7901.fb2
Быў неймаверна цiхi вясновы дзень.
Неба густа апырскала палянку пралескамi (кропелькi неба на зямлi!). Многа разоў у жыццi Iвана Iванавiча паўтараўся гэты цуд. I вось ён прыйшоў зноў, цiхi, але магутны сваёю шчыраю прастатою i кожны раз дзiўны i непаўторны ад навiзны нараджэння жыцця - вясна.
Лес маўчаў, толькi-толькi ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам i патрывожаны ўжо цёплымi сонечнымi зайчыкамi на блiскучых i такiх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лiсця. Iвану Iванавiчу здалося, што сядзiць ён у велiчным палацы з блакiтнаю падлогаю, блакiтным купалам, з калонамi з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.
Але раптам... Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракацiўся глухi кароткi шум - глыбокi ўздых. Было вельмi падобна на ўздых палёгкi ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамi раскрыўшыхся пупышак. Iнакш чаму ж варухнулiся галiнкi i ўслед за гэтым засвiсталi сiнiцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клiчучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзiн з першых, як i слонка, падае сiгнал да ўрачыстае вясновае сiмфонii, але толькi слонка клiча цiха, у прыцемках, асцярожна, клiча зверху: "Хор-хор! Хор-хор!" - гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным iнструменце радасцi: "Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!"
Таму i ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся i прыйшоў час здзяйснення надзеi. I птушкi адгукнулiся яму, магутнаму велiкану i выратавальнiку. Iван Iванавiч чуў гэта выразна. Ён жа i прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.
I ён быў бы шчаслiвы, як i кожны год, у такiя часiны, калi б на краю палянкi не адрознiваўся пятняк, абазначаны толькi свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мiнулагоднiм лiсцем. Сумна глядзець на такi пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасцi ў прыродзе.
Але затое знiзу ўгору добрымi, наiўнымi, ласкавымi i невiноўнымi вачаняткамi глядзеў на Iвана Iванавiча новы маленькi Бiм. Ён паспеў пакарыць ужо Толiка, ён так i пачаў жыць з дабраты, маленькi Бiмка.
"Якi ж будзе ў яго лёс? - падумаў Iван Iванавiч. - Не трэба, не, не трэба, каб у новага Бiма, якi пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба".
Iван Iванавiч устаў, выпрастаўся i амаль што ўскрыкнуў:
- Не трэба!
Лес кароткiм рэхам паўтарыў некалькi разоў: "Не трэба... не трэба... не трэба..." I зацiх.
А была вясна. I кропелькi неба на зямлi. I было цiха-цiха.
Так цiха, быццам i няма нiдзе нiякае бяды.
Але ўсё-такi ў лесе нехта... стрэлiў! Тройчы стрэлiў!
Хто? Нашто? У каго?
Магчыма, нядобры чалавек паранiў таго прыгажуна дзятла i двума набоямi дабiваў яго... А магчыма, нехта з паляўнiчых закапаў сабаку, i было яму тры гады...
"Не, не спакойна ў гэтым блакiтным палацы з калонамi з жывых дубоў", - так падумаў Iван Iванавiч, стоячы з непакрытаю белаю галавою i гледзячы ў неба. I гэта было падобна да вясновае малiтвы.
Лес маўчаў.