8752.fb2 Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

- Прабач, сынок, - сказаў ён яму па-бацькоўску. - Зразумелая рэч. Ты службу нясеш. Але нябожчыка цяпер куды падзець? Гэта ж не бервяно, каб скiнуў ды паехаў.

- Ды я разумею. А што я магу? Мне як скажуць, так я павiнен i зрабiць. Я ж не начальнiк тут.

- Та-ак, спра-вы, - разгублена працягнуў Едыгей. - А сам жа ты адкуль родам?

- Вологодскi я, бацька, - праокаў вартавы сарамлiва i, па-дзiцячы не хаваючы радасць, усмiхнуўся, бо прыемна было адказваць яму на гэтае пытанне.

- Дык што, у вас у Волагдзе таксама так - на могiльнiку вартавыя стаяць?

- Ды што ты, бацька, нашто! Але тут жа закрытая зона. Ды ты, бацька, сам служыў i ваяваў, гляджу, нябось, ведаеш, служба ёсць служба. Хачу цi не хачу, але абавязак. Куды падзенешся?

- Яно-то так, - згадзiўся Едыгей, - толькi куды цяпер нам з нябожчыкам?

Яны замоўклi. I тады, падумаўшы, салдацiк са спачуваннем паглядзеў на Едыгея, а потым матлянуў бялявай сваёй галавой:

- Не, бацька, не магу! Не маю права!

- Што ж, - толькi i сказаў канчаткова разгублены Едыгей.

Яму было вельмi цяжка павярнуцца тварам да сваiх спадарожнiкаў, таму што Сабiтжан усё больш распаляўся недарэчным гневам. Во падышоў да Доўгага Эдыльбая.

- Я ж гаварыў! Не трэба было цягнуцца ў такую далеч. Гэта ж забабоны! Марочыце галаву сабе i другiм. Якая рознiца, дзе пахаваць нябожчыка! Дык не: лопнi, падай iм Ана-Бейiт. I ты таксама мне - едзь, без цябе пахаваем! Вось i хавайце цяпер!

Доўгi Эдыльбай моўчкi адышоў ад яго.

- Паслухай, друг, - сказаў ён вартавому, падышоўшы да шлагбаўма. - Я таксама служыў i таксама ведаю такi-сякi парадак. Тэлефон у цябе ёсць?

- Ёсць, канечне.

- Тады так - тэлефануй начальнiку па варце. Далажы, што мясцовыя жыхары просяць, каб ён дазволiў праезд на могiльнiк Ана-Бейiт.

- Як? Як? Ана-Бейiт? - перапытаў вартавы.

- Ана-Бейiт. Так называецца наш могiльнiк. Патэлефануй, сябар, iншага выйсця няма. Няхай асабiста атрымае дазвол для нас. А мы - будзь упэўнены, акрамя могiльнiка, нас тут нiшто не цiкавiць.

Вартавы задумаўся, пераступаючы з нагi на нагу, наморшчыўшы лоб.

- Ды ты не сумнявайся, - сказаў Доўгi Эдыльбай. - Усё па ўставу. На пост прыбылi пабочныя асобы. Ты дакладваеш начальнiку варты. Вось i ўся механiка. Што ты на самай справе! Ты абавязаны далажыць.

- Ну добра, - кiўнуў вартавы. - Зараз пазваню. Толькi начальнiк варты ўвесь час па тэрыторыi ездзiць, па пастах. А тэрыторыя ж вунь якая!

- Можа, i мне дазволiш быць з табой побач? - папрасiў Доўгi Эдыльбай. - У выпадку чаго падказаць, што да чаго.

- Ну давай, - згадзiўся вартавы.

I яны ўвайшлi ў паставое памяшканне. Дзверы былi адчынены, i Едыгею ўсё было чуваць. Вартавы тэлефанаваў некуды, усё пытаў начальнiка варты. А той не аб'яўляўся.

- Ды не, мне начальнiка па варце! - тлумачыў вартавы. - Асабiста яго... Ды не. Тут вельмi важная справа.

Едыгей нерваваўся. Куды ж прапаў гэты начальнiк па варце? Вось не шанцуе дык не шанцуе!

Нарэшце ён знайшоўся.

- Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант! - голасна загаварыў вартавы звонкiм усхваляваным голасам.

I далажыў яму, што, маўляў, тут мясцовыя жыхары прыехалi пахаваць чалавека на старым могiльнiку. Як быць? Едыгей насцярожыўся. Вось каб сказаў лейтэнант - прапусцi, i ўсё! Маладзец Доўгi Эдыльбай! Усё ж кемлiвы хлопец. Аднак размова вартавога зацягвалася. Цяпер ён увесь час адказваў на пытаннi.

- Але... Колькi? Шэсць чалавек. А з нябожчыкам сем. Нейкi стары памёр. А старэйшы ў iх на вярблюдзе. Потым трактар з прычэпам. А за трактарам экскаватар таксама... Так, трэба, гавораць, магiлу капаць... Як? А што мне сказаць? Значыць, нельга? Не дазваляецца? Ёсць, слухаюся!

I тут жа пачуўся голас Доўгага Эдыльбая. Вiдаць, ён выхапiў слухаўку.

