7902.fb2 Белы гарлачык (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Белы гарлачык (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Рыпнулi дзверы. Васiлiна хутка павярнулася. Адэля?

- Ты чаго стаiш? Пераапранайся! - загадала Адэля. Яна была вельмi ўзбуджана. - Зараз жа ён вернецца. Сказаў, што праз гадзiну...

- Хто?

- О-о-ох, хiтрая! - Адэля пагразiла пальцам Васiлiне. - Яна не ведае. Вiцька твой прыходзiў!

- Што яму тут спатрэбiлася?

- А я ведаю? Пасядзеў, кнiжку пагартаў.

- Якую кнiжку?

- Тую вунь... Вяснянку тваю... Цяпер я разумею, чаго ты ад мяне таiлася. Такога хлопца i я б нiкому не паказвала, пакуль не абкруцiла як след!..

Васiлiна цяжка села на крэсла. Адэлiны словы гучалi цяпер як бы зводдалi, прыглушаныя i незразумелыя, i яна ўсё глядзела на вазу з кветкамi. Вiцька!.. Гэта ж ён прыцягнуў гарлачыкi! I цяпер толькi яна, Васiлiна, можа вызначыць iх лёс: яна можа прыняць iх, можа выкiнуць, i нiхто i нiчога не забаронiць ёй!

I ад таго, што такая ўлада была ў яе, што яна магла вырашаць лёс гэтых кветак, магла дазволiць Вiцьку ўвайсцi ў гэты пакой i магла забаранiць, магла прагнаць яго i нiводнага слова не сказаць увогуле, Васiлiна адразу паспакайнела i ўсё глядзела на белыя гарлачыкi. Якiя слаўныя! Iх жа болей i не было там, адзiны пухiрок i застаўся. Адшукаў жа недзе!

Гарлачыкi, вiдаць, расцвiлi нядаўна, мо нават i сёння. На белых пукатых пялёстках дрыжаў агнiсты водблiск барвова-чырвонага шкла; i гэтакi ж водсвет, толькi крыху слабейшы, ружавеў i на вокладцы кнiжкi, што ляжала на столiку ля вазы; вада ў вазе здавалася барвовай, i ў ёй, у глыбi, на самым дне, цвiлi белыя гарлачыкi.

1957 г.