8752.fb2
- Хто яго ведае, што тут так, што не так, але мне асабiста крыўдна таксама, шчыра казаў Доўгi Эдыльбай. - Для мяне ён нiбы свой касманаўт. Пры мне паляцеў. А можа, думаю, нехта з нашых хлопцаў. Во ўжо будзе радасць. Раптам дзе сустрэнемся, прыемна было б...
Сабiтжан таропка перапынiў яго, нiбы гнаны нейкай здагадкай:
- А-а, я разумею! Гэта запусцiлi беспiлотны карабель. Выходзiць, дзеля эксперыменту.
- Як гэта? - павёў вокам Эдыльбай.
- Ну, эксперыментальны варыянт. Разумееш, гэта проба. Беспiлотны транспарт пайшоў на стыкоўку цi на выхад на арбiту, i пакуль невядома, як i што выйдзе. Калi ўсё будзе ўдала, дык будзе паведамленне i па радыё i ў газетах. А калi не, дык могуць i не iнфармаваць. Проста навуковы эксперымент.
- А я дык думаў, - Эдыльбай журботна паскроб лоб, - што жывы чалавек паляцеў.
Усе змоўклi, трохi расчараваныя Сабiтжанавым тлумачэннем, i, магчыма, размова на тым i заглохла б, ды толькi сам Едыгей незнарок падштурхнуў яе на новы круг.
- Значыцца, як я зразумеў, джыгiты, у космас пайшла ракета без чалавека? А хто ёю кiруе?
- Як хто? - здзiўлена склаў далонi Сабiтжан i ўрачыста зiрнуў на недасведчанага Едыгея. - Там, Едыке, усё па радыё робiцца. Па камандзе Зямлi, з Цэнтра кiравання. Усёй справай па радыё кiруюць. Разумееш? I калi нават касманаўт на борце, усё роўна па радыё накiроўваюць палёт ракеты. А касманаўту трэба дазвол атрымаць, каб самому нешта рабiць. Гэта, какетай* дарагi, не на Каранары ехаць па саразеках, надта там усё складана...
* Какетай - ласкава-памяншальны i ў той жа час паблажлiвы зварот.
- Бач ты, як яно... - няўцямна прамармытаў Едыгей.
Буранны Едыгей не разумеў, як гэта кiраваць па радыё. У ягоным уяўленнi радыё - гэта словы, гукi, што даносiлiся з далёкiх адлегласцей. Але як можна кiраваць такiм чынам неадухоўленым прадметам? Калi ў сярэдзiне прадмета чалавек знаходзiцца, тады iншая справа: ён выканае задачы - рабi так, рабi гэтак. Хацеў Едыгей пра ўсё гэта распытаць, ды рашыў, што не варта. Душа не згаджалася. Змоўчаў. Надта ж паблажлiвым тонам выказваў Сабiтжан сваю дасведчанасць. Вось, маўляў, вы нiчога не ведаеце ды яшчэ лiчыце мяне нiкчэмным, а зяць, алкаш апошнi, душыць мяне нават кiнуўся, а я болей за вас усiх разумею ў такiх справах. "Ну i бог з табой, - падумаў Едыгей. - На тое мы цябе вучылi ўсё жыццё. Павiнен жа хоць нешта ведаць лепей за нас, невукаў". I яшчэ падумалася Бураннаму Едыгею: "А што, калi такi чалавек уладу займее падтопча ўсiх пад сябе. Ён пакуль на пасылках, а, бач, ужо хочацца яму, каб усе ў рот яму глядзелi, хоць тут, у саразеках..."
А Сабiтжан i праўда, мусiць, захацеў дарэшты здзiвiць, дабiць канчаткова баранлiнцаў, магчыма, дзеля таго, каб такiм чынам набiць сабе цану пасля ганебнага скандала з сястрой i сваяком. Загаварыць, затлумiць галовы рашыў. I пачаў ён расказваць iм пра неверагодныя дзiвосы, пра навуковыя дасягненнi, а сам тым часам не забываў пра гарэлку, глыток ды яшчэ глыток, усё запiваючы шубатам. I яго ўсё больш i больш несла, i ён пачаў ужо расказваць нешта такое неверагоднае, што бедныя баранлiнцы не ведалi, чаму верыць, а чаму не.
