8752.fb2 Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

Едыгей узнепакоiўся не на жарт. Уявiў сабе, колькi клопату будзе, колькi непрыемнасцей.

- Ды хопiць табе, супакойся. Знойдуцца i там добрыя атаны, яны яму бой дадуць, вернецца, як пабiты сабака, куды ён дзенецца, - супакоiў яго Казангап.

На другi дзень пачалi паступаць, нiбы паведамленнi з фронту, звесткi пра баявыя дзеяннi Бураннага Каранара. Карцiна вымалёўвалася маласуцяшальная. Варта было спынiцца цягнiку на Баранлы-Буранным, як машынiст, або качагар, або кандуктар расказвалi пра штукарствы Каранара дзе-небудзь у прыстанцыйных вярблюджых гуртах. Расказвалi, што на раз'ездзе Малакумдычап забiў да смерцi двух атанаў i пагнаў перад сабой у стэп чатырох матак, гаспадарам ледзь удалося адбiць iх у Каранара. Давялося з ружжаў страляць у паветра. У другiм месцы Каранар сагнаў з вярблюдзiцы гаспадара, што ехаў верхам. Гаспадар чакаў гадзiны дзве, думаў, што, нацешыўшыся, атан адпусцiць ягоную вярблюдзiцу, якая, дарэчы, не надта прыспешвала расстанне. Калi ж гаспадар пачаў наблiжацца да вярблюдзiцы, каб забраць яе i ехаць дамоў, Каранар кiнуўся на яго раз'юшана i пагнаў у стэп - i затаптаў бы, каб той не паспеў скочыць у нейкую глыбокую вымоiну i затаiцца там, як мыш, нi жывы нi мёртвы. Потым ён ачомаўся i, выйшаўшы ярам як далей ад месца сустрэчы з Каранарам, паспяшаўся дадому шчаслiвы, што жывы застаўся.

Але самае трывожнае паведамленне паступiла ў пiсьмовым выглядзе з раз'езда Ак-Майнак. Вунь куды падаўся, пракляты, аж за станцыю Кумбель! Адтуль прыйшло пiсьмо ад нейкага Каспана. Вось што пiсалася ў гэтай даволi цiкавай нататцы:

"Салем, паважаны Едыгей-ага! Хоць ты i вядомы чалавек у саразеках, але давядзецца табе выслухаць непрыемныя рэчы. Я думаў, што ты гаспадар спраўны, а ты такую волю даў свайму бандыту. Ад цябе мы такога не чакалi. Ён тут у нас учынiў такое! Скалечыў нашых атанаў, а сам адбiў трох лепшых матак i да таго ж завiтаў сюды не адзiн - прыгнаў нейкую вярблюдзiцу асядланую, мабыць, сагнаў з яе гаспадара, iнакш навошта той вярблюдзiцы быць пад сядлом? Адбiў ён гэтак матак, пагнаў у стэп i нiкога блiзка не падпускае - нi чалавека, нi жывёлу. Хiба так можна? Адзiн наш малады атан здох ужо - у яго паламаны рэбры. Я хацеў стрэламi адпудзiць Каранара, забраць нашых матак - не памагло, не баiцца. Гатовы загрызцi каго хочаш, каб толькi не перашкаджалi яму займацца любiмай справай. Ён не жарэ, не п'е, крые гэтых матак без разбору, аж зямля ходарам ходзiць. Брыдка глядзець, як ён гэта робiць. I раве на ўвесь стэп, нiбы канец свету настаў. Страшна чуць! Я такой ненажэры ў жыццi не бачыў. У нашым пасёлку ўсе ўстрывожаны. Жанчыны i дзецi баяцца адысцiся ад дому. А таму i патрабую, каб ты, не марудзячы, прыбыў сюды i забраў свайго Каранара. Даю тэрмiн. Калi праз дзень не з'явiшся i не пазбавiш нас ад гэтага нашэсця, дык не сярдуй, дарагi ага. Ружжо ў мяне буйнакалiбернае. Такiмi кулямi мядзведзя павалiць можна. Стрэлю яму ў дурную ягоную галаву пры сведках - i справе канец. А шкуру прышлю з аказiяй. Не пагляджу, што Буранны Каранар. А слова маё цвёрдае. Прыязджай, пакуль не позна.

Твой ак-майнакскi зямляк Каспан".

Вось такое закруцiлася. Пiсьмо хоць i дзiвак напiсаў, але папярэджанне ў iм сур'ёзнае. Параiлiся яны з Казангапам i рашылi, што Едыгею давядзецца неадкладна выпраўляцца на раз'езд Ак-Майнак.

