8752.fb2
I розум перамог, бакi прыйшлi да кампрамiсу - вымушанаму, на строга сбалансаванай аснове. У сувязi з гэтым на арбiтальную станцыю "Парытэт" перадалi кодавую радыёграму Абцэнупра наступнага зместу:
"Касманаўтам-кантралёрам 1-2, 2-1. Вам належыць неадкладна ўключыцца ў радыёкантакт з дапамогай бартавых сiстэм "Парытэта" з парытэт-касманаўтамi 1-2, 2-1, што знаходзяцца ў пазасонечнай Галактыцы, у так званай сiстэме свяцiла Дзяржацель на планеце Лясныя Грудзi. Неабходна тэрмiнова паведамiць iм, што на аснове заключэнняў двухбаковых камiсiй, якiя вывучалi iнфармацыю пра пазаземную цывiлiзацыю, адкрытую парытэт-касманаўтамi, Абцэнупр прымае рашэнне, што не падлягае перагляду:
а) не дапускаць вяртання былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 на арбiтальную станцыю "Парытэт" i тым самым на Зямлю як асоб, што непажаданыя для зямной цывiлiзацыi;
б) аб'явiць насельнiкам планеты, што завецца Ляснымi Грудзьмi, пра нашу адмову ўступаць з iмi ў любыя вiды кантактаў як несумяшчальныя з гiстарычным вопытам, надзённымi iнтарэсамi i асаблiвасцямi сённяшняга развiцця чалавечага грамадства на Зямлi;
в) папярэдзiць былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, а таксама iншапланецян, што знаходзяцца з iмi ў кантакце, каб яны не рабiлi спробы наладзiць сувязь з зямлянамi, нi тым больш выходзiць у каляземныя сферы, як гэта мела месца ў выпадку наведвання iншапланецянамi арбiтальнай станцыi "Парытэт" на арбiце "Трамплiн";
г) у месцах iзаляцыi каляземнай касмiчнай прасторы ад магчымага ўварвання лятальных апаратаў мiжпланетнага паходжання Абцэнупр "аб'яўляе ўстанаўленне ў тэрмiновым парадку Надзвычайнага транскасмiчнага рэжыму пад назвай аперацыя "Абруч", запраграмаваўшы серыю баявых ракет-робатаў, што баражыруюць па зададзеных арбiтах i разлiчаны таксама на знiшчэнне ядзерна-лазерным промнем любых прадметаў, якiя наблiзяцца ў космасе да зямнога шара;
д) давесцi да ведама былых парытэт-касманаўтаў, якiя самавольна наладзiлi кантакт з iншапланетнымi iстотамi, што ў мэтах бяспекi, захавання цяперашняй стабiльнасцi геапалiтычнай структуры зямлян выключаецца любая магчымасць сувязi з iмi. А пасля будуць прыняты ўсе меры да найстражэйшага засякрэчвання падзеi, што мела месца. З гэтай мэтай арбiта станцыi "Парытэт" будзе неадкладна зменена, а каналы радыёсувязi станцыi нанова забяспечаны кодам;
е) яшчэ раз папярэдзiць iншапланецян пра небяспеку наблiжэння да зонаў "Абруча" вакол зямнога шара.
Абцэнупр. Борт авiяносца "Канвенцыя".
Прымаючы гэтыя засцерагальныя меры, Абцэнупр вымушаны быў замарозiць на няпэўны час усю праграму "Дэмiвург" па асваеннi планеты Iкс. Арбiтальную станцыю "Парытэт" належала перавесцi на другiя параметры кручэння i выкарыстоўваць яе для бягучых касмiчных назiранняў. Кааператыўны навукова-даследчы авiяносец "Канвенцыя" было вырашана перадаць на захаванне нейтральнай Фiнляндыi. Пасля запуску ў дальнi космас сiстэмы "Абруч" усiм парытэтным службам, усiм навуковым i адмiнiстрацыйным работнiкам, усёй абслузе належала расфармiравацца, даўшы подпiс не раскрываць да самай смерцi прычыны прыпынення дзейнасцi Абцэнупра.
