7837.fb2 Беларусы, вас чакае Зямля - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Беларусы, вас чакае Зямля - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

35

Стук у дзьверы хаты Падгайскага ня выклiкаў нiякага водгуку й Бахмач пачаў разважаць цi пайсьцi дадому нацянькi праз пушчу, цi лепш гасьцiнцам. Зьлез зь цягнiка вельмi галодны й наважыў забегчыся да агранома, каб есьцi папрасiць. Балазе, ноччу, перамагаючы розныя нявыгады, нядрэнна выспаўся, навет пра бурклiвы страўнiк забыўся. Праўда дакучалi вошы, i iх, у вязьнiцы нажытых, трэба будзе пазбыцца адразу, дахаты вярнуўшыся. Крышку ў цягнiку скразьняк дзесьцi iз шчылiны прабраў. Каб, ня дай Божа, якая трасца-хвароба на хрыбет ня ўзьлезла!

Вылезшы зь цягнiка, доўга прыглядаўся, як жаўнеры, быццам мурашкi шнуравалi ля мясцовай кухнi. У носе казытаў запах нейкай эрзац-кафэ, маргарыны, чорнага хлеба, мармаляды. З лакомасьцю пазiраў у той, на хуткую руку да будынку вакзалу дабудаваны драўляны трысьцен, куды войска на «фрыштык» сьпяшыла. Там недзе, — прыгадаў Янук, — Марыя Iванаўна, калi нiчога нязвычайнага зь ёю не здарылася, пры працы пыхцела. Пiсала Дуня яму яшчэ ў Вiльню, што «гэны абiбок у партызаны пайшоў, каб яго трасца!» Гэта яна пра Януковага сваяка Ўладзiмера. Якая гаручка яго, дурня, туды панесла? Кажуць, што яблыка далёка ад яблынi не адкоцiцца. Ваўка ў лес цягне. Узгадаваны ў савецкiм духу юнак так i астаўся лёяльны атруце, яму змалку ўложанай. Што зробiш… Што з Марыяй Iванаўнай? Як гэта гаротнiца, сама-самюсенькая цяпер церпiць? А можа яе немцы за сына пакаралi? Варта было-б да яе зайсьцiся. А цi мае яна што есьцi? Можа й ёсьць якiя нямецкiя, прывалочаныя з кухнi, аб'едкi… Не, Янук, цяпер уздужэлы сьвежым паветрам, адразу цэлага барана зьеў-бы. Няпераможная маладосьць свайго дамагаецца. Лепш да Марыi Iванаўны ня йсьцi. Калi ўсё ў парадку дык яна напэўна на працы. А калi не… Лепш пайсьцi да Падгайскага. Гэта надзвычайны чалавек, ён, пэўне-ж, дома а харчоў у яго заўсёды ўволю.

Але чаму-ж ён дзьвярэй не адчыняе? Рашчараваны хлапец раптам прыгадаў, што чалавек можа быць дзесьцi працай заняты. Дзень удаўся, як золата: адлiжны, пагодны. Глядзi, неўзабаве жаўранкi над польнымi праталiнамi зазьвiняць. Цудоўная вясна наперадзе. I ў такi час у агранома працы столькi, што не пакладай рук.

Знайшоў яго Янук у цяплярнi мiж кучаў кампосту, ускапанай зямлi. З памочнiцамi. Дзьве жанчыны, якiх Янук ня ведаў, корпалiся пры нарыхтоўцы глебы. У гэным сэктары цяплярнi, дзе ня было зусiм зеленi, аграном, вiдаць, манiўся сеяць нейкую расаду. Янук увайшоў праз шырака рашчыненыя дзьверы, разглядаўся. Ягоную ўвагу зьвярнулi пышныя кветкi ў вазонiцах на сонцы. Каму аграном цяпер прадаваў гэтыя вазоны? Падгайскi, абапёршыся на вiлы, якiмi перакопваў чорную глебу, спынiў працу. На твары ягоным зьявiлася няўцямнасьць.

— Янук? — спытаў ён iз сумлевам у голасе.

— Памажы, Божа, у працы! — адказаў, як мага бойка, юнак.

— Дзякую, дзякую, браток, — распрамянiўся аграномаў твар. У кашулi бязрукаўцы, твар рыжай шчацiнай аброслы, мускулiстыя рукi, аграном зьзяў радасьцю й сiлай.

— Яй-Богу нi пазнаў! А Госпадзе мой, цi ты, юнак, вiдзiў, як ты выглядаеш? Скура ды косьцi. От шэльмы, гэтак хлапца высушыць! I абстрыглi-ж, баньдзюгi! Але чаго гэта я языком траплю? Ты толька цяпер зь цягнiка? Калi так, дык ты пэўне страшна галодны… Хадзi, братка, хадзi, дарагi мой госьцiк. Вялiкую радасьць прынёс ты мне ў хату. Хадзi, брацец, зараз мы цябе падлечым.

Гэтак гаворачы, Кастусь Падгайскi аж да болю сьцiснуў Янукову далоню, прытулiў хлопца да сябе.

— Братка дарагi, як я рад цябе бачыць! Хадзi-ж, хадзi!

