86509.fb2
Вочы яго ўжо каторы раз затрымлiвалiся на нечым сьветлым, што ляжала на падлозе ля парогу. Цi ня белае гэта што? А мо, яно толькi некалi было белае? Цяперака такое затаптанае, завэдзганае, што цяжка гадаць пра колер. Рызман, мусiць, нейкi. Пракоп пацiкавiўся й пачаў разглядаць пры млявым сьвятле малой лямпы. На гэтай вялiкай шмаце, што служыла дзяружкай пад ногi, пачаў адрозьнiваць нейкiя павышываныя каляровыя ўзоры. Былi яны якраз такiя, якiмi вясковыя жанчыны цi дзеўкi аздабляюць ручнiкi, настольнiкi, кашулi. - "Гэта-ж, мусiць, i будзiць вялiкi ручнiк", - мяркаваў Пракоп.
I тады прыгадаў: людзi цi адзiн раз гаварылi, што Абухаў ручнiкамi й посьцiлкамi падлогi ў хаце засьцiлае. А Божа-ж мой! Можа, каторая парахвiянка прынесла ў царкву, каб на якi абраз павесiў. I ягоная-ж нябожчыца Алена цi раз ручнiкi ўзорамi вышывала ды ў царкву дарыла. Ды цi толькi адны ручнiкi. А гэта вось пад нагамi адзiн мо якраз i быў Аленiн. Божа-ж ты мой! Пракоп аж жахнуўся, разважаючы такую магчымасьць, што вось перад iм ля сьвятаровага парогу, завэдзганы гразёй, вышываны можа рукамi нябожчыцы ручнiк.
Цi-ж не памятае ён, зь якой руплiвасьцю, стараннасьцю й адданасьцю папацела яна, вышываючы, як прыгожа й памастацку пад ейнымi спрактыкаванымi пальцамi расьлi, расьлi й зацьвiталi тыя палатняныя нiтачныя васiлькi? Гэта-ж нi для каго iншага, а для самога Бога рабiла яна. Думала, мусiць, што праца ейная аздабляць будзе вобраз Стваральнiка цi iншага сьвятога дзе на якiм абразе. А тутака, на табе! А колькi-ж такiх ручнiкоў, цi iншага, вытканага працавiтымi мазольнымi рукамi сялянкаў было ў iншых сьвятаровых пакоях пад нагамi? Дык вось як ён шануе працу пабожных парафiянак!
Цяжкiмi крокамi на калiдоры зарыпела падлога, i ў дзьвярох вырасла мажная, аздобленая чорнай барадой, постаць Абухава.
- Ты ка мне? - спытаў сьвятар.
- Га? - ускочыў Пракоп з крэсла iз прашмуляным цыраватым сядзеньнем.
- Я спрашываю: ты ка мне? Што з табой?
Абухаў выглядаў, быццам устаў ад доўгага "чаепiцiя". Нос i твар былi чырвоныя, вочы памутнелыя ад гарэлкi. Цi раз бачыў Пракоп гэтыя вочы ў царкве пры алтары. Тады яны былi йнакшыя - куды прыемнейшыя; можа, таму, што да Бога ў высi падносiлiся. Цяперака-ж як-бы шукалi й не знаходзiлi апоры, быццам ня ведалi, на чым iм затрымацца й цi затрымацца наагул. Бегалi-коўзалi па Бахмачу й нейдзе воддаль ззаду за iм.
- Я да вас, бацюшка, iз просьбай, - пачаў Пракоп.
- Ну што? Гавары, гавары! - наглiў сьвятар, гледзячы на гэтага басанога, у зацяганай вопратцы, селянiна.
- У мяне нiшчасьце, бацюшка... Жонка мая, яе сягоньня лясьнiк...
Далей не хапiла паветра. Каторы ўжо раз той чорны вобраз нядаўнай трагэдыi кружыў уваччу, аддаляўся. Сьвятар маўчаў.
- ... лясьнiк у леся яе забiў...
- Гм... Упакой Госпадзi душу яе, - зусiм механiчна адлепятаў Абухаў. - А чаму-ж ты ў лес у празьнiк пашоў? Нi знаеш, што ў царкву далжон быў?
- У буднi дзень нiма калi, бацюшка, работа...
- Заўтра харонiш?
- А калi-ж... Адкладаць нiма як.
- Два пуды жыта.
Пракопавы думкi ў той час былi так расьцярушаныя, што ён зусiм забыўся, што сьвятар можа вялiкую цану засьпяваць. Думаў, што праслухаўся.
- Як, бацюшка, кажаце? - спытаўся.
- Два пуды жыта дасi, то пахараню.
