Ад таго часу, з прычыны такога зблiжэньня мiж Януком i Дуняй, сяброўства iхнае яшчэ больш утрывалiлася. Большую частку дня праводзiлi супольна. Па дарозе ў школу й назад шмат было часу для гаворак. Дзялiлiся мiжсобку, бяз утойваньняў, усiмi пытаньнямi, што iх супольна цiкавiлi. Янук ня бязь зьдзiўленьня спасьцярог, што Дуня шмат аб чым гаварыла з мудрасьцю й дасьведчаньнем старэйшых людзей. Хлапца iнтрыгавалi прычыны гэтых дасьведчаньняў, аж пакуль аднойчы не знайшоў iх кораня.
- Кiм ты, Янучок, думаеш быць як вырасьцеш? - спытала Дуня.
Iшлi дамоў чыгункай. Шарэла. Дзесь воддаль сьцiхаў грукат цягнiка, што нядаўна абмiнуў iх i паймчаўся ўва ўсходнiм кiрунку. Януку так ласкатаў сэрца гэны "Янучок" у Дунiных вуснах, што пару разоў мецiў ужо адудзячыцца тым самым - назваць яе Дунячкай, але не асьмелiўся. Так i цяпер, адчуўшы цяплыню з боку сяброўкi, марудзiў з адказам.
- Нi знаю. Можа, вучыцелем... Але цi ўдасца гэта. У пшэкаў сваiх вунь хоць ты памялом вымятай.
Памаўчалi. Скарынкi зьледзянелага сьнегу па ўзбочынах чыгункi хрупалi пад нагамi. Разглядалi апрануты ў шэрань, казачны ў сваёй зiмовай дрымоце, лес i першыя бледныя зоркi на небе.
- А ты, Дуня? - спытаў Янук.
- Нi знаю, - адказала раптоўна й коратка.
- Ну табе што: выйдзiш за багатага замуж i панаваць будзiш, - пажартаваў Янук.
- Ты папаў, як пальцам у неба. Iкраз багатыя такiх шукаюць!
У ейным голасе быў выразны сарказм.
- Ну дык што тады? Можа, служанкай у тоўстапузага якога пана збадзяiсься? Хiба-ж ня будзiш так рабiць, як твае сёстры...
- Янук, баранi цябе Бог! Як можаш ты аба мне так падумаць!
У словах ейных чуўся такi пярэпалах, зьмешаны з горачай, а ў вачох зазьзяла такая зласьлiвая маланка, што Янук жахнуўся. Нярад быў, што на такую гутарку павярнуў. Цiкавiла яго, што Дуня думала пра сваiх сёстраў. Нiколi-ж дагэтуль не пытаў яе пра гэта. I ўжо iншым разам, калi дзяўчына была, як здалося хлапцу, у гаворцы шчырая, наважыў спытацца.
- Ня гневайся, Дуня, што цябе гэта пытаюся. Што ты думаеш аб сваiх сёстрах?
Пагодны твар Макатунiшкi вомiг захмарыўся.
- Чаму пытаiсься?
- Бо хачу знаць.
Добрых дзьве цi болей хвiлiны йшлi моўчкi. Пасьля стрыманым голасам яна пачала распавядаць.
- Сёстры мае, сам знаiш, што пра iх людзi гавораць. Нiма чым хвалiцца. Дзяцей настаралiся, цяперака самi нi рады Мне сэрца балiць, як я на iх i на гэтых бедных байструкоў гляджу. А цi ты думаiш, што гэта толькi яны вiнаваты? Га? А гэныя-ж валацугi-бабнiкi, што за iмi бегалi, пакуль нi пазводзiлi, то што, можа нi вiнаваты? Яны яшчэ болi вiнаваты. Чаму гэта ўсе ў нашых дзiўчат каменьнямi цаляюць, а чаму гэных сабак нiхто пальцам нi ткне, га? Скажы ты мне, Янучок, гэта.
Нiколi ня мог Янук уявiць, што Дунiн ружовенькi тварык мог так крывiцца пры такой сiле злосьцi й пагарды да "гэных сабак". Здавалася, што, каб магла, спапялiла-б iх.
- Янук, я табе праўду скажу: мне чатырнаццаты гадок iдзець i я толька падлётак. Але цi знаiш ты столька, сколька я пра жыцьцё знаю? Яны-ж i сваруцца, i Бог знаiць што расказваюць. Вушэй-жа нi пазатыкаю, дык i чую хоцькi-няхоцькi. Ты ў гэтым усiм яшчэ зялёненькi надта, а я вунь якiя дзiвы чула. Ты, мусiць, думаiш, што ёсьцiка нейкая любоў цi што. А я як наслухаюся й прыгледжуся, як мае родныя гаруюць, дык мне, Янучок, здаецца, што нiма нiякага шчасьця на сьвеце й нiчога пекнага. Ёсьцiка толька нешта бруднае, от мусiць так, як сучка iз сабакам, ды пасьля лiшнiя, нiкому нiпатрэбныя шчаняты на сьвет...
Апошнiя словы Дуня вымавiла з агiдай. Янук не асьмелiўся павярнуць у ейны бок галавы, баючыся стаць аб'ектам дакору ў ейных прывабна-разумных васiльковых вачох. Ён-жа хоць i ня зьведаў яшчэ таямнiцаў каханьня, ды наконт iх наагул мала ведаў, ужо ў гэтым, нянавiсьцю насычаным дзяўчынiным голасе, чуў дакор i пад сваiм адрасам. Як-нi-як зь яго таксама-ж некалi вырасьце мужчына - значыцца, можа ў будучынi належаць да "гэтых сабак".
