8752.fb2 Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

V

Цягнiкi ў гэтым краi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход... А па баках ад чыгункi ў гэтым краi ляжалi вялiкiя пустэльныя прасторы - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтым краi любая адлегласць вымяралася ў дачыненнi да чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна.

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Раным-рана ўсё было гатова. Наглуха спавiтае ў густую кашму i перавязанае зверху ваўнянай тасьмой цела Казангапа з захутанай галавой паклалi ў трактарны прычэпчык, папярэдне паслаўшы на дно пiлавання, стружак i слой чыстага сена. Трэба было не вельмi што затрымлiвацца з выездам, каб да вечара, не пазней пяцi-шасцi гадзiн, паспець вярнуцца з могiльнiка. Трыццаць кiламетраў у адзiн канец ды столькi ж у другi, ды там само пахаванне - вось i атрымлiваецца, што памiнкi спраўляць давядзецца недзе толькi каля шасцi вечара. Так i выпраўлялiся ў дарогу, каб паспець з памiнкамi. I ўсё было ўжо гатова. Трымаючы на повадзе асядланага i прыбранага яшчэ з учарашняга вечара Каранара, Буранны Едыгей прыспешваў людзей. I вечна яны важдаюцца. Сам ён, хоць i не спаў усю ноч, выглядаў падцягнутым, засяроджаным, хоць i змарнеў. Чыста паголены, сiвавусы i сiвабровы Едыгей быў у лепшым сваiм убраннi - хромавых ботах, у вельветавых велiкаватых галiфэ, у чорным пiнжаку паверх белай кашулi, i на галаве святочная фуражка чыгуначнiка. На грудзях яго паблiсквалi ўсе баявыя ордэны, медалi i нават значкi ўдарнiка пяцiгодак. Усё гэта яму пасавала i надавала спаважнасцi.

На провады сабралiся ўсе баранлiнцы ад малога да вялiкага. Тоўпiлiся каля прычэпа, чакалi выезда. Жанчыны не перастаючы плакалi. Неяк само сабой выйшла, Буранны Едыгей сказаў прысутным:

- Мы зараз адпраўляемся на Ана-Бейiт, на самы пашаноўны старадаўнi могiльнiк у саразеках. Нябожчык Казангап-ата заслужыў гэтага. Ён сам завяшчаў, каб пахавалi яго там. - Едыгей задумаўся, што сказаць яшчэ, i працягваў: Значыць, скончылiся вада i соль, назначаныя яму на раду. Гэты чалавек праслужыў на нашым раз'ездзе роўна сорак чатыры гады. Можна сказаць, усё жыццё. Калi ён тут пачынаў, не было нават вадакачкi. Ваду прывозiлi ў цыстэрне на цэлы тыдзень. Тады не было снегаачышчальнiкаў i другiх машын, якiя цяпер ёсць. Не было нават такога трактара, на якiм мы цяпер вязём яго хаваць. Але ўсё роўна цягнiкi iшлi i шлях iм быў заўсёды адкрыты. Ён сумленна адслужыў свой век на Баранлы-Буранным. Ён быў добры чалавек. Вы ўсе ведаеце. А цяпер мы рушым. Усiм туды няма на чым i няма чаго ехаць. Ды i лiнiю не маем права пакiдаць. Мы паедзем туды ўшасцёх. I ўсё зробiм як належыць. А вы чакайце нас i рыхтуйцеся; як вернемся, усе збiрайцеся на памiнкi, клiчу ад iмя яго дзяцей, вось яны - сын i дачка яго...

Хоць Едыгей i не думаў, атрымаўся нiбы як маленькi жалобны мiтынг. З тым яны i рушылi. Баранлiнцы прайшлi крыху за прычэпам i засталiся кучкай за дамамi. Некаторы час чуўся яшчэ плач - то галасiлi ўслед Айзада i Укубала...

I калi сцiхлi, засталiся ззаду галашэннi i яны ўшасцёх, усё далей адыходзячы ад чыгункi, паглыбiлiся ў саразекi, Буранны Едыгей з палёгкай уздыхнуў. Цяпер яны былi самi па сабе, i ён ведаў, што трэба рабiць.

