79468.fb2
- Ня дзякавай, а бяры во яшчо, - спанукаў Падгайскi.
- Дзякую, ужо больш не магу, яй Богу!
- Ну добра. Калi ўжо так, то нiхай сабе. Цяпер апавядай, - зiрнуў глыбака Януку ў вочы аграном.
- Што апавядаць? Перш можа скажыце, як там мае, як Дуня?
- Вёска стаiць, нi спалiлi шэльмы. Усе твае ўпарадку, Дуня таксама. Скора ўвiдзiшся. Нiчога ў iх новага нiма. А Дуня малайчына, сама ў школе сабе раду даець.
- Як Антось Дзяркач?
- Гэты, братка, гярой. Часта яны на партызанаў выяжджаюць, даюць iм у хвост i грыву. Ну але пра гэта пасьля. Ты пра сябе што раскажы.
- Ну што расказваць? Быў у вязьнiцы, адседзеў чатыры месяцы за дурнiцу, - самi знаеце, - а цяпер звольнiлi й маей прыгодзе, як сам ведаеш, канец.
- Ды не, ты, братка, так лёгка з маiх рук ня вышмыгнеш. Расказвай як там было.
- Бачыце па мне, не ў дабры-ж, мусiць, - церабiў у галаве Янук. - Во гэта трасца яшчо, цьфу!
- Вошы?
- А як-жа.
- Ну гэта нi бiда. Удома дасi iм раду. Цяпер апавядай.
- Што апавядаць?
- Я хачу проста, каб ты выгаварыўся, можна сказаць, - калi лепшага слова нiма, - каб выспавядаўся. Праўда, я ня поп, каяцца за грахi ня будзеш. Але выгаварыся. Я ня помню хто такi, - цi не Бакачыё, - некалi сказаў, што калi аднаму чалавеку пра сваю крыўду раскажаш, дык табе адзiн раз палягчэiць, а калi тром, дык аж у тры разы лягчэй станiцца. Кумекаiш? Ты-ж цяперака, пэўне, крыўду ў сэрцы носiш. А каб табе палягчэла, дык трэба тым цяжарам са мной падзялiцца. Ты-ж - паэт, палымяны патрыёт. Ты тамака, у цюрме, палюючы на паразiтаў, напэўна многа чаго перадумаў. Ты ня той чалавек, каторы чатыры месяцы таму назад быў. Ды за табой яшчо й Вiльня. Адным словам - ты для мяне саўсiм новы чалавек, ня той, каторага я некалi знаў. Кумекаiш? От i хачу пазнаць гэтага новага чалавека.
- Выглядае, вас цiкавiць, што я думаю, а не асаблiва тое, што я перажыў? - спытаў Янук.
- Ведама, думкi й выснавы нараджаюцца зь перажытага. Таму цiкавiць мяне адно й другое.
Пасьля ўсяночнага падарожжа зь Менску, зусiм новых уражаньняў на волi, а цяпер яшчэ да адказу наладаванага жывата такiмi харчамi, якiх даўно не спажываў, Янук чуўся ня зусiм добра. Быццам ад усяго гэтага пацяжэў ягоны язык. Таму й пачаў зь лёгкага, можна сказаць, з прыгоднiцкага, з таго, што спад нагляду менскае вязьнiчнае аховы мог-бы цi раз шмыгнуць у руiны, уцячы. Адно яго стрымлiвала: уцёкшы, што будзеш рабiць без дакумантаў, калi натрапiш на якi нямецкi, цi беларускi патруль? Могуць палiчыць цябе бальшавiцкiм бандытам. I што тады? А як дабярэшся зь Менску дамоў? Па дарозе падчас вайны, бязь нiякiх сродкаў да жыцьця, падсьцерагае цябе тысяча небясьпекаў.