"Дык от сколька яна знаiць", - думаў ён пра дзяўчыну, што побач роўнымi крокамi мерыла дарогу. Тварык ейны быў пунсовы ад шчыплiвага марозу, а вочы, што ганьбавалi ўвесь мужчынскi род, якi спрычынiў шмат крыўдаў ейнай сям'i, у сваёй суровасьцi выдалiся Януку яшчэ больш прывабнымi. Крадком, пазiраў на дзяўчыну, i ў галаве мiгам нарадзiлася думка, што варта было-б узяць гэтую прыгожую Дунечку й пацалаваць, папрасiць, каб не кiпела гневам, каб стала цiхай i спакойнай, дабразычлiвай ягонай сяброўкай, як заўсёды. Ня ўсе-ж i мужчыны такiя, як ёй здаецца. Вось узяць-бы хоць яго самаго: як вырасьце, дык ужо што як што, ну нiколi ня пойдзе такой дарогай, каб прыдзялiлi яго да "гэных сабак", каб прыносiць нявiнным дзяўчаткам крыўду, спрычыняцца, каб няпрошаныя й нiкiм нялюбыя дзеткi на сьвет радзiлiся. О не! Ён нiколi ня будзе гэткiм! Але-ж як гэта ўсё Дунi пераказаць?
У гэны момант малы Бахмач адчуў, што дасьведчаньнем дзяўчына была за яго на колькi гадоў старэйшая. Ты паглядзi, аб чым яна гаварыла й зь якой эмацыянальнай сiлай ганьбавала нейчыя ўчынкi! Значыцца, усё гэта было ў ейным асяродзьдзi дзесьцi ў коранi, мусiла перажыць, перацярпець, перадумаць, адно бачачы, як родныя гаруюць. А што-ж ведаў ён, Янук? Процi яе, дык ён горкае дзiця. Куды яму да Дунi!
Макатунiшка абмiнала гаворкi аб каханьнi iншых людзей. Калi-ж даводзiлася, прыкладна ў сувязi з тым, хто ў школе на каго заглядаецца, цi да каго "падстрэлiваiць", то гаварыла неахвоча, збывала тэму паўсловамi.
Так i павялося, што тэму каханьня Янук i Дуня абмiналi, як змовiўшыся. Янук адчуваў, што патрэбна гэта для добрага сяброўства з Макатунiшкай. Вось i цяпер, седзячы пад бярозай, стругаючы, ён зь вялiкай радасьцю сустрэў дзяўчыну. З выгляду мела яна ўжо поўнае права называцца дзеўкай. Ладна ўвыдатнялiся ў яе прывабныя рысы росквiту раньняга дзявоцтва. Сказаў-бы хто, што яна была ўжо набухнутая й поўная абрысамi свайго хараства пупушка ружы, што вось-вось мела зацьвiцець. I ў гэты дзень на захад сонца, калi вакол пасьмялелi пасьля дзённае гарачынi птушкi, калi ўсё ажывала iз сваёй млявасьцi й пачынала буйнець сокамi сакавiтага летняга росквiту, дзяўчына гэтая здавалася яшчэ больш прынаднай, чым калi ў iншы час.
- Глядзi, Янучок, асаднiкавых каровак, а ня дудкi стругай, - усьмiхнулася дзяўчына, адкiнуўшы завязаны мех i мосьцячыся, каб прысесьцi побач пастуха.
- Каровак гэтых цяперака й дзiця дагледзiць. Вiдзiш вунь, як панажыралiся.
- Добры зь цябе, мусiць, пастух.
- Лацьвей пасьцiць, як ёсьцека на чым. От папасi ты ў нас удома, калi тэй карове хоць ты скапычаную голую зямлю грызi. То табе нi хаханькi. А што гэта ты ў мяшку тарабанiш?
- Адгадай.
Янук падцягнуў да сябе зрэбны парудзелы мех i браўся разьвязаць. Дуня лагодна стукнула яго па руках.
- Нi разьвязывай. А нос нашто?
Янук нахiлiўся над мехам, колькi разоў чмыхнуў носам, цягнучы водар духмянага зельля. Дуня схапiла яго за галаву й пачала таўчы носам у мех.
- Ну, адгадывай скарэй! - падахвочвала, хiхiкаючы.
- Нi адгадаю, лепi скажы.
- А от нi скажу.
- Ну, дык любiць цябе за гэта ня буду.
- I ня трэба, лепшага сабе знайду.
- Толькi-ж паспрабуй! - засьмяяўся Янук.
Настаў нязручны момант. Абодва аблiлiся чырваньню й глядзелi ў бакi, каб не сустрэцца вачамi. Шмат часу пазьней, прыгадваючы гэты момант, Янук пэўны быў, што, яшчэ аб тым ня ведаючы, яны тады ўжо былi закаханыя.
- Дык што? Многа назьбiрала ўжо? - спытаў Янук, каб спынiць нязручнае маўчаньне.
- Нямнога. Алi-ж усё лета наперадзе.
Гамонка не вязалася. Не пра тое хацеў Янук выпытаць дзяўчыну.
- Слухай, Дуня. Цi праўда гэта, што вашая Параска камунiстычныя афiшкi разносiць?
- Якiя?
- Бальшавiцкiя.
- А хто гэта табе казаў?
- Так многа хто гаворыць. Праўда гэта цi не?