79468.fb2 Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 66

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 66

- Цiкавiць то надта цiкавiць, - адразу адказаў Янук. - Для мяне, маладога, разумееце, гонар там быць. Але мне здаецца, што лепш-бы гаварылi пра iншае. Хаця на кангрэсе цi выпадае...

- Пра што гэта? - цiкавасьцю зазьзялi блакiтныя Князёвы вочы.

- Пра тое, як змагацца будзем. Плянаваць, сiлы гуртаваць, - адказаў Янук.

- Чуеш, пра што ён думаiць? - сказаў Князю Дзяркач. - Казаў-жа табе што гэта за падлётак.

- Думае правiльна. Але-ж на кангрэсе пра гэта няма як.

- А што вы пра кангрэс думаеце? - спытаў гаспадара Янук.

- Лухта, - махнуў Князь рукой, - але яна патрэбная. Безь яе анiяк, анiкуды. А гэта, што вы сказалi, то правiльна. Вось мы таму й сустрэлiся. Слухайце вельмi ўважна, бо я буду гаварыць зусiм коратка й ня буду паўтарацца.

Янук i Антось уважна прыглядалiся гаспадару.

- На фроньце суцэльны прарыў. Немцы адступаюць. З тых вестак, якiя мы маем, выглядае, што бальшавiцкiя афэнзыва набiрае iмпэту й Немцы могуць пакацiцца зь Беларусi вельмi хутка. Не далей, як за тыдзень, наша сталiца можа быць у маскальскiх руках.

Гаспадар спынiўся быццам для таго, каб лiтоўскiя дзяцюкi поўнасьцю ўсьведамiлi важнасьць сказанага.

- Таму мы з бээнпэ пастанавiлi раiць усiм нашым людзям яшчэ сяньня, каб найскарэй разьяжджалiся й станавiлiся на свае месцы, каб нiхто не завяз па дарозе. Разумееце? Мы можам памыляцца, але трэба прадбачыць найгоршае. Таму раю i вам выяжджаць сяньня вечарам. На чыгунках цяпер будзе цесна, але ты, Антось, чалавек ваенны, будзеш ведаць, што рабiць.

- Ага, вядома.

- Прадставiм сабе, што вы прыехалi ў свае родныя Гацi, а тут заўтра-ж iх занiмаюць Маскалi. Што канкрэтна вы будзеце рабiць? - зiрнуў на Антося Князь.

- Баранiцца? Хiба-ж не...

- Ды не. Дык што?

- Вывесьцi людзей i зброю ў лес, - адказаў Антось.

- Я-бы сказаў больш агульна, - заўважыў Князь. - Трэба расставiць людзей па сваiх мясцох, перадусiм нам добра ведамых i правераных людзей, даць iм iнструкцыi, парады. Так, цi не?

- Хiба-ж так...

- Ня ўсе ў лес пойдуць. Нашы сiлы, паколькi гэта магчыма, мусяць забясьпечыць сабе як найбольш выгадных пазыцыяў. Значыцца, трэба людзей i ў мястэчку пакiнуць. Але не забывайцеся пра адно, самае галоўнае.

- А што?

- А тое, што бальшавiкi, паколькi нам ведама, усiх мужчын, ад дзяцей аж да старых, як мятлой падмятаюць. Даёш Бярлiн! Разумееце? Усiх у войска. Каму дадуць стрэльбу, а каму не, але забудзьцеся як звалi. Дык з гэтага вынiкае...

- Што трэба выратаваць як найбольш сваiх людзей? А таму добра падумаць як...

- Зусiм слушна, - згадзiўся Князь. - Ясна, што ўсе нашы людзi, якiя служылi ў палiцыi, нiдзе ня скрыюцца, толькi ў лясох. Да iх далучацца iншыя, навет i Немцы. Мы зробiм памылку, калi будзем цяпер намагацца ўсё прадбачыць. Гэта немагчыма. Адно, што галоўнае маем зрабiць, дык гэта трымаць сувязь, арганiзаваць акцыi, выбар аб'ектаў. Больш пра такi практычны бок я ня буду вам расказваць. Кастусь пра гэта добра паiнфармаваны. Важнае ёсьць пытаньне бясьпекi. Бальшавiцкая разьведка будзе старацца закаранiцца ў нашых шэрагах. Таму нагляд за бясьпекай трэба аддаць у рукi надта кемлiвых людзей i варта, за ўсякую цану, мець сваiх людзей у бальшавiцкiх так званых ворганах. Разумееце? Падчас змаганьня будуць паўставаць розныя праблемы, каторыя будзем паступова вырашаць. Галоўны нацiск класьцi на адданых iнiцыятыўных, ахвярных людзей. Вайна можа працягнуцца яшчэ год, а мы можам i мусiм глядзець далей у будучыню. Але я цяпер, з вашым дазволам, зраблю такую цывiльную прапанову: давайце вып'ем яшчэ па чарцы. Можаце?

Антось кiўнуў галавой, а Янук сядзеў, задуманы.