Распытаўшы пра турму, Кастусь Падгайскi, зусiм не спанукаючы юнака, вiдаць таму, каб той чуўся ў яго за сталом як у гасьцях, свабодна й паволi распытваў пра навуку ў Вiльнi, пра беларускi актыў, а пасьля й пра менскiх Беларусаў. Падгайскага цiкавiлi ня толькi выпадкi й людзi, пра якiх Янук апавядаў, але й Янукова апiнiя пра iх. Аграном уважна сачыў хлапца, яго рухi, мову, зручна дзе ўставiўшы ў гутарку колькi слоў цi якую ключовую фразу, каб памагчы юнаку выказацца. Гэтак спрактыкаваны й таленавiты пэдагог лёгка й амаль незаўважна памагае выказацца нясьмеламу вучню. Асаблiвай цiкавасьцю загарэўся аграномаў твар, калi Янук у глыбокiм роздуме пачаў апiсваць цырымонiю прысягi новаперашколеных камандзераў Беларускае Самааховы на Пляцы Волi, прамову Астроўскага ды свае пра гэта разважаньнi. Падгайскi яшчэ й яшчэ раз перапытваў юнака, каб упэўнiцца, што так а ня йнкаш пачуў адну цi iншую яго думку.
- Я падазраваў, што шмат цiкавага ад цябе пачую, - пачаў нарэшце, устаўшы з-за стала й спацыруючы па абшырнай кухнi, аграном. - Тое, што пачуў, мяне зацiкавiла зь некалькiх прычынаў. Адна, ясна, проста людзкая цiкавасьць. Хоць я павярхоўна ведаў пра твае, так сказаць, прыгоды, мяне вельмi цiкавiлi дэталi. Сам ведаеш, што хоць я й зьвязаны з нашымi ў Вiльнi й Менску, але ў Вiльнi я даўно ня быў, а ў Менску саўсiм нiколi ня быў. Вось чаму цiкавае гэта ўсё. Часы зьмянiлiся. Таксама й Вiльня, пра якую ты расказваеш, гэта ня тая, якую я знаў, не гаворачы ўжо пра людзей. Але мяне, - i то можа болi чым твае прыгоды, - зацiкавiлi твае разважаньнi. Вiджу з гэтага, што ты ня толькi навучыўся глядзець, але й бачыць. Ты-ж знаеш, што многа людзей глядзець то яны глядзяць, але бачыць ня ўмеюць. I я тут, - прызнаюся табе шчыра, браток, - на вялiкае свае задавальненьне спасьцярог, што ты ня толькi ўмееш глядзець, але навучыўся й бачыць. Вось гэта, так сказаць, самае асноўнае.
- Ды ў цябе, аказваецца, яшчэ больш нешта. I гэта надзвычайна важнае: пасьля таго, што ты бачыш, ты навучыўся бачанае аналiзаваць, па костачках разьбiраць. А гэта, трэба прызнацца, ужо нямногiм людзям дадзена. Бо, ясна, кажуць, што кажны чалавек разважае. Ну што-ж, яно-ж так... Але... I гэта вялiкае "але": разважаць i разважаць - гэта дзьве розныя вялiчынi. Адзiн, i гэта адносiцца да бальшынi людзей, - мерыць усё на сваю мерку, цi, iнакш гаворачы, на свой капыл. У цябе, дзякуй Богу, гэтага недахопу няма. Бо гэта, - што тут будзем скрываць? - мерка на свой капыл ёсьць адсутнасьцю аб'ектыўнасьцi. Адныя людзi толькi бачаныя пераказваюць, iншыя-ж разважаюць, але толькi са сваей суб'ектыўнай пазыцыi. Гэткае разважаньне зламаны грош варта. Яно ня прыводзяць да правiльных выснаваў. У цябе, я бачу, выступае самае найлепшае, бо намагаешся разважаць аб'ектыўна, а гэта ўжо больш, чым у iншых.
- Ня ведаю якiя там настаўнiкi былi ў цябе ў вiленскай гiмназii. Зрэшты, ты там коратка быў. Мусiць, на цябе найбольшы ўплыў зрабiў наш мясцовы, - дай Бог яму здароўя, - гiсторык Сабалеўскi. I яшчо, ведаючы, што ты начытаўся многа й нешта пiшаш, дык ты, магчыма, прыдбаў гэту аграмадную цэннасьць аб'ектыўнага разважаньня сам сваймi намаганьнямi. Як-бы там нi было, выслухаўшы цябе ўважна, як толькi мог сьцьвярджаю гэты факт зь вялiкiм задавальненьнем. Ня думай, што я стараюся цябе пахвалiць. Нашто гэта? Я проста сьцьвярджаю гэты факт, вельмi й надта пазытыўны. Цяпер-жа, калi можна, затрымацца над тваймi думкамi, асаблiва тымi, як ты выказаўся, што прыйшлi табе ў галаву калi ты назiраў прысягу камандзераў Беларускай Самааховы на Пляцы Волi, а пасьля слухаў прэзыдэнта Астроўскага...
