86509.fb2 Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

- Казалi, сынок, мужыкi так: прыгон - дух зь цябе вон. Дый найгоры, што цар манiфэст зрабiў i кажыць: я вам, мужыкi, зямлю дам. У паноў працаваць нi будзiця. Ну i даў. А за тую зямлю дык трэба было вялiкую сiлу грошы плацiць. Дык i астаўся мужык у панскiм кiшанi. Гэта-ж проста зьдзек быў з нашага брата. Адным словам, да такой бяды давялi, што людзi ў адчай кiнулiся. I от тады паўстаньня пачалося. Усе, як усiроўна згаварыўшыся, надумалiся раз i наўсягды з гэтым пеклам скончыць...

- Гэта, дзядуля, што ў тысяча восiмсот шэсьдзiсят трэцiм годзе было?

- Яно, сынок, яно.

- Дык аб гэтым нас у школе вучылi. Тутака iм Калiноўскi вёў, - памог iзноў дзеду Янук.

- Так, сынку, гэта той самы. Толька-ж тады ня ўсе зналi, хто ў галаве быў, ажно пасьля, як яго павесiлi, дык народ дачуўся. А тады, як пачало ўсё як у катле кiпець, дык усе людзi па сваiх мястох i хто чым мага: хто касой, хто тапаром, хто цэпам, а каторы стрэльбу меў дык шчасьлiвым быў. Дык во гэдак i кiнулiся на паноў ды маскалёў. А калi войска й казакi прыйшлi iм на выручку, дык нашаму беднаму брату яшчэ патроiлася работы. Цяжкоя-ж гэта было змаганьня, сынок, ой цяжкоя. Наш брат нiабучаны быў, болi крыкам чым крэпкай рукой манiўся браць. А дзе-ж ты процi войска ўстоiш...

Сколька гэта народу, хаты курныя пакiдаўшы, пановы палацы iз дымам пускалi, у лясох гнязьдзiлiся, ад войска й казакаў хавалiся. Проста дзiва дзiўная. Здаецца, чалавек наш такi спакойны, Богу мiлы, працавiты. А ўжо так даелi, так дапяклi, што азьвярэў, на гэтых катаў як воўк iз клыкамi кiнуўся. Ды дзе ты там рады дасi. Маскалёў чортава гiбель панапаўзала, павярнуцца нi было дзе. Страхоцьцейка, сынку, што выраблялася. Знаю я ўсё гэта, бо во такi, як ты цяпер, быў i нашым людзям весьцi i ежу насiў. Мы малыя, дык да нас нi чапiлiся. От разгледзiм, дзе якоя войска, што яно робiць, i ды данясём сваiм, што па гэтых вялiкiх лясох крылiся. А дома толька самыя старэйшыя, калекi ды дзеткi малыя былi, а такiя, што сiлу ў руках мелi, дык усе ваяваць выйшлi.

Мусiць, цэлы год так было, а тады маскалi так прыдушылi, што нi было куды дзецца. Здавалiся. А ў тых мiласьцi нi было. Гэты вешацiль, што Мураўёў зваўся, дык страх што нарабiў: усю зямлю трупамi завалiў i крывёй залiў. Во тутака на гэтым Архiпавым суку было трох, што мужыкамi камандавалi i што iх ў лесе злавiлi дый павесiлi. Адзiн ужо старэйшы, што галавой быў, дык гэта наш вясковы мужык быў, Iван Карпук зваўся. Ягоную сям'ю на атап ды ў Сiбiр, жонку й двоя дзетак пагналi. Значыцца, гэтага Карпука й двух яшчэ, каторыя памагалi, прыгналi сюды пад Архiпа iзь зьвязанымi рукамi, тады сагналi ўсiх людзей, што толькi дзе жывоя было, каб усе прыглядалiся, дый павесiлi бедных. Нiхай Бог дасьць iм царства нябесная! - перахрысьцiўся дзед.

Памаўчалi.

- Ну й што далей? - спытаў Янук.

- Загадалi, каб нiхто iх нi чапаў. Яны, - кажуць - маюць гэттака на Архiпавым суку вiсець. Так гэта для постраху зрабiлi, каб людзi маскалёў помнiлi. А як-жа ты iх ня будзеш помнiць? Яны-ж у нашай i другiх вёсках стаялi й выраблялi што хацелi: п'янствавалi, дзевак маладых насiлавалi, над людзьмi зьдзеквалiся. Ой гора-ж вялiкая, нi дай ты Божа, на народ наш было прыйшло. Баялiся людзi ценю свайго, а многа каторыя то ў норы пазашывалiся й нi вылазiлi, або ў лясох глыбокiх.