Нейкай паўгадзiны пазьней Янук сядзеў за шчодра харчамi застаўленым сталом. Галоўнае месца на iм заняла сьвежа сьпечаная яечня, побач яе вяндлiна, розная квашаная гароднiна, малако, сыр, мёд, хлеб. Аж у галаве ў хлапца ад запаху харчоў закруцiлася.

— Не, не, не гавары, перш добра пад'еш. Еш, братка, пасьля пагаворым, мне свае прыгоды раскажаш. Цяпер, як кажуць, чарвяка замары. Гэта-ж падумаць, шэльмы, што з хлапца зрабiлi! Ах нягоднiкi, каб вы прапалi!

Сам аграном, прысеўшы зь Януком, толькi прыкiдваўся, што есьць, адно трымаў сяброўства.

— Бяры, братка, вяндлiны паспрабуй. Яшчо, яшчо. Бяры памiдоры квашаныя. Цяпер табе ўсякiя вiтамiны трэба. Яшчо хлеба бяры, сыр, мёд, пасьля малака добра напiся. Нi стыдайся, нi бядуй, у мяне ўсяго хапаiць.

Спанукаць юнака ня трэба было. Пабыўшы «у людзях», — як пасьля любiў жартаваць, — ён пазбыўся ведамай вясовай сарамлiвасьцi. Дзякаваў i еў. I наеўшыся зноў дзякаваў.

— Ня дзякавай, а бяры во яшчо, — спанукаў Падгайскi.

— Дзякую, ужо больш не магу, яй Богу!

— Ну добра. Калi ўжо так, то нiхай сабе. Цяпер апавядай, — зiрнуў глыбака Януку ў вочы аграном.

— Што апавядаць? Перш можа скажыце, як там мае, як Дуня?

— Вёска стаiць, нi спалiлi шэльмы. Усе твае ўпарадку, Дуня таксама. Скора ўвiдзiшся. Нiчога ў iх новага нiма. А Дуня малайчына, сама ў школе сабе раду даець.

— Як Антось Дзяркач?

— Гэты, братка, гярой. Часта яны на партызанаў выяжджаюць, даюць iм у хвост i грыву. Ну але пра гэта пасьля. Ты пра сябе што раскажы.

— Ну што расказваць? Быў у вязьнiцы, адседзеў чатыры месяцы за дурнiцу, — самi знаеце, — а цяпер звольнiлi й маей прыгодзе, як сам ведаеш, канец.

— Ды не, ты, братка, так лёгка з маiх рук ня вышмыгнеш. Расказвай як там было.

— Бачыце па мне, не ў дабры-ж, мусiць, — церабiў у галаве Янук. — Во гэта трасца яшчо, цьфу!

— Вошы?

— А як-жа.

— Ну гэта нi бiда. Удома дасi iм раду. Цяпер апавядай.

— Што апавядаць?

— Я хачу проста, каб ты выгаварыўся, можна сказаць, — калi лепшага слова нiма, — каб выспавядаўся. Праўда, я ня поп, каяцца за грахi ня будзеш. Але выгаварыся. Я ня помню хто такi, — цi не Бакачыё, — некалi сказаў, што калi аднаму чалавеку пра сваю крыўду раскажаш, дык табе адзiн раз палягчэiць, а калi тром, дык аж у тры разы лягчэй станiцца. Кумекаiш? Ты-ж цяперака, пэўне, крыўду ў сэрцы носiш. А каб табе палягчэла, дык трэба тым цяжарам са мной падзялiцца. Ты-ж — паэт, палымяны патрыёт. Ты тамака, у цюрме, палюючы на паразiтаў, напэўна многа чаго перадумаў. Ты ня той чалавек, каторы чатыры месяцы таму назад быў. Ды за табой яшчо й Вiльня. Адным словам — ты для мяне саўсiм новы чалавек, ня той, каторага я некалi знаў. Кумекаiш? От i хачу пазнаць гэтага новага чалавека.

— Выглядае, вас цiкавiць, што я думаю, а не асаблiва тое, што я перажыў? — спытаў Янук.

— Ведама, думкi й выснавы нараджаюцца зь перажытага. Таму цiкавiць мяне адно й другое.

Пасьля ўсяночнага падарожжа зь Менску, зусiм новых уражаньняў на волi, а цяпер яшчэ да адказу наладаванага жывата такiмi харчамi, якiх даўно не спажываў, Янук чуўся ня зусiм добра. Быццам ад усяго гэтага пацяжэў ягоны язык. Таму й пачаў зь лёгкага, можна сказаць, з прыгоднiцкага, з таго, што спад нагляду менскае вязьнiчнае аховы мог-бы цi раз шмыгнуць у руiны, уцячы. Адно яго стрымлiвала: уцёкшы, што будзеш рабiць без дакумантаў, калi натрапiш на якi нямецкi, цi беларускi патруль? Могуць палiчыць цябе бальшавiцкiм бандытам. I што тады? А як дабярэшся зь Менску дамоў? Па дарозе падчас вайны, бязь нiякiх сродкаў да жыцьця, падсьцерагае цябе тысяча небясьпекаў.