- Вось мяркуйце самi, - казаў ён, паблiскваючы акулярамi i пазiраючы на ўсiх гарачлiва i пранiклiва, - мы, калi разабрацца, самыя шчаслiвыя людзi ў гiсторыi чалавецтва. Вось ты, Едыке, самы старэйшы цяпер памiж намi. Ты ведаеш, Едыке, як было раней i як цяпер. Навошта я кажу? Раней людзi верылi ў багоў. У Старажытнай Грэцыi жылi яны нiбыта на гары Алiмп. Але што гэта былi за багi? Прыдуркi. Што яны маглi? Памiж сабой не ладзiлi, тым i славутымi сталi, а перамянiць лад чалавечага жыцця яны не маглi, ды i не думалi пра гэта. Iх не было, гэтых багоў. Гэта ўсё мiфы. Казкi. А нашы багi - яны жывуць побач з намi, вось тут, на касмадроме, на нашай саразекскай зямлi, чым мы i ганарымся перад усiм светам. I нiхто з нас не бачыць, нiхто не ведае, i не паложана, каб кожны стрэчны Мыркынбай-Шыйкымбай руку iм пры стрэчы торкаў: здароў, маўляў, як жывеш? Але яны сапраўдныя багi! Вось ты, Едыке, здзiўляешся, як яны кiруюць па радыё касмiчнымi караблямi. Гэта ўжо лухта, пройдзены этап! Там апаратура, машыны дзейнiчаюць па праграме. А настане час, калi з дапамогай радыё будуць кiраваць людзьмi, як тымi аўтаматамi. Вы разумееце - людзьмi, усiмi пагалоўна, ад малога да старога. Ёсць ужо такiя навуковыя дадзеныя. Навука i гэтага дабiлася, улiчваючы вашыя iнтарэсы.
- Чакай, чакай, як што - адразу вышэйшыя iнтарэсы! - перапынiў яго Доўгi Эдыльбай. - Ты вось што скажы, нешта я не надта разумею. Выходзiць, кожны з нас павiнен мець пры сабе невялiкi радыёпрыёмнiк накшталт транзiстара, каб слухаць каманду? Дык гэта ж ужо паўсюль ёсць!
- Бач ты якi! Ды хiба пра тое гаворка? Тое лухта, дзiцячыя забаўкi! Нiкому нiчога пры сабе не трэба мець. Хадзi хоць голы. А толькi нябачныя радыёхвалi так званыя бiятокi - будуць пастаянна ўздзейнiчаць на цябе, на тваю свядомасць. I куды ты тады дзенешся?
- Вунь як?
- А ты думаў! Чалавек будзе ўсё рабiць па праграме з цэнтра. Яму здаецца, што ён жыве i дзейнiчае сам па сабе, па сваёй вольнай волi, а на самай справе па загаду зверху. I ўсё па строгiм распарадку. Трэба, каб ты спяваў, - сiгнал - будзеш спяваць. Трэба, каб ты працаваў, - сiгнал - будзеш працаваць, ды яшчэ як! Крадзёж, хулiганства, злачыннасць - усё забудзецца, толькi ў старых кнiгах чытаць пра тое давядзецца. Таму што ўсё будзе прадугледжана ў паводзiнах чалавека - усе ўчынкi, усе выдумкi, усе жаданнi. Вось, скажам, у свеце цяпер дэмаграфiчны выбух, гэта значыць людзей шмат распладзiлася, кармiць няма чым. Што трэба рабiць? Скарачаць прырост. З жонкай будзеш мець справу тады, калi сiгнал не той дадуць, зыходзячы з iнтарэсаў грамадства.
- Вышэйшых iнтарэсаў, - не без здзеку ўдакладнiў Эдыльбай.
- Менавiта, дзяржаўныя iнтарэсы вышэй за ўсё.
- А калi я без гэтых iнтарэсаў захачу гэта самае з жонкай цi яшчэ як?
