7901.fb2
У двары, у самым далёкiм кутку, стаялi двое: старая сiвая жанчына i кульгавы худы сабака - вось што выходзiла за карцiна.
Дзецi выбягалi з пад'ездаў, спяшалi да школы, але многiя з iх падбягалi i пыталiся:
- Бабулька, бабулька, чаму Бiм на трох нагах?
Або так:
- Бiмка, балiць табе?
Але ў школу бегчы трэба: гэта вялiкая адказнасць - хадзiць да школы, самая першая адказнасць у жыццi - перад сям'ёю, перад настаўнiкам, перад сябрамi. Таму яны i не затрымлiвалiся, беглi. Гэта здавалася вельмi важным i Сцяпанаўне i Бiму, хоць яны нiчога i не падазравалi, а проста пайшлi дадому, калi прыйшла пара.
Ля пад'езда iх спаткаў Палцiтыч (Павел Цiтыч Рыдаеў) i сказаў да Сцяпанаўны:
- Такое дзела, значыць. Псiна гэты - сабака варты, i яго трэба берагчы. Калi ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмi на ланцуг. Абавязкова. Iнакш уцячэ. Не ўпiльнуеш. Выскачыць у дзверы - i каюк.
- Ды як жа можна такога разумнага сабаку - на прывязь? - няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.
- Што: i цябе вучыць трэба? Запомнi: без гаспадара i без ланцуга сабака пачуе волю. I - каюк.
- Ды ён жа спаганiцца, як на прывязi стане.
- Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане - затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь - вось табе i ўся мая iнструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!
Не паслухацца старшынi Сцяпанаўна не магла, таму яна купiла ланцужок за рубель дзесяць i на iм выводзiла Бiма на двор. Але дома адчэплiвала ад аброжка i кiдала ў куток. Хiтрая бабулька Сцяпанаўна - i ваўкi сыты, i авечкi цэлы. Мiж iншым, самой ёй давялося выходзiць з Бiмам усяго толькi два-тры разы, а прычынай таму былi незвычайныя падзеi, якiя пачалiся вакол Бiмкавага iмя.
Раздзел 9
МАЛЕНЬКI СЯБАР, ХЛУСЛIВЫЯ ЧУТКI, ДАНОС СПАДЦIШКА НА БIМА I АЎТАРСКАЕ АДСТУПЛЕННЕ
У школе, хвалячыся навiнамi, дзецi на першым жа перапынку пусцiлi чутку: у iхнiм двары ёсць сабака - хадзiў на трох нагах, а зараз на чатырох, i худэрбiна-худэрбiна, а быў не худэрбiна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, i завуць яго Бiм; гаспадара павезлi ў Маскву на аперацыю, а водзiць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.
Чутка дайшла да аднаго настаўнiка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваiм цiкавым выступленнi расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно "далучаецца да iдэi дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлi". Усё гэта ён падмацаваў тым вялiкiм iнтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакi з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалi на аперацыю.
Тры днi запар ва ўсiх школах гарадскога раёна настаўнiкi расказвалi дзецям пра спачуванне i спагаду да жывёлiн, расказвалi, як добра i прыязна аднеслiся ў адной школе да адзiнокага сабакi. Але найбольш асцярожныя папярэдзiлi, што сабака ў такiм выпадку не павiнен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толiк, настаўнiца расказвала пра гэта ж самае, толькi проста i з душою.
- Ну, падумайце, дзецi, вы толькi падумайце! - гаварыла яна. - Нейкi жорсткi чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянiлася чутка сярод настаўнiкаў: чутка i ёсць - чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. - Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку i працягвала: - Цяпер, дзецi, напiшам сачыненне, маленькае i цёплае, на вольную тэму "Я люблю жывёлiн". Каб лягчэй пiсалася, каб нiчога не наблыталi, вось вам план-пытаннi.
I яна напiсала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:
1. Як завуць вашага сабаку?
2. Белы ён, чорны цi якi?
3. Вострыя ў яго вушы цi абвiслыя?
4. З хвастом ён цi з кароценькай куксаю?
5. Якое ён пароды, калi гэта вядома дома?
6. Ласкавы ён цi злосны?
7. Цi гуляеш ты з iм, а калi гуляеш, то як?
8. Кусаецца ён цi не? Калi кусае, то каго?
9. Цi любяць яго тата i мама?
10. За што ты любiш сабаку?
11. Якiя ў цябе адносiны да iншае жыўнасцi (куры, гусi, авечкi, аленi, мышы i астатнiя)?
12. Цi бачыў ты калi-небудзь лася?
13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла i дзiкая)?
14. Цi трэба любiць жывёлiн?
Толiк сядзеў быццам на iголках, ён не мог нiчога пiсаць. У агульнай цiшынi ён запытаўся, не вытрываў:
- Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?
Настаўнiца паглядзела ў блакнот i сказала:
- Бем.
- Бiм! - крыкнуў Толiк, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.
- Адпусцiце мяне, Анпална. Калi ласка! Я пайду шукаць Бiма, я яго ведаю ён вельмi добры. Калi ласка! - прасiў ён жаласна, гатовы ад удзячнасцi цалаваць рукi Анпалне.
- Толя! - строга сказала да яго Анна Паўлаўна. - Ты перашкаджаеш працаваць iншым. Думай i пiшы сачыненне.
Толiк сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Бiма. Здавалася, ён засяродзiўся на вольнай тэме гэтак, як i астатнiя, але ён напiсаў толькi загаловак: "Я люблю жывёлiн". Толькi незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават i пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як i звычайна ў такiх выпадках, сядзела за сталом i цярплiва чакала. Нарэшце Толiк, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. I пайшоў.
Работа яго, такiм чынам, была зроблена апошняй, таму, як i заўсёды, Анна Паўлаўна прачытала яе першую (зверху ляжыць).
Толiк дакладна, нават залiшне, адказаў на ўсе пытаннi вольнае тэмы, яго твор уключаў нават i паэтычныя спробы, хоць i з яўным плагiяцтвам з моднае песенькi, якую ведае кожны малы.
А цалкам усё гэта было вось так: "Я ЛЮБЛЮ ЖЫВЁЛIН"
Яго завуць Бiм. Ён белы з чорным вухам. Вушы абвiслыя. Хвост сапраўдны. Парода паляўнiчая, не аўчарка. Ласкавы. Гуляў толькi раз, але нейкi дзядзька-зануда адабраў, такi стары дурань, што i не расказаць. Не кусаецца. Тата i мама яго любiць не могуць, таму што ён чужы, з таблiчкаю на шыi. За што люблю, не ведаю, проста так. Курэй, гусей, авечак, аленяў, мышэй люблю, але мышэй баюся. Лася пакуль што не бачыў, яны не жывуць у горадзе. Кароў дояць, каб было малако ў магазiнах i каб выконваць план. ("А ён жа з дэфектам!" падумала Анна Паўлаўна.) Лася не дояць таму, што ў магазiнах не бывае ласiнага малака, i яно нiкому не патрэбна. Жывёлiн любiць трэба, а сабака - лепшы сябар чалавека. Я склаў зараз песеньку:
I лось добра,
I алень добра,
I мыш добра,