8752.fb2
Нiхто ў ауле не ведаў аб выездзе Найман-Аны, i, акрамя заспанай сваячкi-прыслугi, якая ўвесь час сонна пазяхала, нiхто не праводзiў яе ў гэты час. Ёй жа яшчэ звечара сказала Найман-Ана, што паедзе да сваiх таркунам родзiчаў па дзявоцтву - пагасцяваць i што адтуль, калi будуць паломнiкi, адправiцца разам з iмi ў кiпчакскiя землi пакланiцца храму святога Яссавi...
Яна выехала раней, каб нiхто не дакучаў роспытамi. Ад'ехаўшы ад аула, Найман-Ана павярнула ў бок саразекаў, смутная далячынь якiх ледзь угадвалася ўперадзе ў нерухомай пустынi...
Цягнiкi ў гэтых краях iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
А па баках ад чыгункi ў гэтых краях ляжалi вялiкiя пустынныя прасторы Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтых краях усякая адлегласць вымяралася ад жалезнай дарогi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
З борта авiяносца "Канвенцыя" пайшла яшчэ адна шыфраваная радыёграма касманаўтам-кантралёрам на арбiтальную станцыю "Парытэт". У гэтай радыёграме ў тым жа катэгарычна-папераджальным тоне прапаноўвалася не ўступаць з парытэт-касманаўтамi 1-2 i 2-1, што знаходзяцца па-за Сонечнай Галактыкай, у радыёсувязь з мэтай абмеркавання часу i магчымасцi iх вяртання на арбiтальную станцыю, ва ўсiх магчымых выпадках чакаць указання Абцэнупра.
На акiяне штармiла напаўсiлы. Бурунiла, гуллiва плёскалася цiхаакiянская вада ўздоўж кармы гiганцкага судна. А сонца ўсё гэтак жа ззяла над марскiм прасторам, ахопленым бясконцымi белапеннымi хвалямi. Вецер дыхаў роўным струменем.
Ужо не першы дзень, працяжна пакрыкваючы на хаду i ледзь чутна прышаркваючы, бегла спорнай рыссю белая вярблюдзiца Акмая па лагах i раўнiнах вялiкiх саразекскiх стэпаў, а гаспадыня ўсё падганяла яе i пануквала па гарачых пустынных землях. Толькi на ноч спынялiся яны ля рэдкага калодзежа. А з ранiцы зноў падымалiся на пошукi вялiкага вярблюджага статка, што згубiўся недзе ў бясконцых саразеках.
Тут, у гэтай частцы саразекаў, непадалёку ад пясчанага чырванаватага абрыва Малакумдычапа, што працягнуўся на многiя кiламетры, сустрэлi нядаўна праезджыя купцы таго пастуха-манкурта, якога цяпер шукала Найман-Ана. Вось ужо другi дзень кружыла яна каля Малакумдычапа, баючыся наткнуцца на жуаньжуанаў, але колькi яна нi ўглядалася, колькi нi рыскала, усюды быў стэп, стэп, падманныя мiражы. Аднойчы, паверыўшы ўжо такому прывiду, пераадолела яна доўгi звiлiсты шлях да паветранага горада з мячэцямi i ахоўнымi сценамi. Можа, там яе сын на рынку нявольнiкаў? I тады яна магла б пасадзiць яго за сваёй спiной на Акмаю - i няхай паспрабавалi б iх дагнаць...
Вядома, знайсцi чалавека ў саразеках велькi цяжка, чалавек тут пясчынка, але калi пры iм вялiкая чарада, што займае шырокi прастор, то рана цi позна заўважыш з краю жывёлiну, а потым знойдзеш статак, а пры iм пастуха. На гэта i спадзявалася Найман-Ана.
