79468.fb2
Прыглядалiся дарэмным натугам вужа хурманак узьлезьцi на ўзгорак. Вэрхал i бiцьцё прадаўжалася.
- А хто гэта казаў, што Немiц нi такi дзiкун, як Маскаль, што людзей так ня душыць! Паглядзi во, як нячыстая сiла, каб цябе зiмля нi насiла, як б'ець людзей, як быдла якое! Каб цябе, каб цябе! Што ты зь яго выб'еш, сукiн сын?! - злаваўся Янук.
- Лепi пойдзем, Янучок. Глядзi, нас яшчэ ўвiдзяць дык i нам пападзець.
- За што?
- Як то за што? Цi iм многа трэба? Возьмiць у прыпрэжку, а тамака разьбiрайся.
- Чорт яго, гэтага Немца, знаiць. Можа праўду кажаш...
Гулкi вэрхал, скрып вазоў, рыпеньне гужоў, хрып коней i цяжкое дыханьне людзей ня спынялiся. Нязвычайны вобраз прыкаваў юнакоў да зямлi. Стаялi, як заварожаныя. Напятыя да адказу мускулы, акрываўленыя й спацелыя твары, енк i стогн ад удараў, запененыя конi, - жах! Трэснуў гуж ад хамута й сiвы пярэднi конь, зрубцаваны пугай, увесь дрыжачы ад перапалоху, задам выступiў пераз аглоблю. Немцы ззаду падбеглi да пярэдняй хурманкi й пачалi нешта гергятаць. Сяляне, усё яшчэ ўпёршыся ў воз, звольнiлi натугi. Зноў пачулiся крыкi загадаў i некалькi мяшкоў з возу паляцела на дарогу. Рукi зьвязалi парваны гуж.
- Ну вось так i навучацца, - заўважыў Янук.
- Чаго навучацца?
- Паськiдаюць мяшкi з вазоў, каб лягчэй было, узьедуць на гару, а тады мяшкi паднясуць i зноў наладуюць. Так усiм лягчэй будзiць.
Загад, чуваць было, пайшоў па ўсiм вужы нязвычайнага абозу, бо зь iншых калясак мяхi пачалi ськiдаць.
- Пойдзем! - спанукала Дуня. - Даволi нагледзiлiся.
Iшлi воддаль ад дарогi мiж кустоў, каб далей ад вока няпрыяцеля, каб, баранi Божа, азьвярэлым чужынцам у рукi ня трапiць. Доўга стаяў яшчэ збоку вэрхал. Рэдка перакiдваючыся словамi, думаючы пра толькi што пабачанае, прайшлi немалую адлегласьць. Невялiкi лес абступiў рэчку, што пятляла мiж пяшчаных берагоў. Зьвярнулi ў лес. Гэтта зусiм iншы сьвет, быццам i ня было таго жахлiвага на дарозе пад узгоркам. Паглынулi iх трэлi птушыныя, цiхi шум-гамана дрэваў i расьлiнаў, што летам i сонцам цешылiся.
- Ты адчуваеш, як парыць? Можа што нацягнiць, - сказаў Янук.
Дуня маўчала. Яна падняла падол шаўковай сукенкi аж за каленi й пабегла на сярэдзiну вады. Рэчка гэта плыла зусiм паволi й дзяўчына боўтала ваду нагамi, падымаючы то адну то другую, круцiлася, усьмiхалася, прыглядалася спакойнай тонi. Яна нахiлiлася, распусьцiла валосы, прыглядалася сабе ў вадзе, быццам у люстры. Янук забыўся ўжо пра Iцку, бiцьцё сялянаў ды вэрхал Немцаў, ён уважна сачыў дзяўчыну.