- Таварыш лейтэнант! Зразумейце наша становiшча. Таварыш лейтэнант, мы прыехалi з раз'езда Баранлы-Бураннага. Куды ж нам зараз? Зразумейце наша становiшча. Мы тутэйшыя людзi, мы нiчога дрэннага не зробiм. Мы толькi пахаваем чалавека i адразу вернемся... Га? Што? Ну як жа так! Ну, прыязджайце, прыязджайце, самi пераканаецеся. З намi стары, франтавiком быў, ваяваў. Растлумачце яму.

Доўгi Эдыльбай выйшаў з каравульнага памяшкання засмучаны, але сказаў, што прыедзе лейтэнант i ўсё вырашыць на месцы. За iм падышоў вартавы i сказаў тое ж самае. Вартавы цяпер адчуваў палёгку, паколькi начальнiк варты сам павiнен быў вырашыць гэтае пытанне. Ён цяпер спакойна хадзiў узад i ўперад каля паласатай жэрдкi.

Было ўжо тры гадзiны. А яны яшчэ не дабралiся да Ана-Бейiта, хоць i засталося ехаць не так далёка.

Едыгей вярнуўся да вартавога.

- Сынок, цi доўга мы будзем чакаць твайго начальнiка? - запытаў ён.

- Ды не. Зараз прымчыцца. Ён на машыне. Тут хвiлiн дзесяць - пятнаццаць язды.

- Ну добра, пачакаем. Цi даўно гэты калючы дрот тут?

- Даволi-такi даўно. Мы яго ставiлi. Я тут служу каля года. Выходзiць, паўгода ўжо, як ачапiлi кругом.

- У тым вось i справа. Я ж таксама не ведаў, што тут такая агароджа. З-за гэтага вось i атрымалася. Быццам я цяпер вiнаваты, таму што я вырашыў везцi сюды хаваць. Тут наш стары могiльнiк - Ана-Бейiт. А Казангап нябожчык быў вельмi добрым чалавекам. Трыццаць гадоў мы разам прапрацавалi на раз'ездзе. Хацелася як лепш.

Салдат, вiдаць, адчуў спагаду да Бураннага Едыгея.

- Слухай, бацька, - сказаў ён дзелавiта. - Вось прыедзе начальнiк варты лейтэнант Тансыкбаеў, вы яму скажыце ўсё як ёсць. Што ён, не чалавек! Няхай паведамiць вышэй.

- Дзякуй на добрым слове. А iнакш як жа нам? Як ты сказаў - Тансыкбаеў? Прозвiшча лейтэнанта Тансыкбаеў?

- Але, Тансыкбаеў. Ён у нас нядаўна. А што? Знаёмы? Ён з вашых. Можа, сваяк якi будзе?

- Ды не, што ты, - усмiхнуўся Едыгей. - Тансыкбаевых у нас, як у вас Iвановых. Проста ўспомнiў аднаго чалавека з такiм прозвiшчам.

Тут на пасту зазванiў тэлефон, i вартавы паспяшаўся туды. Едыгей застаўся адзiн. Аглянуўся кругом, цi не пакажацца машына на дарозе за шлагбаўмам, задуменна пакiваў галавою. "А раптам гэта сын таго вiрлавокага? - падумаў ён i сам сябе ў думках вылаяў: - Не хапала яшчэ! Прыйдзе ж такое ў галаву! Колькi iх з такiм прозвiшчам. Не павiнен, не можа быць. З тым Тансыкбаевым рахунак падвялi... Усё-такi ёсць праўда на зямлi! Ёсць! I як бы там нi было, заўсёды будзе праўда..."

Ён адышоў убок, дастаў насоўку i працёр ёю старанна свае ордэны, медалi i ўдарнiцкiя значкi на грудзях, каб яны блiшчалi i каб iх адразу было вiдаць лейтэнанту Тансыкбаеву.

XII

А з тым вiрлавокiм Тансыкбаевым справа выглядала так. У 1956 годзе пад канец вясны ў Кумбельскiм дэпо адбыўся вялiкi мiтынг, са ўсiх станцый i раз'ездаў паз'язджалiся туды чыгуначнiкi. Засталiся на месцы толькi тыя, хто дзяжурыў у той дзень на лiнii. Колькi ўсялякiх сходаў было на вяку ў Бураннага Едыгея, але той мiтынг не забываўся.

Сабралiся ў паравозарамонтным цэху. Людзей набiлася - не прашыцца, iншыя нават залезлi наверх, пад самы дах, на кансолях сядзелi. Але самае галоўнае якiя прамовы былi! Пра Берыя высветлiлася ўсё, да канца. Заклеймавалi праклятага, нiякага жалю да вылюдка. Да самага змяркання дэпоўскiя рабочыя самi лезлi на трыбуну, i нiводзiн чалавек не пайшоў, быццам усiх прыкавала да таго месца. I толькi гул галасоў, як лес, шумеў над скляпеннем корпуса. Нехта нават, помнiцца, сказаў: "Ну чыста мора перад бурай". Яно так i было. Моцна стукала сэрца ў грудзях, як на фронце перад атакай. I вельмi хацелася пiць. У роце перасохла. Але дзе там пры такiм мнагалюддзi вады дастанеш?