86509.fb2 Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Завэдзганы крывёй Пракопаў твар быў аб'ектам агульнае ўвагi. Хто Бахмача яшчэ ўчора бачыў, дык сяньня ледзь пазнаць мог. Мутныя вочы глядзелi й, здаецца, ня бачылi. Запушчаная барада й валосы адно акцэнтавалi тое, што Пракоп нейдзе разьмiнуўся з нармалёвым жыцьцёвым нуртом.

Калi Яўхiм стрымаў каня ля самага ганку й мяркаваў, што тут рабiць далей, каб у хату нябожчыцу ўнесьцi, да воза скочыла Аленiна сястра Кацярына. Ухапiўшыся за мёртвую бязладную руку й прыкладаючыся да грудзей замардаванае сястры, пачала галасiць i прыгаварваць:

- А мая ты Аленачка,

а роднiнькая сястрычачка,

а цябе-ж бiз пары закатавалi,

зараньня на той сьвет зьвялi,

ых-гых-гых...

А ты-ж усё жыцьцё гаравала,

а ты-ж дабра ня вiдзiла,

а каму-ж ты свайго Пракопа пакiдаiш,

а каму-ж ты дзетак астаўляiш?

А хто-ж iх будзiць даглядацi?

А чаму-ж твая долiчка такая нiшчасная?

А ты-ж дабра нiякага ў жыцьцi нi знала,

ты-ж сьветлых дзянёчкаў ня вiдзiла...

Натоўп стаяў бязрадны. Цi адна жанчына цiха пусьцiла сьлязу. Да галосячай Кацярыны падыйшоў яе муж Алесь, русы высокi мужчына. Паклаўшы руку на плячо, прабаваў адцягнуць ад возу.

- Каця, нi плач, твой лямант нiчога не паможыць...

Мiкола, пачуўшы пра забойства маткi, яшчэ раней прывёў дамоў Чарнулю, цяпер стаяў крокаў пяць ад возу. Iншым разам саромiўся-б плакаць на вачох у людзей, цяперака-ж нестрыманыя сьлёзы, як гарох, кацiлiся па твары.

- Швагрок, будзь добры, памажы ўнесьцi... Яхiмка, ты таксама... - прасiў Пракоп.

На покуцi пад абразамi ў хаце саставiлi дзьве лавы, паклалi сяньнiк i падушку i ўнясьлi нябожчыцу. Росламу, плячыстаму, дабразычлiваму да людзей парабку Лазоўскага Яўхiму ня рупiла ехаць назад. Ён прывязаў ля плоту каня, падкiнуў яму сена, узяўся палiць i гутарыць зь мяйсцовымi.

Кацярына бралася арганiзаваць жанок, каб памыць i апрануць нябожчыцу-сястру. Пракоп раiўся з Алесем, дзе ўзяць дошкаў на дамавiну, каго папрасiць, каб зрабiў яе, хто-б мог выкапаць дол на могiльнiку й iншае. Перад хатай не суцiхаў гоман. Людзi не разыходзiлiся, а яшчэ больш iх прыбывала. Дзялiлiся ўсiмi дробязямi аб трагэдыi ў лесе, прыгадвалi ўсё добрае аб Алене й лiхое аб лясьнiку.

- Калi-б ты, швагрок, - гаварыў Пракоп Алесю, - i твая Кацярына дагледзiлi-б тут усё, дык мне трэба было скочыць да папа, каб заўтра прыйшоў...

- Добра, я тутака буду глядзець, бяжы, - згадзiўся Алесь.

- Ды й Чарнулю трэба было-б падаiць, - прыгадаў Бахмач. Ён убачыў Мiколу, што стаяў ля парогу, мяркуючы, мусiць, дзе цяпер яго мейсца. - Ты падоiш, Мiкола?

Пакуль той здолеў адказаць, выперадзiла яго Кацярынiна дачка Надзя:

- Я, дзядзечка, падаю.

- Добра, дачушка, ты зробiш, - сказала ёй мацi.

Раўнамерны гоман на двары раптам сьцiх. Тыя, што стаялi перад знадворнымi дзьвярмi ў сенцах, выглядалi навонкi.

- Палiцыя прыехала, - пачулася знадворку й перадавалася з адных вуснаў у другiя аж у хату. У галасох чулася трывожная цiкаўнасьць.

- А гэта-ж якi чорт iх прынёс...

Не пасьпеў Алесь даказаць сваё, як у хату, са стрэльбамi на плячох, увайшло двух: адзiн чарнавусы маладжавы Вадзiмскi й другi, пажылы, Мэндлiк.