От, значыцца, вiселi тыя тры паўстанцы тады цалюськую ноч i другi дзень. А вiдаць дык яны здалёку былi. Аж на другую ноч iх ня стала. Толька ранiцай агледзiлiся маскалi, што нехта пазабiраў iх i сук во гэты, надта таўсты, што цяперака як кукса тарчыць, адпiлаваў. Гэта ўжо многа часу пасьля дазналiся мы, хто зрабiў. А гэта былi вясковыя дзяцюкi, каторыя ў лесе крылiся. Дык забралi яны павешаных паўстанцаў уночы, завязьлi й закапалi ў леся, а з таго Архiпавага сука здаравенны крыж зрабiлi й над курганам паставiлi. Той курганок i цяперака ў леся ёсьць. Калi хочаш знаць, дык ён там на Выгар як iдзеш, пiрад узбалоткам. Знаiш, дзе гэта?

- Гэта блiзка ад сьцежкi?

- Нi так далёка направа.

- Я тамака нiдзе крыжа нi вiдзiў.

- Дык нiма цяпер, сынку. Крыж даўно згнiў i завалiўся, толька на магiле вялiкi плоскi камень ляжыць, i на iм напiсана, што гэта паўстанцы. От, калi паглядзi, дык, пэўня, знайдзiш.

- Трэба будзiць пашукаць, - сказаў Янук.

Смуга на захадзе многа пашырэла. Пякло. Часам чуваць быў далёкi глухi гром.

- Надыходзiць бура, дзядуля. Чуеш, як грымiць? - прыгадаў Янук.

- Чую, дзетка, чую. Нiхай даець Бог дажджу, зiмля даўна пiць просiць, кiваў дзед галавой i ўзноў узяўся набiваць люльку.

- Дык можа-б мы пад дом, дзеду, га?

- Нi тарапiся, сынок. Можа во яшчэ бокам пойдзiць.

Памаўчалi. Iзноў загрымела, гэтым разам блiжэй i галасьней. Заходнi кавалак захмаранага неба перашылi раз i другi разгалiненыя маланкi. Янук думкамi вярнуўся да таго, што распавядаў яму дзед. Як на дзiва, палякчэла на сэрцы. Вялiкае народнае гора, аб якiм гаварыў дзед, зьлiлося-зьмяшалася ў хлапцовым уяўленьнi зь ягоным прыватным горам, i гэтае першае як-бы паглынула-аблекчыла апошняе.

- I от вiдзiш, сынок, сколька крывi сваёй нi пралiвалi людзi, сколька нi папаявалi, пападужалiся, усiроўна рады нi далi. Ярмо, як было, гэтак i асталося. Прыгону нiма, нiкаторыя i нiблага са сваёй зямлi жывуць, ну алi бальшыня людзей, каторыя бiзьзямельныя, дык як гаравалi так i гаруюць, як рабiлi на паноў так i робюць цяперака. Нiчагуткi нi зьмянiлася. Усе найлепшыя землi пазабiралi, ты на iх працуй, а яны цябе горы за свайго сабаку маюць. Паткнiся куды, дык ён iз табой нi палiчыцца каторы. От як i тваю матку пакойнiцу... Гэта-ж такая залатая душа была: у яе i рукi да працы й галава на плячох. Каб-жа яе, а то й бабку ейную помню вуньдзiка. Алене гэта было жыць ды пажываць, дзетак гадаваць, а нi сырую зямлю парыць так рана...

Янука хтосьцi зноў цiснуў-душыў за горла. У вачох накацiлiся сьлёзы.

- Дык от табе гэты галадранец - каб яго зiмля наша сьвiтая нi насiла, адкуль ён узяўся! - за ягадзiну застрэлiў.

Янук ня вытрымаў. Сьлёзы зноў паплылi гарохам. Адхiнуўўся ад дзеда, каб скрыцца з плачам. Першыя хмары ўжо закрылi сонца а на захадзе кацiўся гром.

- Нi стыдайся, сынок, сьлёзаў, нi адварачвайся ад мяне, - сказаў дзед Якуб. - Плачу нiма чаго стыдацца. Гэта празь цябе ўсё наша гора плачыць. Як трэба, дык i паплакаць трэба. Толька от цэлы час каб нi плакаць, бо гэта нi памагаiць...

- Гэта ты, дзядуля, вялiкую праўду кажаш...

