8752.fb2
Давялося адступiць як далей.
Але вось паказалiся здалёк агнi паравоза, i ўсе заварушылiся, узнепакоiлiся. Зарыпа не вытрывала, заплакала ўголас. I разам з ёй заплакала Укубала. Цягнiк прарочыў разлуку. Прабiваючы святлом тоўшчу марознай iмглы, ён грозна насоўваўся, вырастаючы з клубаў туману ўсёй сваёй цёмнай i няўмольнай масай. I ўсё вышэй над зямлёй узнiмалiся, палалi ягоныя фары, усё выразней было вiдаць, як круцiлiся пасмы снегу на рэйках, усё чутней i трывожней быў шум таго паравоза. Вось ужо вiдны сталi i ягоныя абрысы.
- Папiка, папiка, глядзi - цягнiк iдзе! - крычаў Эрмек i змаўкаў, здзiўлены тым, што бацька не абзываецца. I зноў спрабаваў дакрычацца да яго: Папiка, папiка!
Начальнiк раз'езда Абiлаў падбег да тых траiх:
- Паштовы вагон будзе ў галаве саставу. Прашу, прайдзiце, калi ласка, наперад. Вось туды.
I яны рушылi, цягнiк ужо наганяў. Наперадзе, не аглядваючыся, iшоў вiрлавокi з партфелем, за iм, суправаджаючы Абуталiпа, два яго шыракаплечыя памочнiкi, i на блiзкай адлегласцi ад iх подбежкам Зарыпа, за ёй Укубала, трымаючы за руку Давула. Едыгей iшоў збоч i трохi ззаду з Эрмекам на руках. I пакуль яны iшлi, змагаўся з сабой, стараўся саўладаць з цяжкiм пераселым горла камяком.
- Ты разумны хлопчык, Эрмек? Праўда, га? Ты разумны, не будзеш плакаць, скажы? - мармытаў ён, прыцiскаючы да сябе малога.
А цягнiк тым часам, запавольваючы ход, наблiжаўся. Хлопчык на руках у Едыгея спалохана ўздрыгнуў, калi паравоз, раўняючыся з iмi, але ўсё яшчэ не спыняючыся, з рэзкiм шумам выпусцiў пару i калi пачуўся прарэзлiвы свiсток кандуктара.
- Не бойся, не бойся, - сказаў Едыгей, - нiчога не бойся, калi я з табой.
Цягнiк спынiўся з доўгiм, цяжкiм скрыгатам, заiнелыя, падслепаватыя ад наледзi на шкле вагоны застылi на месцы. I зрабiлася цiха. Але паравоз з шыпеннем тут жа выпусцiў пару, гатовы зноў крануцца з месца. Паштовы вагон быў наступны пасля багажнага. Вокны паштовага былi забраны кратамi, дзверы адчынiлiся з сярэдзiны. Выглянулi мужчына i жанчына ў форменных паштовых фуражках, у ватных штанах i целагрэйках. Жанчына з лiхтаром была, мусiць, за старшую. Грузная i шыракагрудая.
- Гэта вы? - сказала яна, трымаючы лiхтар ля галавы так, каб святло падала на ўсiх. - Чакаем вас. Месца гатовае.
Першы падняўся вiрлавокi з вялiзным партфелем.
- Ну давайце, давайце, не затрымлiвайце! - загаманiлi адразу тыя двое.
- Я скора вярнуся! Гэта нейкае непаразуменне, - таропка казаў Абуталiп. Скора вярнуся, чакайце!
Укубала не вытрывала. Уголас зарыдала, калi Абуталiп пачаў развiтвацца з дзецьмi. Ён iх з усяе сiлы прыцiскаў да сябе, цалаваў i нешта казаў iм, напалоханым i няўцямным. А паравоз ужо быў гатовы ў дарогу. I тут пачуўся зноў пранiзлiвы, аж рваў душу, свiсток.
- Ну ўсё, давай-давай садзiся! - пацягнулi тыя двое Абуталiпа да прыступкаў вагона.
Едыгей i Абуталiп паспелi на развiтанне моцна абняцца, скалануўшыся ў нейкi момант сэрцам, усёй iстотаю сваёй, прыцiскаючыся адзiн да аднаго мокрымi няголенымi шчакамi.
- Расказвай iм пра мора! - шапнуў Абуталiп.
То былi ягоныя апошнiя словы. Едыгей зразумеў. Бацька прасiў расказваць сынам пра Аральскае мора.
- Ну хопiць тут, давай, ану давай! - расцягнулi iх.
Падпiраючы ззаду плячмi, тыя двое ўпiхнулi Абуталiпа ў вагон. I тут толькi дайшла да свядомасцi малых страшная сутнасць расстання. Яны заплакалi ўголас, закрычалi:
- Папiка! Папiка!
I тады рвануўся Едыгей з Эрмекам на руках да вагона.
- Ты куды? Ты куды? Бог з табой! - гарачлiва адпiхвала яго жанчына з лiхтаром, засланяючы цяжкiмi плячамi праход да дзвярэй.
Але нiхто не разумеў у тую хвiлiну, што Едыгей гатовы быў, каб на тое, сам паехаць замест Абуталiпа, каб па дарозе прыдушыць таго вiрластага ўласнымi рукамi, гэтак яму стала невыносна балюча, калi заплакалi, закрычалi малыя.