Сонца ўжо падымалася над зямлёй, шчодра i ўсцешна залiваючы святлом саразекскiя прасторы. Пакуль у стэпе яшчэ панавала прахалода i нiшто не замiнала iх руху. Звычна i недасяжна луналi ў вышынi два каршуны ды iншы раз пырхалi з-пад ног жаўранкi, збянтэжана шчабечучы i трапечучы крыльцамi. "Хутка i яны паляцяць. Разам з першым снегам збяруцца ў чароды i паляцяць", - падумаў сам сабе Едыгей, уявiўшы на iмгненне, як цярусiць снег i як у той снежнай мiльгацi адлятаюць птушкi. I зноў успомнiлася яму чамусьцi тая лiсiца сярод ночы, якая прыбягала да чыгункi. Ён нават паглядзеў употай па баках - цi не iдзе следам. I зноў падумалася яму пра вогненную ракету, што падымалася той ноччу над саразекамi. Здзiўляючыся гэтым думкам сваiм, ён усё ж прымусiў сябе забыць пра ўсё. Не пра тое трэба думаць у гэтыя хвiлiны, хоць шлях быў далёкi...

Узвышаючыся на сваiм Каранары, Буранны Едыгей ехаў уперадзе, паказваючы напрамак на Ана-Бейiт. Шырокiм, размашыстым крокам iшоў пад iм Каранар, усё больш уцягваючыся ў дарожны рытм руху. Для дасведчанага чалавека Каранар быў асаблiва прыгожым на хаду. Галава вярблюда на горда выгнутай шыi нiбы плыла над хвалямi, застаючыся амаль нерухомай, а ногi, даўжэзныя i сухажылыя, стрыглi паветра, нястомна адмерваючы крокi па зямлi. Едыгей сядзеў памiж гарбамi ёмка, зручна, упэўнена. Ён быў рады, што не трэба прыспешваць Каранара, той iшоў, лёгка i чуйна, ловячы кожнае жаданне гаспадара. Ордэны i медалi на грудзях Едыгея лёгенька пазвоньвалi на хаду i свяцiлiся ў промнях сонца. Але гэта яму не перашкаджала.

Услед за iм рухаўся трактар "Беларусь" з прычэпам. У кабiне побач з маладым трактарыстам Калiбекам сядзеў Сабiтжан. Учора ён усё ж залiшне выпiў, забаўляючы баранлiнцаў рознымi байкамi аб людзях, якiмi кiруюць па радыё, i ўсякай iншай балбатнёй, а цяпер быў пануры i маўклiвы. Галава яго кiвалася з боку на бок. Едыгей баяўся, как не разбiлiся яго акуляры. У прычэпе побач з целам Казангапа сядзеў, зажурыўшыся, муж Айзады. Ён жмурыўся на сонца i зрэдку паглядаў па баках. Гэты нiкчэмны алкаголiк трымаўся ўсё ж цяпер як чалавек. Нi кроплi не ўзяў у рот. Кiдаўся ўсюды дапамагаць, ва ўсiх справах, i пры вынасе нябожчыка асаблiва стараўся, падстаўляў плячо. Калi ж Едыгей прапанаваў яму прымасцiцца ззаду на вярблюдзе, той адмовiўся. "Не, - сказаў ён, - я буду сядзець побач з цесцем, суправаджаць яго ад пачатку да канца". Гэта i Едыгей ухвалiў i ўсе баранлiнцы. I як рушылi яны з месца, то больш за ўсiх i мацней плакаў менавiта ён, седзячы ў трактарным прычэпку, прытрымлiваючы лямцавы скрутак з целам Казангапа. "А што, раптам чалавек возьмецца за розум ды кiне пiць! Якое шчасце было б для Айзады i дзяцей".

Гэтую маленькую i незвычайную працэсiю ў бязлюдным стэпе, якую вёў чалавек на пышна ўбраным вярблюдзе, замыкаў калёсны экскаватар "Беларусь". У яго кабiне ехалi Эдыльбай i Жумагалi. Чорны, як мурын, прыземiсты Жумагалi сядзеў за рулём. Звычайна ён кiраваў гэтай машынай пры розных работах на чыгуначных пуцях. На Баранлы-Буранным ён з'явiўся зусiм нядаўна, i цяжка яшчэ было сказаць, цi надоўга тут затрымаецца. Побач з iм, узвышаючыся на цэлую галаву, ехаў Доўгi Эдыльбай. Усю дарогу яны аб нечым размаўлялi.