Але пакуль што нiдзе нiчога не знаходзiла. I ўжо стала са страхам думаць, цi не перагналi гэты статак у iншае месца або яшчэ горш - цi не адправiлi жуаньжуаны гэтых вярблюдаў усiх разам на продаж у Хiву цi Бухару. Цi вернецца пастух з такiх далёкiх краёў?.. Калi мацi выязджала з аула знямоглая ад смутку i сумненняў, аб адным толькi марыла - убачыць сына жывым, няхай ён будзе манкурт або яшчэ хто, няхай не памятае нiчога i не разумее, але няхай будзе гэта яе сын, жывы, проста жывы... Хiба гэтага мала! Але паглыбiўшыся ў саразекi, прыблiжаючыся да месца, дзе мог аказацца той пастух, якога сустрэлi нядаўна купцы, што праходзiлi тут караванам, яна ўсё больш i больш баялася сустрэць сына, такога, скалечанага, не ў сваiм розуме, гэты страх наводзiў на яе скруху i прыгнятаў. I тады яна малiла бога, каб гэта быў не ён, не яе сын, а другi няшчасны, яна гатова была пакорна змiрыцца з тым, што сына няма i не можа быць жывога. А едзе яна толькi дзеля таго, каб паглядзець на манкурта i пераканацца, што спадзявалася яна дарэмна, i, пераканаўшыся, вернецца, i перастане мучыцца, i будзе дажываць свой век, як наканаваў лёс... Але пасля зноў невыносны смутак нараджаў жаданне знайсцi ў саразеках не каго-небудзь, а свайго сына, што б гэта нi значыла...
Так, перамагаючы адно пачуццё другiм, яна пераехала праз наступны пакаты доўгi ўзгорак i раптам убачыла вялiкую чараду вярблюдаў, што вольна пасвiлiся на шырокiм доле. Бурыя вярблюды хадзiлi сярод дробнага кустоўя i зарасляў вярблюджых калючак, абгрызаючы iх вяршкi. Найман-Ана прыспешыла як толькi магла сваю Акмаю, - тая пусцiлася з усiх ног, - сэрца мацеры зайшлося ад радасцi, што нарэшце яна знайшла чараду, пасля яна ўся задрыжала ад страху, што зараз убачыць сына, ператворанага ў манкурта. Пасля зноў узрадавалася i ўжо не магла зразумець сябе.
Вось яна пасецца, чарада, але дзе ж пастух? Павiнен быць недзе тут. I ўбачыла на другiм краi далiны чалавека. Здалёк не разабраць было, хто ён. Пастух стаяў з доўгiм посахам, трымаючы на повадзе верхавога вярблюда з паклажай, i спакойна глядзеў з-пад насунутай шапкi на яе прыблiжэнне.
I калi прыблiзiлася, калi пазнала сына, не памятала Найман-Ана, як скацiлася са спiны вярблюдзiцы. Здалося ёй, што яна ўпала, але цi да таго было!
- Сын мой, родны! Я шукаю цябе кругом! - яна кiнулася да яго так, нiбы iх раздзяляла нешта непраходнае. - Я твая мацi!
I адразу ўсё зразумела i зарыдала, топчучы зямлю нагамi, горка i страшна скрывiўшы дрыжачыя губы, стараючыся супакоiцца i не ў сiлах саўладаць з сабой. Каб не ўпасцi, чэпка схапiлася за плячо сына i ўсё плакала i плакала, аглушаная горам, якое даўно навiсла i цяпер абрынулася, падмяла яе пад сябе i схавала. I, плачучы, углядалася праз слёзы, праз налiплыя пасмы сiвых мокрых валасоў, праз дрыжачыя пальцы, якiмi размазвала дарожны пыл па твары, углядалася ў знаёмыя рысы сына i ўсё хацела злавiць яго пагляд, усё яшчэ чакаючы, спадзеючыся, што ён пазнае яе, гэта ж так проста - пазнаць сваю мацi!
Але яе з'яўленне для яго нiчога не значыла, нiбы яна была тут пастаянна i кожны дзень наведвала яго ў стэпе. Ён нават не спытаў, хто яна i чаму яна плача. У нейкi момант пастух зняў з пляча яе руку i пайшоў, цягнучы за сабой неразлучнага верхавога вярблюда з ношай, на другi бок чарады, каб паглядзець, цi не вельмi далёка адбегся маладняк, што гарэзаваў на прыволлi.