- Не стойце тут! Iдзiце адсюль, iдзiце! - крычала жанчына з лiхтаром. I ад яе тхала тытунём i цыбуляй.
Зарыпа ўспомнiла пра вузельчык.
- Перадайце, перадайце, гэта яда! - кiнула яна вузельчык у вагон.
I дзверы паштовага вагона зачынiлiся. Усё змоўкла. Паравоз даў сiгнал i крануўся з месца. Ён пайшоў, рыпуча раскручваючы колы, паволi набiраючы ход на марозе.
Баранлiнцы мiжволi памкнулi за цягнiком, iдучы побач з наглуха закрытымi дзвярамi. Першая ачомалася Укубала. Яна схапiла Зарыпу, прыцiснула да грудзей i не адпускала.
- Давул! Стой, стой тут, трымай маму за руку, - загадала яна, уся там, дзе ўсё мацней, усё часцей грукаталi колы...
I Едыгей доўга не мог супакоiць, суняць малога Эрмека, якога душылi слёзы.
Ужо дома, калi сядзеў зажураны ля печы, ён успомнiў пра Абiлава. Цiха падняўся, пачаў апранацца. Укубала адразу здагадалася.
- Ты куды? - схапiла мужа за руку. - Не чапай яго, пальцам не кранi. У яго жонка цяжарная.
- Супакойся, я яго не крану, але ён павiнен ведаць, што яму лепш перабiрацца ў iншае месца, - ён вырваў руку i выйшаў з дому.
У Абiлавых яшчэ гарэла святло.
Жорстка ступаючы па снезе, Едыгей падышоў да дзвярэй i моцна пастукаў. Дзверы адчынiў Абiлаў.
- А, Едыке, заходзь, заходзь, - спалохана сказаў ён, адступiў назад.
Едыгей пайшоў моўчкi за iм, спынiўся на парозе, прачыняючы за сабой дзверы.
- Ты навошта асiрацiў гэтых няшчасных? - сказаў ён, сiлячыся быць як мага стрыманей.
Абiлаў упаў на каленi i папоўз, хапаючыся за крысо Едыгеевага кажуха.
- Дальбог, не я, Едыгей! Вось каб жонцы маёй не радзiць дзiця! Гэта той самы рэвiзор. Успомнi. Гэта ён усё дапытваўся, што, маўляў, пiша ён i навошта пiша. Гэта ён, гэта рэвiзор. Як я мог! У мяне сёння ля цягнiка ўсё нутро перавярнулася! Гэта ўсё рэвiзор, рэвiзор...
- Ну добра, - перапынiў яго Едыгей. - Устань, пагаворым як людзi. Вось пры жонцы тваёй. Нават калi ты i не вiнаваты. Табе ўсё адно дзе жыць. А нам тут заставацца да самай, можа, смерцi. Дык ты падумай. Мусiць, варта табе з часам перабрацца на iншую работу. Гэта мая парада. Вось i ўсё. I больш да гэтай размовы не вернемся. Толькi гэта i хацеў сказаць...
З тым Едыгей выйшаў, закрыўшы за сабою дзверы.
IX
На цiхiм акiяне, у раёне Алявутаў быў поўдзень. Усё гэтак жа штармiла напаўсiлы, па ўсёй адкрытай пространi кацiлiся, ускiпаючы, хвалi адна за адной - велiчнае вiдовiшча воднай стыхii. Авiяносец "Канвенцыя" ледзь пагойдваўся на хвалях. Ён быў там, дзе i раней, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Сан-Францыска i Ўладзiвастокам. Усе службы судна мiжнароднай навуковай праграмы ў напружаннi, у поўнай гатоўнасцi да дзеянняў.
На той час на борце авiяносца завяршалася экстраннае пасяджэнне асобаўпаўнаважаных камiсiй па расследаванню надзвычайнага становiшча, якое ўзнiкла ў вынiку адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi ў сiстэме свяцiла Дзяржацель. Парытэт-касманаўты 1-2 i 2-1, што самавольна адбылi разам з iншапланецянамi, усё яшчэ знаходзiлiся на планеце Лясныя Грудзi, тройчы атрымаўшы папярэджанне ад Абцэнупра праз радыёсувязь арбiтальнай станцыi "Парытэт" - нi ў якiм разе не адважвацца нi на якiя дзеяннi без асобых указанняў Абцэнупра.
Гэтыя катэгарычныя патрабаваннi Абцэнупра былi не толькi ўстурбованасцю за лёс касманаўтаў, але i вынiкам выключна складанай сiтуацыi, спрэчак двух бакоў, якiя пагражалi поўным разрывам супрацоўнiцтва, больш таго - яўнай канфрантацыяй. Тое, што нядаўна зблiжала ў iнтарэсах iнтэграванай навукова-тэхнiчнай моцы галоўных дзяржаў, - праграма "Дэмiвург" сама па сабе адышла на другi план i адразу страцiла сваё былое значэнне перад наяўнасцю суперпраблемы. Сябры камiсiй добра разумелi: небывалае адкрыццё ставiць пад сумненне асновы сусветнага супольнiцтва, патрабуе перагледжання ўсiх правiл чалавечага iснавання.
I яшчэ, як заўсёды ў крызiсныя моманты гiсторыi, праявiлiся з усёй сiлай карэнныя супярэчнасцi дзвюх розных грамадска-палiтычных сiстэм на Зямлi.