Для шырокай грамадскасцi мелася на ўвазе аб'явiць, што работы па праграме "Дэмiвург" перапыняюцца на няпэўны час у сувязi з неабходнасцю капiтальных вышукаў i карэкцый на планеце Iкс.
Усё было дакладна прадумана. I ўсяму гэтаму належала здзейснiцца адразу ж пасля экстраннага вываду "Абруча" вакол зямнога шара.
Перад тым, непасрэдна пасля заканчэння пасяджэнняў камiсiй, усе дакументы, усе шыфроўкi, уся iнфармацыя былых парытэт-касманаўтаў, усе пратаколы, усе плёнкi i паперы, якiя мелi хоць якiя адносiны да гэтай вартай жалю гiсторыi, былi знiшчаны.
Над Цiхiм акiянам апускаўся вечар. Надвор'е стаяла адносна роўнае, але адчувалася, акiян пачынаў непакоiцца. Чутно было ракаценне, чуцён быў зласлiвы пошум хваль.
Служба авiякрыла на авiяносцы чакала сябраў асобаўпаўнаважаных камiсiй. I вось яны выйшлi, развiталiся. Адны пайшлi на пасадку да аднаго самалёта, другiя - да другога.
Узлёт прайшоў удала, нягледзячы на гайданку. Адзiн з лайнераў узяў курс на Сан-Францыска, другi ў супроцьлеглы бок - на Ўладзiвасток.
Прадзьмутая высокiмi i нiзкiмi вятрамi, плыла Зямля па адвечных кругах сваiх. Плыла Зямля... Маленькая пясчынка ў невымернай бясконцасцi Сусвету. Такiх пясчынак там было вялiкае мноства. Але толькi на ёй, на планеце Зямля, жылi людзi. Жылi як маглi i як умелi i калi-нiкалi, цiкаўныя, рабiлi спробу дазнацца, цi няма яшчэ дзе падобных да iх iстот. Спрачалiся, вынаходзiлi гiпотэзы, высаджвалiся на Месяц, засылалi аўтаматычныя ладункi на другiя нябесныя целы, але кожны раз пераконвалiся з горыччу, што нiдзе поблiз Сонечнай сiстэмы няма нiчога падобнага да iх, як i наогул нiякага жыцця. Потым яны пра гэта забывалiся, не да таго было, не гэтак проста было iм жыць i разумецца, дый хлеб надзённы здабываць было нялёгка... I плыла Зямля сама на сабе...
Увесь той студзень быў надта марозны i мглiсты. I адкуль столькi халадэчы наганяла ў саразекi! Цягнiкi як толькi трывалi: змярзалiся буксы, вагоны, здавалася, наскрозь працiнаў сiберны вецер. Чорныя нафтаналiўныя цыстэрны стаялi на станцыi спрэс белыя ад снегу i шэранi. I скрануцца з месца цягнiкам было не так i проста.
А тут яшчэ i заносы пачалiся на пуцях. Адно другога не лепей. Вятры раз'ятралiся. У саразеках была iм вольная воля, не сцямiш, з якога боку шугане пурга. I здавалася баранлiнцам, што вецер назнарок стараўся намесцi гурбы на чыгунцы. Нiбы стараўся нарабiць баранлiнцам шкоды.
У Едыгея з Казангапам не разгiналiся спiны. Выручалi вярблюджыя валакушы. Увесь цяжкi верхнi слой заносу вывозiлi на абочыну дарогi валакушай, астатняе дараблялi ўручную. Едыгей не шкадаваў Каранара, запрэг яго на пару з другiм вярблюдам i пасабляў iм бiчом цягаць тыя цяжкiя валакушы. Другiх прыстасаванняў тады не было. Нехта чутку пусцiў, што выйшлi ўжо з заводаў спецыяльныя снегаачышчальнiкi, што самаходзь, як лакаматывы, бегаюць па пуцях i адграбаюць ад iх снег. Абяцалi такiя машыны i сюды нiбыта, але абяцанка наогул на тое, каб чакаць ды чакаць.
