7901.fb2 Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Толiк расказаў усё, што ведаў пра Бiма, нават i тое, што ён кульгавы i хворы. Алёша коратка i талкова расказаў пра жыццё Чарнавуха на вёсцы. Хлопцам усё спадабалася ў Iване Iванавiчы: размаўляе ён з iмi, як з дарослымi, часам паклаўшы далонь на плячо субяседнiку, спадабалася i тое, як ён слухае, не перабiвае, i тое, што ён белы-белы, i iмя i iмя па бацьку ў яго добрае, а галоўнае, ён любiць iх, незнаёмых хлопчыкаў, - гэта ўжо ясна як божы дзень. Iнакш нашто б яму было гаварыць пад канец:

- Добрыя вы хлопцы. Будзем сябраваць па-сапраўднаму... А цяпер да мяне. Мяркуючы па ўсiм, Бiм ужо дома.

Па дарозе ён асцярожна распытваўся ў хлопчыкаў i лёгка даведаўся, хто яны, адкуль, з якiх сем'яў, хто што робiць i што каму падабаецца.

- Авечак пасеш - гэта добра, Алёша. I вучышся ў школе? Цяжка, мабыць?

- Авечку, яе накармiць трэба ўмець, - адказаў, як i бацька, Алёша. Работа цяжкая. Распусцiш чараду па фронце, не таптаць харч нагамi - гэта не раз плюнуць, набегаешся так, што ногi гудуць. I зноў жа падымайся нi свет нi зара. Клопатна. З сабакам добра - памагае лепей за чалавека, якi нi чорта не разбiраецца. А без сабакi нам нiяк нельга. Пастухi мы. Дзе ж дзецца?

- А ты, Толiк, што робiш? - спытаўся Iван Iванавiч.

- Я? - здзiвiўся Толiк. - Я вучуся ў школе.

- Жывёла ў вас ёсць якая-небудзь дома хоць? - спытаўся Алёша ў Толiка.

- Жывёлы нiякае няма, - адказаў той. - Марскiя свiнкi былi - мама забаранiла... Смярдзяць.

- Ты прыязджай да мяне, пакажу: Мiлка ў нас - залатая карова, пад пуза лезь - i нагою не варухне. Шапку лiжа таксама i далонi. Певень у нас - над усiмi пеўнямi певень, завадзiлам завуць, першы крычыць ранiцаю, а астатнiя ўжо за iм. Такi певень - рэдкасць... А вось сабакi няма. Быў - памёр. Чарнавух быў - уцёк. - Алёша ўздыхнуў. - Шкада, такi ласкавы...

Iван Iванавiч пазванiў да Сцяпанаўны. Яна выйшла разам з Люсяю i запрыказвала:

- Ой, Iван Iванавiч! Што ж я цяпер казаць буду? Няма Бiма. Вось быў у Толiка тры днi таму, а дадому не прыйшоў.

- Не прыйшоў, - задумёна паўтарыў Iван Iванавiч, але падбадзёрыў хлопчыкаў, дадаў: - Знойдзем, абавязкова знойдзем.

Сцяпанаўна аддала ключы гаспадару i ўсе ўпяцёх зайшлi да яго. У пакоi было ўсё так, як i пакiнуў Iван Iванавiч: тая ж сценка з кнiгамi, якая здзiвiла цяпер Алёшу, той жа пiсьмовы стол, нават стала чысцей (Сцяпанаўны работа), але пуста-пуста - неставала Бiма. На яго лежаку - чысты аркуш паперы, лiст ад Iвана Iванавiча; Сцяпанаўна захавала нават гэта. Iван Iванавiч стаў плячыма да гасцей i панурыўшыся глядзеў у акно. Сцяпанаўне здалося, што ён цiхенька застагнаў:

- Прылёг бы, Iван Iванавiч, пасля дарогi, - параiла яна.

Той прылёг на ложак, паляжаў пры агульным маўчаннi, гледзячы ў столь, а Сцяпанаўна спрабавала загаварыць яму боль:

- Выходзiць, добра аперацыя прайшла? Калi ўжо самi прыехалi, то ўсё павiнна быць добра.

- Усё добра, усё добра, Сцяпанаўна. Дзякуй вам, мiлая, за ўсё. Дай бог, каб родныя так адносiлiся да сваiх, як вы да чужых.

- Унё! Пра што пачаў! Глупства адно гаварыш. Цi ж цяжка дапамагчы суседу. Каб толькi ўсё было па-добраму. (Сцяпанаўна неяк саромелася крыху, калi яе хвалiлi.)

Праз тры хвiлiны Iван Iванавiч устаў, паглядзеў на хлопчыкаў i сказаў:

- Такi план, хлопчыкi: вы шукайце тут, у нашым раёне, смялей пытайцеся: Бiм павiнен быць недзе непадалёку. А я... - Ён крышку падумаў. - Я паеду ў адно месца... цi не прыбiўся ён да вартаўнiчых сабак дзе-небудзь.

На выхадзе Люся перадала Толiку карцiну "Наш Бiм".

Толiк паказаў яе Алёшу, а той здзiвiўся:

- Сама?

- Сама, - адказала Люся.

