86509.fb2
Цi праўда гэта, што яна адыйшла? А мо, гэта толькi благi сон? Не, ня сон гэта. Вунь на покуцi ў хаце пад абразамi - пажаўцелая й страшная - гэта была яна. Гэта не кашмар. Жаль душыў i расьпiраў юнаковы грудзi. Наапошку не было ўжо чым плакаць: перасохлi сьлёзы. Быццам жарства, нешта сухое дзёрла ў горле.
Як нiколi, людна было ў той вечар ля Бахмачовай хаты. Людзi прыходзiлi, цiха заглядалi праз адчыненыя дзьверы ў хату, упоцемках поўнiлi сенцы, як пчолы пасьля працавiтага дня ў вульлi гудзелi на вулiцы. Выглядала, як быццам сабралася тут усенароднае веча.
Цяжка прыдушыла народ польская акупацыйная ўлада. Адылi гвалт гэны, асаблiва апошнiмi часамi, рэдка выяўляўся ў такой зыркай хворме, як сталася гэта сяньня ў скарбовым лесе. Нават тыя, што так цi йнакш шлi ўладзе насустрач, спатуралi ёй, або ў найлепшым выпадку былi пасыўнымi, цяперака пабачылi ейны запраўдны твар у поўнай нагласьцi й брыдоце. Усе былi паднечаныя, некаторыя-ж - да лютасьцi злосныя. Полымя нянавiсьцi разьдзьмухваў той просты факт, што безабаронная ахвяра была цяжарнай. Значыцца, замардаваў лясьнiк не аднаго, а двох чалавек.
Нават найбольш рэлiгiйныя не асьмелiлiся-б упiкнуць Пракопа за тое, што грашыў, калi пайшоў зьбiраць ягады ў нядзелю. Гэта-ж нядзелю й лiчылi ягадным днём. Буднямi на сваiх нiвах цi ў пана працавалi. Разважаючы аб тым, што здарылася, на розныя лады, кожны меў нагоду прыгадаць i вылiць сваё собскае гора, запраўдныя цi ўяўныя крыўды з рукi гэтае чужое ўлады.
Непаседлiвы Янук, сноўдаючыся мiж людзей, спасьцярог за парогам у сенцах Дуню Макатунiшку.
- Янучок, - сказала яна ледзь чутным голасам i запялася. Выцягнула руку, каб яго спынiць цi што, але рука гэная на паўдарозе зноў наважыла апусьцiцца. У цьмяным сьвятле Янук спасьцярог васiльковыя Дунiны вочы. У iх была спагада, няпэўнасьць i яшчэ нешта...
Разгубiўшыся, Янук на момант затрымаўся. Раптам, невядома чаму, стала яму вельмi сорамна. Вось ён такi ўжо вялiкi й заплаканы быў. Як-жа гэта! Нават цяпер, у час цяжкой трагэдыi, не жадаў паказаць перад гэтай дзяўчынай свае слабасьцi. Як заўсёды раней побач яе, хацеў быць устойлiвым i самаапанаваным, а ня плаксай. Ня мог сьмела й проста зiрнуць у бок гэных васiлькоў. Нашто ўжо зжыўся з Дуняй i разумеў яе, колькi гэта розных справаў разважалi-ператрасалi дый шчэ падзiцячаму часта абмяркоўвалi, усяроўна цяпер нiякавата было адкрыць перад ёй сваё сэрца й вылiць адтуль поўнае гора. Прадчуваў, што ня вытрымае, як малое дзiця расплачыцца. Таго найбольш баяўся. Мог-бы так зрабiць адно на грудзёх маткi. Як-бы яго хто раптоўна пекануў у кволае мейсца, борзда рушыў ад Дунi на двор, дый пасьля высьцерагаўся, каб зь ёю не сустрэцца.
На покуцi ў хаце, прыбраная ў чорнае, жоўтая ў сьвятле сьвечкаў, ляжала нябожчыца Бахмачыха. У нагах стаяў малы ростам, стары й лысы аднавясковец Апанас, у руках трымаў пасалтыр i чытаў. Манатонны голас ягоны дрыжэў i сквiрчэў, як тое полымя ў самаробных сьвечках. Вось-вось, здавалася, захрасьне ён нейдзе ў старым, абцягнутым паморшчанай скурай горле й больш не аджыве. Горла-ж прачышчалася, голас мацнеў, ды манатоннай ноткай, як той кволы матыль, вылятаў дзесь зь ягонай глыбiнi, пырхаў над траскучымi й копцячымi полымем сьвечкамi, мiтусiўся па змрочнай хаце й ужо амаль бясьсiльна то асядаў на сьценах, то праз расчыненыя дзьверы намагаўся дастацца навонкi. А знадворку быццам панiбрацiў яму аднастайны гоман людзей.
