86509.fb2 Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Пагроза новае вайны вось ужо якi год вiсела над Эўропай. Дрэнныя весткi даходзiлi й да лiтоўскiх палiтыканаў. Мала хто спадзяваўся, што зьмена аднаго чужога ладу iншым, калi такая будзе, прынясе яму лепшую будучыню. Адылi не пасьпеў 1939 год як сьлед у пух абрасьцi, вымяркавалi людзi, што быў ён больш трывожным i пагрозьлiвым, чымся ўсе ранейшыя.

На лаўцы пад Пятуховай клецяй, на вясковых прызбах i пад саламянымi стрэхамi з вуснаў у вусны перадавалася цяжарнае жахам слова: вайна. Спачатку рэдка, яно зь бегам часу ўсё сьмялей i часьцей выплывала ў гутарках i наапошку пачало выцiскаць на апошнi плян тэму й турботы пра зямлю. Людзi цяпер або зусiм у гаворцы запiналiся, або гаварылi з паднечаньнем, у якiм адчувалася няпэўнасьць i боязь. Хмарылiся барознамi веку аздобленыя сялянскiя твары. Старэйшым ня трэба было фантазii: добра запамяталi жахi мiнулае вайны. Дзецi-ж распытвалi старэйшых, у Гараватцы й на ўзьлесьсi ля гасьцiнцу знаходзiлi старую йржавую амунiцыю. Для малечы была яна прадметам забаваў. Выцягвалi з набояў кулi, сушылi порах, нанава "закаркоўвалi", дый стралялi, цi то паклаўшы ў вогнiшча, цi наладзiўшы якое прымiтыўнае прыладзьдзе наводля стрэльбы. Будзе вайна - думаў каторы нямыцька - дык будзе больш набояў, можна будзе пазабаўляцца. Запраўднага характару вайны дзецi не маглi ведаць.

Весткi з шырокага сьвету, што прыляталi ў лiтоўскiя начоўкi, часта былi ўжо iншымi сфальшаваныя, надзьмутыя або паменшаныя. Дзяржаўны прапагандовы апарат прапускаў iх праз сваё бюракратычнае сiта. Людзi шмат чаго даведвалiся ад Жыдоў, якiя, вядома-ж, заўсёды й усё ведалi, многа чаго гаварылi сваiм найбольшым дабрадзеям, дый то пад вялiкiм сакрэтам. У тых вестках найбольш фiгураваў "немiц". Гэта лiтоўскiм людзям таксама здавалася нармалёвым. Чаму-ж не? I раней, калi дзе што важнае пачыналася, дык "немiц" там быў першы.

Многа было гамонкi пра нейкi "калiдор", а з другога пра "плашч iз гузiкамi". Палякi гарачылiся й крычэлi, што моцна й непарушна стаяць будуць у гэным калiдоры, ды нiякаму Немцу не аддадуць анiводнага гузiка з таго "плашча". Лiтоўскiм сялянам да таго "калiдору" й "плашча" столькi справы было, колькi курцу да соскi. Аднаго баялiся, што Немцы схопяць Палякаў загрудкi, дык гэтыя астатнiя iх, Богу духа вiнаватых, могуць на помач паклiкаць. А навошта iм свае парэпаныя цi падэшвай ад працы аброслыя пальцы ў гэнай катавасii мачаць?

Прыйшла й мiнула вясна, надбегла лета. Адно другую паганялi гаспадарскiя працы. Рана ўставалi на ногi сяляне, сачылi ўзыходзячае з-за балота чырвонае сонца, штодзённа вiталiся з Архiпам на Гараватцы, позiркам дбайлiвых сем'янiнаў кiдалi на Захарукову бусьлянку, што на лiпе, варажылi цi бусьлiха яйкi ўжо пачала грэць ды калi бусьляняты, зь яйкаў вылупiўшыся, шыi й ногi свае выпрастаюць. Пазiралi на каралевы-сосны на могiлках, пацелi на палёх i на сенажацях, горбiлiся й натужвалi сiлы ў суседнiх паноў i асаднiкоў. Зямля аддавала цяпер людзям шчодрыя й скупыя плёны. Трэба было iх сабраць, i не ставала часу на тое, каб думаць, дзе й у каго хто якi калiдор думае адбiраць. Вечаровая дзiцячая гамана пяшчотна казытала вушы бацькоў i матак, што спрацаванымi варочалiся дахаты пасьля даўгога летняга дня. Усё, здавалася, было пастараму. Але як доўга? Што нясе заўтрашнi, пасьлязаўтрашнi дзень?