Падгайскi затрымаўся, стануў пасярод кухнi, прыглядаўся Януку, нешта доўга думаў.
- Можа вып'еш чарку? - раптам спытаў Бахмача.
Янук ня ведаў, што адказаць.
- Я, самi ведаеце, амаль нiколi ня пiў, але... можа пры такой нагодзе: першы раз на волi пасьля чатырох месяцаў катушка... Можа й вып'ю...
- Вось, вось яно, - падтрымаў Падгайскi, - вып'ем за тваю волю, цi лепш сказаць, вызваленьне. Ты прабач, што я табе раней выпiць не пасулiў, але гэта я з прычыны. Вiдзiш, ты згаладалы, дык на пусты жывот гарэлка шкодзiць. А цяперака, пасьля таго, як ты чарвяка першага замарыў, то можыш. Ды яшчо, братка, вазьмi й добра закусi. Гэта табе на здароўе пойдзiць.
Пасьля такое прамовы гаспадар выняў з шафкi шнапс i напоўнiў дзьве чаркi.
- Прызнаюся табе, што ў мяне ёсьць i другая прычына, каб ты выпiў, сказаў аграном.
Янук зiрнуў на яго зь цiкавасьцю.
- А гэта тое, што як ты сказаў, у вагоне цябе скразьняк праняў. Дык шнапс - гэта добры лек. Ня турбуйся. Вып'ем па чарцы, дам табе яшчэ й другую. Гэта табе на карысьць толька пойдзiць. Вось так. Значыцца, за тваё вызваленьне! - завяршыў аграном сваю прамову.
- Дзякую. За маё вызваленьне! - усклiкнуў весела Янук i адным глытком выпiў рудую вадкасьць.
- А цяперака адразу другую чарку, - налiў зноў Падгайскi. - Гэту прапаную за тваё здароўе.
Пасьля другой чаркi Янук спынiўся. Рэзкi пах гарэлкi зрабiў немалую сэнсацыю ў няпрывыклым да яе юнаковым носе, а цяпер суцэльным прыемным цяплом разьлiўся па ўсiм жываце.
- Бяры, братка, адразу закусвай, - спанукаў аграном, падсоўваючы да юнака тарэлку з вяндлiнай, сырам i хлебам. - Бяры, ня бойся, братка.
- Дзякую, дзякую, спадар Падгайскi. Вы за мной лепш глядзiцё, чымся некалi родная матка. Я да такой ласкi анiяк ня прывык, - гаварыў хлапец, бяручы мяса.
I далей, прадаўжалася, цiкавая гутарка. Адно Янук пасьля дзьвёх чарак куды пасьмялеў, пажвавеў ягоны язык. I запраўды шнапс падзеяў векльмi дадатна на ягоны настрой. Хоць i сьцiплай колькасьцi, ён сагрэў юнацкае цела, што амаль нiколi, за выключэньнем дрэннага вiленскага пiва, ня мела магчымасьцi пазнаёмiцца з алькаголем.
- Дык вось, прадаўжаем. Гэта я ўжо на тэму тваiх выснаваў, якiя як ты мне апавядаў, зрабiў ты на Пляцы Волi, - пачаў зноў аграном. - Прызнацца табе, я тут крышку зграшу, што ня буду скромным у сваей ацэне гэных тваiх выснаваў. Што-ж, прызнаюся табе, я iмi захоплены. Глыбiня думкi, абгрунтаванасьць. Ды гэта яшчо ня ўсё. Твае выражэньнi, параўнаньне дзьвюх, варожых нам, сiлаў да нейкiх машынаў цi сячкарняў, тых, што падпарадкоўваюцца толькi аднаму прыроднаму элемэнту - сiле. Вось гэта нешта! I гэта ўсё я чую з тваiх маладых, высушаных гэтымi бандытамi, вуснаў... Гэта, братка, на твае гады надта, надта многа!