I летам няшчадна пякло i сушыла, i мароз не горш прыпякаў - не дыхнуць, здавалася, паветра парве лёгкiя. I ўсё адно цягнiкi iшлi, i справа не стаяла на месцы. Едыгей аброс шчэццю, у якой пракiдвалася сiвiзна, вочы рэзала ад недасыпу, твар счарнеў, бы той саган. З паўкажушка не вылазiў, а поверх яшчэ i плашч брызентавы насiў з капюшонам. На нагах валёнкi. Але якi занятак не меў бы Едыгей, як бы цяжка яму нi даводзiлася, думка пра Абуталiпа Кутыбаева не давала яму жыць. Балюча азвалася тая ягоная гiсторыя ў Едыгеi. Часта думалi-бедавалi яны з Казангапам, - чым жа ўсё гэта скончыцца. Казангап маўчаў, хмурнеў, думаючы пра нешта сваё. А аднойчы сказаў:
- Даўней казалi: "Хан не бог. Цi ж ён ведае, што робяць тыя, хто пры iм? А тыя, што пры iм, цi ведаюць пра тых, хто на базарах рабуе". Так было i так будзе вечна.
- Глянь, прарок знайшоўся, - неўзлюбiў Едыгей. - Дзе тыя ханы цяпер? А мы з табой?
- Мы?.. - зацiкавiўся Казангап.
- Ат! - раздражнёна мармытнуў Едыгей.
I хадзiў як не ў сабе, не падымаючы вачэй. А тут яшчэ захварэў большанькi Кутыбаевых - Давул. Качаецца ў гарачцы, трызнiць, кашляе, горла сцiснула, не можа нiчога пракаўтнуць. Зарыпа сказала, што ў яго ангiна, i пачала лячыць яго ўсялякiмi таблеткамi. Але быць пры дзецях неадлучна яна не магла: рабiла стрэлачнiцай, жыць трэба было. I ўдзень, i ўночы выходзiла на дзяжурства. Давялося Укубале браць на сябе чужыя клопаты. Сваiх дзяцей двое, чужых двое, з чатырма ўпраўлялася, ведаючы, як цяжка Абуталiпавай сям'i. I Едыгей стараўся памагаў. Уранку прыносiў вугаль да iх у барак i распальваў у печы. Засыпаў адразу болей вядра, каб цэлы дзень цяпло трымалася. Ваду з цыстэрны таксама прыносiў, дровы калоў. Цяжэй было другое: немагчыма, невыносна было глядзець у вочы Абуталiпавым малым i адказваць на iхнiя пытаннi. Старэйшы ляжаў хворы, быў ён характарам рахманы, а вось малодшы... Жвавы, уражлiвы - з iм было цяжэй. Кожнай ранiцы Едыгей тапiў печ i баяўся, што разбудзiць Эрмека, якi тут жа спытае:
- Дзядзечка Едыгей, а папiка прыйдзе сёння?
I падхопiцца з пасцелi, i падбяжыць да яго, чакаючы адказу i суцяшэння. Едыгей абдыме малога, худзенькага, цёплага, i будзе прасiць легчы ў пасцель, i будзе размаўляць з iм як з дарослым:
- Не ведаю, Эрмек, пра сёння, але мне абяцалi, калi што, адразу паведамяць са станцыi. У нас жа пасажырскiя не спыняюцца, сам ведаеш.
"Дзядзька Едыгей, - давай сядзем на таварняк i паедзем да самага галоўнага дыспетчара. I скажам, каб спынiў цягнiк, на якiм едзе папiка".
Даводзiлася хiтраваць.
- Дык зiма ж цяпер, на таварным не паедзеш. Падумай, якiя халады!
Хлопчык змаўкаў i задумваўся.
- Ты паляжы пакуль, - казаў Едыгей, - а я гляну, як там Давул. - I падыходзiў да хворага, клаў цяжкую шурпатую руку на гарачы лоб дзiцяцi. Той з цяжкасцю расплюшчваў вочы, квола ўсмiхаўся засмяглымi губамi. - Ты не раскрывайся, Давул, ты потны ўвесь. I ты, Эрмек, глядзi, каб ён не ўставаў. Скора мама вернецца з дзяжурства. А зараз цётка Укубала прынясе вам паесцi. А Давул, як паздаравее, будзе прыбягаць да нас, гуляць будзе з Саўле i Шарапат... А пакуль вы ляжыце, бо мне на работу пара. Снег трэба разграбаць, каб цягнiкi хадзiлi.