Калi ў пачатку верасьня пад саламяныя стрэхi прыляцела вестка, што Немцы пачалi ўжо панскую Польшчу дзяўбцi, усьлед-жа за ёй зьявiлася й новае, рэдка чутае й мала каму зразумелае слова: мабiлiзацыя. Зухавата-фанабэрысты солтыс Паўлоўскi мусiў у вадзiн дзень большую частку вёскi з мабiлiзацыйнымi наказамi абегаць. Нiколi шчэ раней так не муляла яму пад пахай гэная абшмуляная скураная торба. Солтыс усiм проста й ясна пра мабiлiзацыю растлумачыў. Людзi зразумелi й жахнулiся: заўтра асноўны цьвет лiтоўскае моладзi мусiў адпраўляцца Бог ведае ў якi далёкi сьвет, каб баранiць той "калiдор i плашч iз гузiкамi".

У той вечар позна па лiтоўскiх хатах не сьцiхала гамонка. Хныкала цi адна дзяўчына, тулячыся да свайго кавалера, якому аддала сэрца. Хто ведае, куды вядзе заўтрашняя дарога й як скора любы вернецца пад родную страху. Прагавiта пазiрала матка на сына, жонка на мужа, каб у запас наглядзецца, а сэрца грызла чорная трывога. Жаночыя рукi рэзалi боханы разовага жытняга хлеба, сушылi на дарогу сухары, пакавалi ў торбы сьцiплую скаромiну, а падол спаднiцы цi ручнiк выцiраў матчыны сьлёзы, якiм не было, здавалася, супынку. Тыя, у чыiх хатах не было мабiлiзаваных, заходзiлi да паклiканых у войска, каб, як казалi, душу адвесьцi. Нават малыя дзеткi, хоць дакладна не ўяўлялi поўнай сур'ёзнасьцi таго, што здарылася, спанатрылi вялiкую й раптоўную перамену. Балянс нармалёвага жыцьцёвага ладу быў зрушаны. Цi адзiн раз рука брала й ледзь стрымоўвалася, каб злосна не скамшыць позву, вочы ўглядалiся ўжо каторы раз у зусiм няхiтрыя й ляканiчныя словы. Усяму вiнаватыя былi гэтыя чартоўскiя паперкi.

Калi ў мiрны час зь вёскi мелi адпраўляць каторага навабранца на службу, дык напярэдаднi моладзь ладзiла яму вечар. Тады маладыя галовы туманiла родная сiвуха. Пад гукi гармонiка, гуртам i ў разрэз сьпявалi "пасьледнi нонешнi дзянёчак". Даўно ў нябыт адыйшла беларуская вайсковая традыцыя, пагасьлi ў гiстарычным лiхалецьцi родныя вайсковыя песьнi. I гэты "нонешнi дзянёчак" быў некалi адным чужынцам у Лiтоўцы прынесены. Цяпер-жа iншы чужынец за Бог ведае што чужое й нялюбае пастаяць клiкаў. У гэны вечар ня поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi зацяжнымi маладымi галасамi, бо гэтым разам у вагонь i на сьмерць трэба было йсьцi. Колькi зь iх знойдзе дадому шлях здаровымi, колькi нiкому непатрэбнымi калекамi, а колькi ў чужой далёкай краiне застанецца на вечны супачын? Гора было занадта вялiкае й агульнае.

XIV

Нахмарыўся разьвiтальны дзень. Па самым дне начоўкаў ранiцою паўзьлi дымы зь лiтоўскiх комiнаў. Праймаючыя холадам хмары зьнiжалiся й iмклiва плылi над лiтоўскай лагчынай. Яны, здавалася, не маглi наважыцца, цi iм адно з пагрозай шыбануць над Лiтоўцамi, цi памарасiць вёску густым дожджыкам.