- А як-жа, сынку. Або вазьмi гэтага папа Абухава. Ну, гэта-ж ня поп, каб яго макарэц, а сатана. Каб табе мало было, а то свайго нi знаiць дзе дзяваць, а такую цэну закацiў - два пуды жыта. Тутака мала сказаць, што ён зрабiў не пахрысьцiянску, а на гэткага чалавека дык проста ну пятлi шкада. Але што яму нашы людзi. Ён-жа таксама маскаль, каб яго макарэц спалiў! Каб гэта свой, ды свайму спагадаў-бы, а гэты, дык паном i гэтым меншым гнiдам на руку йдзець. Смокчуць наш пот i кроў, сынок, ой як смокчуць!

Старэчымi сiняватымi пальцамi левай рукi дзед згроб жменю зямлi й паказаў яе Януку.

- Вiдзiш, сынок? Гэта-ж наша родная зямелька. Здаецца, от, каб яе пацiснуў добра, дык зь яе наша кроў i пот пацяклi-бы. Яна-ж наша кармiцелька. I калi ўзяць якоя хочаш права, асаднiкi, папы, ксяндзы, чыноўнiкi - дык гэта-ж усё чужыя п'яўкi. Яны з нас сокi п'юць i нам на ногi стануць нi даюць...

Янук глядзеў на выцягнутую дзедаву iз жменяй зямлi, i цяпер яму ўсё стала ясна. Паклiкаўшы на помач багатую жыцьцёвую навуку, дзед вельмi драматычна й умела вытлумачыў малому Бахмачу асноўную жыцьцёвую загадку, узьвёў яго на зусiм новую мяжу. Адно ў маладой юнаковай галаве нарадзiлася цяпер шмат новых пытаньняў.

- Чаму вы, дзеду, мне гэта ўсё расказваеце? Чаму мне, а нi каму другому?

Дзед адказаў не адразу. Перш за ўсё ягоная левая рука высыпала жменю набранае зямлi, тады ўзялася памагаць правай, каб iзноў дымiла ў люльцы самасейка. Хмары на небе буйнелi, шырокай дзяругай абклалi ўвесь заходнi небакрай, яшчэ ямчэй кацiлiся грымоты, далёка за Лiпавiчамi й Гацямi зiхацелi маланкi.

- Ты, сынок, цяперака вялiкая гора маiш. А гэткую цяжкую й балючую праўду дык толька той можа асягнуць, хто сам цяжка церпiць, хто вялiкi боль нясець у сэрцы. Ты-ж, сынок, дай Божа, каб на разумнага чалавека вырас. Цi-ж я, дзетка, ня вiджу, як ты стараiсься вучыцца? Я-ж нi сьляпы, хоць, можа, каторыя й думаюць, што я прыдурак якi. Алi-ж я вiджу. Дык от i мне ты на вока папаўся. Ты падрасьцеш, навучысься; можа, калi ў людзi пойдзiш. Дык тоя, што я табе расказаў, паможыць табе разабрацца ў жыцьцi: што, як i чаму. А калi разьбярэсься, сваю добрую галаву на плячох будзiш мець, дык тады будзiш знаць, што рабiць. Бо помнi, сынок, што доўга так быць, як цяперака во ёсьць, ня будзiць. Сьвет мяняецца. Ужо сколька я гэтых пiраменаў вiдзiў. I прыдзiць яшчэ, можа, такоя, што сьвет i ня сьнiў нiколi. Будуць яшчэ вялiкiя пiрамены, ой вялiкiя. Тады можа й тоя, што я табе расказаў, прыпомнiш.

Дзед змоўк. У вачох Янука зрабiўся ён такiм самым таямнiчым, як i спачатку, калi пачынаў зь iм гаманiць. Колькi-ж ён даў-бы, каб мог зазiрнуць у дзедаву галаву й вымяркаваць, што ён думае, чаго яшчэ ня выказаў, а для сябе затрымаў.

- Ну дык, можа, сынку, пойдзiм тады, каб на нас бура тутака нi навалiлася. Дай мне, сынку, руку, устаць памажы.

Iшлi паволi. Дзед часта паглядаў уверх на захад ды ўголас дзякаваў Богу, што сабраўся прагную зямлю папаiць. Побач моўчкi йшоў Янук. Ён думкамi ўсё перабягаў, мерыў тыя загадкавыя шляхi-дарожкi, якiя адкрыў сяньня перад iм гэты закарчанелы стары. Больш не турбаваў дзеда роспытамi. Спадзяваўся, што да гэтага будзе яшчэ нагода.

У той час, калi вецер наважыўся скалатнуць i старую шапку волата Архiпа й пазакасiць чубы каторым лiтоўскiм стрэхам, ня ведаў дзед Якуб, на якую ўрадлiвую й плённую ў будучынi глебу кiнуў ён сваё зерне. I не здагадваўся, асьцярожна ступаючы побач дзеда, юнак, якi вялiзны скарб атрымаў ён у спадчыну ад гэтага старога гаротнiка.