Трэба дзякаваць начальнiку раз'езда Аспану. Ён аддаў на пахаванне ўсю тэхнiку, якая была на раз'ездзе. Правiльна разважаў малады начальнiк раз'езда - калi ехаць так далёка ды яшчэ ўручную капаць магiлу, то наўрад цi яны паспеюць вярнуцца да вечара, бо яму трэба капаць вельмi глыбокую i з бакавой нiшай, як гэта звычайна рабiлася ў мусульман.

Спачатку Бураннага Едыгея гэта прапанова крыху збянтэжыла. Ён нiколi нават не думаў, каб яму прыйшло ў галаву капаць магiлу не ўласнымi рукамi, а экскаватарам. У час гэтай размовы ён сядзеў перад Аспанам у глыбокiм одуме i з недаверам хмурыў лоб. Але Аспан усё ж неяк пераканаў старога.

- Едзiке, я вам добра раю. А каб вы не сумнявалiся, каб вас нiчога не трывожыла, пачнiце спачатку капаць уручную, ну, скажам, першыя лапаты. А пасля экскаватарам умiг. Грунт у саразеках сухi, што камень, самi ведаеце. Экскаватарам паглыбiце, колькi трэба, а пад канец зноў уручную возьмецеся, каб, як гаворыцца, да ладу давесцi. I час зберажэце, i зробiце ўсё як трэба.

I вось цяпер, чым далей яны падавалiся ў саразекi, ён усё больш прымаў параду Аспана як разумную i патрэбную. I нават здзiўляўся, як гэта ён сам не дайшоў сваiм розумам. Вядома, так яны i зробяць, дасць бог, дасягнуўшы Ана-Бейiта. Так i належыць - выберуць на могiлках зручнае месца, каб пакласцi нябожчыка галавой у бок вечнай Каабы, пачнуць рыдлем ды лапатамi, што вязуць з сабой у прычэпе, а калi крыху паглыбяцца - пусцяць экскаватар выбраць яму да дна, а нiшу збоку - казанак - i ложа закончаць уручную. Так яно будзе i хутчэй, i лепш.

З мэтай такой яны рухалiся ў гэты час па саразеках, то з'яўляючыся ланцужком на хiбку ўзгоркаў, то хаваючыся ў шырокiх лагах, то зноў ясна вырысоўваючыся на раўнiнах, - уперадзе Буранны Едыгей на вярблюдзе, за iм калёсны трактар з прычэпам, за прычэпам, як нейкi жук, вуглаваты i рукасты экскаватар "Беларусь" са скрэпам бульдозерным уперадзе i рабочым каўшом ззаду.

Азiраючыся апошнi раз на раз'езд, якога ўжо не было вiдаць, Едыгей, на сваё вялiкае здзiўленне, толькi цяпер заўважыў рыжага сабаку Жалбарса, якi дзелавiта трухаў збоку. Калi ж гэта ён паспеў прывязацца? Пры выездзе з Баранлы-Бураннага яго нiбыта не было. Каб ведаў, што ён выкiне такую штуку, прывязаў бы. Якi хiтры! Як прыкмецiць, што Едыгей на Каранары адпраўляецца некуды, дык абавязкова выбярэ момант, каб прымкнуць у спадарожнiкi. Вось i цяпер нiбы з-пад зямлi ўзнiк. Бог з iм, падумаў Едыгей. Гнаць яго назад было позна, ды i цi варта трацiць час з-за сабакi. Няхай сабе бяжыць. I, нiбы адгадаўшы думкi гаспадара, Жалбарс абагнаў трактар i прыстроiўся крыху ўперадзе i з боку Каранара. Едыгей паказаў яму пугу. Але той i вухам не павёў. Позна пагражаеш ужо, маўляў. Ды i чаму не дапускаць яго да такой справы. Грудасты, з калматай шыяй, з абрубленымi вушамi i разумным, спакойным паглядам, рыжы сабака Жалбарс па-свойму быў прыгожым i адметным.