Рана зьявiўся да солтыса Паўлоўскага ўраднiк з гацкага мабiлiзацыйнага бюра. Пагаманiўшы iз шляхцюком, абодва накiравалiся пад Пятухову клець, дзе быў зборны пункт для паклiканых. Хутка зь блiзкiх i далейшых хутароў, iз гасподаў, што засталiся на старым паселiшчы, пачалi плысьцi сюды людзi. Хоць цi аднаму з мабiлiзаваных зазiрнула ў галаву думка, каб ня йсьцi, а дзесь схавацца й перачакаць, "пакуль гэта бiда сплывець", адно Шпунтоў Лявон учора поцемкам выбраўся ў сваю, яму адному вядомую, дарогу. Мабiлiзаваныя прыходзiлi ў суправодзе раднi, што мела спадарожнiчаць iм аж у Гацi. Здавалася, што ля Пятуховай клецi сабралася ўся вёска. Ураднiк, паставiўшы ровар ля плоту, сядзеў на лаўцы й паўголасам гаманiў iз солтысам, касурыўся на надвор'е й паглядаў на гадзiньнiк. Солтыс раiў яшчэ пачакаць, бо бачыў, што ня ўсе сабралiся. Прыехалi й тры хурманкi, замоўленыя Паўлоўскiм учора, каб на iх адвезьцi падарожныя клункi. Людзi гаманiлi, гулi як пчолы ў вульлi пасьля працавiтага дня, але адчувалася, што гамонка тая была стрыманая, не чуваць было гулкога й безклапотнага сьмеху. Шматлiкiя вочы сачылi ўраднiка й солтыса, што яны скажуць i зробяць.

На звароце вулiцы з бальшака, што прабягаў упоперак вёскi ад балота, паказаўся нетарапкi ў кроку й рухах Сымон Пятух, старэйшы брат гэтага самага Пятуха, ля чыёй клецi сабраўся народ. Сымон быў старым дзяцюком, векам гадоў пад пяцьдзясят мусiць. Ягоны вузкi й даўна голены гарбаносы твар iз глыбокiмi западзiнамi там, адкуль выглядалi малыя рудзенькiя вочкi, зьверху аброс густымi мяцёлкамi броваў. Дзяцюк пакiнуў дома свае адзiныя, яшчэ не зусiм дабiтыя, з доўгiмi рудымi халявамi боты й босымi нагамi мясiў яшчэ сухi мяккi дарожны пясок. Зашмальцаваная камiзэлька, кужэльная кашуля-касаваротка, засалены пiнжак i паўсуконныя порткi з калошамi ў трубы, ды шэрая, папрацiраная па бакох кепка, што зьехала на правы бок i напаказ выставiла густы венiк рудых валасоў зь левага - вось гэта была нязьменная вопратка ў буднi й у сьвяткi. У старэйшага Пятуха, як заўсёды, часу было хоць ты адбаўляй. Быў ён найбольш ведамым карцёжнiкам, гультаём, i заядлым курцом у вёсцы. Любiў i выпiць, калi была нагода. У карты гуляў, як казаў, каб час забiць i звычайна напуста. Калi не было чаго палiць, стараўся ад старой маткi сьцiбнуць пару яйкаў ды прамяняць iх у Жыда на тытунь. Жыў у самым паўднёва-ўсходнiм кутку Лiтоўцаў на ўзгарку. У некаторых людзей лазьнi былi вялiчынёй зь ягоную хату, але для яго й маткi было даволi мейсца. I пра тыя два гактары зямлi Сымон нянадта рупiўся. Лебяда, пырнiк i быльлё заглушалi там пасеяную на заўсёды дрэнна апрацаванай зямлi збажыну. Для аднаго канякi й каровы ледзь мог Пятух сена за лета назапасiць. Вяскоўцы так апавядалi аб Пятуховай гаспадарлiвасьцi: Ляжаў ён аднойчы на печы й кармiў клапоў. Ногi, быццам тыя качэргi, ажно зьвiсалi над пяколкам. Цi-ж Пятух вiнаваты, што муляр кароткую печ пабудаваў? Мацi кешкалася ля печы, а Пятух цешыўся, што яму добра ў плечы грэе. Пайшоў дождж, i прагнiлая страха была таму вiной, што вада неўзабаве пацякла iз столi на адзiны ў хаце ложак.

