7836.fb2 Беларуска (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Беларуска (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Нехта дае мне палаючы знiч. Iду з iм, саграваючыся задушным святлом. Штохвiлiны паветра разрывае гук звона, якi нясуць наперадзе калоны. Memento mori.

Шэсце ў маўчаннi даходзiць да дарогi на Вiцебск. Паварочваем на абвадную дарогу, за якою вiдаць навалы згорнутай бульдозерамi зямлi. Рабочыя, што круцяцца вакол машын, абыякава пазiраюць на нас. Шэсце закончыцца, ацiхне звон, i рабочыя напэўна ж прыступяць да пашырэння дарогi. Заасфальтуюць лес крыжоў, якi вырас тут за апошнiя тыднi на знак пратэсту. Усё як панарама смутку i непапраўнасцi. Праз хвiлiну мiльгае думка, як ратунак, як апошняя дошка ратунку. Я ж адгэтуль паслязаўтра выеду i страсу з сябе гэты самнамбулiчны бяскрай. Але гэта зноў жа толькi абвадная думка, як пакуса. Бо такiх сiтуацый i людзей не бракуе i ў нас.

Мае боты члапаюць, гразь, балота... У раскапанай зямлi пад нагамi касцей, аднак, не вiдаць, не вiдаць у ёй i мартыралагiчных плямаў. Звычайная зямля. Шэрая, брудна-рудая, не выклiкае эмоцыяў. Выклiкае адзiна жаданне выйсцi на якi-небудзь ходнiк i ступаць па чыстым, вымытым тратуары.

Падыходзiм да лесу. Ускрай яго група маладых людзей паставiла палатку. У брудным лагеры вiдаць параскiданыя бутэлькi. Як праваслаўны звычай выпiвання за памерлых на iх магiлах. Няўжо i ў такiм месцы гэта ўсё яшчэ звычай.

Узгадваецца адзiн выпадак з пахаваннем паўгода таму назад. Быў канец лютага альбо пачатак сакавiка. Памерла Анiна бабуля, i я пайшла з ёю на пахаванне. Бадай што нават не толькi з прычыны спачування сiмпатычнай каляжанцы i яе бацькам, але, мусiць, таксама i з цiкавасцi, як выглядае тут пахаванне. Гэта ж частка культуры штодзённага жыцця, гэта люстра ўсiх iншых абрадаў, свецкiх i рэлiгiйных - гэтых сямейных, гэтых грамадскiх. Я купiла прыстойны букет яркiх хрызантэмаў з чорнай стужкай i ў цэлафане з густоўнай чорнай аблямоўкай. Пад'ехала на таксi да дома, куды часта забягала адведаць Аню. У адным пакоiку iх цеснай кватэры жыла яе бабця, якая ўжо амаль не падымалася з ложка. Было ёй за восемдзесят. Аднаго разу я кiнула вокам у прачыненыя дзверы ў той пакоiк i ўбачыла, як старэнькая падымалася з пасцелi i сядала на край ложка. Яе позiрк на хвiлiну затрымаўся на мне. У яе запалых вачах я ўбачыла, як яшчэ тлеюць iскрынкi жыцця. Так, як бы я ўбачыла ўсе моманты, якiя давялося ёй правесцi на зямлi - дзяцiнства над нейкай ракою, смех у лесе, пацалунак хлопца, потым нейкi агонь, дым, багнiшча i панурыя нетрышчы, крык, плач, шэрая будная праца i апушчаныя ў мыльны шум далонi, што палошчуць цi мыюць нейкае ашмоцце. Як фiльм, секундная iмпрэсiя без канкрэтнага сцэнару. Нават не вобразы, а толькi ўражаннi ад вобразаў. Я была вельмi ўзрушаная ўбачаным у тую хвiлiну. Дзверы зачынiлiся, i Анiна мацi зноў укладвала старэнькую ў пасцель, папраўляючы ёй падушкi.

Аня сказала, што бабуля калiсьцi была даволi важным чалавекам у партыi. Шмат гадоў працавала ў кантрольнай камiсii i ведала цэлыя пакаленнi розных дзеячаў. Нават Машэрава ведала асабiста.

Цяпер я стаю каля дома з букетам хрызантэмаў, назiраючы праз зашклёную лесвiчную клетку, як зносяць адчыненую труну з целам з чацвертага паверха. Перад дзвярыма некалькi старых - мусiць, суседкi, сямейнiкi. Труна выйшла з цесных дзвярэй на паветра. Труну ставяць на лавачку, каб крыху адпачыць. Анiна бабуля на гэтай лавачцы, пэўна, калiсьцi сядзела вечарамi, гаманiла з суседкамi.