Распытаўшы пра турму, Кастусь Падгайскi, зусiм не спанукаючы юнака, вiдаць таму, каб той чуўся ў яго за сталом як у гасьцях, свабодна й паволi распытваў пра навуку ў Вiльнi, пра беларускi актыў, а пасьля й пра менскiх Беларусаў. Падгайскага цiкавiлi ня толькi выпадкi й людзi, пра якiх Янук апавядаў, але й Янукова апiнiя пра iх. Аграном уважна сачыў хлапца, яго рухi, мову, зручна дзе ўставiўшы ў гутарку колькi слоў цi якую ключовую фразу, каб памагчы юнаку выказацца. Гэтак спрактыкаваны й таленавiты пэдагог лёгка й амаль незаўважна памагае выказацца нясьмеламу вучню. Асаблiвай цiкавасьцю загарэўся аграномаў твар, калi Янук у глыбокiм роздуме пачаў апiсваць цырымонiю прысягi новаперашколеных камандзераў Беларускае Самааховы на Пляцы Волi, прамову Астроўскага ды свае пра гэта разважаньнi. Падгайскi яшчэ й яшчэ раз перапытваў юнака, каб упэўнiцца, што так а ня йнкаш пачуў адну цi iншую яго думку.

— Я падазраваў, што шмат цiкавага ад цябе пачую, — пачаў нарэшце, устаўшы з-за стала й спацыруючы па абшырнай кухнi, аграном. — Тое, што пачуў, мяне зацiкавiла зь некалькiх прычынаў. Адна, ясна, проста людзкая цiкавасьць. Хоць я павярхоўна ведаў пра твае, так сказаць, прыгоды, мяне вельмi цiкавiлi дэталi. Сам ведаеш, што хоць я й зьвязаны з нашымi ў Вiльнi й Менску, але ў Вiльнi я даўно ня быў, а ў Менску саўсiм нiколi ня быў. Вось чаму цiкавае гэта ўсё. Часы зьмянiлiся. Таксама й Вiльня, пра якую ты расказваеш, гэта ня тая, якую я знаў, не гаворачы ўжо пра людзей. Але мяне, — i то можа болi чым твае прыгоды, — зацiкавiлi твае разважаньнi. Вiджу з гэтага, што ты ня толькi навучыўся глядзець, але й бачыць. Ты-ж знаеш, што многа людзей глядзець то яны глядзяць, але бачыць ня ўмеюць. I я тут, — прызнаюся табе шчыра, браток, — на вялiкае свае задавальненьне спасьцярог, што ты ня толькi ўмееш глядзець, але навучыўся й бачыць. Вось гэта, так сказаць, самае асноўнае.

— Ды ў цябе, аказваецца, яшчэ больш нешта. I гэта надзвычайна важнае: пасьля таго, што ты бачыш, ты навучыўся бачанае аналiзаваць, па костачках разьбiраць. А гэта, трэба прызнацца, ужо нямногiм людзям дадзена. Бо, ясна, кажуць, што кажны чалавек разважае. Ну што-ж, яно-ж так… Але… I гэта вялiкае «але»: разважаць i разважаць — гэта дзьве розныя вялiчынi. Адзiн, i гэта адносiцца да бальшынi людзей, — мерыць усё на сваю мерку, цi, iнакш гаворачы, на свой капыл. У цябе, дзякуй Богу, гэтага недахопу няма. Бо гэта, — што тут будзем скрываць? — мерка на свой капыл ёсьць адсутнасьцю аб'ектыўнасьцi. Адныя людзi толькi бачаныя пераказваюць, iншыя-ж разважаюць, але толькi са сваей суб'ектыўнай пазыцыi. Гэткае разважаньне зламаны грош варта. Яно ня прыводзяць да правiльных выснаваў. У цябе, я бачу, выступае самае найлепшае, бо намагаешся разважаць аб'ектыўна, а гэта ўжо больш, чым у iншых.

— Ня ведаю якiя там настаўнiкi былi ў цябе ў вiленскай гiмназii. Зрэшты, ты там коратка быў. Мусiць, на цябе найбольшы ўплыў зрабiў наш мясцовы, — дай Бог яму здароўя, — гiсторык Сабалеўскi. I яшчо, ведаючы, што ты начытаўся многа й нешта пiшаш, дык ты, магчыма, прыдбаў гэту аграмадную цэннасьць аб'ектыўнага разважаньня сам сваймi намаганьнямi. Як-бы там нi было, выслухаўшы цябе ўважна, як толькi мог сьцьвярджаю гэты факт зь вялiкiм задавальненьнем. Ня думай, што я стараюся цябе пахвалiць. Нашто гэта? Я проста сьцьвярджаю гэты факт, вельмi й надта пазытыўны. Цяпер-жа, калi можна, затрымацца над тваймi думкамi, асаблiва тымi, як ты выказаўся, што прыйшлi табе ў галаву калi ты назiраў прысягу камандзераў Беларускай Самааховы на Пляцы Волi, а пасьля слухаў прэзыдэнта Астроўскага…

Падгайскi затрымаўся, стануў пасярод кухнi, прыглядаўся Януку, нешта доўга думаў.