Мiж тым розныя думкi наведвалi Едыгея на шляху на Ана-Бейiт. Паглядаючы, як сонца падымалася над гарызонтам, адмяраючы бег часу, успамiнаў ён усё пра тое ж, пра жыццё-быццё мiнулае. Успамiнаў тыя днi, калi яны з Казангапам былi маладымi i дужымi i, калi на тое, галоўнымi пастаяннымi рабочымi на раз'ездзе, iншыя не вельмi затрымлiвалiся на Баранлы-Буранным, як прыходзiлi, так i знiкалi. Iм з Казангапам часу не было перадыхнуць, таму што, хочаш не хочаш, даводзiлася, нi на што не зважаючы, рабiць на раз'ездзе ўсё, што было неабходна. Цяпер услых успамiнаць аб гэтым няёмка - маладыя смяюцца: старыя дурнi, жыццё сваё губiлi. А дзеля чаго? Так, сапраўды, дзеля чаго? Значыць, было дзеля чаго.

Аднойчы пры заносах двое сутак бiлiся не пакладаючы рук, чысцiлi пуцi ад снегу. На ноч паравоз падвялi з фарамi, каб асвятляць мясцовасць. А снег усё iдзе i вецер круцiць. З аднаго боку чысцiш, а з другога ўжо гурбу намяло. I холадна - не тое слова: твар, рукi папухлi. Залезеш у паравоз на пяць хвiлiн пагрэцца - i зноў за гэту гiблую саразекскую работу. I сам паравоз жа замяло ўжо вышэй колаў. Трое з прыехаўшых рабочых яшчэ да ночы збеглi. Ганiлi саразекскае жыццё на чым свет стаiць. Мы, кажуць, не арыштанты, у турмах i то даюць час выспацца. З тым i падалiся, а ранiцай, калi пайшлi цягнiкi, свiснулi на развiтанне:

- Эй, дураломы, хрэн вам у зубы!

Але не таму, што гэтыя залётныя малайцы аблаялi iх, а так здарылася, пабiлiся яны на тым заносе з Казангапам. Так, было гэта. Ноччу стала невыносна. Снег сыпаўся, вецер, як злы сабака, чапляўся. Няма куды падзецца ад ветру. Паравоз пару пускае, а ад гэтага толькi туман. I фары ледзь-ледзь цьму прасвечваюць. Калi тыя трое пайшлi, яны з Казангапам засталiся вывозiць снег вярблюджай валакушай. Пара вярблюдаў была запрэжана. Не iдуць, стварэннi, iм таксама холадна i мутарна ад гэтай крутаверцi. Снег на ўзбочынах па грудзi. Казангап цягнуў вярблюдаў за губы, каб яны iшлi за iм, а Едыгей на валакушы паганяў ззаду пугай. Так бiлiся яны да поўначы. А вярблюды потым упалi ў снег, хоць забi, зусiм выбiлiся з сiлы. Што рабiць? Давядзецца кiнуць усё, пакуль непагадзь сунiмецца. Стаялi яны каля паравоза, засланiўшыся ад ветру.

- Хопiць, Казаке, палезем у паравоз, а там паглядзiм, як надвор'е, прамовiў Едыгей, стукаючы адна аб другую зледзянелымi рукавiцамi.

- Надвор'е якое было, такое i будзе. А ўсё роўна наша работа - расчышчаць пуцi. Давай рыдлямi, не маем права стаяць.

- Ды што мы, не людзi?

- Нелюдзi - ваўкi ды рознае звяр'ё - па норах зараз пахавалiся.

- Ах ты гадзiна! - уз'юшыўся Едыгей. - Ды табе хоць здохнi, i ты сам тут здохнеш! - I сунуў яму кулаком у твар.

Ну i схапiлiся яны, паразбiвалi губы адзiн аднаму. Добра яшчэ, што выскачыў з паравоза качагар i ў час разбаранiў.

Вось такi ён быў, Казангап. Цяпер такiх не знойдзеш. Няма такiх Казангапаў. Апошняга вязуць хаваць. Засталося - засыпаць зямлёю, развiтацца i на тым амiн!