Труна абабiта чырвоным палатном. Гэта так для камунiстаў? Насiльшчыкi зачыняюць века. Перад гэтым яшчэ адна суседка папраўляе край матэрыi i накрывае ёю складзеныя далонi нябожчыцы. Труну падымаюць з лавачкi i ўсоўваюць на падлогу жалобнага аўтобуса, выгляд i тэхнiчны стан якога выклiкаў яшчэ большую жаласць, чым само пахаванне. Мы з Аняй упакавалiся ў машыну аднаго з кузiнаў i паехалi за аўтобусам да могiлак.

Могiлкi непадалёк ад Курапатаў. Вялiкi абшар высечанага лесу, у цэнтры сучасны будынак з чырвонай цэглы - крэматорый, а можа, трупарня.

Аўтобус спрытна ўязджае прысадамi цвiнтара i кiруе ўбок свежа выкапаных магiлаў. Спыняемся, выходзiм з машыны. Кiдаецца ў вочы адсутнасць цырымонii, правiлаў, нейкiх звычаяў. Мабыць, немагчыма да гэтага прывыкнуць. Замест крыжа нехта з сямейных трымае слупок, авiнуты бардовай матэрыяй. На слупку невялiкая чорная таблiчка з нядбала напiсанымi словамi i прозвiшчам памерлай, нiжэй даты нараджэння i смерцi. Насiльшчыкi выцягваюць труну з аўтобуса i пераносяць блiжэй да выкапанай магiлы. Каля магiлы стаiць, абапершыся на рыдлёўку, мужчына ў куфайцы, у барэце, з папяросаю ў зубах. Выплюнуўшы недапалак, ён выдае рашучую каманду сваякам, каб развiталiся з нябожчыцай. Насiльшчыкi падымаюць века з труны. Да нябожчыцы падыходзяць сямейнiкi i цалуюць цела. У лоб, у вусны, у складзеныя далонi. Нехта з фотаапаратам кажа iм стаць групкаю каля труны, у якой пацямнелы твар пазiруе для апошняго фотаздымка. Магiльшчык з лапатай нервова пакручваецца збоку. Холадна i папырсквае лёгкi дождж. Пара канчаць. Чырвонае века труны замыкаецца як футарал з iнструментам. Падыходзяць далакопы, каб падхапiць труну на доўгiя грубыя шлейкi i ўцiснуць яе ў дапасаваны дол. Спешна ссыпаюць рыдлёўкамi жоўты лясны пясок. Сямейныя нясмела падыходзяць i, прапiхваючыся мiж струджаных копшаў, скiдаюць на труну па некалькi жменяў змерзлай зямлi. Але ўжо не чуваць такога характэрнага стуку грудак па труне. Копшы спорна ўвiхаюцца, штохвiлi паплёўваючы ўбок. Iхнi хто там у iх за галоўнага пачынае фармаваць магiлу. Прыплясквае пясок. Расхiлiўшы полы куфайкi, падцягвае штаны, падымае руку i папраўляе на галаве барэт. Камандуе класцi вянкi i кветкi. Спачатку сямейнiкi, потым знаёмыя. Пасля кажа, каб нехта са знаёмых расправiў стужкi. Нельга - асцерагае - папраўляць стужкi членам сям'i. Бязладны збой жалобнiкаў раптам ператвараецца ў маiх вачах у рассыпаны пададдзел разгубленых i нехлямяжых жаўнераў, якiя, азiраючыся па баках, намышляюць, як бы гэта тут неўпрыкмет дэзерцiраваць. Адзiн далакоп выхоплiвае з рук кагосьцi з родных слупок i ўбiвае яго ва ўзгалоўе магiлы. Той, што за галоўнага, дае далейшыя распарады. Цяпер кветкi могуць класцi знаёмыя. Гляжу вакол сябе i ўжо цi не астатняя засталася я, хто яшчэ трымае букет хрызантэмаў. Падыходжу i акуратна ўкладваю кветкi ўнiзе магiлы. Падыходзiць магiльшчык, спрытным рухам хапае мой букет, зрывае з яго цэлафан i вышморгвае стужку. Што ты робiш, крычу я на яго i забiраю букет. Ён вырывае ў мяне кветкi з рук, здзiўлены маёй iстэрычнай рэакцыяй. Так трэба. Зноў зрывае фольгу i стужку, спраўным рухам вялiзнымi лапамi бярэ ўвесь букет, ламае яго напалам i ўжо толькi ў такiм выглядзе кладзе на магiлу. Я з жалем i роспаччу гляджу на Аню. Аня паглядае на мяне, як бы перапрашаючыся. Падыходзiць i тлумачыць, што ўсё гэта толькi дзеля таго, каб нiхто не ўкраў тых кветак. Ува мне закiпае злосць. Адыходжу ад магiлы тым ахвотней, што пачынаецца дождж. Адчуваю на твары рэзкiя буйныя кроплi. Кiруюся да машыны. Гляджу на суседнюю дарожку, дзе адбываецца такая самая дзiкая цырымонiя - без ксяндза, без папа, без лiтургii. З нейкiм люмпэнам у куфайцы, з рыдлёўкай падпахай, якi вырывае ў родзiчаў памерлага труну, каб як найхучэй закапаць яе.