— Можа вып'еш чарку? — раптам спытаў Бахмача.

Янук ня ведаў, што адказаць.

— Я, самi ведаеце, амаль нiколi ня пiў, але… можа пры такой нагодзе: першы раз на волi пасьля чатырох месяцаў катушка… Можа й вып'ю…

— Вось, вось яно, — падтрымаў Падгайскi, — вып'ем за тваю волю, цi лепш сказаць, вызваленьне. Ты прабач, што я табе раней выпiць не пасулiў, але гэта я з прычыны. Вiдзiш, ты згаладалы, дык на пусты жывот гарэлка шкодзiць. А цяперака, пасьля таго, як ты чарвяка першага замарыў, то можыш. Ды яшчо, братка, вазьмi й добра закусi. Гэта табе на здароўе пойдзiць.

Пасьля такое прамовы гаспадар выняў з шафкi шнапс i напоўнiў дзьве чаркi.

— Прызнаюся табе, што ў мяне ёсьць i другая прычына, каб ты выпiў, сказаў аграном.

Янук зiрнуў на яго зь цiкавасьцю.

— А гэта тое, што як ты сказаў, у вагоне цябе скразьняк праняў. Дык шнапс — гэта добры лек. Ня турбуйся. Вып'ем па чарцы, дам табе яшчэ й другую. Гэта табе на карысьць толька пойдзiць. Вось так. Значыцца, за тваё вызваленьне! — завяршыў аграном сваю прамову.

— Дзякую. За маё вызваленьне! — усклiкнуў весела Янук i адным глытком выпiў рудую вадкасьць.

— А цяперака адразу другую чарку, — налiў зноў Падгайскi. — Гэту прапаную за тваё здароўе.

Пасьля другой чаркi Янук спынiўся. Рэзкi пах гарэлкi зрабiў немалую сэнсацыю ў няпрывыклым да яе юнаковым носе, а цяпер суцэльным прыемным цяплом разьлiўся па ўсiм жываце.

— Бяры, братка, адразу закусвай, — спанукаў аграном, падсоўваючы да юнака тарэлку з вяндлiнай, сырам i хлебам. — Бяры, ня бойся, братка.

— Дзякую, дзякую, спадар Падгайскi. Вы за мной лепш глядзiцё, чымся некалi родная матка. Я да такой ласкi анiяк ня прывык, — гаварыў хлапец, бяручы мяса.

I далей, прадаўжалася, цiкавая гутарка. Адно Янук пасьля дзьвёх чарак куды пасьмялеў, пажвавеў ягоны язык. I запраўды шнапс падзеяў векльмi дадатна на ягоны настрой. Хоць i сьцiплай колькасьцi, ён сагрэў юнацкае цела, што амаль нiколi, за выключэньнем дрэннага вiленскага пiва, ня мела магчымасьцi пазнаёмiцца з алькаголем.

— Дык вось, прадаўжаем. Гэта я ўжо на тэму тваiх выснаваў, якiя як ты мне апавядаў, зрабiў ты на Пляцы Волi, — пачаў зноў аграном. — Прызнацца табе, я тут крышку зграшу, што ня буду скромным у сваей ацэне гэных тваiх выснаваў. Што-ж, прызнаюся табе, я iмi захоплены. Глыбiня думкi, абгрунтаванасьць. Ды гэта яшчо ня ўсё. Твае выражэньнi, параўнаньне дзьвюх, варожых нам, сiлаў да нейкiх машынаў цi сячкарняў, тых, што падпарадкоўваюцца толькi аднаму прыроднаму элемэнту — сiле. Вось гэта нешта! I гэта ўсё я чую з тваiх маладых, высушаных гэтымi бандытамi, вуснаў… Гэта, братка, на твае гады надта, надта многа!

— Ты помнiш, што я на пачатку гутаркi табе сказаў, а гэта тое, што я хачу твае думкi пачуць, пазнаёмiцца з новым Януком Бахмачом. Папросту гаворачы, я хацеў цябе памацаць. Апроч таго, яшчэ адно. Ты, братка, ня крыўдуй за гэта, але сказаць я мушу. Вось яно: думаю, што вязьнiца табе гэна многа табе дала. Цяпер магчыма ты гэтага яшчо нi бачыш, можа навет зь нейкiх другарадных прычынаў не ўсьведамляеш, але ўсё-ж пасьля, калi пыл асядзiць, тады прызнаеш мне слушнасьць. Гэта вязьнiца была для цябе першакляснай жыцьцёвай школай. За яе, — шчыра гавару, — некалi Богу падзякуеш. Не, не, ня спыняй мяне. Я ўжо хачу да канца дагаварыць. Ты яшчо расказаў мне адзiн, вельмi важны момант. Гэта я маю на думцы, што мой пляменьнiк Лявон бегаў да маёра Чмяля прасiць, каб ён памог табе зь вязьнiцы вызвалiцца. Я можа пасьля, з твайго дазволу, спынюся на гэтым маёры Чмялi. Знаю яго асабiста й ад iншых людзей пра яго чуў. Ну, але гэта, як кажуць, напiтак зь iншае бочкi.