Сказаць проста, зрабiць не так лёгка. Трэба было дабрацца да Ак-Майнака, злавiць Каранара ў стэпе ды вярнуцца назад у такую халадэчу, калi завiруха магла ўсчацца ў любы момант. Але хто ведае, як далёка зайшоў у стэп Каранар са сваiм гарэмам. Мяркуючы па лiсту, ак-майнакцы былi так раззлаваны, што маглi не даць ездавога вярблюда, ганяйся тады пешкi за Каранарам.

Ранiцай Едыгей рушыў у дарогу. Укубала нарыхтавала яму яды на дарогу. Апрануўся ён як мае быць. Уповерх ватных штаноў i целагрэйкi надзеў кажух, на ногi валёнкi, на галаву лiсiны малахай, такi, што нi з бакоў, нi ззаду вецер не праб'е, на рукi цёплыя аўчынныя рукавiцы. А калi сядлаў вярблюдзiцу, на якой збiраўся ехаць, прыбеглi Абуталiпавы малыя. Давул прынёс яму вязаны ўручную шарф.

- Дзядзька Едыгей, мама баiцца, каб у цябе шыя не застыла.

- Шыя? Лепей скажы, горла.

Едыгей так расчулiўся, што пачаў абдымаць, цалаваць малых, галава кругам пайшла. Радасць была на душы, як у таго дзiця.

- Скажыце маме, што я скора вярнуся, можа, заўтра яшчэ буду. Нi на хвiлiну не затрымаюся. А потым мы разам збярэмся i будзем пiць чай.

Як хацелася Едыгею найхутчэй дабрацца да таго Ак-Майнака i вярнуцца назад, каб убачыць Зарыпу, зазiрнуць ёй у вочы i ўпэўнiцца, што не выпадкова патрапiў да яго той шарфiк, якi ён беражлiва згарнуў i паклаў сабе ў кiшэню пiнжака, блiжэй да сэрца. Выехаўшы, ён ледзь стрываў, каб не павярнуць назад - бог з iм, гэтым шалёным Каранарам, няхай страляе яго нейкi Каспан, няхай прысылае ягоную шкуру. Няхай! Так i трэба Каранару, колькi можна цярпець ягоныя штукарствы! Было, было такое парыванне! Але збаяўся. Зразумеў, што дурань дурнем будзе выглядаць у вачах людскiх, кiм ён паўстане перад Укубалай, ды i Зарыпай? I паастыў. Зразумеў, што толькi адзiн у яго спосаб збiць нецярплiвасць - хутчэй дабрацца i хутчэй вярнуцца.

З тым ён i ехаў. Марозна было. Вецер дыхаў роўна i сiберна. На ветры лiсiны малахай браўся пушыстай куржой. I гэткай жа белай была шыя вярблюдзiцы. На зiму, бач, бярэцца. Затуманiлася далеч. Зблiзу нiбы няма таго туману, а глянеш далей - сiвее далягляд.

Маладая, але ходкая вярблюдзiца iшла нiштавата сабе, бадзёра бэрсала нагамi цалiк. Але для Едыгея гэта была не тая язда, не тая хуткасць. Каб на Каранары - не так ехаў бы. У таго дыханне куды мацней, ды i мах не параўнаць. Нездарма казалi яшчэ некалi:

Чым лепей конь мой ад таго?

Непараўнальным ходам лепей.

Чым лепш батыр ад батыра?

Ды вострым розумам, вядома.

Язда была няблiзкай i ўвесь час на адзiноце. Але весялiла думка пра той шарфiк, якi схаваў каля сэрца. Колькi пражыў на свеце, а не думаў, што такая драбнiца можа так грэць душу. Бывала, i задумваўся. Як жыць далей. Чалавек жывы павiнен жыць, бачачы мэту перад сабой, ведаючы шлях да гэтай мэты. А iх дык i не было.

I тады журботна туманiўся Едыгееў пагляд, як тая маўклiвая саразекская далеч. Не знаходзiў Едыгей адказу, маркоцiўся, перажываў, дух ягоны занепадаў, каб зноў акрыляць сябе лятункамi...

А часам рабiлася яму i страшнавата, вусцiшнавата ў гэтай глушэчы i пустэльнасцi. I навошта такое жыццё выпала яму? Навошта ён трапiў у саразекi? Навошта напаткалася яму тут гэтая няшчасная сям'я, якую неўзлюбiў лёс? Не было б усяго гэтага, не ведаў бы нiякiх згрызот i жыў бы сабе спакойна i вольна. Дык не, душа пакутуе, i хочацца ёй таго, што немагчыма... А тут яшчэ гэты Каранар, таксама клопат, нейкая кара боская. Не, як нi кажы, не шанцуе ў гэтай жытцы...