Цяпер я стаю на апошнiм астраўку асфальту ў Курапатах i паглядаю на невялiкую групу дэманстрантаў, якiя разыходзяцца па кустах, убiваючы ў зямлю памiж дрэвамi прынесеныя крыжы. Лес крыжоў у натуральным лесе. Параскiданыя знакi прысутнасцi памерлых. Як бы я была на прадстаўленнi дзядоў.

Далей па другi бок дарогi, група мiлiцыянтаў глядзiць на ўдзельнiкаў дэманстрацыi i адну за адной кураць цыгарэты. Яшчэ далей група рабочых каля бульдозераў. Праз дзень-два яны ўедуць сюды i засыплюць зямлёю тое, што павiнна быць засыпана. Асфальтаваная дарога павiнна быць шырэйшая i выгоднейшая.

Эпiлог

Дарагая мая,

прабач, што так доўга не пiсала. Прыехаўшы ў Прагу, я першыя тыднi старалася забыцца на ўсе пiльныя справы - усе прыемныя i непыемныя, якiя засталiся ў Менску. Працую на радыё "Свабода", у беларускай секцыi. Гэта была мая мара, памятаеш... Сама не ведаю, як гэта мне ўдалося, але, вiдаць, яшчэ маю ў жыццi трохi таланi. Зарабляю неблагiя грошы i, калi можаш, дык уключы пры нагодзе радыё на нашай частаце, тады пачуеш i мой голас.

Недалёка Кракаў ад Прагi. Можа, пад'ехала б калi. Сумую, хоць была б няшчырая, калi б не сказала, што патроху ў мяне ўсё неяк утрасаецца. Нарэшце! Пазнаёмiлася з цудоўным хлопцам. Ён з Гораднi, завуць яго Аляксандар. Вiдаць, мы абое былi створаны адно для аднаго. Я закахалася ў яго i думаю, што як мы спаткаемся, дык я раскажу Табе, якi гэта фантастычны чалавек. Ты абавязкова павiнна пазнаёмiцца з iм. Праз паўгода i ў яго i ў мяне заканчваецца кантракт, i мы рашылi, што вернемся ў Беларусь, купiм кватэру i будзем неяк мардавацца далей з гэтай рэчаiснасцю. Там не так, як у Польшчы цi Чэхii, але Аляксандар умее пераконваць, ды i сама я даспела да таго, што толькi ў сябе ў Менску я магу быць сабою.

Ведаеш, я ўспамiнаю адзiн спектакль у менскiм купалаўскiм тэатры. П'еса iзраiльскага драматурга Альмагора. Памятаеш, мы былi на iм летась вясною з прычыны нейкага дня жыдоўскай культуры. Была там такая гiсторыйка, як адзiн бедны жыд з Магiлева, пекар, не меў чаго есцi i чым кармiць сям'ю. У сне да яго некалькi разоў прыходзiў старац i падказваў, што той павiнен выехаць у Прагу, дзе пад Карлавым мастом ёсць у склепе скарб. Паехаў туды той жыд i быў схоплены ахоўнiкамi каля Градчанаў. Быў дапытаны ў падвалах гарадской вязьнiцы. А адзiн ахоўнiк як пачуў, адкуль той жыд, расказаў яму свой сон. А прыснiўся яму старац, якi падказаў, што ў Магiлеве, у доме аднаго беднага жыда, пекара, ёсць печ, а пад прыпечкам склад i багацце. Жыд як пачуў тое, зразумеў, чаго прыехаў у Прагу, i вярнуўся дамоў у Магiлеў.

Не ведаю, чаго я вярнуся ў Менск. Няма яшчэ ў мяне планаў, але Саша хоча i адчувае, што так будзе лепш. Я хачу быць з iм.

Сумую па Табе i па нашых спатканнях, па Тваiх расказах пра Польшчу i Кракаў. Запрасi ж мяне нарэшце!

Цалую моцна, моцна.

Твая Беларуска.

Менск-Кракаў, 2001-2002