Далiбог, русалка! Кажуць, што ёсьць такое дзiўнае стварэньне з рыбiным хвастом, гiбкiм дзявочым станам, даўгiмi, пышнымi валосамi, чароўным тварам. Можа гэта адно для дзяцей казкi... А ягоная, Янукова, русалка во тут, перад iм, у вадзе. Зiрнiце, людцы мае, зь якой грацыяй, спрытам ахарашваецца, любуецца яна, сама ў сябе ў спакойным водным люстры ўзiраецца. I шкадаваў хлапец, што маляром-мастаком ня быў. Пастараўся-б, абавязкова намагаўся гэту iстоту на палатно перадаць, назаўсёды ўвекавечыць яе ў поўнай гранi колераў. Няхай-бы побач iтальянскiх мадонаў яе паставiлi. А чым яна за тыя мадоны горшая? I падпiсаў-бы так: "Мая русалка Дуня". Не. Мусiць накш: "Вясковая русалка". Во так. Гэтак абавязкова было-б лепш. Няхай-бы адгадвалi, чаму "вясковая" i чаму "русалка". А якая каму да гэнага справа? Ён, Янук, мастак i ён яе так бачыць. Чуў-жа пра тое, што розныя мастакi бачаць аб'екты па рознаму.
Ды не, чакайце. Мастак Янук Бахмач дарабiў-бы да гэтай "вясковай русалкi" вялiкi й гнуткi рыбiн хвост. Такi iз двумя пругкiмi плыўкамi з бакоў. Пакiнуў-бы бадай так, як ёсьць, верхнюю часьць фiгуры ад каленяў аж да кончыкаў доўгiх валосаў. Але чакайце, людцы добрыя, тут ня ўсё ў парадку...
Януку давялося некалi iлюстрацыi русалак у кнiжках бачыць. Хвост, вядома, як кажны рыбiн хвост. Але-ж рэшту гэтага цудоўнага стварэньня нiколi ў шаўковую сукенку, здаецца, нiякi мастак не апранаў. Дык як быць? Пачаў тады ўважней дзяўчыне прыглядацца. Грудзi зусiм няцяжка ўявiць было. Некалi-ж навет прыпадкова тыя пупышкi бачыў, а цяпер яны празь мяккi, пэўне-ж яшчэ ў панскiм палацы камбедам зрабаваны шоўк зусiм выразнымi абрысамi ўвыдатнялiся. А што-ж далей, калi ўяўляць i вандраваць зьверху ўнiз? У меру плённага падарожжа Януковага ўяўленьня чырваньню загарэўся ягоны твар. Фантазii нядрэнна памагаў сам аб'ект юнаковага зацiкаўленьня, што падкасаўшы вышэй каленяў прыгожую сукенку бэрсаўся ў рэчцы. Фактычна для ўяўленьня пакiнула дзяўчына зусiм нiкчэмны кавалак тэрыторыi, дый там пырсканьнем абмочаная сукенка шчыльна лашчыла гiбкае цела. I хто ведае як далёка забрыў-бы ў сваiх мастацкiх вандроўках Бахмач, калi-б "вясковая русалка", зачэрпнуўшы з рэчкi паўнюткiя прыгоршчы вады, ня плюхнула яму ў твар. За вадой палiўся раптоўны звонкi рогат.
Хлапца, што быццам прачнуўся ад чароўнага сну, салодкiх мастацкiх падарожжаў, сустрэла ўцелаўленьне "вясковае русалкi": скакуха-рагатуха. залiваючыся гулкiм сьмехам, набiрала зноў у прыгоршчы вады ды, добра прыцэлiўшыся, яшчэ раз плёхнула ў налiты румянцам Янукоў твар.
- Ах ты, жаба, я-ж табе пакажу!
Забыўшыся пра той скарб солi ў торбачцы, Янук раптоўна скочыў у рэчку. Макатунiшка, як сарна, шмыгнула ў зарасьнiкi на процiлеглым баку, суправодзячы свае ўцёкi гулкiм сьмехам i пiскам. "Жабу" нялёгка было знайсьцi, а яшчэ цяжэй злавiць. Ведаў Янук ейную паваротлiвасьць i вынаходлiвасьць. Дзiва няма, што неўзабаве дзяўчыну страцiў. Спынiўся, заклапочана калупаў у носе, прыслухоўваўся дрыжэньню й дыханьню лесу, вакол сябе разглядаўся. Мяркаваў, што неўзабаве, як тыгрыца, скоча на яго "вясковая русалка", пазводзiць, прынадзiць, каб яму, чырвонаму ад сораму й нязручнасьцi, яшчэ больш запякло i ў сэрцы заскрабло.