Думаючы пра гэта, Буранны Едыгей паўтараў сам сабе паўзабытыя малiтвы, каб выверыць словы па парадку, узнавiць дакладней у памяцi паслядоўнасць думак, звернутых да бога, бо толькi ён адзiн, невядомы i нябачны, мог прымiрыць у свядомасцi чалавечай непрымiрымасць пачатку i канца, жыцця i смерцi. Для таго, напэўна, i складалiся малiтвы. Да бога не дакрычышся, не спытаеш яго, для чаго, маўляў, ты так зрабiў, каб нараджацца i памiраць. Так i жыве чалавек з таго часу, як свет стаiць, - не згаджаючыся, прымiраецца. I малiтвы гэтыя нязменныя з тых дзён, i гаворыцца ў iх усё пра тое ж - каб дарэмна не наракаў, каб суцешыўся чалавек. Але словы гэтыя, выспеленыя тысячагоддзямi, нiбы злiткi золата, самародкi, апошнiя з апошнiх слоў, якiя павiнен сказаць жывы над мёртвым. Такi абрад.

I думалася яму яшчэ пра тое, што незалежна ад таго, ёсць бог на свеце цi яго няма, але ўспамiнае чалавек пра яго звычайна, калi добра прыцiсне, хоць i нядобра так рабiць. Таму, напэўна, i сказана - няверучы не ўспомнiць пра бога, пакуль галава не забалiць. Так яно цi не так, але малiтвы ўсё-такi знаць трэба.

Гледзячы на сваiх маладых спадарожнiкаў на трактарах, Буранны Едыгей шчыра бедаваў i шкадаваў - нiхто з iх не ведаў нiякiх малiтваў. Як жа яны будуць хаваць адзiн аднаго? Якiмi словамi, што ахоплiваюць пачатак i канец быцця, завершаць яны адыход чалавека ў небыццё? "Бывай, таварыш, будзем памятаць!" Цi яшчэ якое глупства?

Неяк раз давялося яму прысутнiчаць на пахаваннi ў абласным горадзе. Здзiвiўся Буранны Едыгей - на могiлках, нiбы на сходзе якiм: перад нябожчыкам у труне выступалi па паперцы прамоўцы i гаварылi ўсё адно i тое ж - кiм ён працаваў, на якiх пасадах i як працаваў, каму служыў i як служыў, а потым зайграла музыка i магiлу завалiлi кветкамi. I нi адзiн з iх не здагадаўся сказаць нешта пра смерць, як сказана гэта ў малiтвах, што вянчаюць пазнанне людзей спрадвечнай той паслядоўнасцю быцця i небыцця, - нiбы хто да гэтага не памiраў на свеце i пасля таго нiбы нiхто не павiнен быў памерцi. Няшчасныя, яны былi бессмяротнымi! Так i заявiлi насуперак таму, што ўсе бачылi: "Ён пайшоў у бессмяротнасць!"

Едыгей добра ведаў мясцовасць. Да таго ж з вышынi Бураннага Каранара, яму, седаку, усё было вiдаць далёка ўперадзе. Ён сачыў, каб шлях па саразеках на Ана-Бейiт быў як мага больш прамым, адхiляючыся хiба толькi для таго, каб трактарам лепш было мiнуць калдобiны.

I ўсё iшло, як было задумана. Нi хутка, нi марудна. Яны ўжо пераадолелi трэць шляху... Буранны Каранар нястомна рысiў тротам, чуйна ловячы пажаданнi гаспадара. За iм следам тарахцеў трактар з прычэпам, i за прычэпам iшоў калёсны экскаватар "Беларусь". I ўсё ж уперадзе iх сустракалi нечаканасцi, якiя, як бы неверагодна гэта нi здавалася, мелi нейкую ўнутраную сувязь з тым, што адбывалася на касмадроме Сары-Азек...

Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў гэты час на сваiм месцы, у тым жа раёне Цiхага акiяна, паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока i Сан-Францыска.

Надвор'е на акiяне не змянiлася. Першую палову дня ўсё гэтак жа асляпляльна ззяла сонца над бясконцым мiльгатлiвым трымценнем вады. Нiшто на гарызонце не прадвяшчала якiх-небудзь атмасферных змен.

На самiм жа авiяносцы ўсе службы знаходзiлiся ў напружаннi - у поўнай рабочай гатоўнасцi, уключаючы авiякрыло i групу ўнутранай бяспекi, хоць нiякiх канкрэтных прычын для гэтага навокал не было. Прычыны былi за межамi Галактыкi.

Звесткi, што паступiлi на борт "Канвенцыi" праз арбiту "Трамплiн" ад парытэт-касманаўтаў з планеты Лясныя Грудзi, збянтэжылi кiраўнiкоў Абцэнупра i сябраў асобаўпаўнаважаных камiсiй. I тыя, i другiя так моцна разгубiлiся, што вырашылi спачатку правесцi паасобныя нарады, каб абмеркаваць становiшча, якое стварылася, перш за ўсё зыходзячы з уласных iнтарэсаў i пазiцый, i толькi пасля ўжо разам параiцца.

