрэлi. Там i “гаспадары” нас чакалi: старшынi вясковых i тубыльных саветаў, старшынi таварыстваў i арцелей. Мой старшыня ўжо тыдзень парахода чакаў... А кнiгi i сшыткi везлi другiм параходам, наступным. Ён павiнен быў прыйсцi з Уладзiвастока праз тры днi. На гэтыя тры днi я аформiла ўсе справы, выдала даручэнне раённай ашчаднай касе, каб яна тут штомесячна за мяне грошы атрымлiвала i клала на кнiжку.

Уздыхнула:

– Вось ужо трэцi год мне начысляюць. Мне тут нiчога не патрэбна. Кормяць мяне тут, нашу тое, што i чукчы. Дый што б я тут купiла? Факторыі за тысячу кiламетраў. Цукерак бы, можа, купiла, я iх тры гады не ела ўжо.

Падкова прыгаломшаны прыўзняўся на локаць.

– Ну а хлеб? Цукар!

– Скуль iх прывязеш? Дый наогул трэба есцi так, як людзi вакол, як гэтыя чукчы. Хлеба мы нiколi не ямо, часам толькi пячэм праснакi. Цукру яны наогул не ўжываюць. Як бы rэта я ела штосьцi iншае, лепшае? Прызвычаiлася. Здаровая, бачыце, моцная – ем многа мяса.

– А цынга?

– Летам сланiк iснуе, ягады. Узiмку сырая страганiна. Мне спачатку сорамна было, што я слабейшая за iх. Няўжо, думаю, мы такiя ужо спешчаныя? I выявiлася, што мы не слабейшыя.

Падкове стала сорамна ледзь не да смерцi, што ён там, у снегавой ямiне, так расстагнаўся. Таму ён спытаў:

– Ну а далей?

– А далей выявiлася, што на другiм параходзе ёсць другая партыя настаўнiкаў, ёсць урачы i нават заатэхнiк, але дапаможнiкаў зноў няма. Галавацяпы паршывыя! Забiць iх мала!

– Што ж вы рабiлi, любая вы мая?

– А што было рабiць? Выдрала у райана адзiн камплект падручнiкаў, сотню сшыткаў, алоўкаў. Пер’яў не было. Нельга ж было чакаць наступнага парахода ўсю зiму. Ну i паехалi. На чацвёрты дзень даiмчалi мяне у стойбiшча, яно тады блiзка качавала. Дзеткi цудоуныя, кругленькiя такiя, вузкавокiя. I нiхто анi слова па-руску не разумее. Дарослыя таксама. Толькi адзiн старшыня, Келькут, прыстойна гаворыць. Што рабiць? Хоць ты макам садзiся. Вось вам i методыка з педагогiкай.

Андрэй зарагатаў так, што алень за сценкай юрты кiнуўся прэч.

– Ну вось старшыня мне i кажа, што я, маўляў, буду гаварыць, ён будзе перакладаць. А дзецi хай слухаюць.

– Гэта ж не лезе нi у якую методыку, – паддражнiў яе Падкова.

– А няхай методыка больш пра такiя выпадкi думае. А то пералiвае з пустога ў парожняе, пераконвае нас у неабходнасцi правiльнай пабудовы ўрока, быццам мы самi гэтага не ведаем... Перарабiла я ўвесь навучальны план: тры гадзiны у дзень працавала з перакладчыкам, а астатнi час вывучала чукоцкую мову i праз паўгода яе вывучыла.

– Хутка вы.

– А што было яшчэ рабiць? Кiно няма, гулянак у скверы таксама. Дый мова даволi лёгкая. Слоўнiк невялiкi, граматыка простая. На ўрокi збiралiся акрамя дзяцей усе дарослыя. А калi я начала размаўляць не горш за чукчаў, – начала я вучыць iх чытаць i пiсаць. Сшыткi вельмi хутка скончылiся, а мы тым часам адкачавалi ў самае сэрца тундры. Чакала, што падвязуць, i вось чаканне цягнецца два гады. Нi дапаможнiкаў, нi iнспектара. За тры гады вы першы. Як гэта вы мяне адшукалi?

– Сабакi дапамаглi, – неахвотна сказаў Падкова, – iначай, можа, i я вас не адшукаў бы.

Сэрца ў яго сцiснулася ад жалю да гэтай шэранькай курачкi i ад захаплення перад ёю. Такое перанесцi, такое вытрываць! I таму, каб яна не заўважыла яго вачэй, Падкова лёг тварам у шкуры i спытаў:

– Ну, вы зараз дабiлiся свайго, вы сталi добрай настаўнiцай, напэўна. Калi ж вы рушыце на мацярык?

Яна ўзняла вочы ад вуголляў i са здзiўленнем глянула на яго:

– Куды?

– З Чукоткi – у цэнтр.

Яна, вiдаць, не зразумела яго, надумала, што ён лаецца за парушэнне методыкi. Таму сказала горача:

– Ды вы паглядзiце заутра – дзецi ў мяне не горш за другiх ведаюць усё. I не хачу я адсюль, не паеду.

Загадчык кашлянуў у руку:

– Вы што ж, назаўсёды хочаце тут застацца?

– А чаму не.

Андрэй усмiхнуўся ў цемру, у якой ледзь чырванелi вуголлi ачага.

– I замуж вырашылi не выходзiць?

– Як гэта не выходзiць, – шчыра здзiвiлася яна.

– А за каго? Тут жа ж адны чукчы. Ён смяяўся ў цемры, але яна гэтага не заўважала i таму накiнулася на яго:

– А яны што, не людзi? Яны лепшыя за многiх нашых. I хлопцы тут цудоўныя. На белага мядзведзя сам-насам выходзяць. Смелыя, рашучыя. Мне такiя падабаюцца, я сама такая.

Яна не заўважыла нязручнасцi сказанага, але Падкову гэта мiлая дзявочая самаўпэўненасць i гордасць здалiся такiмi прывабна-смешнымi, што ён весела

зарагатаў. Тады i яна зразумела, што гэта жарт.

– Кладзiцеся спаць, харошая вы мая. Заутра паглядзiм, што вы тут зрабiлi.

I Андрэй, накiнуўшы малiцу, выйшаў з юрты.

Бясконцыя пад месячным сяйвам ляжалi снягi. Нехта вялiзны бавiўся, пускаючы ў неба рознакаляровыя дзiды. Яны варушылiся, перакрыжоўвалiся, успыхвалi амецiставым, пранiзлiва-блакiтным i чырвоным, ператваралiся ў сляпую завеску з фестонамі, якая калыхалася памiж небам i зямлёй, i зноў распадалiся на асобныя стрэлы.

Сполахi разгаралiся, беглi чаргаваннем ценi i святла па юртах, па табуне аленяў, па нартах, ля якiх спалi сабакi.

Паўночнае ззянне залiвала бясконцы халодны абшар.

Увесь кароткi наступны дзень прайшоў за працай. Падкова ўстаў яшчэ “ноччу”, у дзевяць гадзiн ранiцы, i здзiвiўся, калi пабачыў вучняў з Антанiнай Сярrееўнай. У яе не было “ўрокаў”, проста вучнi цэлы дзень былi з настаўнiцай. Пакуль было цёмна – вучнi сядзелi ў адным з полагаў юрты, у якiм настаўнiца зрабiла небывалае святло: гарэла пяць каганцоў.