— Хоць мяне, праўду кажучы, ня вельмi зьдзiвiла тое, што зрабiў Чмель, я найбольш задаволены, што ты выцягнуў з таго правiльны выснаў. От што мяне цешыць. Ты — рашчараваны, пакрыўджаны, тойсамы, якi там пры генэральным камiсарыяце разважаў, цi выбегчы цi ня выбегчы насустрач маёру Чмялю й прасiць ягонай помачы, ты памiма ўсяго перажытага, — а можа якраз таму, што перажыў, - на тым самым Пляцы Волi прыйшоў да адзiнаправiльнага выснаву. Ты сам сабе ясна здаў справу, памiма тваей вялiкай эмацыянальнай заангажаванасьцi, памiма таго, што ў такiх выпадках, як было з табой, ты мог-бы, — i дадам, поўнасьцю апраўданы быў-бы, — кiравацца толькi сваiмi эмоцыямi, але ўсё-ж ты змог стануць вышэй, глянуць на рэчы саўсiм рацыянальна й прыйшоў да такога, сказаць-бы, глыбокадумнага выснаву, што ёсьць i свае юды-нiкчэмнiкi. Я не хачу пра гэта доўга гаварыць, бо яшчэ ў мяне наперадзе адна тэма, якую хачу з табой закрануць, але гэта сказаць мушу. Ня кажны, — паўтараю, далёка ня кажны, — будучы на тваiм месцы, такое зрабiў-бы. Гэта ўжо нешта большае. Гэта — развага, рацыянальнасьць. Вiдаць, што ты меў школу, што час свой у ей не растрацiў, што добра людзей ацэньваеш. Аднаго, ты, братка, можа ня знаеш, ну але гэта што iншае. Гэта ты не падумай можа, цi гэты самы маёр Чмель меў да свайго такога, на тваю думку агiднага, кроку якiя там-небудзь свае прычыны. Ну але я не хачу над гэтым задзержывацца. Можа пра гэтае яшчэ пагаворым. Давай цяпер пра што iншае…

Пакуль Падгайскi пачаў пра штось iншае, Янук пастанавiў яму наперад забегчы. — Як сытуацыя на франтох? — спытаў.

— Маючы намер гаварыць пра адну важную справу, я якраз i хацеў зрабiць агляд сытуацыi на франтох. Так, што выслухай. Бальшавiкi, як таран, напiраюць на ўсходнiм фронце. Некаторыя раёны Беларусi, як паўдзённа-ўсходнi, значыцца часьць Гомельшчыны, заняты iмi яшчо летась перад Калядамi. Стаяць яны дзесьцi на Дняпры, падбiраюцца пад Вiцебск, а там далей на поўнач нацiскаюць на балтыцкiя краiны. На поўднi яны ўварвалiся глыбака на Ўкраiну; Данецкi басэйн i Харкаў у iхных руках… Цяпер, вiдаць, яны рыхтуюцца да вясеньняй афэнзывы й фронт рухне на цэлай даўжынi з поўначы на поўдзень. Разумееш, што Беларусь — гэта аўтастрада на Варшаву й Бэрлiн, дык тут будзiць галоўны цiск. Кумекаеш? Трэба лiчыцца з тым, што сёлета вясной Беларусь зноў апынецца ў крывавых бальшавiцкiх лапах. Да гэтага часу, можа быць, захаднiя хаўрусьнiкi адкрыюць другi фронт, можа дзесьцi ў маi, так што Немцам надта туга прыйдзецца. Прынамсi, паводля радыя зь Лёндану, выглядаiць, што там гатовяцца да iнвазii Францыi… А Немцы iз свайго боку яшчо спадзяюцца на нейкую «вундэрваффэ», значыцца дагэтуль няведамую, чорт ведаiць якую новую зброю, якая маiць саўсiм запэўнiць перамогу. Ня кажуць, што гэта за зброя маiць быць. Тайнiца. Адным словам, сёлета на франтах будуць вялiкiя зрухi, а ўся наша бацькаўшчына напэўна апынецца ў маскоўскiх лапах…

Падгайскi спынiўся. Ужо другi раз зазначыў, што Маскалi сёлета Беларусь могуць заняць. Абое маўчалi. I сустрэлiся iхныя вочы. А ў тых дзьвёх парах вачэй адчынiлася ўся глыбiня вялiкага пытаньня, на якое страшэнны жах перашкаджаў даць якi-небудзь адказ. Да гэтага часу Янук думаў пра такую магчымасьць, навет у менскай вязьнiцы, але жахлiвую думку адпiхаў на заднi плян, адгароджваў яе. Так, яно магчыма, навет праўдападобна, але-ж проста жахлiва пра гэта думаць. Няхай, можа пасьля. Неяк адпаведны момант прыйдзе, калi трэба будзе, хаця-нехаця, стануць на парахунак з рэальнасьцю. Але ўсё адпiхалася. А цяпер?