III

Бог ведае, калi ўцёрся ў Лiтоўцах такi звычай, што бытаваў шырака на нашай Бацькаўшчыне. Прыйдзе, бывала, Васiль да Сьцяпана ў якi будзённы дзень за патрэбай: пазычыць чаго цi што выпрасiць. Прывiтаюцца, гутарку аб гаспадарскiх справах завядуць. Калi Васiлю й Сьцяпану нiякая праца ня рупiць, дык i гутарка тады бывае павольная, разважная, iз раскошнымi перапынкамi, каб-жа гамонячы, думкi да посьпеху не спанукаць. Калi-ж час бывае гарачы - жнiво, касавiца, цi яшчэ што - дык гаспадар адразу здагадаецца, што вiзытар недарма ходзiць. Ды ўсяроўна, анi Васiль адразу ня выкажа свае патрэбы, анi Сьцяпан ня будзе прынагляць яго да гэтага. Ужо няхай там зерне з каласоў сыплецца цi мурог перасыхае, а пагаварыць-жа трэба, чалавека гнаць ня будзеш. Адно, у гэнай гамонцы Сьцяпан намагаецца адгадаць, цi ў Васiля патрэба малая, цi вялiкая. Прыкметай можа быць Васiлёў саладжавы голас, лiсьлiвая ўсьмешка й шмат iншага.

Калi Сьцяпан мяркуе, што даволi ўжо часу зглумiлi й трэба канчаць, тады, зручны падабраўшы момант, скажа Васiлю гэтак:

- Сам-жа, пэўня, нi так сабе ходзiш?

Васiль з паўслова зразумее, што гэта сыгнал, каб выявiў мэту свае вiзыты. Зноў-ткi ня скажа адразу, што "хачу тоя й гэна", а кружной дарогай пачне, перш выявiўшы дэталёва прычыны, чаму "тоя й гэна" хоча, дый прыабяцае, калi аддасьць цi iншым чынам адплацiць. Адно ў выпадку надта наглае патрэбы гэткiя нормы захаваньня й гаворкi не трымалi.

Людзi лiтоўскiя ведалi аж занадта добра, што "нi ў вадзiн дзень Бог сьвет сатварыў" i што "нiкога зь языком нi падгонiш". Тое, што чалавек патрабуе час, каб выказацца, памяркаваць, якiмi весткамi падзялiцца, было да такое ступенi нармалёвым, як дзённае сьвятло цi ночная цемень.

Выняткам у Лiтоўцах, што часта не трымаўся прынятых нормаў быў сам "дзiравы шляхцiц, пан солтыс" Паўлоўскi. Ужо калi, бывала, iдзе Паўлоўскi па вясковай гразкай цi сухой вулiцы, дык адразу вiдаць, што гэта, скажам, ня нейкi стары карцёжнiк Сымон Пятух, а сам нозьбiт улады "паньства польскага".

Пан Паўлоўскi - гэта аўтарытэт, якi любому чалавеку бачна ў высока паднятай i накрытай фанабэрыста-зухаватым капялюшам цёмнарусай галаве, борздым кроку, у кароткiм, адрывiстым i аўтарытэтным голасе пры вiтаньнi сустрэчных, а найбольш, дык у добра-ткi абшмулянай скуранай торбе пад пахай. Ня тое, каб Паўлоўскi наўмысна фарсiў сваiм аўтарытэтам там, дзе непатрэбна. Калi ўжо пра франтаўство гаворыцца, дык тут пан солтыс, рачэй, меў-бы наўвеце сваё дзiрава-шляхоцкае паходжаньне.

- Што гэта такоя важная ён носiць у гэнай сумцы? Пару сьвiсткоў калi людзям раздаць, дык сумка яму яшчэ трэба, - сьмяялiся лiтоўскiя.

Калi дзе нават людзi на полi цi ў гародзе працай занятыя, а пан солтыс iм "памажы Божа" скажа, дык тыя, каму гавора, па ягоным голасе й манеры адчуюць, што гэта ён больш з ласкi, чым з дабрасуседзкага зычлiвага абавязку робiць. Такi ўжо зь дзiравага шляхцiца быў начэльнiк, што ён гэты свой уладна-аўтарытэтны голас лiчыў неабходным заўсёды перад вясковымi дэманстраваць, каб ведалi, што ён "ня хрэн сабачы" й ня кожнаму панiбрат.

Гэтак вось завiтаў пан солтыс у Пракопаў двор у сераду вечарам, два днi пасьля паховiнаў Алены. Пракоп пры карыце паiў Чарнулю, ды мерыў вокам даёнку, што вiсела на паркане.