Дабраўся Едыгей да Ак-Майнака якраз пад вечар. Стамiлася ў дарозе вярблюдзiца. Няблiзкi свет, зiмовая дарога.

Ак-Майнак - такi ж раз'езд, як Баранлы-Буранны, толькi вада ў iх свая, калодзежная. А так - тое самае, тыя ж саразекi.

Пад'язджаючы да Ак-Майнака, спытаў Едыгей у нейкага стрэчнага, дзе, маўляў, тут Каспан. Той яму сказаў, што Каспан гэтым часам на рабоце, дзяжурыць на раз'ездзе. Туды i пакiраваў Едыгей. Пад'ехаў да дзяжуркi i хацеў быў спешыцца, калi на ганку паявiўся жвавы, усмешлiвы нейкi дзяцюк у кажусе не па росту, у стаптаных валёнках, у старым малахаi, надзетым на адно вуха.

- А-а, Едыгей-ага! Наш дарагi Баранлы-ага! - адразу пазнаў ён Едыгея i кiнуўся насустрач з ганка. - Вось i ты. А мы чакаем-чакаем, думаем, цi прыедзе.

- Паспрабуй не прыехаць, - усмiхнуўся Едыгей, - калi такое грознае пiсьмо атрымаў.

- А як жа iнакш? Але пiсьмо - марнасць, паперка. А тут справы такiя, што трэба тэрмiнова ратаваць нас ад дурнога Каранара, бо мы нiбы ў блакадзе. У стэп ходу нам няма. Убачыць каго здаля - бяжыць як апантаны, гатовы знявечыць! Вар'ят нейкi. Гэта ж кара - мець такую жывёлiну! - Ён змоўк, аглядзеў Едыгея i дадаў: - Толькi я не разумею, як ты да яго падступiшся з голымi рукамi.

- Навошта з голымi рукамi? Вось мая зброя. - Едыгей дастаў з дарожнай сумы накручаны на пугаўё бiч.

- Гэтай пугай ты рады дасi?

- А што, гармату загадаеш мець супроць вярблюда?

- Ды мы тут з ружжамi баiмся. Не ведаю, можа, папусцiцца табе як гаспадару... Але наўрад, вочы шалёныя...

- Ну, гэта яшчэ паглядзiм, - адказаў Едыгей. - Навошта час трацiць? Мусiць, ты i ёсць той самы Каспан. Калi так, дык вядзi мяне, пакажы, дзе ён, а ўсё астатняе справа мая.

- Гэта не так блiзка, - сказаў Каспан i пачаў аглядвацца па баках, а потым паглядзеў на гадзiннiк. - Вось што, Едыгей-ага, позна ўжо. Пакуль дабярэшся туды, звечарэе. Не, так справа не робiцца. А потым, такiх людзей, як ты, не заўсёды даклiчашся ў госцi. Будзь нашым госцем. А ранiцай - рабi як знаеш.

Такога павароту Едыгей не чакаў. Ён разлiчваў, што калi ўдасца злавiць Каранара, дык сёння ж ноччу дабярэцца да Кумбеля, там заначуе, а на свiтаннi выправiцца далей. Бачачы, што Едыгей нецярплiвiцца, Каспан рашуча запярэчыў:

- Не, Едыгей-ага, так не будзе. За пiсьмо даруй. Але другога выйсця не было. А цяпер я не адпушчу цябе. Не дай бог здарыцца што ноччу ў бязлюдным стэпе... Не, заставайся, а ранкам як хочаш. Вунь мой дамок, з краю. Ён твой. Заставайся. А вярблюдзiцу стаўляй у загон. Корм будзе. Вада ў нас свая, хапае.

Хутка сцямнела тым зiмовым днём. Каспан i ягоная сям'я аказалiся цудоўнымi людзьмi. Старая мацi, жонка, хлапчук гадоў пяцi (старэйшая дзяўчынка вучылася ў Кумбельскiм iнтэрнаце) i сам Каспан толькi i клопату мелi, каб дагадзiць госцю. У доме было цёпла, па-асаблiваму ажыўлена. На кухнi варылася мяса, духмяны пах стаяў. Тым часам пiлi чай. Старая сама налiвала пiялы Едыгею i ўсё распытвала пра сям'ю, пра дзяцей, пра жонку, ды адкуль, маўляў, сам, ды сама ў сваю чаргу расказвала, калi i як прыбiлася на раз'езд Ак-Майнак. Едыгей ахвотна адгукаўся на размовы, хвалiў пачастунак, асаблiва масла - не такi часты пачастунак у саразеках. А яго iм прыслалi сваякi з Уралу. Едыгей, смакуючы праснакi з гэтым маслам, казаў, што адчувае нават пах лугавых траў, чым надта расчулiў старую, i яна пачала расказваць пра радзiму сваю - пра яiцкiя землi, пра тамтэйшыя травы, лясы i рэкi...