- А ты, Янук? - спытаў яго Князь.

- Калi ласка.

Гаспадар налiў. Выпiлi й закусвалi.

- Прабач, Янук, - зьвярнуўся да яго Князь, - я ў цябе нi спытаўся, цi ня хочаш пайсьцi на захад. Думаў пра гэта?

Янук адказаў не адразу.

- Ня ведаю. Я прыабяцаў жонцы, што-б нi было...

- Ён толькi што ажанiўся, - сказаў Антось.

- Праўда? То вiншую, - сказаў Князь.

- Дзякую.

- А хто твая жонка?

- Настаўнiца з нашай вёскi.

- Дык добра. Жадаю вам, маладым, шчасьця. А яна палiтычна надзейная?

- Так, зусiм, - сказаў без запыну Янук, хоць меў адносна Дунiнай "палiтыкi" пэўныя засьцярогi.

- Добра, я буду прадаўжаць, - гаварыў Князь. - Хоць мы ў асноўным будзем палягаць на свае сiлы, усё-ж спадзяёмся, што праз нашых людзей удасца нам навязаць сувязь з заходнiмi дзяржавамi й здабыць помач. Яна будзе неабходнай у часе наступнай вайны хаўрусьнiкаў iз Савецкiм Саюзам. Такая вайна, рана цi позна, але будзе. Для нас яна чым раней тым лепш. Мы будзем старацца мець заплечча, сяброў, дапамогу з захаду. Вы самi ведаеце гiсторыю першай вайны й яе насьледкi. Польшча здабыла дзяржаву, бо мела помач ад Францыi, а мы й Украiнцы, што такой помачы ня мелi, свае дзяржавы страцiлi. Цяпер мусiм спрычынiцца, каб гэта не паўтарылася. Нашы людзi, што апынуцца на захадзе, навяжуць патрэбныя сувязi. У выпадку вайны заходнiя дзяржавы, пэўне-ж, будуць разьлiчваць, што паняволеныя народы, у тым лiку й Беларусы, будуць iм памагаць. Мы iм патрэбныя ня менш, чым яны нам, каб Маскву на лапаткi палажыць. Iншыя нашы хаўрусьнiкi ў змаганьнi, зь якiмi будзем мець лучнасьць, - мы яе фактычна ўжо маем, - гэта нашы суседзi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, Палякi, ды, калi будуць, незалежнiкi Расейцы, якiя, само сабой зразумела, адракуцца ўсялякiх прэтэнзiяў да нашых земляў. Толькi супольнымi сiламi зможам перамагчы. З Палякамi будзе цяжэй, бо я, у прыватнасьцi, ня думаю, што яны адракуцца "ўсходнiх крэсаў". Як-бы там нi было, бээнпэ цяпер трымаецца i ў будучынi будзе трымацца такога прынцыпу: не абагульняем усiх Палякаў, а мiж iх разрозьнiваем сваiх ворагаў i прыяцеляў. Разумеем, што яны апынуцца ў такiм становiшчы, як i мы, дык мусiм сабе ўзаемна памагаць. Некалi-ж разам, - помнiце? - наш Калiноўскi i ягоныя паўстанцы змагалiся побач з Палякамi супраць агульнага ворага. Мы мусiм адрозьнiваць людзей, асобныя партыi й групы й ня браць усiх пад агульны назоўнiк. Палякi нам вялiкую шкоду падчас акупацыi мiж войнамi й цяпер падчас нямецкае акупацыi зрабiлi, але яны будуць лiчыцца з намi, калi пабачаць нашу стойкасьць, вытрываласьць, ахвярнасьць, а з гэтага нашага боку хопiць. Дык наша палiтыка павiнна палягаць ма талеранцыi да суседзяў, зь якiмi Бог нас побач разьмясьцiю. Зразумела, калi ходзiць пра давер да iх, дык гэта справа iншага характару. У нашым змаганьнi вялiкую ўвагу будзем даваць прапагандзе, пераважна друкаванай. Гэта для вас, спадзяюся, зусiм зразумела. Ты, Антось, прабач, што адразу мне вылецела з памяцi: дазволь павiншаваць з тваiмi выдатнымi баявымi заслугамi. Многа чаго добрага давялося чуць пра цябе.

Аўген Князь падаў Дзеркачу руку.

- Дзякую, - адказаў Антось.