Найман-Ана засталася на месцы, прысела на кукiшкi, усхлiпваючы, зацiскаючы твар рукамi, i так сядзела, не падымаючы галавы. Потым неяк сцiхамiрылася, пайшла да сына, стараючыся быць спакойнай. Сын-манкурт як нi ў чым не бывала няўцямна i раўнадушна паглядзеў на яе з-пад насунутай на вочы шапкi,i нешта як усмешка мiльгнула на яго змучаным, да чарнаты абветраным, абсiвераным твары. Але вочы, беспрасветна абыякавыя, засталiся адлучанымi ад усяго на свеце.
- Сядай, пагаворым, - цяжка ўздыхнуўшы, сказала Найман-Ана. I яны селi на зямлю.
- Ты пазнаеш мяне? - спытала мацi.
Манкурт адмоўна пахiтаў галавой.
- А як цябе зваць?
- Манкурт, - адказаў ён.
- Гэта цябе цяпер так называюць. А ранейшае iмя сваё памятаеш? Успомнi сваё сапраўднае iмя.
Манкурт маўчаў. Мацi бачыла, што ён намагаецца ўспомнiць - на пераносiцы ад напружання выступiлi буйныя кроплi поту i вочы завалаклiся дрыготкiм туманам. Але перад iм узнiкла, вiдаць, глухая, непрабiваемая сцяна, i ён не мог яе пераадолець.
- А як звалi твайго бацьку? А сам ты хто, адкуль родам? Дзе ты нарадзiўся, хоць ведаеш?
Не, ён нiчога не памятаў i нiчога не ведаў.
- Што яны зрабiлi з табой! - прашаптала мацi, i зноў губы яе мiжволi задрыжалi, i, задыхаючыся ад крыўды, гневу i гора, яна зноў пачала ўсхлiпваць, дарэмна стараючыся сябе супакоiць. Гора мацi нiяк не трывожыла, не кранала манкурта.
- Можна забраць зямлю, можна забраць i багацце, можна забраць i жыццё, прамовiла яна ўслых, - але хто прыдумаў, хто адважваецца пасягаць на памяць чалавека?! О божа, калi ты ёсць, як навёў ты на такое людскi розум? Хiба мала зла на зямлi i без гэтага?
I тады сказала яна, гледзячы на сына-манкурта, сваё слова смутку, вядомае цяпер усiм, пра сонца, пра бога, пра сябе, яго пераказваюць, хто ведае, i цяпер, калi загавораць аб саразекскай гiсторыi.
I тады яна пачала свой плач, якi i да гэтага часу ўспамiнаюць людзi:
- Мен ботасы олген боз мая, тулыбын келiп iскеген...*
* Я няшчасная вярблюдзiца, што прыйшла ўдыхнуць пах шкуры вярблюдзяняцi, набiтага саломай.
I тады вырвалiся з душы яе доўгiя няўцешныя жальбы сярод пустынных бяскрайнiх саразекаў...
Але нiшто не магло патрывожыць сына яе, манкурта.
I тады вырашыла Найман-Ана не распытваць, а расказаць, пераканаць яго, хто ён ёсць.
- Тваё iмя Жаламан. Ты чуеш? Ты - Жаламан. А бацьку твайго звалi Даненбай. Хiба ты не памятаеш бацьку? Ён жа, калi ты быў яшчэ дзiцём, вучыў цябе страляць з лука. А я твая мацi. А ты мой сын. Ты з племя найманаў, зразумеў? Ты найман...
Усё, што яна яму гаварыла, ён выслухаў без усякай цiкавасцi да яе слоў, нiбы яна нiчога не паведамляла. Гэтак ён слухаў, напэўна, стракатанне конiка ў траве.
I тады Найман-Ана спытала сына-манкурта:
- А што было да таго, як ты прыйшоў сюды?
- Нiчога не было, - сказаў ён.
- Ноч была цi дзень?
- Нiчога не было, - сказаў ён.
- З кiм ты хацеў бы размаўляць?
- З месяцам. Але ж мы не чуем адзiн аднаго. Там нехта сядзiць.
- А што ты яшчэ хацеў бы?
- Касу на галаве, як у гаспадара.
- Дай я пагляджу, што яны зрабiлi з тваёй галавой, - нахiлiлася да яго Найман-Ана.
Манкурт рэзка адхiнуўся, адсунуўся ад яе, схапiўся рукой за шапку i больш не глядзеў на мацi. Яна зразумела, што ўспамiнаць пра яго галаву нiколi не трэба.