Спасьцярог перапалох i ў аграномавых вачох. У крыху памутнелай ад шнапсу галаве нагальванiзавалiся цяпер усе пытаньнi, спалучаныя з болем сэрца. Як гэта можна было ўявiць, што бацькаўшчына зноў апынецца «у бальшавiцкiх крывавых лапах»? I цяпер вялiзная часьць яе, прынамсi там, дзе гаспадарылi маскоўскiя бандыты, знаходзiлася пад iхнай уладай. Але галоўная, уцалелая ад вайны часьць, — а да гэтага й зруйнаваныя гарады, — ня была ў руках бальшавiкоў. А тады-ж уся-ўсенькая ў iх ярме апынецца. I наступiць новае крывi пусканьне. Усю моладзь, як мятлой падмёўшы, пагоняць на «даёш Бярлiн!» Жахлiва!

— Так, а трэба, трэба пра тое падумаць. Значыцца, што рабiць…, сказаў цiхiм голасам Кастусь Падгайскi, як-бы прадаўжаючы Януковы думкi. I вiдаць, што думкi iхныя былi наладжаны на адну хвалю.

— Вы думаеце, што iхны прыход нямiнучы? — спытаў Янук.

— Хiба-ж якi цуд стаўся-б, чорт iх знаiць… Але, знаеш, Амэрыка й Англiя зь iмi. Як адкрыюць другi фронт, тады Немцам капут.

— А як наша Беларуская Самаахова? — прадаўжаў Бахмач.

— Агульна сказаць, дрэнь. Ахвотнiкаў прышло многа. Так от сiдзяць, ладу з таго мала. Немцы навет вопраткi нi далi, значыцца Бiларуская Самапомач мусiць забясьпечыць iх. А зброя — што папала. Пiраважна савецкiя стрэльбы, дый тых мала. Я гэта гавару пра глыбоцкую… Мусiць, таксама i ў iншых гарадох. Да таго-ж Немцы не дадуць права на адзiнкi большыя, чым батальён, ды яшчо самi будуць iмi камандаваць, а значыцца нашыя афiцэры мусяць слухаць нямецкiх. Адным словам пацеха для нас невялiкая. Можа сям-там, бандытам дзе на хвост наступяць, дый толькi й таго. Таму я й раiў Антосю Дзеркачу йсьцi ў палiцыю, пераняць ад Палякаў, а там будзе вiдаць… Ведама, што цяперака бэцээр робiць стараньнi, каб Немцы дазволiлi стварыць беларускую армiю й змабiлiзаваць дзяцюкоў. От, гэта калi ўдасца. Хаця… Усё гэта запозна. Нам трэба далей наперад глядзець, плянаваць…

Янук з пытальнiкам у вачох зiрнуў на агранома й ведаў, што той скажа нешта надзвычайна важнае, дагэтуль iм нiколi нячутае. Падгайскi зiрнуў Януку проста ў вочы. I ў шэрых аграномавых вачох Бахмач знайшоў поўны давер, а твар ягоны пабацькоўску ласкавы. Так глядзелi сабе ў вочы людзi, якiя доўга шукаюць адзiн аднаго на жыцьцёвых шляхох i нарэшце знаходзяць абяцаную гадзiну й абяцаную сустрэчу. Ад таго моманту Янук ведаў, што лёс ягоны ў нейкай ступенi будзе доўга зьвязаны з гэтым чалавекам. Магчыма Падгайскi й зьявiўся тым чалавекам, што замянiў-бы духовага бацьку, выцягнуў-бы яму руку, павёў-бы ў тую грамаду, якая, — падсьведама прадчуваў юнак, — мела-б iснаваць у цэлым гэным хаосе, якая-б ведала сваю мэту й цьвёрда вяла-б да яе. Пасьля горкага рашчараваньня ў рэдакцыi ў Менску, пасьля горычы-рэалiзацыi, калi прыйшлося зразумець, што ня ўсе з назову Беларусы, навет на высокiх пазыцыях, такiя, як маёр Чмель, могуць i хочуць табе памагчы, юнацкае сэрца спадзявалася, што ёсьць недзе чалавек, якi можа ведаць тую запраўдную, нутраную беларускую клетку, дзе перапоўненае патрыятызмам сэрца маладога юнака знойдзе прыстанiшча, сяброў, дзе будзе крочыць побач iншых, такiх самых адданых, як ён да агульнае мэты.