У хаце было душна. На лавах сядзелi пераважна жанчыны. Некаторыя хлiпалi ў насы. Рэдка калi нахiналася каторая да свае суседкi, штосьцi на вуха шаптала. Пры самай нябожчыцы, панурыўшы галаву, сядзела Кацярына. Яна калi-нiкалi ўсхлiпвала, хусьцiнкай выцiрала вочы й нос. Побач сядзела дачка Надзя. Была гэта рослая, цёмнавалосая й прыгожая сямнаццацiгадовая дзяўчына. Каму як каму, а ёй - крумянай i поўнай жыцьця, ня мейсца было тут, дзе на ўсiх цяжкi адпячатак палажыла сьмерць.
Знадворку ад сьвiрана даляталi глухiя гукi малатка, сякеры й пiлы. Там на козлах, пры сьвятле лiхтара, зьбiвалi дамавiну. Кацярынiн Алесь майстраваў зь Якубавым Васiлём. Ад лiхтара, што стаяў на падпярэчнiку клецi, мужчынскiя ценi, як доўгiя зданi, вандравалi або спынялiся на панадворку. Дамавiна была ўжо амаль гатовая. Прымяралi й зьбiвалi века.
Праз вокны цьмянае сьвятло з хаты прастакутнiкамi змагалася зь цемрай на вулiцы. Яно коўзала на плячох i тварах натоўпу. Людзi падзялiлiся на групы, абмяркоўваючы сяньняшняе здарэньне. Кажная група мела найбольш гаваркога й аўтарытэтнага дзядзьку, погляды якога бралi верх над думкамi iншых. Жарылiся й патухалi ў цеменi вугалькi папяросаў. Дзесь з аселiцаў чуваць было кракатаньне жабаў, зводдаль наблiжаўся гул цягнiка. Нiхто не рупiўся пад дом.
У ваднэй групе найбольш ажыўлена й пераканальна гудзеў бас солтыса Паўлоўскага. Быў гэта рухавы, поўны жыцьця, у трыццатых гадох, мужчына. Як-нi-як, ён тут быў слупом улады. Лiчыў сябе шляхцiцам. Калi хто ў гутарцы зь iншым не хацеў называць яго па iменi - а так бывала часта - дык проста казаў: гэты наш дзiравы шляхцiц. Паўлоўскi мо й паходзiў з тэй зьбяднелай шляхты, што глыбака ў беларускую зямлю ўкаранiлася. Хто там мог тропу дайсьцi. Адылi ўсе ведалi, што якраз такая шляхта была тут найбольш стойкiм i заядлым абаронцам польскае ўлады. Яна вырасла з народам, некалi была яго складовай часткай. Пасьля спалянiзавалася, духова адыйшла да чужнiкоў, але ўсяроўна лiчыла сябе выказьнiкам народнае волi.
Характэрна, што амаль нiхто з гэтай шляхты не карыстаўся дома польскай мовай; бальшыня ня ведала яе ў зуб. Ставiлi знак роўнасьцi памiж пальшчынай i каталiцтвам так, як гэтага вымагала ўлада. Няздольныя, такiм чынам, выявiць польскасьць у мове цi чым iншым, намагалiся быць лепшымi каталiкамi, чым сам папа рымскi, i лепшымi Палякамi, чымся паны й асаднiкi, якiх панавозiла-панасаджвала на гэтую зямлю панская ўлада. У запраўднасьцi-ж былi няўдалымi iмiтатарамi.
Другая, лiкам пераважаючая, праваслаўная часьць Беларусаў была для гэтых iмiтатараў-Палякаў "рускiмi". I сьвяткi, гэткiм чынам, не называлi каталiцкiмi цi праваслаўнымi, але "рускiмi" й "польскiмi". Такое разьмежаваньне Беларусаў, якому спатурала нацыянальная маласьведамасьць, прыяла ў руку польскiм ураднiкам, калi пры пярэпiсу насельнiцтва шляхам хвальшаваньня трэба было давесьцi, што тут бальшыня "палякаў", а крыху "рускiх", маса "тутэйшых", а Беларусаў дык адно на развод цi звод асталося.