Свет яшчэ не ведаў аб беспрэцэдэнтным у гiсторыi Сусвету адкрыццi - аб iснаваннi незямной цывiлiзацыi на планеце Лясныя Грудзi. Нават урады бакоў, якiм паведамiлi аб здарэннi вельмi сакрэтна, не мелi звестак пакуль аб далейшым ходзе падзей. Чакалi, пакуль кампетэнтныя камiсii выпрацуюць адзiны пункт гледжання. На ўсiм авiяносцы быў устаноўлены строгi рэжым - нiхто, уключаючы авiякрыло, не меў права пакiдаць сваё месца. Нiхто нi па якой прычыне не меў права пакiдаць судна, i нi адно iншае судна не магло наблiзiцца да "Канвенцыi" ў радыусе пяцiдзесяцi кiламетраў. Самалёты, што праляталi ў гэтым раёне, мянялi курс так, каб не апынуцца блiжэй чым трыста кiламетраў ад авiяносца.

Такiм чынам, агульнае пасяджэнне бакоў было перарвана, i кожная камiсiя сумесна са сваiмi кiраўнiцтвамi, якiя на роўных правах узначальвалi праграму "Дэмiвург", абмяркоўвала данясеннi парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, што былi пераданы iмi з невядомай навуцы планеты Лясныя Грудзi.

Словы iх дайшлi з астранамiчнай далечынi, якую нельга нават уявiць:

"Слухайце, слухайце!

Мы вядзем трансгалактычную перадачу для Зямлi!

Немагчыма растлумачыць усё тое, што не мае зямной назвы. Але многа агульнага.

Яны чалавекападобныя iстоты, такiя ж людзi, як мы! "Ура" сусветнай эвалюцыi! I тут эвалюцыя адпрацавала мадэль гамiнiда па ўнiверсальнаму прынцыпу! Гэта цудоўныя тыпы гамiнiдаў-iншапланецян! Смуглыя, блакiтнавалосыя, бэзава- i зеленавокiя, з белымi пушыстымi вейкамi.

Мы бачылi iх у зусiм празрыстых скафандрах, калi яны прымкнулi да нашай арбiтальнай станцыi. Яны ўсмiхалiся з кармы карабля, запрашаючы нас да сябе.

I мы пераступiлi з адной цывiлiзацыi ў другую.

Вiнтавы лятальны апарат адплыў, i з хуткасцю святла, якая практычна нiяк не адчувалася ў сярэдзiне карабля, мы паляцелi, пераадольваючы плынь часу, у Сусвет. Першае, на што мы звярнулi ўвагу i ад чаго нам нечакана палягчэла, гэта адсутнасць бязважкасцi. Якiм чынам гэта дасягнута, мы пакуль што не можам растлумачыць. Перамешваючы расейскiя i ангельскiя словы, яны вымавiлi першую фразу: "Велком наш Галактик!" I тады мы зразумелi, што, праяўляючы вялiкую чуласць i ўвагу, мы зможам абменьвацца думкамi. Гэтыя блакiтнавалосыя iстоты высокага росту, каля двух метраў, - iх было чацвёра-пяцёра мужчын i адна жанчына. Жанчына адрознiвалася не ростам, а толькi жаночымi формамi i больш светлай скурай. Усе блакiтнавалосыя леснагрудцы даволi смуглыя, як нашы паўночныя арабы. З першых хвiлiн мы адчулi да iх давер.

Трое з iх - пiлоты лятальнага апарата, а адзiн мужчына i жанчына - знаўцы зямных моў. Гэта яны ўпершыню вывучылi i сiстэматызавалi шляхам радыёперахвату ў космасе ангельскiя i расейскiя словы i склалi зямны слоўнiк. Да моманту нашай сустрэчы яны засвоiлi значэнне звыш двух з паловай тысяч слоў i тэрмiнаў. З дапамогай гэтага слоўнага запасу пачалася наша размова. Самi яны, вядома, гавораць на мове зусiм для нас не зразумелай, але па гучанню нешта накшталт гiшпанскай.