- Пахвалёны Езус Хрыстос, - сказаў грубым басам Мэндлiк.

Нiхто яму не адказаў. Людзi насьцярожылiся, пiльна сочачы прадстаўнiкоў улады. Пракоп стаяў побач швагры пасярод хаты. Твар ягоны ўсё яшчэ быў ў крывi. Палiцыянты, убачыўшы гэта, зьбянтэжылiся. Глухое маўчаньне нiчога добрага ня весьцiла.

- Пане Бахмач, мы маем да вас пару пытаньняў. Пан Бжончэк замэльдаваў нам у пастарунак палiцыi панствовай, што вы напалi на яго ў лесе й што ён, у вабароне... - пачаў гэтак Мэндлiк гаварыць да Пракопа.

У Бахмача дрыжыкi прабеглi па целе, моцна да болю сьцiснулiся песьцi.

- Вон! - выбухнуў ён голасна, коратка й адрывiста. - Каб вашага сабачага сьледу тут ня было! Жонку забiлi й яшчэ цяпер тутака мне на вочы асьмелiлiся паказацца! Вон!

Здавалася, што прытаiўся ўвесь сьвет, чакаючы далейшага. У гэну хвiлiну Пракоп запраўды быў страшны. Выглядала, што гатовы быў з голымi рукамi кiнуцца на гэтых азброеных нозьбiтаў "владзы панства польскага", душыць iх кляшчамi рук, аж пакуль сьсiнеюць у перадсьмяротных уздрыгах мяккiя панскiя шыi.

Алесь схапiў Пракопа за руку. Бахмач увесь калацiўся.

- Паночкi, цi-ж вы ня вiдзiце, што тут у нас? Уважце хаця нябожчыцу, калi вы ў Бога верыце, - плаксiвым голасам прасiла Кацярына.

- Вон з маёй хаты кажу! - ня сунiмаўся Пракоп.

- Чакай, пане, чакай, - адкрыў рот Вадзiмскi.

- Страляйце й мяне, вы душагубы!

Iз такiмi словамi Пракоп вызвалiўся ад Алесявай рукi й зрабiў крокi два наперад. Вiдаць, што дзеяў, пабуджаны высокiм эмацыянальным напружаньнем, гатовы кiнуцца на Палякоў. Вочы яго, здавалася, набеглi чырваньню. Апроч гэтых двох у чорнай вопратцы, ён нiкога цяпер навокал ня бачыў. Янук сачыў бацьку iзь цiмалай трывогай i - сам аб гэтым ня ведаючы - захапленьнем. Гэта быў зусiм новы чалавек. Цэлы век перад iншымi гнуў сьпiну, цяперака яе выпрастаў, iшоў вялiкi й жахлiвы ў сваёй злосьцi, наважаны за глоткi схапiць нозьбiтаў зьненавiджанага чужога ладу.

Казалi пасьля людзi, што, калi-б у той час з боку палiцыi была якая, хоць найменшая, правакацыя, нiхто Пракопа не ўтрымаў-бы Палiцыянты гэта спасьцераглi й вомiг зразумелi. Яны бяз слова перазiрнулiся, мусiць, узялi пад увагу варожасьць сабранага народу й цiшком пацiснулi за дзьверы. Адно Мэндлiк, азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо:

- За пару дзён, пане Бахмач, прыйдзi на пастарунак. Трэба сьледзтва правесьцi...

Бахмач тросься сярод хаты.

- Каб ты па пекле ракам хадзiў, як я да цябе пайду! - кiпеў ён.

XII

У гэны нядзельны вечар настаяцель дубовiцкае парахвii, да якой належала вёска Лiтоўцы, сьвятар Абухаў прыймаў у сваiм доме гасьцей. Ягоны сусед сьвятар Пцiчкiн прыехаў iз сваёй сьвятаршай рана папаўднi, гадзiнаў пару пасьля набажэнства ў сьвятынi. Часта заглядаў да Абухава Пцiчкiн, а гэты да яго. I ў гэты дзень, як заўсёды, рады былi сустрэцца.

Пасядзелi, пагаманiлi, дзелячыся сьвятарскiмi й сямейнымi навiнамi, пад вечар пайшлi ў царкву, дзе супольна адбарабанiлi вячэрню. Ужо пры выхадзе iзь сьвятынi пачуў сьвятар Абухаў найсьвяжэйшую навiну, прынесеную невядома кiм зь Лiтоўцаў у Дубовiчы, - аб тым, што сяньня ў скарбовым лесе лясьнiк Бжончэк забiў лiтоўскую жанчыну.