— У нас ёсьць свая арганiзацыя, — пачаў цiшэй, амаль кансьпiрацыйна, Падгайскi. — Гэна арганiзацыя незалежная ад нiякiх Немцаў цi iншых так званых вызвольнiкаў; яна створаная самымi чыстымi й адданымi беларускiмi патрыётамi, каб змагацца за вольную й незалежную Беларусь. Гэта арганiзацыя, з практычных мяркаваньняў, кансьпiратыўная. Яна апiраецца на свае беларускiя сiлы. Да яе належаць людзi, што ёсьць i ў цяперашняй беларускай цывiльнай адмiнiстрацыi, i ў войску. Яны аб'яднаныя адным жаданьнем — здабыць незалежнасьць Беларусi. У людзей гэтых адна й вельмi простая iдэя: выкарыстоўваючы ўсякiя магчымасьцi, стварыць свой моцны кулак, зьвязацца з заходнiмi хаўрусьнiкамi, каб iх выкарыстаць у будучай вайне за вызваленьне Беларусi. Вызваленьне, трэба сказаць, абапiраючыся на свае сiлы. Гэтыя людзi — абсалютныя рэалiсты. Яны зрабiлi выснаў, што нельга пакладаць надзеяў, як да гэтага часу розныя беларускiя палiтычныя групы цi партыi рабiлi, на тое, што нам якiя-небудзь чужынцы памогуць стануць на ногi, збудаваць сваю дзяржаву. Гэта арганiзацыя цьвердзiць, што мы павiнны вучыцца на нашых гiстарычных памылках. А гiсторыя гаворыць, што дагэтуль нашыя спадзяваньнi на помач каго-небудзь чужога нiколi не апраўдалiся. Я не хачу табе даваць прыкладаў. Сам вучыўся гiсторыю Беларусi, значыцца iх ведаеш. Коратка гаворачы, iдэялёгiя гэтай арганiзацыi зводзiцца да наступнага: анi Палякi, анi Маскалi, анi Немцы нiколi нам вольнай Беларусi нi дадуць. Мы мусiм, выкарыстоўваючы ўсё, мы можам здабыць вольную Беларусь самi. Гэта зусiм проста й ясна. Згаджаешся?

— Здаецца, — адказаў нясьмела Янук. — Але як, якiмi сiламi? Вы прабачце, спадар Падгайскi, я ня вельмi гэта ўсё разумею.

— Ня турбуйся, што адразу не зразумеў. Гэта цяжка зразумець навет некаторым старым i спрактыкаваным нашым дзеячом. Вiдзiш, у навейшай беларускай гiсторыi да гэтага часу нiхто так проста й ясна гэтага пытаньня ня ставiў. А яго ня так лёгка зразумець. Перш за ўсё, у бальшынi нашых людзей, навет самых перадавых i беларускай справе адданых, ёсьць комплекс народнай нiжэйшасьцi. Ворагi выпаласкалi нас духова, на працягу стагодзьдзяў ўбiвалi нам у галовы, што мы — гэта мужыкi, пагной, толькi здатны iм служыць. Гэтым часам яны адабралi ў нас веру ў свае сiлы, паняцьце, што мы ёсьць ня толькi ня горшыя, а ў некаторых адносiнах навет лепшыя за iх. Яны зруйнавалi ў нас чалавечую годнасьць, значыцца зламалi нам хрыбетнiк, на якiм трымаецца ўся нацыянальная й духовая вартасьць чалавека. Яны нiшчылi нашыя духовыя вартасьцi, ганьбiлi нас маральна стагодзьдзямi. Першы крок, стануць на свае ногi, — мы зрабiлi ў васемнаццатым годзе, калi абвесьцiлi дэмакратычную незалежную Беларускую Народную Рэспублiку. Гэта быў вялiзарны зрух, улiчваючы, што бальшыня народу знаходзiлася тады ў летаргу, як-бы ў сьне; была нацыянальна нясьведамая, толькi адзiнкi бачылi куды вядуць i што рабiць трэба. Гэныя адзiнкi, гэта, — як Палякi гавораць, i ты пэўне тое чуў, - гэта страцэньцы, значыцца згубныя. Праўда тварцы акту дваццаць пятага сакавiка былi рэалiстамi; яны ведалi, што незалежнасьцi Беларускай Нардонай Рэспублiкi ня ўдасца ўдзержыць, але ўсяроўна трэба распачаць працэс, палажыць першыя вянцы свайго дзяржаўнага дому, або глыбака закiнуць у народ iдэю, што ён зможа, калi напружыць свае сiлы, стануць на свае ногi. Кумекаеш?

— Разумею, ды нешта нi саўсiм. Як гэта нам самiм здабыць нiзалежнасьць удасца, ды цяперака гэткай страшнай вайной? Дзе мы возьмем зброю? Дый што, будзем на два франты бiцца?

Падгайскi адказаў не адразу. Ён зiрнуў з адценьнем нейкай загадкi на твары, быццам хацеў сказаць нешта зусiм знамянальнае.

— Зусiм ня дзiўлюся, што так гаворыш. Гэта нармальная рэакцыя. Iншага ад нашых цяжка спадзявацца. Мне самому не давялося лёгка, пакуль зразумеў усю велiч iдэi й цьвёрда стануў на яе грунт. Гэта тая самая iдэя, каторай карыстаюцца ўсе духова вольныя народы. Нам зразумець яе нялёгка таму, бо, як я ўжо раней казаў табе, нам чужынцы стагодзьдзямi ўбiлi ў галаву думку, што мы чамусьцi горшыя за iншых, што мы прыдатныя толькi на нейкiх пахолкаў, значыцца можам тольклi iншым служыць. I гэтай, вось такой нявольнiцкай атруты нам цяжка пазбыцца. Трэба пераўзгадаваньне.