Сяньня Паўлоўскi трапiў у тупiк. Адчуваў, амаль ведаў, што поўная праўда была на баку гэтых людзей. З боку Бжончка не магло быць апраўданьня за забойства Бахмачыхi. Палiцыя гаварыла йнакш. Як Пракоп прагнаў iх з хаты, забеглiся да Паўлоўскага. Пераказалi солтысу лясьнiкову вэрсiю. Адно па выглядзе iхным здагадаўся Паўлоўскi, што незадаволеныя былi цэлай гэтай справай. Хацелi-б, вiдаць, як той Пiлат, абмыць рукi, калi-б з абавязку не былi паклiканымi. Нацякнулi солтысу, каб сачыў, што тут будзе рабiцца, i "ў выпадку чаго, ты ведаеш дзе нас знайсьцi". Казалi таксама, каб пасьля паховiнаў прыгадаў Пракопу зьявiцца на пастарунак для высьвятленьня справы.
Ужо хто як хто, а Паўлоўскi ведаў Пракопа зь першай рукi, як роднага брата. Бахмач, бывала, каб каму калi вока запарошыў, а ня тое, што на нейкага ўзброенага галаруч кiнуўся. Вось чаму солтыс быў пэўны, што тутака хiба была на лясьнiковым баку. Калi-ж людзi абурылiся нялюдзкiм Бжончыкавым учынкам, дык мелi добрыя падставы на гэта. Ды Паўлоўскага тое зусiм ня грэла. Наадварот хто-ж, калi ня ён, мусiў у сабакi вачэй пазычаць, крывiць душой, падтрымлiваць хвальшывую ўрадаваю вэрсыю? Як-жа йнакш?
Ты-ж адно паспрабуй, публiчна прызнай гэтым людзям слушнасьць, дык толькi глядзi, што будзе! Ведаў солтыс вяскоўцаў, як сваю пецярню. Не сябры яны яму. Цi адзiн укусiў-бы яго, каб зубам волю. Ого! Тут, брат, пальца катораму ў рот нi ткай, бо цэлага ня выймеш! Ты закiнь за каторага слова, прызнай слушнасьць, дык спачатку панiбратамi стануць, а пасьля - чаго добрага - нараўне цябе iз сабой паставяць. А якi-ж ён iм роўня? Ён-жа начальнiк iхны. Таму мусiць воддаль трымацца й вэрсыю Бжончка падтрымлiваць. Паўлоўскi-ж ня з тых, што ўчора нарадзiўся, ён ведаў чыю руку грэць.
Мужчыны слухалi солтысавай гутаркi неахвоча й, мусiць, толькi для прылiку не пярэчылi. Калi адгукалiся, дык няшчыра й асьцярожна. Нядоля навучыла iх цанiць-узважваць кожнае слова, каб лiшняга ня ляпнуць. Халадзечу з боку аднавяскоўцаў Паўлоўскi адчуў вельмi выразна. Калi пераказваў, што яму казала палiцыя, заступаўся за Бжонка, або ганiў Бахмача, некаторыя маўклiва кiвалi галавой, у найлепшым-жа выпадку адно патаквалi. Солтыс спасьцярог, што дзе-б ён нi павярнуўся, зацiхалi галасы, людзi насьцярожвалiся, адыходзiлi на бакi. Не хацелi адчыняць перад iм сваiх сэрцаў, ня лiчылi яго сем'янiнам.
Солтыс падыйшоў да Лявона Шпунта. Прабаваў пацягнуць дзяцюка за язык. Той збываў яго паўсловам, а нават маўчаньнем. Хто-як-хто, а Лявон-жа заўдзячваў Паўлоўскаму сваю працу "драгомiшча". I гэты гаварыць, адкрыцца не хацеў. Наапошку Паўлоўскi адчуў сябе зусiм чужым у гэтай грамадзе.
Каб гэта хто з гэтых мужыкоў ды кiнуў яму, як Паляку, абвiнавачаньне ў вочы, узяў яго за чуб! От схапiўся-б тады iзь iм уджкi. Што-б там нi было, але душэўную злыбяду прагнаў-бы. Дык-жа не. Проста, мусiць, залiчылi яго, пана солтыса, у лiк вiнаватых дый кропку над тым паставiлi. Нават толкам паслухаць яго ня хочуць. Проста абмiнаюць. Гэта ўжо празь меру! - "Я-ж вам за гэта пакажу, пазнаiця вы!" - у думках пагражаў Паўлоўскi.
