7901.fb2
Нашы два хлопчыкi былi зусiм не тыя, што могуць напiсаць адрас "дзядулю ў вёску". Таму праз гадзiну, не болей, спяшалiся ад аўтобуснага прыпынку па пустцы на каранцiнны двор.
Насустрач iм выйшаў з варот Iван Iванавiч. Убачыўшы хлопчыкаў, ён заспяшаўся, а калi падышоў, сказаў:
- I вы сюды?
- Накiравалi нас, - сказаў Алёша.
- Няма тут Бiма? - спытаўся Алёша.
- Не было яго тут? - перапытаў Алёша.
- Не, хлопчыкi... Бiма тут няма... i не было. - Iван Iванавiч стараўся схаваць цяжар на душы i боль у сэрцы; яму гэта было вельмi цяжка.
I тады Толiк, прыпадняўшы густыя чорныя бровы i сабраўшы на лбе маршчынкi, сказаў:
- Iван Iванавiч... не абманвайце нас... калi ласка.
- Бiма няма тут, хлопчыкi, - паўтарыў Iван Iванавiч цвярдзей i ўпэўнена. Шукаць яго трэба. Шукаць.
Снег церусiўся.
Цiхi снег.
Белы снег.
Халодны снег, якi штогод прыкрывае зямлю да наступнага, штогодна паўтараючагася пачатку жыцця, да вясны.
Сiвы, як снег, чалавек iшоў па белай пустцы. Побач з iм, узяўшыся за рукi, два хлопчыкi iшлi шукаць свайго агульнага сябра. I ў iх было спадзяванне.
I абман бывае святы, як i праўда. Так чалавек, якi памiрае, гаворыць любiмым: "Мне стала зусiм добра". Так мацi спявае безнадзейна хвораму дзiцяцi вясёлую песеньку i ўсмiхаецца.
А жыццё працягваецца.
Працягваецца таму, што ёсць надзея, без якое адчай знiшчыў бы жыццё.
Увесь дзень хлопчыкi працягвалi шукаць Бiма. А вечарам, ужо прыцемкамi, Толiк правёў Алёшу да трамвая i да "нашага" аўтобуснага прыпынку.
- А гэта - мой тата, - пазнаёмiў Толiка Алёша.
Хрысан Андрэевiч падаў Толiку руку:
- Зразумела: сябра, значыцца, знайшоў. Ты што ж, да Алёшы ў госцi? Калi ласка!
За Толiка адказаў Алёша:
- Ён пасля прыедзе. I я прыеду да Iвана Iванавiча. Мы яшчэ будзем шукаць.
- Ну, ладна. Добра. Дома раскажаш усё чын-чынам, а зараз - вунь ён! - iдзе наш аўтобус.
Перад пасадкаю Алёша аддаў тату пятнаццаць рублёў.
- Усе цэлыя. Не спатрэбiлiся.
- Таксама зразумела, - сумнавата сказаў бацька.
Толiк памахаў услед аўтобусу. Было i сумна развiтвацца з новым сябрам i радасна таму, што ён ёсць. Цяпер Толiк будзе яшчэ жыць i ў чаканнi сустрэчы з Алёшам. А гэта ж Бiм пакiнуў такi выразны след на зямлi.
Дома Толiк сказаў упэўнена:
- Бiм жа недзе ў горадзе. Абавязкова знойдзем. Мы знойдзем.
- Хто гэта "мы"?
- Алёша, Iван Iванавiч i я... Знойдзем, вось паглядзiш.
- Хто Алёша, хто Iван Iванавiч? - спыталася мама.
- Алёша - хлопчык з вёскi, бацька яго - дзядзька Хрысан, а Iван Iванавiч не знаю хто... добры ён... гаспадар Бiма.
- А нашто ж табе Бiм, калi знайшоўся гаспадар? - спытаўся тата.
Толiк не мог адказаць, ён не разумеў пытання з-за таго, што яно было зусiм незвычайнае, катэгарычнае i складанае.
- Не ведаю, - цiха адказаў ён.
А позна вечарам, калi Толiк спаў i снiў, як Алёшава карова лiзала яго шапку, тата i мама спрачалiся ў дальнiм пакоi.
- Безнадзорны расце ў цябе сын, - строга гаварыў тата.
- А ты дзе? - адбiлася мама.
- Я на службе.
- А я горш, чым на службе. Ты пайшоў з дому, i ўсё... А мне... мне адна чысцiня ўсю душу з'ела.
- Хто б дзе нi служыў, ён мае абавязкi, якiя павiнен выконваць чэсна. Я гавару пра другое: хто ж будзе выхоўваць Толiка? Ты цi я? Цi абое? Тады нам трэба прыйсцi да аднаго.
- Мабыць, не ты i не я.
- Хто ж? - нацiскаў тата.
- Усе спадзяваннi на школу, - адказала мама ўжо больш мiрна.
- А вулiца? - не адступаўся тата.
- Хоць бы i вулiца. Што там? Усе дзецi на вулiцы.