7835.fb2 Белае полымя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Белае полымя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Вучняў было дваццаць чалавек, i ўсе яны з захапленнем слухалi пявучы голас, якi распавядаў iм пра далёкiя краiны, пра параходы, што перасякаюць акiяны, пра хуткiя цягнiкi. Седзячы поруч, Падкова слухаў (дзецi ўжо добра разумелi па-руску) i адкрываў нейкiя новыя ўласцiвасцi даўно знаёмых рэчаў.

– Цягнiк – гэта вялiзная, уся з жалеза, як лязо гарпуна, нарта. Яна крытая. Рухаецца яна без сабак i аленяў. Замест iх працуе пара, тая пара, што падкiдвае крышку на катле.

Падкова ўсмiхаўся. I сапраўды, як было iначай растлумачыць гэтым дзецям Поўначы зусiм невядомае, нiколi не бачанае. Ён уявiў, як запытае ў Наркамасвеце, цi можна так вучыцда: без сшыткаў, без мэблi, без пер’яў. I ён ведаў, што адказ будзе адзiн: вучыцда нельга. I вучыць таксама немагчыма.

I ўсё ж гэтая маленькая жанчына змагла вучыцца i вучыць, нават па раскладу ўрокаў, зробленаму тры гады таму.

Стала святлець, i дзецi, падобныя на ведзьмедзянят у сваiх пушыстых кухлянках, высыпалі з юрты на снег, селi на падасланыя шкуркi. Белы незайманы снег ляжаў перад iмi, i хутка на яго паверхнi з’явiлiся словы пад дыктоўку, сказы. Палачкi так i бегалi ў руках.

Другая група – дзецi былi падзелены на класы – развязвала заданы, умовы якiх прыдумалi самi. Дзiўна, але нават дурыкаў, звычайных для нашай школы, тут не было: маленькiя грамадзяне рабiлi вельмi важлiвую i сур’ёзную справу.

– У аднаго пастуха З7 аленяў, у другога на 15 больш. Колькi аленяў у пастухоў?

Трохi старэйшыя складвалi заданы на рост табуна на працягу трох год, на перакачоўку. I трэба было бачыць, з якой сур’ёзнасцю i кемлiвасцю гэта рабiлася. Мозг, якi спаў сотнi год, зараз прачнуўся i, свежы, ясны, толькi няздатны яшчэ пакуль на абстракцыi, пачаў даrаняць мозг другога, адукаванага чалавека.

Хутка з’явiўся дашкольны грамадзянiн год чатырох з вузкiмi, нiбы асакой прарэзанымi, вочкамi i круглай мордачкай. Падкацiўся, як шарык, сеў на кукiшкi, i вачам здзiўленага Падковы адкрылiся два маленькiх ружова-смаглявых паўшар’i.

– Ты што ж гэта робiш, круцель малы? – спытаў Андрэй.

Антося ўзяла грамадзянiна на рукi, i паўшар’i адразу схавалiся.

– Вы не здзiўляйцеся, – сказала яна сарамлiва, – гэта ў нас тут звычай такi, рабiць дзецям разрэз у штонiках на гэтым самым месцы. Каб мог абыходзiцца без дарослых. Як прысядзе – так i ўсё вонкi. Iначай нельга, мароз.

Грамадзянiн шчаслiва ўсмiхаўся i вазiў лапкай па шчоках настаўнiцы.

А дзецi тым часам малявалi на снезе цягнiк, падобны на вялiзныя нарты, увянчаныя юртамi. Гэта было наiўна i бездапаможна, але была ў гэтых накiдах цвёрдая рука будучых вялiкiх разьбяроў па косцi.

Алень падышоў з другога боку, i цёмныя, добрыя, бы ў каровы, вочы пачалi глядзець на дзяцей, дзьмухаць на малюнкi сiвой парай з ружовых вуснаў.

Падкова бачыў, што веды ў дзяцей выдатныя: добрае веданне правiл арыфметыкi, хуткая кемлiвасць у развязваннi задач. Ён завёў дзяцей у юрту i раздаў iм са свайго запасу пяцьдзесят сшыткаў i каляровыя алоўкi.

Пiсьмо на паперы давалася iм цяжэй, i за гэта трэба было дзякаваць галавацяпам з райана.

Затое, калi яны гэтымi алоўкамi пачалi маляваць, Падкова зноў здзiвiўся, як здзiўляўся кожны раз, калi бачыў малюнкi дзяцей Поўначы. Гэта было багацейшае адчуванне перспектывы, разумныя, проста з жыцця выхапленыя, назiраннi над жывёламi i людзьмi.

I яшчэ тонкi каларызм, якому ў гэтай краiне бледных снягоў i размытых адценняў магло навучыць хiба толькi паўночнае ззянне з яго пералiвамi чысцейшых фарбаў.

Падкова непрыкметна сцiснуў кулакi. Злачынствам было прымусiць так пакутаваць гэтую дзяўчынку. Значынствам быў кожны дзень, у якiм маленькiя вузкавокiя вучнi не мелi пер’яў i паперы. I таму ён раптоўна сказаў Антанiне Сяргееўне, што яму трэба ехаць, ехаць хутчэй.