Тым часам прыйшоў начальнiк раз'езда - Эрлепес, запрошаны Каспанам з выпадку прыезду Бураннага Едыгея. Пачалася мужчынская размова пра службу, пра транспарт, пра заносы на лiнii. З Эрлепесам Едыгей быў трохi знаёмы i раней, той даўно працаваў ужо на чыгунцы, а тут давялося сысцiся блiжэй. Быў той старэй за Едыгея. Начальнiкам Ак-Майнака сядзеў з канца вайны, i адчувалася, што ўсе тут паважалi яго.

Ужо ноч стаяла за вокнамi. Час ад часу з шумам праносiлiся цягнiкi, звiнелi шыбiны, посвiст ветру чутны быў.

З прыходам Эрлепеса Едыгею стала яшчэ цiкавей. Эрлепес добра ведаў казахскую даўнiну. Вельмi спадабалася ў той вечар Едыгею ў ак-майнакскiх сяброў. Захмялеў трохi Буранны Едыгей, ажывiўся, заўсмiхаўся. Эрлепес таксама дазволiў сабе выпiць у гонар госця i таксама быў у добрым настроi. Таму ён i папрасiў Каспана:

- Схадзi, калi ласка, прынясi маю дамбру.

- Гэта тое, што трэба, - сказаў Едыгей. - З малых год зайздрошчу тым, хто грае на дамбры.

- Здатнай iгры не абяцаю, Едыке, але тое-сёе прыгадаю ў твой гонар, сказаў Эрлепес.

Калi ён узяў у рукi дамбру, дык быццам бы, засяродзiўшыся, адлучыў сябе ад паўсядзённасцi. Настройваючы iнструмент, Эрлепес зiрнуў на Едыгея доўгiм, пранiклiвым поглядам, i ў яго чорных пуклявых вачах блiснулi iскрынкi святла. А калi ён ударыў па струнах i прабегся доўгiмi чэпкiмi пальцамi ўгору i ўнiз па дамбры, паспеўшы сарваць адразу цэлую плойму гукаў, зразумеў Буранны Едыгей, што не дасць яму забыцца музыка, што не будзе паратункам яна. Першыя ж гукi дамбры зноў вярнулi яго да сябе, зноў кiнуўся ён галавой у вiр бядотаў сваiх i сваёй тугi. Адкуль наплыло гэта? Выходзiць, што даўно такое ведалi ўжо людзi, што прыдумалi гэтую музыку, ведалi, як i што адбудзецца з Едыгеем, якiя пакуты i якая горнасць наканаваны яму на вяку. Страпянулася Едыгеева душа, кiнулася ў бездань i застагнала, i разам адчынiлiся для яе ўсе дзверы свету радасцi, скрухi, няпэўных жаданняў i вiдочных сумненняў...

Хораша, надта хораша граў Эрлепес на дамбры. А Едыгей, расчулены, думаў пад гукi той музыкi, што ёсць на свеце жанчына, якую ён кахае, i сама думка пра яе для яго i слодыч, i пакута, што жыць без яе немагчыма яму, i таму ён будзе любiць яе заўсёды, безаглядна, бясконца, чаго б яму гэта нi каштавала. Пра тое во i звiнела, то згасаючы, то разгараючыся, дамбра ў Эрлепесавых руках. Адны найгрышы змянялiся другiмi, адна мелодыя пералiвалася ў наступную, i плыла Едыгеева душа, нiбы лодка па хвалях. Зноў апынуўся ён у думках на Аральскiм моры, успомнiлiся тамтэйшыя берагi, да якiх кралася нябачная плынь, варушачы водарасцi, доўгiя i густыя, нiбы жаночыя валасы. Некалi Укубала мела такiя валасы. I калi яна купалася, яе доўгiя валасы адплывалi ад яе ўбок i шавялiлiся, як водарасцi. I яна шчаслiва смяялася, прыгожая i смуглявая.

