79468.fb2 Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Здавалася, што Антось добра ведаў усе сьцежкi паўз агароды. Наўмысна пайшлi з паўночнага боку, бо калi-б стаялi вайсковыя нагляды, дык хiба-ж з паўдня. Адсюль вiдаць былi абгарэлыя сьцены чыгуначнае майстроўнi, а за ёй у вадлегласьцi тарчэлi два комiны й сьцены калiшняе школы. У тым раёне згарэла некалькi хатаў. Найбольшы рух адбываўся на чыгунцы, патрэбнай для забясьпечаньня галоўнага ўсходняга фронту. Спаленыя вагоны сьцягвалi на бочныя шляхi. Гоман, стук лязгат. Перад сьветафорамi нецярплiва пыхцелi цягнiкi.

Падгайскага ў дварэ знайшлi. Ён гаварыў да дзядзькi з запрэжанай каляскай, на якой сядзела жанчына й стаялi кошыкi.

- Едзьце на памiдоры й пачынайце зьбiраць ад чыгункi. Тамака вышэй дык сьпялейшыя. А чаму Юхневiчаў няма?

- Казаў, што iз бабай посьля прыйдзiць. Учорака бандзiты чаго швагру нi закатавалi, дык ён у яго...

Падгайскi пабачыў лiтоўскiх. Змораны аграномаў твар распрамянiўся i ён хутка сказаў селянiну: - Ну дык едзьце.

- Антось, Янук, як я рад вас вiдзiць.

Прывiталiся, мацней чым звычайна, сьцiскаючы рукi.

- Добра, што прыйшлi, хоць i час ня той, знаiця... Прысядзьце.

Селi на лаўцы пад кустамi бэзу.

- Дык апавядай, - сказаў Антось.

- Быў у мястэчку, цi полем iшоў? - спытаў Падгайскi.

- Быў i ня быў, iшлi ля агародаў, - адказаў Антось.

- Дык вось, як я мяркую, хацелася бандытам узяць вакзал, але замiж, каб проста ўдарыць па iм з другога боку чыгункi, дык яны прыйшлi гэтта праз Бабiчы, разьбiлi школу, пасьял дэпо й на палiцыю напалi. Я чуў ужо ад свайго чалавека, што тамака многа палiцыi пабiлi. I знаеш, нямнога iм аставалася, каб на вакзал прарвацца i цалкам станцыю зьнiшчыць. Але-ж, ведаеш, як мне расказвалi, iдуць кучай, многа зь iх п'яных. Дык Немцы зайшлi iм з двух бакоў ды як упсяюрылi зь мiнамётаў, от-жа налажылi iх, як гною. Усiроўна, мусiць, занялi-б яны тут i станцыю ўсю й вакзал, надта-ж многа iх было, проста цьма-цьмушчая... Але-ж з Глыбокага падасьпелi панцыры iзь сьвежым войскам, ды яшчо праездам стаяў гэтта эшалон гарматаў i танкаў, дык i тыя мяса налажылi.

Падгайскi спынiўся пасьля на разных цiкавых дэталях.

- Дык гэта гэныя цыгане, як iх у нас называлi, цi радыёнаўцы з бальшавiкамi злучылiся? - спытаўся Антось.

- Ага, злучылiся. Яны-ж пазаўчорака Докшыцы забралi й нашых усiх там перабiлi.

- I нашага Мiколу з канём забралi.

- Мiколу й Захарука, - паправiў Антось. - Я дык дзiўлюся, як Захарук папаўся. Праўда, ён зараз каля бальшака, дык, мусiць, ня меў часу ўцячы. Ну а дзе ты быў у часе бою?

- Каля дому, - адказаў аграном. - Ведаеш, я-ж тут на водшыбе. Праўда, думаў, што вось-вось налятуць, ажно не. Вiдзiў, як Немцы акапалiся з кулямётам на маей мяжы, каб падыход адрэзаць...

- А Докшыцы яшчо ў iхных руках?

- Чуў, што ўчора iх адтуль выбiлi. Праўда, там нашых усiх, значыцца з нашых управаў, перабiлi.

Гаварылi спакойна, бязь нiякага паднечаньня цi зьдзiўленьня.

- Слухай, Антось, я цяперака ўжо сёе-тое думаў. Самааховы тутака нам нiяк ня ўдасца сарганiзаваць, сам знаiш. Нiма сваiх афiцэраў. А от цяперака палiцыю пераняць у свае рукi можна. Iх многа выбiлi. Кумекаiш?

- Ты, мусiць, тое думаеш, што i я думаю.

- Ага.

- А як Левандоўскi? Уцалеў?

- Нiякi чорт яго нi ўзяў.

- А калi яны будуць людзей набiраць?