- Сымон, - казала яму мацi, - дождж iдзець, страха цячэць, вада вуньдзiка на пасьцелi. Чаму страху нi залатаiш?

- Нi знаiш што рабiць? - пачуўся зь печы лянiвы голас. - Адсунь ложак, дык нi нацячэць.

Першы спасьцярог Сымона Антось, той самы, каторага празвалi Дзеркачом i якi быў у лiку паклiканых.

- От ужо й Сымон ёсьцека, цяпер можам iсьцi, - загаварыў голасна Антось, каб зьвярнуць агульную ўвагу. - Ну што, Сымон, пойдзiш з намi ў салдаты?

- Адчапiся ты! - буркнуў голасна Пятух. Ён ёмка выплюнуў з роту дагарэўшы акурак, выцягнуў зь левай адтадуранай кiшэнi капшук з тытунем, адраваў кавалак газэты й супакойна, маленькiмi вачыма бегаючы па грамадзе людзей, узяўся вярцець новую папяросу.

- Ну, Сымон, калi-ж будзiш жанiцца? - пакеплiваў далей Антось. - Параска Макатунiшка ўжо як лучына па табе ссохла.

- Тады, як бык будзiць цялiцца! - адказаў, не паварушыўшы мяцёлкамi, стары дзяцюк.

Тыя, што чулi гэтую гаворку, зарагаталi.

- Ён, мусiць, жджэць пакуль Параска пяцёра будзiць мець, каб адразу на гатовыя, - кпiў з натоўпу другi мужчынскi голас.

Дзякуючы Пятуху, заўсёднаму аб'екту жартаў, якi зусiм нiчым не прыгадваў працавiтага й дбайнага гаспадарлiвага малодшага брата, павесялелi некаторыя ў грамадзе.

З другога боку вёскi прычыкiльгаў да натоўпу дзед Якуб. Абступiўшы, людзi вiталiся зь iм, радыя нагодзе, каб перакiнуцца словам. Стары, вядома, як скажа, дык ёсьць што паслухаць. А дзед пыхкаў сваю крывую люльку ды скупiўся на словы.

- Ну што гэта дзед, вы ваiваць нi сабiраiцiся? - пыталi яго.

- Ды вы, дзеткi, ужо бiзь мяне неяк абойдзiцiся. Я адкаратаў сваё, пагладзiў дзед бародку, гледзячы на ўсiх i на нiкога ў васаблiвасьцi.

- Дзед тут будзiць за нашымi гаспадаркамi глядзець, дзевак замуж выдаваць, каб племя наша нi зьвялося. Пiтуха во ажанiць трэба...

Некаторыя засьмяялiся, але няшчыра, стрымана.

- Нiма за што, - казаў дзед, быццам не спасьцярогшы надзьмутай штучнай весялосьцi. - Нiма за што ваiваць. Нi наша гэта дзела за паноў грудзi выстаўляць. Калi на iх прыдзiць якое бiзгалоўя, дык так iм i трэба. Яны за нас, нябось, нi пастаяць.

Дзед плюнуў сабе пад ногi й пацягнуў з крывой люлькi. Абступiўшыя яго спасьцераглi, што лiтоўскi патрыярх ня меў намеру жартаваць i, пэўна-ж, яшчэ нешта важнае скажа. А дзед зiрнуў пад клець, дзе ўжо ўсталi з лаўкi й аглядалi людзей солтыс iз рослым ураднiкам.

- Вы-ж глядзiце, дзiцюкi, - казаў Якуб, - калi там якiя нiпiралiўкi, дык пад дом цiсьнiцiся, от што...

- Маўчы ты, дзед Якуб, ато якоя благоя вуха пачуiць! - перасьцерагла Кмiтава Аўдоля, што й гэтым разам парупiлася, каб у цэнтры падзеяў быць.

- Чаго гэта маўчы? - агрызнуўся дзед. - Ды што гэтыя паўшабэлкi мне старому калеку зробюць? Пляваў я на iх. А свайму во катораму трэба сказаць, каб на ражон дарма за чужоя ня лез...