Памылкi не магло быць. За паховiны сьвятар пытаў два пуды жыта. Пракоп цяпер прыгадаў, што ў ягонай хаце даўно свой хлеб зьвёўся, ужо колькi на пазычаным, а то й зусiм ня бясхлебiцы перабiвалiся. У ягоным сьвiране й мышам не было чаго есьцi, мусiць цi не ў суседзкiя перабралiся. А гэты вось сыценькi брухаты чалавек стаяў перад iм i наспакайней у сьвеце засьпяваў такую вялiкую цану, што Пракопу той апошнi дух ад неспадзеўкi заняло.
- Бацюшка, дзе-ж я гэта iх вазьму? Сам вуньдзiка бяз хлеба ўжо сколька часу... Вы-ж Богу служыце, дык, можа, беднаму пасобiце...
- Два пуды жыта, кажу. Нi дасi, то й гаварыць ня буду.
- I нi ўрадзiла-ж ў мяне сёлета, нi дай ты, Божа, майму нiпрыяцiлю. А дзе-ж яшчэ тоя жнiва. Ну, алi можа як сажну, дык заплачу... Што ўжо з вамi зробiш...
У Пракопа млелi ногi, ён ледзь стаяў. Пякло ў сярэдзiне. Ад таго нiшчымнага сьнеданьня нiчога ў роце ня меў. Яму патрэбная была цяпер матар'яльная й маральная падтрымка.
- Ня буду я ажыдаць, пака сажнеш. Заўтра, как пахараню, тады й заплоцiш. Ну то как?
- Нi магу, бацюшка, памiлуйце! Цi-ж вы беднаму ня можаце паспагадаць, папусьцiць трохi хоць?
- Нi прыеду. Iдзi нанiмай каго дзiшавей, а мяне не ажыдай!
З гэткiмi словамi сьвятар выйшаў з пакою. Вярнуўшыся ў ядальню, ён рассасулiўся на шырокiм выгадным крэсьле й зьвярнуўся да Пцiчкiна:
- Ну то што? Можа яшчэ па румачке?
- Ну эта как вы... Чалавек зачэм прыхадзiл?
- На пахароны прасiл. А плацiць ня хочэт. Гаворыць, што нету ў яго. Я атказался, - спакойна тлумачыў Абухаў, налiваючы манапольку.
У пакоi было нязручнае маўчаньне. Жанчыны й Пцiчкiн шматзначна пераглянулiся.
- То за ваша здароўе! - падняў Абухаў чарку.
Пракоп быў ашаломлены да рэшты. Чуўся так, як чалавек, што сьцякае кроўю. Выцягнуў руку з прозьбай, каб яму дапамаглi, перавязалi раны, агледзелi, а тыя, замiж помачы, укалолi ў найбольш кволае й балючае мейсца. Адылi не фiзычную рану зрабiў зрабiў Пракопу Абухаў. Рана была шмат цяжэйшая й глыбейшая.
Не памятаў, колькi яшчэ, як аслупянелы, стаяў у пакоi, калi выйшаў. Ногi пацяжэлi, быццам iх хто волавам налiў. "Два пуды жыта. Нi дасi, то й гаварыць ня буду" - надакучлiва зьвiнелi сьвятаровы словы. Пракоп быў чалавекам глыбока веруючым. У яго галаве не магло зьмясьцiцца, што сьвятар ня толькi задумаў гандлявацца зь iм у час такога цяжкога сямейнага няшчасьця, але зусiм адмовiўся на паховiны прыехаць.
Зьнясiлены фiзычна, дабiты маральна, Бахмач ня толькi што ня мог разважаць лягiчна, але нават думаць пасьлядоўна. I выглядала, што хвалi тэй рабушаванай ракi, у якой апынуўся сяньня пасьля абеду, цяпер канчаткова яго праглынуць. I ад Бога няма помачы й ласкi. За што-ж Бог так яго карае? Цi-ж нябожчыца можа быць пахаваная безь сьвятара, бяз слова Божага?
Не памятаў, як доўга йшоў. Цемра была, як пальцам у вока. Здавалася, што з дарогi зьбiўся. Пастаяў крыху, паслухаў, у якiм баку чыгунка. З Гацяў далятала галёканьне цягнiка. Бахмач наважыўся адпачыць, сеў на нейкi камень, далонямi падпёр твар. У галаве хаос думак бушаваў, быццам тое чорнае груганьнё ў мiнулую вайну над трупамi ў Гараватцы. I хаос гэты, пры росьце эмацыянальнага паднечаньня, яшчэ большаў.
Сяньня ранiцай яшчэ жыў у сонечным сьвеце. Калi пасьвiў Чарнулю пры дарозе, ён вокам сына гэтае зямелькi, якому любае кожнае дыханьне й колер ейны, назiраў нараджэньне новага дня, бачыў, як прырода славiла Бога.