Пракоп, як той прывiд, шмыгнуў ля плоту, некаторымi нават незаўважаны, дый пайшоў на двор да Алеся.
- Наказаў? - спытаў швагра, адклаўшы малаток.
- Наказаў, толька...
- Толька што?
- Нi прыедзiць.
- Нi прыедзiць? Як-та так?
- Два пуды жыта захацеў.
- Аж два пуды?
- Так...
Ценi ад лiхтара замерлi на панадворку.
- Каб яму сваё бокам вылiзла, як ягонай прагавiтай кiшцэ мала! - плюнуў злосна Алесь. Пракоп стаяў моўчкi, трымаючы на дамавiне вочы.
- Сказаў-бы-ж ты, што аддасi, як сажнеш ды змалоцiш.
- Казаў.
- А ён?
- Хоча, каб адразу. Прасiўся я, казаў, што нi магу, дык ён каб табе на макулiнку пасобiў. Гаварыць, кажа, ня буду.
- Ну, гэта-ж ня поп, каб яго зiмля нi насiла!
Алесява правая рука да болю цiснула тапарышча. Страшна ў млявым асьвятленьнi лiхтара выглядаў гэты здаровы чарнявы мужчына. У галаве ўжо мяркаваў, цi мог-бы дзе пазычыць, каб швагру выручыць. У самога зубы на палiцы, добра што бульба ды капуста шчэ не зьвялiся. А ў каго-ж пазычыш? Тыя, што далi-б, дык ня маюць, а тыя, што маюць, дык не пасобяць. Злосьць на сьвятара адсунула ў бок усе iншыя думкi. Каб дубовiцкая чорная барада пад рукой была, дык, здаецца, бяз одуму рашчапiў-бы войстрай сякерай галаву.
- Дык як-жа гэта будзiць? - прашыпеў Алесь.
Замiж адказу Пракоп сеў на шырокую калоду, што раней прыцягнулi з дрывотнi, далонямi падпёр твар.
- Можа, якога другога папа папрасiць? - сказаў Васiль.
- Пазнавата. Дзе ты гэта каго... Заўтра-ж пахаваць трэба. Лiха яго матары, - цьвёрда наважыўся й глянуў на Пракопа Алесь, - Нi прыедзiць, дык i нi нада. Бiзь яго абойдзiцца!
- Бiз папа? - падняў галаву Бахмач.
- Бiз папа. Памолiмся й вечную памяць сьпяём самi. Панас зацягнiць, а мы падхопiм. Ня можа быць, каб Бог нас нi паслухаў.
Пракоп адказаў не адразу. Ён мяркаваў, цi гэта грэх будзе цi не, калi жонку безь сьвятара пахаваць.
- А можа, ты праўду кажыш?
- Пэўня-ж, праўду. Нiхай яму грэх будзiць, а нi нам. От як...
На двор выйшла Кацярына. Вестка, прынесеная Пракопам, маланкай перадалася прысутным ля Бахмачовай хаты. Як лес, ускалыханы ветрам перад навальнiцай, гэтак ажывiлiся цяпер лiтоўскiя сяляне. У хаце стары Панас кiнуў чытаць псалтыр, колькi разоў перахрысьцiўся на абразы й сеў на лаву, а пасьля выйшаў на двор зачарпнуць сьвежага паветра. У галаве ягонай памясьцiцца не магло, каб сьвятар зрабiць паховiны нябожчыцы адмовiўся.
Тлеючая ў сялянскiх сэрцах нянавiсьць да Палякоў скiравалася цяпер у iншы бок. Поўную волю свайму языку даў солтыс Паўлоўскi. Усе, як-бы забыўшыся, што было колькi хвiлiн таму назад, патаквалi яму, памагалi словамi, лаянкай. Шматлiкiя пайшлi ў панадворак, абступiлi Пракопа й мужчын ля дамавiны ды распытвалiся пра дробязi. Вылез цяпер на паверхню Лявон Шпунт. "Драгомiшч" i солтыс раптам знайшлi супольную мову, кожны iз сваёй мэтай. Шпунту, як на замову, зьявiлася добрая нагода ня толькi ўдарыць па сваiх архiворагах сьвятарох, але й распалiць народны гнеў, накiраваць яго, можа, нават у пажаданае рэчышча. Паўлоўскаму-ж таксама цяпер была магчымасьць рэабiлiтаваць свой гонар, накiраваць увагу людзей у iншы бок ад Палякоў, нацкаваць на Абухава.
- Пайдзем, наб'ём папа! - кiнуў Лявон Шпунт.