Прасвятлеў, расчулiўся Буранны Едыгей, так хораша яму было слухаць дамбру. Толькi дзеля гэтага варта было трываць тую зiмовую дарогу сюды. "Вось i добра, што Каранар увёў мяне ў клопат, - падумалася Едыгею. - Сам прыйшоў сюды i мяне прывёў, проста вымусiў прыехаць. А душа мая хоць нацешыцца дамброй. Ах, малайчына Эрлепес! Майстра, бачыш! А я дык не ведаў..."

Слухаючы Эрлепесавы найгрышы, Едыгей думаў пра сваё, стараючыся як бы збоку паглядзець на сваё жыццё, падняцца над iм, як той каршун над стэпам, высока-высока, i адтуль, у адзiноце лунаючы на чуйна распасцёртых крылах у струменiстым паветраным патоку, аглядваць тое, што ўнiзе. Агромнiсты краявiд зiмовых саразекаў расхiнаўся перад ягоным зрокам. Там, на ледзь прыкметнай дужцы чыгуначнай лiнii, гарнулiся да аднаго месца колькi дамкоў i колькi агеньчыкаў - гэта раз'езд Баранлы-Буранны. У адным з дамкоў Укубала з дочкамi. Малыя, бадай, ужо спяць. А Укубала, можа, i не спiць. Нешта ж думае, i нешта павiнна падказваць ёй сэрца. А ў другiм дамку - Зарыпа са сваёй малечай. Яна дык пэўна спiць. Цяжка ёй, што i казаць. А наперадзе яшчэ столькi гора чакае малыя пакуль яшчэ нiчога не ведаюць пра бацьку. А куды дзенешся, ад праўды не схаваешся, i праўду не схаваеш...

Уявiў ён сабе, як гэтым часам бягуць цягнiкi сярод ночы, палыхаючы агнямi i ўзнiмаючы снежны пыл, i якая глухая i бясконцая ноч стаiць наўкол. Непадалёк ад таго месца, дзе цяпер ён у гасцях, слухаючы дамбру, у апраметна-цёмным стэпе, сярод снегу i ветру не спiць неўтаймоўнiк Каранар. Няма яму сну, няма спакою. Бо так яно чынiцца ў прыродзе. Цэлы год набiраецца моцы, цэлы год дзень пры днi шукае i перажоўвае корм, увесь час нястомна перацiрае жвачку магутнымi скiвiцамi, для чаго яму дадзены адмысловы страўнiк, што спачатку прымае грубы корм, а затым адрынае яго дзеля новай перапрацоўкi, чым i займаецца вярблюд у любы час, перацiраючы жвачку на хаду i нават у сне, i ўсё гэта дзеля таго, каб назапасiць сiлу ў гарбах, i чым мацней, чым цяжэй гарбы, тым пэўней у iх сiла, тым мацней самец падчас зiмовага гону. I тады яму няўзнак нi снег, нi холад, нi нават гаспадар, а тым больш усе iншыя людзi. Тады ён лютуе, сп'янелы ад няўрымслiвай сiлы, тады ён цар i валадар, i няма яму нi стомы, нi страху, i нiчога на свеце для яго не iснуе (нi пiтва, нi яды, нiчога), акрамя спаталення вялiкай i нястрымнай страсцi яго. Але ж дзеля гэтага ён чакаў цэлы год, дзеля гэтага ён набiраўся сiлы цягам дзён. I тым часам, калi Буранны Едыгей сядзеў госцем у цяпле i слухаў дамбру, недзе ў гэтай акрузе на адзiноце з бураннай ноччу, са снягамi, набрынялымi месячным святлом, ятрыўся i кiдаўся Буранны Каранар, паслухмяны поклiчу крывi - раўнiва аберагаў аблюбаваных iм матак ад усяго, што было варожым яму, не дапускаючы да iх нi звера, нi нават птушку, зычна равучы, надрыўна стогнучы i пагрозлiва трасучы чорнымi касмылямi барады. I пра гэта думалася Едыгею пад гукi дамбры. Музыка iмгненна пераносiла ягоную думку з прошласцi ў сёння i зноў у мiнулае. Да таго, што будзе заўтра. Дзiўнае жаданне ўзнiкла пры гэтым - засланiць, захiнуць ад небяспекi ўсё, што дарагое яму, увесь свет, каб нiкому i нiдзе не было кепска. I гэтае невыразнае адчуванне як бы нейкай вiны сваёй перад усiмi, хто быў звязаны з ягоным жыццём, спараджала ў iм патаемны смутак...

- Уа, Едыгей, - гукнуў яму Эрлепес, задумлiва ўсмiхаючыся, канчаючы граць, дробна перабiраючы прыцiшаныя струны. -Ты стамiўся ў дарозе, стамiўся з дарогi, трэба табе адпачыць, а я тут на дамбры брынкаю.