- Ты помнiш, што я на пачатку гутаркi табе сказаў, а гэта тое, што я хачу твае думкi пачуць, пазнаёмiцца з новым Януком Бахмачом. Папросту гаворачы, я хацеў цябе памацаць. Апроч таго, яшчэ адно. Ты, братка, ня крыўдуй за гэта, але сказаць я мушу. Вось яно: думаю, што вязьнiца табе гэна многа табе дала. Цяпер магчыма ты гэтага яшчо нi бачыш, можа навет зь нейкiх другарадных прычынаў не ўсьведамляеш, але ўсё-ж пасьля, калi пыл асядзiць, тады прызнаеш мне слушнасьць. Гэта вязьнiца была для цябе першакляснай жыцьцёвай школай. За яе, - шчыра гавару, - некалi Богу падзякуеш. Не, не, ня спыняй мяне. Я ўжо хачу да канца дагаварыць. Ты яшчо расказаў мне адзiн, вельмi важны момант. Гэта я маю на думцы, што мой пляменьнiк Лявон бегаў да маёра Чмяля прасiць, каб ён памог табе зь вязьнiцы вызвалiцца. Я можа пасьля, з твайго дазволу, спынюся на гэтым маёры Чмялi. Знаю яго асабiста й ад iншых людзей пра яго чуў. Ну, але гэта, як кажуць, напiтак зь iншае бочкi.
- Хоць мяне, праўду кажучы, ня вельмi зьдзiвiла тое, што зрабiў Чмель, я найбольш задаволены, што ты выцягнуў з таго правiльны выснаў. От што мяне цешыць. Ты - рашчараваны, пакрыўджаны, тойсамы, якi там пры генэральным камiсарыяце разважаў, цi выбегчы цi ня выбегчы насустрач маёру Чмялю й прасiць ягонай помачы, ты памiма ўсяго перажытага, - а можа якраз таму, што перажыў, - на тым самым Пляцы Волi прыйшоў да адзiнаправiльнага выснаву. Ты сам сабе ясна здаў справу, памiма тваей вялiкай эмацыянальнай заангажаванасьцi, памiма таго, што ў такiх выпадках, як было з табой, ты мог-бы, - i дадам, поўнасьцю апраўданы быў-бы, - кiравацца толькi сваiмi эмоцыямi, але ўсё-ж ты змог стануць вышэй, глянуць на рэчы саўсiм рацыянальна й прыйшоў да такога, сказаць-бы, глыбокадумнага выснаву, што ёсьць i свае юды-нiкчэмнiкi. Я не хачу пра гэта доўга гаварыць, бо яшчэ ў мяне наперадзе адна тэма, якую хачу з табой закрануць, але гэта сказаць мушу. Ня кажны, - паўтараю, далёка ня кажны, - будучы на тваiм месцы, такое зрабiў-бы. Гэта ўжо нешта большае. Гэта - развага, рацыянальнасьць. Вiдаць, што ты меў школу, што час свой у ей не растрацiў, што добра людзей ацэньваеш. Аднаго, ты, братка, можа ня знаеш, ну але гэта што iншае. Гэта ты не падумай можа, цi гэты самы маёр Чмель меў да свайго такога, на тваю думку агiднага, кроку якiя там-небудзь свае прычыны. Ну але я не хачу над гэтым задзержывацца. Можа пра гэтае яшчэ пагаворым. Давай цяпер пра што iншае...
Пакуль Падгайскi пачаў пра штось iншае, Янук пастанавiў яму наперад забегчы. - Як сытуацыя на франтох? - спытаў.
- Маючы намер гаварыць пра адну важную справу, я якраз i хацеў зрабiць агляд сытуацыi на франтох. Так, што выслухай. Бальшавiкi, як таран, напiраюць на ўсходнiм фронце. Некаторыя раёны Беларусi, як паўдзённа-ўсходнi, значыцца часьць Гомельшчыны, заняты iмi яшчо летась перад Калядамi. Стаяць яны дзесьцi на Дняпры, падбiраюцца пад Вiцебск, а там далей на поўнач нацiскаюць на балтыцкiя краiны. На поўднi яны ўварвалiся глыбака на Ўкраiну; Данецкi басэйн i Харкаў у iхных руках... Цяпер, вiдаць, яны рыхтуюцца да вясеньняй афэнзывы й фронт рухне на цэлай даўжынi з поўначы на поўдзень. Разумееш, што Беларусь - гэта аўтастрада на Варшаву й Бэрлiн, дык тут будзiць галоўны цiск. Кумекаеш? Трэба лiчыцца з тым, што сёлета вясной Беларусь зноў апынецца ў крывавых бальшавiцкiх лапах. Да гэтага часу, можа быць, захаднiя хаўрусьнiкi адкрыюць другi фронт, можа дзесьцi ў маi, так што Немцам надта туга прыйдзецца. Прынамсi, паводля радыя зь Лёндану, выглядаiць, што там гатовяцца да iнвазii Францыi... А Немцы iз свайго боку яшчо спадзяюцца на нейкую "вундэрваффэ", значыцца дагэтуль няведамую, чорт ведаiць якую новую зброю, якая маiць саўсiм запэўнiць перамогу. Ня кажуць, што гэта за зброя маiць быць. Тайнiца. Адным словам, сёлета на франтах будуць вялiкiя зрухi, а ўся наша бацькаўшчына напэўна апынецца ў маскоўскiх лапах...