— Трэба ўбiць нашым людзям у галовы простую праўду, што яны маюць на гэтым сьвеце такiя самыя правы, Богам iм даныя, як i ўсе iншыя народы, што няма народаў-паноў i народаў-рабоў. Мы маем тутака такое самае Богам дадзенае права быць i вольна жыць, як усё iншае, Богам створанае. Як i ў прыродзе: зiрнi, усе расьлiны, усе зьвяры, кажнае самае наймалейшае мае права быць i разьвiвацца й выкарыстоўваць усё навокал сябе. Праўда адно зь iх слабейшае, а другое мацнейшае. Таму йдзе вечнае змаганьне.

— Ты-ж сам гаварыў, выказаў свае думкi, што меў на Пляцы Волi, што гэныя дзьве машыны-аграмадзiны дзеюць правамi прыроды, яны не прызнаюць нiякай духовай маралi, жывуць прынцыпамi чыстай сiлы. Нам такi прынцып трэба ўзяць за аснову, значыцца дзяць сiлай. Пачакай, пачакай, не сьпяшы. Я ўжо магу ўгадацль тваё наступнае пытаньне. У тым то й справа, што пытаньне гэта будзе памылковым. Яно заўсёды i ўсюды выплывае ў нашых людзей, калi перад iмi такую праблему паставiш. Дзе-ж наша сiла? Дзе наша армiя? Мы-ж слабыя, мы ў няволi.

— Гэта праўда. Але ты прыпомнi гiсторыю, вазьмi хоць далёка адлеглага ад нас Спартака. Кiм ён быў, пакуль на ногi ўсiх гладыятараў падняў? I прызнаеш, амаль Рым не павалiў. Крышку яму паспрыяла-бы развалiў-бы найбольшую iмпэрыю на сьвеце. Значыцца наша першае заданьне — перамагчы сябе. Паверыць у свае сiлы й абсалютную правiльнасьць нашай iдэi. Зрабiўшы гэта, мы можам стварыць моцны кулак. Пасьля спалучыўшыся зь iншымi паняволенымi народамi, такiмi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, навет Палякi, — бо цяпер i яны ў падобнай да нашай сытуацыi, — мы створым вялiкi й сiльны кулак. Значыцца сiлу. Кумекаеш? Супольнымi сiламi, з помачай захаднiх дзяржаў можам маскоўскую гаргарыну развалiць i вызвалiцца.

— Знаю, што гэта можа занадта новае для цябе. Запомнi тое, што гэту iдэю наша арганiзацыя ўжо сягоньнiка праводзiць у жыцьцё. На цябе яна можа проста неспадзявана звалiлася. Трэба табе часу, каб такое перадумаць, аналiзаваць, i прыйсьцi да правiльных выснаваў. Я веру, што ты гэта зробiш. Таму цяпер i ня буду далей iсьцi. Толька яшчо паўтараю галоўнае: першае абсалютная вера ў свае сiлы, другое — арганiзацыя сiлаў, трэцяе — шуканьне хаўрусьнiкаў i супольныя пляны, а пасьля гэтага ўжо дзейнасьць. Гэта занадта схэматычна, я ведаю, але прашу цябе падумаць. Калi скумекаеш, тады ўвiдзiш, як усё гэта проста й правiльна. Толька трэба верыць. Але, прабач, браток, можа на адзiн раз, — тут Падгайскi ўсьмiхнуўся, — замнога надурыў табе галаву. Дык я на гэтым i скончу. Хiба маеш якое пытаньне.

— Проста i ясна, значыцца ў галоўным, — сказаў Янук. — Але, цi можаце мне сказаць, што гэта за арганiзацыя, дзе яе знайсьцi? I як яна спадзяецца атрымаць помач хаўрусьнiкаў з захаду?

— Арганiзацыя называецца Беларуская Незалежнiцкая Партыя i яна цяпер тайная. Табе кажу гэта, бо маю да цябе поўны давер. Практычна бяручы, ты пра гэта нiкому ня будзеш расказваць…

— Ну ясна, — згадзiўся Янук.

— Ты ўжо з арганiзацыяй у кантакце, бо я належу да Беларускай Незалежнiцкай Партыi. Мы выходзiм з палажэньня, што пасьля таго, як разаб'юць Немцаў, захаднiя дзяржавы мусяць схапiцца ўдужкi з Масквою. Можа не адразу, але мусяць. Тады яны будуць патрабаваць нашай помачы ня менш, чым мы iхнай. Кантакты й супрацоўнiцтва будуць. Гэтага, бадай, i хопiць на сягоньня. Iдзi дамоў, адпачывай. Яшчо пагаворым, будзiць час.

Янук выйшаў ад Падгайскага з поўным жыватом i вельмi перапоўненай галавой. Бурлiла там, кiпела, пералiвалася, аж перазь берагi хлiпала. Хаос. Займе шмат часу яго ўпарадкаваць.

Янук iшоў галоўнай вулiцай Гацяў, але амаль нiчога навокал сябе ня бачыў. Увесь паглынуты думкамi, прасякнуты сьвежымi ўражаньнямi пасьля доўгай гутаркi з аграномам Падгайскiм, ён амаль мэханiчна стаўляў адну нагу перад другой i паволi пасоўваўся наперад. Адно рэзка адчуваў — да адказу наладаваны жывот. Каб хаця страўнiк, замораны баландай, справiўся з такiм прыбыткам!