- Эдыльбай, дарагi, нiчога не атрымаецца. Табе такая думка ў галаву не прыйдзе. Пакажы табе самую прыгажуню - ты нават вокам не павядзеш. Таму што бiятокi адмоўныя падключаць. Так што i з гэтай справай навядуць поўны парадак. Будзь пэўны. Цi ўзяць ваенную справу. Усё па сiгналу будзе. Трэба ў агонь - у агонь скокне, трэба з парашутам - вокам не мiргне, трэба ўзарвацца з атамнай мiнай пад танкам - калi ласка, умомант. Чаму, спытаеце вы ў мяне? Дадзены бiяток бясстрашша - i ўсё, нiякага страху ў чалавека... Вось як!..
- Ох i брахун жа ты! Ну даеш! Чаму цябе столькi год вучылi? - шчыра здзiўляўся Эдыльбай.
Усе адкрыта пасмейвалiся, ёрзалi, круцiлi галовамi, вось, маўляў, залiвае хлопец, але, аднак жа, слухалi - чортведама што нясе, аднак жа цiкава, нечувана, хоць усе разумелi, што ён добра-такi сп'янеў, запiваючы патрохi гарэлку шубатам, - што з яго возьмеш, няхай балбоча. Недзе нешта чуў чалавек, а што тут праўда, што мана, цi варта галаву ламаць. Так, але Едыгею раптам стала па-сапраўднаму страшна - не так сабе балбоча балбатун, занепакоiўся ён, бо ён пра гэта чытаў недзе цi краем вуха чуў, а ў яго нюх на тое, дзе нешта не так. А што, калi i сапраўды iснуюць такiя людзi, шаноўныя вучоныя, якiм прыйшло ў галаву кiраваць намi, як багам?..
Сабiтжан жа ўсё здзiўляў ды здзiўляў, тым болей што слухалi. Зрэнкi пад успацелымi акулярамi вунь ужо бы кацiныя вочы ў цемры, а ён усё то за гарэлку, то за шубат. Цяпер ён, размахваючы рукамi, расказваў байку пра нейкi бермудскi трохвугольнiк у акiяне, дзе таямнiча знiкаюць караблi i невявядома куды прападаюць, калi лятуць над тым месцам, самалёты.
- Вось у нас адзiн у вобласцi ўсё дабiваўся за мяжу з'ездзiць. I што ж ужо там такога, падумаеш! Ну i з'ездзiў на сваю галаву. Паляцеў некуды праз акiян, цi то ў Уругвай, цi то ў Парагвай, - i з канцом. Над тым бермудскiм трохвугольнiкам самалёта як не бывала, прапаў. Не стала яго, i ўсё. А таму, сябры, абыдземся i без бермудскiх трохвугольнiкаў, жывi на ўласнай зямлi, пры ўласным здароўi. Давайце вып'ем за наша здароўе!
"Ну пайшло! - вылаяўся сам сабе Едыгей. - Зараз ён сваё любiмае выслоўе ўспомнiць. Эх, бяда! Як толькi вып'е, няма яму тармазоў!" Так яно i сталася.
- Вып'ем за наша здароўе! - паўтарыў Сабiтжан, аглядваючы прысутных мутным, няўстойлiвым позiркам, але ўсё яшчэ сiлячыся надаць выразу твару свайго нейкую шматзначную роўнасць. - А наша здароўе - гэта самае вялiкае багацце краiны. Значыць, наша здароўе - дзяржаўная каштоўнасць. Вось яно як! Не такiя ўжо мы простыя, мы дзяржаўныя людзi! I яшчэ я хачу сказаць.
Буранны Едыгей порстка ўстаў з месца, не чакаючы, пакуль той закончыць свой тост - выйшаў з дому. Заляскала ў цеменi на ганку - цi то парожняе вядро, цi то яшчэ што чаплялася за ногi, - ён скоранька надзеў свае кiрзачы i пайшоў дадому знiякавелы i злосны. "Эх, бедны Казангап! - нячутна застагнаў ён, кусаючы вус ад крыўды. - Як жа гэта - i смерць не смерць i гора не гора! Сядзiць, выпiвае сабе, як на вечарынцы, i хоць бы што! Прыдумаў сабе гэта чортава выслоўе - дзяржаўнае здароўе, i вось так кожны раз. Ну, дай бог заўтра ўсё як мае быць зрабiць, а як пахаваем ды першыя памiнкi справiм, нагi ягонай тут болей не будзе!"