Падгайскi спынiўся. Ужо другi раз зазначыў, што Маскалi сёлета Беларусь могуць заняць. Абое маўчалi. I сустрэлiся iхныя вочы. А ў тых дзьвёх парах вачэй адчынiлася ўся глыбiня вялiкага пытаньня, на якое страшэнны жах перашкаджаў даць якi-небудзь адказ. Да гэтага часу Янук думаў пра такую магчымасьць, навет у менскай вязьнiцы, але жахлiвую думку адпiхаў на заднi плян, адгароджваў яе. Так, яно магчыма, навет праўдападобна, але-ж проста жахлiва пра гэта думаць. Няхай, можа пасьля. Неяк адпаведны момант прыйдзе, калi трэба будзе, хаця-нехаця, стануць на парахунак з рэальнасьцю. Але ўсё адпiхалася. А цяпер?
Спасьцярог перапалох i ў аграномавых вачох. У крыху памутнелай ад шнапсу галаве нагальванiзавалiся цяпер усе пытаньнi, спалучаныя з болем сэрца. Як гэта можна было ўявiць, што бацькаўшчына зноў апынецца "у бальшавiцкiх крывавых лапах"? I цяпер вялiзная часьць яе, прынамсi там, дзе гаспадарылi маскоўскiя бандыты, знаходзiлася пад iхнай уладай. Але галоўная, уцалелая ад вайны часьць, - а да гэтага й зруйнаваныя гарады, - ня была ў руках бальшавiкоў. А тады-ж уся-ўсенькая ў iх ярме апынецца. I наступiць новае крывi пусканьне. Усю моладзь, як мятлой падмёўшы, пагоняць на "даёш Бярлiн!" Жахлiва!
- Так, а трэба, трэба пра тое падумаць. Значыцца, што рабiць..., сказаў цiхiм голасам Кастусь Падгайскi, як-бы прадаўжаючы Януковы думкi. I вiдаць, што думкi iхныя былi наладжаны на адну хвалю.
- Вы думаеце, што iхны прыход нямiнучы? - спытаў Янук.
- Хiба-ж якi цуд стаўся-б, чорт iх знаiць... Але, знаеш, Амэрыка й Англiя зь iмi. Як адкрыюць другi фронт, тады Немцам капут.
- А як наша Беларуская Самаахова? - прадаўжаў Бахмач.
- Агульна сказаць, дрэнь. Ахвотнiкаў прышло многа. Так от сiдзяць, ладу з таго мала. Немцы навет вопраткi нi далi, значыцца Бiларуская Самапомач мусiць забясьпечыць iх. А зброя - што папала. Пiраважна савецкiя стрэльбы, дый тых мала. Я гэта гавару пра глыбоцкую... Мусiць, таксама i ў iншых гарадох. Да таго-ж Немцы не дадуць права на адзiнкi большыя, чым батальён, ды яшчо самi будуць iмi камандаваць, а значыцца нашыя афiцэры мусяць слухаць нямецкiх. Адным словам пацеха для нас невялiкая. Можа сям-там, бандытам дзе на хвост наступяць, дый толькi й таго. Таму я й раiў Антосю Дзеркачу йсьцi ў палiцыю, пераняць ад Палякаў, а там будзе вiдаць... Ведама, што цяперака бэцээр робiць стараньнi, каб Немцы дазволiлi стварыць беларускую армiю й змабiлiзаваць дзяцюкоў. От, гэта калi ўдасца. Хаця... Усё гэта запозна. Нам трэба далей наперад глядзець, плянаваць...