- Ды хоць i зараз. Начальнiк быў сягоньнiка ранiцай у мяне й казаў, значыцца пытаўся, цi магу каго пасулiць яму...

- От як, - дзiвiўся Антось.

- Падумай, ды не марудзь. Найболi пару дней. Я яму параю сваiх людзей. Хачу, каб i ты там быў.

- Буду. Але яшчо зь Нiнай пагавару.

Аграном сьпяшыўся. Антосль i Янук хутка разьвiталiся зь iм.Назад iшлi ўжо вулiцай i дакладней прыглядалiся сьлядом учарашняга бою.

На трэцi дзень вярнуўся дамоў Мiкола. Без каня. У хату прынёс вялiкую радасьць. Змораны, галодны, ён сьпярша пад'еў, а тады цэлы вечар апавядаў пра свае прыгоды, як "цыганскае войска" злучылася з бальшавiкамi, ды як падчас наступленьня апынуўся ён у хвасьце "баявой" армii. Як Немцы пачалi нацiскаць, а "цыгане" й "тая брыда" завярнулi ў лес, удалося яму зноў застацца ў хвасьце. Каня застрэлiлi. За дзень прыкульгаў дадому. Захарук вярнуўся дадому назаўтра, таксама без каня. Апавядаў, што зацягнулi яго далей у пушчу, але, ведаючы, што з возам уцячы ня ўдасца, пакiнуў каня й сам абхiтрыў "начныя ўлады".

Якi тыдзень цi два пасьля баёў у Докшыцах i Гацях, у Глыбокае наехалi спэцыяльна вышкаленыя для забiваньня безбаронных людзей латыскiя адзьдзелы. На працягу двух дзён яны лiквiдавалi ўсё насельнiцтва жыдоўскага "гетто". Жыды спрабавалi адбiвацца зброяй i тады латышы пачалi iх выпальваць. Гэткiм чынам выгарэў вялiкi кут гораду побач Вiленскай вулiцы на захад ад галўнага рынку. Жыдоўскае пытаньне ў Глыбокiм было "канчаткова разьвязана".

30

Swiatu kretactwo sie dzisiaj sni

gdzie tyzlko spojrzysz wkrag,

i jestes sam i smutno ci,

zycie twe drzy od mak.

Hej w gore szklanice,

niech szybko plynie czas,

nigdy, przenigdy

nie zgniebia nas!

Песьня прылятала дзесьцi зь левага боку, з трэцяй цi чацьвертай камэры. У маладым мужчынскiм тэнары - зьнямога й разам сквапнасьць нязьведанага, бадзёрасьць i сумлевы. I песьнi гэнай, i тэнару таму цесна ў менскай вязьнiцы таксама, як цесна там i Януку. Усё ягонае цяперашняе навакольле чатыры, некалi зялёныя, а цяпер шэрыя, запэцканыя сьцены камэры й круглы "ваўчок" у дзьвярох. А з другога боку. пад самай стольлю, пядзя неба праз краты.

Зьняможаны, - так хацелася пiць! - сядзеў у камэры сам, на чужых нарах журыўся. Усе пайшлi на працу, пад канвоем, дзесьцi ў нейкiх менскiх развалiнах падбiраюць хлам. А ён, Янук, яшчэ да суду павiнен у камэры сядзець. Пасьля мо й яго на працу пусьцяць.

Дзесьцi на змроку, з бойкiм голасам, у лiку iншых, прыйдзе з працы пензенскi злодзей Мiшкiн, ён-жа камэры гаспадар. Яго ўлада. Спрабуй, не паслухай. Ля яго ацiраецца мянчанiн, пабiты воспай твар, чырвоны п'янiцы нос, Кабылкiн. Ён вечна ў той чырвоны нос нешта гугнявiць. I яшчэ прыйдзе некалькi людзей, а можа навет i хто з "новабранцаў" зьявiцца. На нарах даволi месца для чатырох, а рэшта на халоднай цэмантовай падлозе сьпiць. Найнавейшыя пачынаюць ад парогу, ад гадкай сьмярдзючай парашы, каторую ачышчаюць раз на дзень.

Праўда, нiхто не пачынае ад парашы два разы, а Янукова пачынаньне даўно мiнула. Першую ноч прачнуўся, як у камэры, перапоўненай да адказу, нехта ня трапiў у мэты й яго абмачыў. Цемра. Юнак вылаяўся, стукнуў чалавека ў балючае. У вадказ - праклёны Мiшкiна, адтуль, зь верхнiх нараў, дзе ён побач сваiх падачак спачываў. Трохпавярховы мат i пагроза: - Не перастанеш, сукiн сын, так я тебе сейчас носом!

Hej w gore szklanice,

Niech szybko plynie czas...