А ўсё-ткi немалы час прабавiлi ў доме Доўгага Эдыльбая. Час за паўночы павярнуў. Едыгей удыхаў на поўныя грудзi халаднаватае паветра начных саразекаў. Надвор'е абяцала быць назаўтра, як звычайна, ясным i сухiм. Заўсёды так. Удзень горача, а ноччу халадэча, дрыготка б'е. Вось i застаюцца толькi тыя, што выжываюць. Калючкi розныя, палын ды на вынасах з яраў разнатраўе клоччам трымаецца, яго можна пакасiць на сена. Геолаг Елiзараў, даўнi сябар Бураннага Едыгея, расказваў, бывала, словам маляваў проста-такi, як некалi тут былi багатыя лугi, клiмат быў iншы, дажджоў выпадала ў тры разы болей. Ну, вядома, i жыццё таму было iншае. Статкi, табуны, атары хадзiлi па саразеках. Даўно, мусiць, гэта было, магчыма, да таго яшчэ, як аб'явiлiся тут тыя самыя жуаньжуаны, ад якiх i след прастыў у вяках, адны чуткi засталiся. А iнакш як магло памясцiцца ў саразеках столькi люду. Нездарма ж Елiзараў казаў: саразекi - забытая кнiга стэпавай гiсторыi... Ён лiчыў, што гiсторыя Ана-Бейiцкiх могiлак таксама не выпадковая справа. Каторыя грамацеi гiсторыяй прызнаюць толькi тое, што напiсана на паперы. А калi ў тыя часы кнiгi яшчэ не пiсалiся, тады як быць?..
Прыслухоўваючыся да шуму цягнiкоў на раз'ездзе, Едыгей чамусьцi ўспомнiў штармы Аральскага мора, на беразе якога нарадзiўся, вырас i жыў да вайны. Казангап таксама быў аральскi казах. Таму i зблiзiлiся яны, апынуўшыся на чыгунцы, i часта сумавалi ў саразеках па сваiм моры, а незадоўга да смерцi Казангапа ўвесну з'ездзiлi ўдваiх на Арал, выходзiць, стары развiтвацца ездзiў з морам. Але лепей бы не ездзiлi. Расстройства адно. Мора там не стала, вось як. Прападае, высыхае Арал. Кiламетраў дзесяць ехалi па ранейшым дне, па сухой глiне, пакуль дапялi да краю вады. I тут Казангап сказаў: "Колькi стаiць зямля - стаяла Аральскае мора. Цяпер i яно ўсыхае, што ж тут казаць пра чалавечае жыццё". I яшчэ ён сказаў тады: "Ты мяне пахавай на Ана-Бейiце, Едыгей".
Буранны Едыгей выцер рукавом нечаканую слязу, пракашляўся, каб у горле не заставалася здрадлiвай хрыпаты, i пайшоў у Казангапаву мазанку, дзе сядзелi ў жальбе Анзада, Укубала i з iмi iншыя жанчыны. Баранлiнскiя жанчыны прыходзiлi сюды то адна, то другая памiж справай, каб пабыць разам ды памагчы ў чым, калi спатрэбiцца.
Праходзячы паўз загон, Едыгей прыпынiўся на хвiлiну каля карча, укапанага ў зямлю, - тут стаяў напагатове асядланы i прыбраны ў посцiлку з кутасамi Буранны Каранар. Пры месячным святле вярблюд здаваўся аграмадным, магутным, спакойна-непарушным, як слон. Едыгей не ўтрываў:
- Ну i нiштаваты ты!
Ужо ля самага парога ўспомнiў Едыгей чамусьцi, нават сам не разумеючы чаму, учарашнюю ноч. Як прыбягала да чыгункi стэпавая лiсiца, як ён не асмелiўся, перадумаў кiнуць у яе каменем i як потым, калi пайшоў дадому, стартаваў з касмадрома ў начное чорнае неба вогненны карабель...