Ён вырашыў з самымi кароткiмi адпачынкамi гнаць сабак у раён i ўчынiць там буру i скандал. Ён ведаў, што ў пасёлку, якi ляжаў недзе за тысячу вёрст, ёсць два самалёты грамадзянскай авiяцыi.

Настаўнiца не здзiвiлася. Яна адпусцiла дзяцей, ускiнула на плячо стары вiнчэстэр i, пакiнуўшы юрту, начала прывязваць да ног шырокiя лыжы.

Потым падышла да яго i, нi аб чым не пытаючыся, сказала:

– Я праводжу вас трошкi... каб лягчэйшым быў шлях.

Сабакi бадзёра ўзялi з месца. Ад’ехаўшы трошкi, Падкова азiрнуўся. Насельнiцтва стойбiшча махала наўздагон яму рукамi, i сярод вялiкiх фiгур можна было заўважыць маленькiя дзiцячыя фiгуры.

Жанчына бегла на лыжах хутка i спрытна. Мехавы нiмб вакол яе галавы хутка ўкрыўся густым белым шэранем. Пасiвелi вейкi, сiвы касмылёк валасоў звесiўся на лоб.

Абое маўчалi. Вочы настаўнiцы пiльна разглядалi сляды на снегавым кiлiме.

I раптам яна сказала – яны ад’ехалi ўжо кiламетры тры, i стойбiшча знiкла ў дымнай iмгле:

– Пастаўце нарты на прыкол. Здаецца, я пакажу вам цiкавае.

Андрэй паслухаўся. Яны пакiнулi нарты ў левым баку i паглыбiлiся ў тундру. Сярод блытанiны маленькiх слядоў быў бачны адзiн вялiкi, памерам са сподак для варэння, след. I жанчына сказала:

– Воўк. Той самы, што год таму трапiў у маю пастку. Кульгавы. Пакiнуў два кiпцюры.

– Можа, ён далека? – спытаў Андрэй.

– Блiзка. Вельмi блiзка. Бачыце, след нават не закуржавеў. А лёгкая дуйка ёсць.

I адкiнула з галавы капюшон, каб лепей чуць. – Ён паклаў у нас тры днi таму дзве важанкi.

Яны прайшлi яшчэ з кiламетр, калi яна пабачыла каля невялiчкай гурбы разрыты снег i рэзка сказала:

– А зараз хутчэй. Ён тут ляжаў.

I яны паiмчалi так, што вецер свiсцеў у вушах. Узбегшы на ўзгорак, яны пабачылi дзiўнага, рудага на белым фоне звера, якi чуйдух уцякаў у белы абшар.

– Нагонiм, – сказала яна.

Ваўку, сытаму да таго, што пуза ягонае цягнулася па заносах, цяжка было бегчы ў свежым глыбокiм снезе. ён бег хвiлiн дваццаць, а потым, адчуваючы, што дзве смерцi немiнуча наздаганяюць яго, сеў i прыгатаваўся абараняцца.

Ён няспрытна прымiнаў задам снег, ялозячы па яму i раскачваючыся ўсiм целам: рыхтаваў скачок.

Ляск сабачкi, гучны стрэл вiнчэстэра i гырканне рудага ценю, што адарваўся ад зямлi, злiлiся ў адно. У наступную хвiлiну прагучаў яшчэ адзiн стрэл. Стрэлiў Падкова. Але жанчына, якая паспела адскочыць, у той самы момант стрэлiла яшчэ раз.

Павольна соўгаючы нагамi, як сабака, што “бяжыць” у сне, воўк ляжаў на баку, i сутаргi прабягалi па ягоным целе, натапырваючы бурую поўсць.

– Дзве дзiркi, – прытворна роўным голасам сказала жанчына, – адна мая, ад вiнчэстэра, у галаве. Другая – ваш “заўэр”, якраз на сядле. Вы адбiлi яму заднiя ногi.

Калi яны дацягнулi ваўка да месца, дзе стаялi на прыколе нарты, снег пачаў рабiцца шэрым. Падкова дапамог ёй ускiнуць на загорбак цяжкую тушу, i яна, трымаючы звера за ногi, глянула на Андрэя прамянiстым i строгiм позiркам.

Шыя яе, трошкi згорбленая пад цяжарам, уся танула ў ваўчынай поўсцi.

– Бывайце, Андрэй Пятровiч, – проста сказала яна, – я данясу сама.

Андрэй падышоў да яе i раптам узяў за плечы i, прыцягнуўшы, пацалаваў яе ў лоб.

– Бывайце, дарагая. Дзякуй вам.

Ён вырашыў даслаць з раёна самалёт з дапаможнiкамi, каб было iх не менш як на два гады, а ад сябе вялiкi набор цукерак, цукру i звычайнай кухоннай солi. Даслаць адразу – хай лётчык шукае станоўе.

Ад’ехаўшы з кiламетр, ён азiрнуўся. У сiнiх ценях ранняга прысмерку, далёка-далёка, стаяла маленькая постаць i ўсё яшчэ глядзела на яго.