Пракопаў сьвет быў малы й цесны. I з кожнага кута яго шчэрыла зубы вялiкая галiта й цяжкая нядоля. Але ён, за тым кароткiм выняткам часу, калi працаваў у Пецярбургу, ня ведаў iншага сьвету. Тутака нарадзiўся, вырас. Колькi папрацаваў, папацеў, пагараваў, каб заваяваць сабе права грамадзянства ў гэтым сьвеце, зьвiць сваё, няхай сабе сьцiплае, гняздо, ня быць апошнiм мiж апошнiх. Карэньнi ягоныя, як гэнага шматстагодняга дуба на сугры Гараваткi, сягалi глыбака ў гэтую зямлю. Цяперака-ж, здавалася, гэтыя карэньнi падсякалi. Пракоп пахiснуўся, трацiў раўнавагу. Дзе-ж шукаць апоры?
Дзе падзелася тая залатая нядзельная ранiца? Адыйшла яна, беспаваротная, адплыла ў вечнасьць, у нябыт. А зь ёю, здавалася, сплыло да рэшты Бахмачова жыцьцё. Мусiць, ранiца тая была Бог ведае як даўно; так шмат чаго здарылася ад гэнага часу. Не хацелася даць веры, што яна, сьветлая й шмат абяцаючая, была яшчэ тутака колькi гадзiн таму назад. Пракоп за гэты дзень пастарэў гадамi. Цяпер бачыў перад сабою цемрай ахутанаю, нязглыбленую бездань. З аднаго боку злосна-агiдны руды каржакаваты лясьнiк, а з другога - чарнабароды поп, штурхалi яго ў тую продань. Падаў i ляцеў, дарэмна махаючы рукамi й нагамi, каб за што зачапiцца, утрымацца. I цi будзе ўжо адкуль якi ратунак?
- Давай, галгане едэн, ягады, ато застрэлю! - крычэў каржакаваты чалавек iз стрэльбаю ў руках. Побач грозна вурчэў i скалiў iклы вялiкi ваўчар-сабака.
- Нi дасi два пуды жыта, то нi пахаваю! - зьдзеквалiся ў цеменi дрыжачыя пэйсы ў чорнай барадзе.
- Божа, ратуй! Згаварылiся! Жывога ў магiлу загоняць! - стагнаў Бахмач. Ён падняў галаву ўверх, аж да зыркiх у начной цеменi зораў, паволi перахрысьцiўся. Устаў з камяня, як прывiд у дзёгцi ночы паклыпаў у той бок, дзе яго чакалi. Тамака жывыя, дабразычлiвыя людзi, сябры ягоныя. Там ён патрэбны. Дык трэба йсьцi...
XIV
Пракопаў Янук да гэнай нядзелi нiколi лоб-у-лоб не сутыкнуўся iзь сьмерцяй. Нельга сказаць, каб сьмерць была для яго навiной. У ягоным уяўленьнi сьмерцi былi дваякiя: адны - гэта тых, што адпраўлялi на вясковы могiльнiк лiтоўскiх людзей, а другiя, гэта тыя, аб якiх гаварылi настаўнiкi гiсторыi ў школах. Першыя, вядома, былi побач. Маладому хлапцу здавалася, што яны былi нялюбымi, бо, калi каго хавалi, дык надта-ж многа галасiлi. Адылi хоць на iх наракалi, запярэчвалi iм права да зьяўленьня ў вёску, сьмерцi гэтыя прыходзiлi няпрошаныя. Мусiць, мелi яны ў Лiтоўцах такое самае права, як, прыкладна, жыта, што каласiла нiвы, салаўi, што сьпявалi па гаёх i дубровах ды ўсё чыста iншае, што бытавала навокал.
Тыя сьмерцi, аб якiх гаварылi настаўнiкi ў школах, належалi, мусiць, да зусiм iншае катэгорыi. Iх называлi слаўнымi, гэройскiмi, ды яшчэ й ахвярнымi. Як дзяцюк у касавiцу траву, касiлi яны адважных людзей на палёх баёў. Людзi гэныя былi найчасьцей у росквiце маладосьцi, фiзычных сiлаў i ваеннага спрыту. Днi iхнай гiбелi памiналi пасьля доўгiмi гадамi, некаторым ставiлi помнiкi, прысьвячалi адмысловы час, каб аддаць належную пашану. Значыцца, iхныя сьмерцi не былi дарэмнымi: яны былi патрэбнымi, каб вольна жылi тыя людзi, што прыходзiлi пасьля.
Сьмерць свае маткi юнак ня мог прыдзялiць анi да першае, анi другое групы. Гэта ня толькi таму, што была яна бязьлiтасная й брутальная, што матка сканала з рукi чужога й бессардэчнага забойцы, але перадусiм таму, што яна ў поўнай i жахлiва-гвалтоўнай сваёй велiчы першы раз станула перад пастухом Януком, забрала найбольш любую яму йстоту. Хлапец разгубiўся, спалохаўся. Сьлёзам не было супыну. Цэлы надвячорак i вечар, як п'яны, сноўдаўся ля бацькавай хаты, нiдзе не знаходзячы сабе мейсца й патолi.