III
Той парой на Цiхiм акiяне, у паўночных ягоных шыротах, быў ужо ранак, восьмая гадзiна ранiцы. Асляпляльнае сонечнае надвор'е разлiлося бязмежным святлом над неабдымна-смужлiвым, велiчным зацiшкам. I акрамя вады i неба, у гэтых абсягах не iснавала нiчога iншага. Аднак жа менавiта тут, на борце авiяносца "Канвенцыя", распачыналася яшчэ пакуль нiкому па-за межамi карабля невядомая сусветная драма ў сувязi з нечуваным выпадкам у гiсторыi асваення космаса, выпадкам, што меў месца на амерыкана-савецкай арбiтальнай 36 станцыi "Парытэт".
Авiяносец "Канвенцыя" - навукова-стратэгiчны штаб Абцэнупра па сумеснай планеталагiчнай праграме "Дэмiвург", - ён неадкладна спынiў паводле гэтай прычыны ўсялякiя сувязi з акаляючым светам, не застаўся ў сваiм пастаянным пункце месцазнаходжання паўднёвей Алявуцкiх астравоў у Цiхiм акiяне, а, наадварот, яшчэ больш дакладна вызначыў сваё месцазнаходжанне ў гэтым раёне, на строга дакладнай паветранай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска.
На самiм навуковым судне таксама адбылiся некаторыя змены. Паводле ўказання Генеральных сукiраўнiкоў праграмы, амерыканскага i савецкага, абодва дзяжурныя аператары блока касмiчнай сувязi - адзiн савецкi, другi амерыканскi, - калi прынялi iнфармацыю пра незвычайнае здарэнне на "Парытэце", былi часова, але строга iзаляваны, каб не прасачылiся якiм чынам звесткi пра тое, што здарылася...
На "Канвенцыi" была ўведзена павышаная гатоўнасць, хоць судна не мела нi ваеннага прызначэння, нi тым больш нiякага ўзбраення i карысталася статусам мiжнароднай недатыкальнасцi паводле спецыяльнага рашэння ААН. Гэта быў адзiны ў свеце неваенны авiяносец.
На адзiнаццаць гадзiн дня з iнтэрвалам у пяць хвiлiн чакалася прыбыццё на "Канвенцыю" адказных камiсiй абодвух бакоў з правам прымаць экстранныя рашэннi i практычныя захады, якiя яны палiчаць патрэбнымi ў мэтах бяспекi сваiх краiн i свету.
Такiм чынам, авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў той час у адкрытым акiяне паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска. Такi выбар месца быў не выпадковы. Як нiколi раней выявiлася гэты раз незвычайная пранiклiвасць i прадбачлiвасць творцаў праграмы "Дэмiвург", бо нават месцазнаходжанне судна, на якiм здзяйсняўся агульны план планеталагiчных пошукаў, выяўляла прынцыпы поўнага раўнапраўя, абсалютна парытэтных пачаткаў гэтага навукова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва.
Авiяносец "Канвенцыя" з усiм абсталяваннем, энергетычнымi запасамi належаў на роўных долях абодвум бакам i быў, такiм чынам, кааператыўным суднам дзяржаў-пайшчыкаў. Ён меў прамую, пастаяннага дзеяння радыётэлефонатэлiвiзiйную сувязь з Невадскiм i Саразекскiм касмадромамi. На авiяносцы базiравалася восем, па чатыры ад кожнага боку, рэактыўных самалётаў, што здзяйснялi пастаянна ўсе транспартныя перавозкi i iншыя даручэннi, у якiх меў патрэбу Абцэнупр дзеля ажыццяўлення кожнадзённых сувязяў з мацерыкамi. На "Канвенцыi" былi два парытэт-капiтаны - савецкi i амерыканскi: парытэт-капiтан 1-2 i парытэт-капiтан 2-1, усе наступныя навуковыя работнiкi ўсiх спецыяльнасцей адпаведна мелi дублi, прадстаўляючы ў аднолькавай ступенi абодва бакi. Вось чаму i касмiчная станцыя, што знаходзiлася на самай аддалёнай арбiце "Трамплiн", называлася "Парытэт", выяўляючы гэтым сутнасць зямных узаемаадносiн.