Ззаду дзьве рукi аблапiлi шыю i ў той-жа момант войстры штуршок падбiў правае калена, а ўжо ў наступную часiну хлапец ляжаў на траве. Рагатлiвы голас, iз гарачым дыханьнем ля правага вуха, зьдзекваўся: - Ага, даганяў i даганяў, аж пакуль я цябе злавiла! Ха-ха-ха! Я-ж табе цяпер пакажу!
Ашчаперыўшы яго ззаду, яна прыцiснула хлапца да густое гэтта й мяккае, як шоўк, травы. Адылi тое нядоўга трывала. Спрыт - адно, а сiла - iншае. Янук лёгка разлучыў Дунiны рукi, ашчаперыў яе i неўзабаве дзяўчына пад iм апынулася.
- Даруй, мiленькi, да душы, ня буду! - сьвяцiлiся шчырасьцю гарэзьлiвыя вочкi. - Я нi такая благая, як ты думаеш. Ня буду, Янучок, выбачай!
Такая непасрэднасьць бянтэжыла. Юнак мала разумеў дзявочыя шыканы. Дый Дуня, якая-ж там зь яе дзеўка? Падлётак. Дык што гэта? Гарэзьлiвасьць цi шчырасьць? Мусiць юрлiвасьць, пра якую нiколi ня думалася, замiнала думаць. Дый дзе там рацыянальна думаць будзеш, калi побач такая прынада-спакуса ляжыць: запрашальна прыадчыненыя вусенкi, жыўчыкi аганькi ў вачанятах танцуцюць.
Янук няўклюдна агарнуў рукой дзявочы стан ды прагавiта прылёг да сакавiтых вуснаў. Дунiн роцiк разьмяк, гарэньнем i пажаданьнем суцэльна зь ягоным зьлiўся. У лесе спынiлася, замерла ўсё жыцьцё. Iм, маладым, у цалунку злучаным, прыглядалася й зайздросьцiла, мабыць, уся прырода.
Паскорылi тэмпа малаточкi ў скронях, аслаблi каленi. Салодыч цягнула, паглынала, у вiр ненасытнасьцi валачыла. "Вясковая русалка" пружынiлася, вiлася ля яго й вакол яго, зручна выштурхнулася спад юнака i ўжо наверсе была, выцягваючы зь яго, здавалася, рэшткi энэргii. Нейкiм чынам рука Янукова завандравала ў тое месца, дзе, згодна ранейшага Януковага ўяўленьня, гнуткi русалчын хвост з рэальнай Дуняй меў злучацца. I тады, калi прагавiта й ненасытна, ледзь не да страты прытомнасьцi ўпiваўся Янук у Дунiны вусны, калi забракла паветра, дзяўчына зручна адштурхнула яго, адскочыла i ўжо стаяла на нагах.
Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.
Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, - зiрнеце самi, - дадае "васковай русалцы" нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.
Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.
- Чаго зводзiш? - шорсткiм голасам спытаў хлапец.
Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку - пырхне й зьнiкне.
- Пытаюся, чаму зводзiш?
- Янучок, я-ж цябе люблю... Цi ты нi знаў?
Самае горшае, - магчымасьць зусiм ня выключаная, - што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.
Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.
12
У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, - гэта бачыў Янук, - звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi... Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага "вызвольнiка". I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.
З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.
- А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? - пачаў Бахмач.
- Ты ўсяму верыш? Я хлусiў...
- Дык колькi ты клясаў там скончыў?
- Угадай.
- Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?
- Няма чаго рабiць...
Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.
Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца "бiларускай" школай.
Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi - газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.
- Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, - навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.