Але Эрмек быў няўмольны.
- Дзядзька Едыгей, ты паабяцай мне, што калi той цягнiк з папiкам спынiцца, я таксама пайду сустракаць.
Едыгей iшоў ад iх з цяжкiм, шчымлiвым пачуццём. Было крыўдна, i была злосць нейкая на ўвесь свет. I ён зганяў тую злосць на снезе, на ветры, на вярблюдах, якiх не шкадаваў на рабоце. Пеклаваўся як апантаны, нiбы адзiн мог змагчы саразекскую пургу...
А днi iшлi, ужо i студзень мiнуўся, i халады пачалi памалу адступаць. Ад Абуталiпа не было нiякiх вестак. Не ведалi што i думаць Едыгей i Казангап. Але ж верылi, што павiнны адпусцiць неўзабаве, што разбяруцца, бо пiсаў жа ў той сшытак для сябе, не для каго-небудзь. Спадзявалiся на лепшае i пра тое ж казалi Зарыпе, хацелi, каб яна мацнела духам. Яна i сама разумела, што дзеля дзяцей трэба агорацца. I, праўда, нiбы скамянела. Вусны сцятыя, адно вочы блiшчаць трывожлiва. Хто ведае, на колькi хапiла б ёй вытрымкi.
У Бураннага Едыгея выдалася тым часам вольная хвiлiна. Вырашыў пайсцi ў стэп зiрнуць, як гурт верблюдовы пасецца i, галоўнае, як паводзiць сябе Каранар. Цi не скалечыў каго ў статку? Утаймавацца пара б. Пайшоў на лыжах. Гэта было недалёка. Вярнуўся неўзабаве. I збiраўся сказаць Казангапу, што, маўляў, усё ў парадку. Пасецца жывёла, маўляў, снегу там амаль няма, таму i падножны корм адкрыты, непакоiцца няма чаго. Але рашыў найперш лыжы дома пакiнуць. Старэйшая дачка Саўле перапалохана адчынiла дзверы:
- Мама, мама плача. - I шаснула ў пакой.
Едыгей кiнуў лыжы ў парозе, пачуў, што Укубала пачала галасiць.
- Што? Што здарылася?
- Няхай будзе праклятае ўсё на гэтым праклятым свеце, - стагнала, захлiпалася слязьмi Укубала.
Нiколi не бачыў жонку сваю ў такiм стане Едыгей.
- Гэта ты, ты ва ўсiм вiнаваты!
- У чым? У чым я вiнаваты? - здзiвiўся Едыгей.
- Гэта ты нагаварыў усiм усялякага, гэта ты падбiў iх! Хлапчукi Абуталiпавы як толькi ўбачылi, што спынiўся пасажырскi, кiнулiся да яго з крыкам: "Папiка! Папiка! Папiка прыехаў!" Я за iмi. А яны бягуць ад вагона да вагона i завуць свайго папiку. Думала, пад цягнiк трапяць. Доўгi такi састаў, а яны бягуць: "Папiка, папiка!" I пакуль дагнала я, пакуль ухапiла меншага, ды пакуль другога ўхапiла за руку, цягнiк крануўся i пайшоў. А яны вырываюцца: "Папiка, дзе наш папiка?" - i такi плач усчалi! Сэрца маё разрывалася, думала, звар'яцею, - так яны плакалi! Эрмеку блага. Iдзi супакой яго. Iдзi! Гэта ж трэба нагаварыць дзецям такога. Стары чалавек!
Едыгей iшоў да iх як на кару. I ў душы малiў бога, каб дараваў яму мiжвольны падман даверлiвых душ. Бо ён не хацеў iм зла. I што цяпер iм казаць, як трымаць адказ?
Пры ягоным з'яўленнi Эрмек i Давул закрычалi, заплакалi яшчэ мацней, сiлячыся растлумачыць, што бацька не паспеў сысцi з цягнiка, што няхай ён, дзядзька Едыгей, спынiць цягнiк...