- Значыцца да гэтага часу, - прадаўжаў Князь, - я ў вельмi агульных словах сказаў пра нашых хаўрусьнiкаў; тых, што маем i тых, што мець можам i будзем. Я выразiў надзею, што будзе вайна мiж захаднiм вольным сьветам i Масквою. Гэтага мы можам быць пэўныя. Цяпер пытаньне, магчыма, не апошняй важнасьцi: калi яно будзе? Сам Бог ведае. Усё-ж мы перш за ўсё людзi й калi плянуем вялiкую дарогу, дык прыблiзна аблiчаем час калi скончым вандроўку. I тут наш чыста людзкi элемэнт падказвае наступнае пытаньне: а што, калi гэтай вайны, якую мусiм выкарыстаць скора ня будзе? Што, калi яна будзе за трыццаць цi сорак гадоў? Што маем рабiць? Складаць зброю? Колькi мы можам, палягаючы галоўна на свае сiлы, вытрымаць у няроўным змаганьнi? А што яно будзе няроўнае, хiба-ж ясна. На гэта ўсё цяжка адказаць. Цяпер у нас iншага выхаду няма, а час пакажа што маем рабiць, прынамсi тыя з нас, што выжывуць... Я гавару да вас, як бачыце, зусiм шчыра, бо ведаю што вы ня лыкам шытыя... Скажу пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Сiлы ў нас немалыя, арганiзацыя працуе, мэтады й сродкi ворага знаем навылёт. Сувязi з суседзямi маем. Сiлы нашы растуць i яшчэ павялiчацца ў змаганьнi...

Янук глядзеў на белабрысага чалавека, слухаў яго цiхiя словы, зьмест якiх здаваўся зусiм нярэальным. Гэты-ж чалавек гаварыў пра будучыню, якая вось неўзабаве мае распачацца. У гэтым, хутка адрамантаваным менскiм памешканьнi Янук сустрэў прадказьнiка свайго лёсу. Так, накш быць не магло. Ужо ўсё было пастаноўлена лёсам. Толькi як будзе з Дуняй? Цi яна возьме зброю й пойдзе зь iм у лес? Жончына месца з мужам. Гэта ясна. Але трэба ей усё вытлумачыць. Янук зноў прыслухаўся да Князя.

- ...ён добра ведае. Таму абавязкова спытайцеся Кастуся пра ўсе практычныя рэчы. Думаю, што ты, Антось, маеш больш набiтую руку ў змаганьнi iз зброяй, дык арганiзуй лясьнiкоў. Я так называю нашых змагароў зь лясоў, якiх будзе шмат зьвёнаў. Я наўмысна ня ўжываю абрыдзелых маскоўскiх тэрмiнаў. Кастусь вам падкажа сувязь зь iншымi зьвёнамi. Мы наўмысна трымаем людзей у вузкiх колах знаёмства з бээнпэ, каб забясьпечыцца на выпадак здрады... А здраднiкi, бязумоўна, будуць.

- Групу людзей я маю, - сказаў Дзяркач.

- Вось пра гэта я якраз i думаў, - прадаўжаў Князь. - Варта, ды проста неабходна вам будзе прызвычаiцца да новых абставiнаў. Галоўнае - сувязь. Усюды, дзе магчыма, мусiце мець свае вочы й вушы. А ў першую чаргу, пакуль маскоўская мятла падмяце нашых мужчын на гарматнае мяса, трэба ўцягнуць да сябе найбольш людзей. Усё-ж галоўнае - мерка. Бяручы на ўвагу галоўнае й першае нашае заданьне, - паралiжаваньне бальшавiцкага гаспадарча-адмiнiстрацыйнага апарату, - трэба, каб зьвёны былi рухлiвымi, маглi скора перакiдацца ў патрэбныя месцы. Не гавару аб спэцыяльных адзiнках, якiя будуць лiквiдаваць прыслужнiкаў акупацыйнага апарату. Цiвуноў трэба будзе лiквiдаваць на iхных пастох, а дзе ўдасца, там забiраць у палон i няхай iх судзiць народ. Трэба будзе пазьбягаць сутычак зь вялiкiмi карнымi адзьдзеламi працiўнiка. Галоўнае, - паралiжаваць iхную сувязь ды лiквiдаваць людзей, на якiх яны будуць абапiраць сваю прыгонную ўладу. Як бачыце, поле дзейнасьцi надзвычайна шырокае. Мяркую, што маеце пытаньнi?

- Што рабiць, - пытаўся Янук, - калi яны, прыкладна, даведаюцца што я й мая Дуня будзем у лясьнiкох? Пачнуцца рэпрэсii згодна iхнага прынцыпу масавае адказнасьцi. Калi яны забяруць у арышт майго бацьку бацьку й брата й скажуць, што калi я ня здамся то вышлюць iх на Сiбiр цi расстраляюць. Тады што рабiць?

Князь адказаў не адразу. Ён доўга i ўважна паглядзеў Януку ў вочы.

- Прынцып агульнай адказнасьцi, якi Сталiн заўсёды ўжываў, астаецца ў iх у сiле. Цяжкая сытуацыя. Мы пра гэта многа думалi. Прыйшлi да выснаву, што яны нiколi ня трымаюць свайго слова. Значыцца, калi-б тваiх родных забралi ды абяцалi, што iх выпусьцяць, як ты зброю зложаш, у такой сытуацыi, - i гэта напэўна, - здаваць зброi i йсьцi да iх ня трэба, бо яны нiколi свайго слова не датрымаюць. Ты, Янук, хлапец кемлiвы, гэта разумееш.

- Дык што рабiць?

- На гэта пытаньне, Янук, сам знойдзеш адказ.