Усяму гэтаму, вядома, папярэднiчала вялiкая, разнастайная падрыхтоўчая работа навуковых, дыпламатычных, адмiнiстрацыйных устаноў у абедзвюх краiнах. Спатрэбiлася нямала год, пакуль абое бакi на шматлiкiх сустрэчах i нарадах прыйшлi да пагаднення наконт усiх агульных i прыватных пытанняў праграмы "Дэмiвург".
Праграма "Дэмiвург" мела на ўвазе грандыёзную касмалагiчную задачу стагоддзя - вывучэнне планеты Iкс з мэтай выкарыстання яе мiнеральных рэсурсаў, што мелi ў сабе неверагодныя, паводле зямных уяўленняў, запасы ўнутранай энергii. Сотня тон iксiянскай пароды, што даступна ляжала на паверхнi зорнага цела, пры адпаведнай апрацоўцы магла вызвалiць столькi ўнутранай энергii, колькi спатрэбiлася б у пераўтвораным выглядзе ў якасцi электрычнасцi i цяпла ўсёй Эўропе на цэлы год. Такая была энергетычная прырода матэрыi на Iксе, што ўзнiкла ў асаблiвых умовах Галактыкi пад уздзеяннем доўгай планетарнай эвалюцыi, на працягу многiх мiлiярдаў год. Пра гэта сведчылi пробы грунту, якiя неаднаразова дастаўлялiся касмiчнымi апаратамi з паверхнi Iкса, пра тое гаварылi вынiкi экспедыцый, што здзяйснялi колькi разоў высадку на гэтую чырвоную планету нашай Сонечнай сiстэмы.
Вызначальным жа фактарам у карысць праекта асваення Iкса стала тое, чаго не было нi на адной другой вядомай навуцы планеце, уключаючы Месяц i Венеру, наяўнасць свабоднай вады ў сховах такой пустэльнай з выгляду Iксiянскай зоркi. Бясспрэчная наяўнасць вады на Iксе пацвярджалася буравымi пробамi. Паводле разлiкаў вучоных, пад паверхняй Iкса мог залягаць слой вады тоўшчай у некалькi кiламетраў - ён утрымлiваўся ў нязменным стане нiжнiмi пластамi халодных каменных парод.
Наяўнасць такой вялiкай колькасцi вады на Iксiянскай зорцы забяспечвала рэальнасць праграмы "Дэмiвург". Вада ў дадзеным выпадку была не толькi вадкасцю, але i зыходным прадуктам сiнтэзавання iншых элементаў, неабходных для падтрымання жыцця i нармальнай дзейнасцi чалавечага арганiзма ў iншапланетных умовах, найперш паветра для дыхання. Акрамя таго, з вытворчага пункту гледжання вада адыгрывала асноўную ролю ў тэхналогii пярвiчнай флатацыi iксiянскай пароды перад загрузкай яе ў транскасмiчныя кантэйнеры.
Абмяркоўвалася пытанне, дзе найлепш здабываць iксiянскую энергiю: на арбiтальных станцыях у космасе, каб затым перадаваць яе на Зямлю па геасiнхронных арбiтах, цi непасрэдна на самой Зямлi. Але на роздум час яшчэ быў.
Ужо рыхтавалася вялiкая экспедыцыя па доўгатэрмiновай высадцы групы буравiкоў i гiдролагаў, якiм належала забяспечыць пастаянны, з аўтаматычным кiраваннем, прыток вады з iксiянскiх сховiшчаў у сiстэму водаправодаў. Арбiтальная станцыя "Парытэт" была, карыстаючыся тэрмiнам альпiнiстаў, галоўным базавым лагерам на шляху да Iкса. На "Парытэце" ўжо былi збудаваны неабходныя канструкцыi для прычальвання, разгрузкi i пагрузкi транспартных "чаўнакоў", якiя будуць снаваць памiж Iксам i "Парытэтам". З часам, як збудуюцца блокi, на "Парытэце" змаглi б размясцiцца больш за сто чалавек у даволi камфартабельных умовах, уключаючы пастаянны прыём тэлевiзiйных перадач з Зямлi.