У гэты час ураднiк падаў голас, каб усе паклiканыя падыйшлi да яго блiжэй, ды паводля лiсту пачаў перавяраць, цi ўсе сабралiся. Хутка выявiлася, што не было Косьцiка Сабакевiча й Шпунтовага Лявона. Першага, вядома, сам ураднiк не спадзяваўся, але-ж прыгадаць трэба было. Дапытваўся, дзе дзеўся Лявон, ды нiхто ня змог яму адказаць.

- Пойдзем, няма часу чакаць, - сказаў ён станоўка. - Пра яго ўжо парупяцца адпаведныя дзейнiкi...

Апошнiя словы гучэлi пагрозай.

На лiсьце было звыш за трыццаць прозьвiшчаў. Паклiканым ураднiк загадаў зыбрацца ў групу й iсьцi наперадзе, а ззаду мелi ехаць хурманкi з багажом ды маглi йсьцi тыя з раднi, хто хацеў праводзiць мабiлiзаваных аж у Гацi. Рушылi паволi. Солтыс iз ураднiкам вялi калёну на бальшак, а пасьля павярнулi на прасёлкавую дарогу, што побач могiльнiку вяла на гацкi гасьцiнец. Расьпiсаныя гумовымi ўзорамi каляiны ўраднiкавага ровару зараз-жа ззаду затоптвалiся босымi цi абутымi ў лапцi нагамi лiтоўскага народу. Калёна расьцягнулася; тыя з раднi, што йшлi ззаду, пачалi далучацца да праводжаных iмi родных, iзноў пачалася часта спыняная гаворка. Людзi, здаецца, усе тэмы вычарпалi. Што гаварыць у такi час? Мiнулае прыгадваць цi трывогу перад небясьпечнай будучыняй выказваць? Як доўга будзе гэтая разлука? Калi зноў над Лiтоўцамi й цэлай пагвалчанай краiнай засьвецiць сонца? На палёх чакала гаспадарлiвых рук нязжатая ярына. Заўтра, калi Бог пагоду дасьць, iзноў у хвастох нiваў стануць iзь сярпамi прарэджаныя сем'i. У працы гадаць будуць, што з сынамi, мужамi, цi любымi... Дзе яны, у каторы бок гонiць iх чужы вецер?

У самым хвасьце калёны маўклiва крочыў i Янук Бахмач iзь неразлучным Тапсiкам. Ён яшчэ не вымяркаваў, цi яму аж у Гацi йсьцi, цi дзесь на дарозе назад завярнуць. Паглядаў на дарожныя сьляды, якiя пачаў мачыць-зацiраць густы, як празь сiта, дожджык. Людзi настаўлялi каўняры, жанчыны й дзеўкi нацягвалi хусткi. А дожджык зьверху то сеяў, то спыняўся. Ня ведаў, мусiць, нябесны сейбiт, цi неба мае плакаць зь перапынкамi, цi без супыну...

Таронта, 1963-64 г.

КАНЕЦ ПЕРШАЕ КНIГI

Сьпiс некаторых чужых або рэдка ўжываных словаў

Дзярлiвы - (бел.) драпежны.

Велькапольска - (польск.) лiтаральна "Вялiкая Польшча".

Жэч Паспалiта - Рэч Паспалiтая. Просты беларускi пераклад лацiнскага "рэспублiка" (res publiсa - "рэч публiчная", "рэч паспалiтая") палякi перайначылi на свой капыл паводля свайго спецыфiчнага вымаўленьня (Rzeczpospolita), а ў далейшым называлi й называюць так Польшчу.

Крэсы (Крэсы Всходне) - "усходняе памяжоўе". Так звыклi называць палякi заходнебеларускiя землi, дзе польская прапаганда залiчвала беларусаў у "расеезаваныя палякi".

Мiтычны - мiфiчны (бел., паходнае ад грэцкага. Падчас савецкае "моўнае рэформы" замененае на "мiфiчны" паводля расеезаванага вымаўленьня).

Тарэбка - (польск.) торбачка (жаночая).

Элiмiнацыя - выключэньне (бел., паходнае ад лацiнскага).

Жондовы - (польск.) урадавы.

Офяра едэн - (польск.) ах ты недарэка.

Хаме едэн - (польск.) ах ты хам.