- Ты мастачка?

- Не, - засмяялася Люся. - Я ў пяты перайшла.

На карцiне быў Бiм вельмi падобны: чорнае вуха, чорная нага, жаўтаватыя крапiнкi на белым i вялiкiя вочы; толькi адно вуха, мабыць, даўжэйшае за другое, але гэта не так важна.

Такiм чынам, Алёша i Толiк адправiлiся зноў на пошукi. Яны гэтаксама выбiралi прахожага, гледзячы ў твар (цяпер ужо раiлiся грунтоўна), гэтаксама пыталiся толькi пра адно i расказвалi Бiмавы прыкметы.

А Iван Iванавiч яшчэ на ложку вырашыў: скарэй у каранцiнны ўчастак! Папярэдзiць сабакаловаў, расказаць прыкметы, даць грошай, каб паведамiлi яму, калi ўбачаць. А магчыма, Бiм ужо там. Пайшоў ён ад Толiка ў ноч на чацвер... тры днi. Хутчэй, хутчэй!

Ён узяў таксi i скора быў ля варот каранцiннага ўчастка. Акрамя вартаўнiка, нiкога не аказалася (выхадны). Але ён на пытаннi Iвана Iванавiча ахвотна i мнагаслоўна адказваў:

- У чацвер i ў пятнiцу сабак не лавiлi, а ўчарашнiя ёсць, сядзяць у фургоне. Сколькi iх, нячысцiк iх ведае, але ведаю, што ёсць. Заўтра прыйдзе доктар i скажа: якога - у навуку, якому - укол мярцвяцкi i на шкуру, а бывае, закопваюць i са шкураю. На тое i дактары. А як жа! Бывае i паляць падчыстую.

- А паляўнiчыя трапляюцца? - спытаў Iван Iванавiч.

- Рэдка. Такiх не расходуюць i ў навуку не аддаюць на расцярзанне, а спачатку пачакаюць гаспадара цi звоняць у Таварыства паляўнiчых - так i так, маўляў, разбярыцеся. А як жа! На тое i дактары. Адзiн ёсць там такi паляўнiчы, Iван гаварыў, белы, паршывы, безгаспадарны, гаворыць, сама гаспадыня аддала. А як жа! Можа, у яе мужык памёр.

"Ён цi не ён?" - думаў Iван Iванавiч.

- Пусцiце да фургона, калi ласка. Шукаю свайго сабаку, выдатнага. Магчыма, ён сядзiць там. Прапусцiце.

Вартаўнiк быў няўмольны:

- Выдатных не саджаюць. Садзяць шкодных, каб не заражалi, - безапеляцыйна сцвярджаў ён пераконана. I тут жа твар яго перамянiўся: ён падняў падбародак i адмахнуўся рукою, як бы адхiлiў таго, хто прасiў, ад варот, з другога боку якiх той стаяў, засмучаны i бяссiльны што-небудзь зрабiць. Нават вартаўнiк не мог не ўтрымацца, каб не спакусiцца i не пацешыцца сваёю ўладаю, таму ён i сказаў строга: - Бачыш? "Уваход забаронены". Чытай i разумей, - паказаў ён на рамку пад шклом, дзе залатымi лiтарамi было напiсана: "Уваход забаронены небяспечна здароўю".

Iван Iванавiч ужо страцiў надзею трапiць на двор, але ўсё ж сказаў:

- Эх ты! Чалавек, чалавек!.. Аперацыя была. Ад вайны асколак насiў вось тут. Прыехаў, а Бiм прапаў.

- Як гэта? Больш за дваццаць год насiў асколак? - Вартаўнiк нечакана стаў сам сабою, такiм як быў у пачатку сустрэчы. - Ты глядзi! Раскажы каму - не паверыць. То-та ты... - Ён не дагаварыў да канца i мiрна запрасiў, адкiдваючы завалу: - Заходзь. Ды толькi нiкому не кажы.

Iван Iванавiч адпусцiў таксi, спадзеючыся, што павядзе Бiма на павадку, i пайшоў да фургона. Iшоў ён сапраўды з вялiкiм спадзяваннем: калi Бiм тут, то ён зараз яго ўгледзiць, прылашчыць, калi ж Бiма няма, то, значыць, ён жывы, знойдзецца.

- Бiм, мой мiлы Бiмка... Хлопчык... Дурненькi мой Бiмка, - шаптаў ён, iдучы па двары.

I вось вартаўнiк расчынiў дзверы фургона.

Iван Iванавiч адхiснуўся i акамянеў...

Бiм ляжаў носам да дзвярэй. Губы i дзясны параздзiраны аб вострыя бляшаныя краi. Пярэднiя лапы ў крывi.

Ён драпаўся ў апошнiя свае дзверы доўга. Драпаўся, пакуль мог дыхаць. I так мала ён прасiў! Волi i даверу - больш нiчога.

Кудлатка, прытулiўшыся ў кутку, заскуголiў.

Iван Iванавiч паклаў руку на галаву Бiма - адданага, вернага сябра, якi любiў.

Закружылiся рэдкiя сняжынкi. Дзве ўпалi на нос Бiму i... не расталi.