8752.fb2 Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Буранны паўстанак (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Вось i ўсё. Бывайце. Нам пара.

Iдэнтычны тэкст паслання складзены на дзвюх мовах - на ангельскай i расейскай.

Парытэт-касманаўт 1-2.

Парытэт-касманаўт 2-1.

Борт арбiтальнай станцыi "Парытэт".

Трэцяя вахта, 94-я суткi".

Роўна ў прызначаны тэрмiн, у адзiнаццаць гадзiн паводле далёкаўсходняга часу, на палубе авiяносца "Канвенцыя" адзiн за другiм селi два рэактыўныя самалёты з асобаўпаўнаважанымi камiсiямi на борце - ад амерыканскага i савецкага бакоў.

Сябры камiсiй былi сустрэты строга ў адпаведнасцi з пратаколам. Iм адразу аб'явiлi, што на абед даецца паўгадзiны. Адразу пасля абеду сябрам камiсiй належала сабрацца ў кают-кампанii на закрытую нараду ў сувязi з надзвычайным становiшчам на арбiтальнай станцыi "Парытэт".

Але нарада, ледзь паспеўшы пачацца, была нечакана перапынена. Касманаўты-кантралёры, што знаходзiлiся на "Парытэце", перадалi Абцэнупру на "Канвенцыю" першае паведамленне, якое атрымалi ад парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 з суседняй Галактыкi, з планеты Лясныя Грудзi.

IV

Цягнiкi ў той мясцовасцi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

А наўзбоч ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжыць вялiзная пустэльная пространь - Сары-Азекi. Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу.

У гэтай мясцовасцi любая адлегласць вымяраецца ад чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Што нi кажы, а да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт усё ж не рукой дастаць - трыццаць вёрст, ды i тады, калi ехаць наўпрасцяк, кароцячы дарогу па саразеках.

Буранны Едыгей прахапiўся на той дзень рана. Ды ён i не спаў, бадай. На досвiтку хiба самгнуў павекi. А да таго не было калi - прыбiраў нябожчыка Казангапа. Звычайна гэта робяць у дзень пахавання, перад вынасам, перад агульнай малiтвай у доме нябожчыка - перад джаназай. А тут давялося ўсё гэта рабiць напярэдаднi пахавання, каб зранку адразу, не бавячыся, рушыць у дарогу. Сам усё зрабiў як належыць, калi не лiчыць таго, што Доўгi Эдыльбай ваду гатаваную падаваў. Эдыльбаю было нiякавата, баяўся нябожчыка. Вусцiшнавата, вядома, яму было. Едыгей сказаў яму на тое як бы незнарок:

- Ты, гэта самае, прыглядвайся, Эдыльбай. Спатрэбiцца ў жыццi. Калi людзi з'яўляюцца на гэты свет, дык i праводзiць на той даводзiцца.

- Ды я гэта разумею, - няўпэўнена адгукнуўся Эдыльбай.

- А я пра тое якраз. Скажам, заўтра я памру. Дык i прыбраць нiкога не знойдзецца? Так i запiхнуць мяне ў якую ямiну?

- Не, чаму ж! - збянтэжыўся Эдыльбай, трымаючы ў руках лямпу i стараючыся асвойтацца ля нябожчыка. - Без вас тут нецiкава будзе. Лепш ужо жывiце. А яма пачакае.

Гадзiны паўтары спатрэбiлася, каб прыбраць нябожчыка. Але затое Едыгей застаўся задаволены. Абмыў нябожчыка як мае быць, рукi-ногi выправiў належным чынам, белую покрыўку скроiў i прыбраў у яе Казангапа як найлепш, не шкадуючы на тое палатна. А потым i сам прыхарошыўся. Пагалiўся чысцютка, вусы падправiў. Яны ў яго былi, як i бровы, густыя, ладнаватыя. Толькi вось сiвiзна дзе-кольвек iх пабiла. Дый сам пасiвеў. Не забыўся Едыгей медалi свае салдацкiя, ордэны ды значкi ўдарнiцкiя надраiць, начапiць на пiнжак, прыгатаваўшыся да заўтрашняга дня.

Так i ноч праходзiла. I ўсё дзiвiўся Буранны Едыгей з самога сябе - з таго, як спакойна i звычна ўсё рабiў. А скажы хто яму раней, не паверыў бы, што так яму прыдасца жалобны гэты занятак. Значыцца, наканавана гэтак, што хаваць Казангапа павiнен ён. Лёс. Прадвызначэнне.

Вось яно як. Хто б мог падумаць пра гэта, калi яны першы раз убачылiся на станцыi Кумбель. Дэмабiлiзавалi Едыгея пасля кантузii, у канцы сорак чацвёртага. Звонку як быццам усё ў парадку - рукi, ногi на месцы, галава на плячах, ды толькi галава была як не свая. Шумела ўвушшу, бы вецер там не сунiмаўся. Пройдзе колькi крокаў - захiстаецца, галава гудзець пачынае, блажыць. А сам увесь потны - то гарачы, то халодны пот. I языком не варухнуць часамi - слова выцiснуць цяжка. Добра-такi шуганула хваляй той выбуховай. Забiць не забiла, але i жыцця таго адзiн знак пакiнула. Зусiм заняпаў духам Едыгей. Малады, здаровы з выгляду, а вернецца дамоў на Аральскае мора - што будзе рабiць, на што ён прыдатны? Шчасце яго, лекар трапiўся добры. Ён нават не лячыў яго, а толькi абгледзеў, абслухаў: як цяпер, як сёння помнiць, здаравенны руды мужчына ў белым халаце i каўпаку, вочы ясныя, сам насаты, паляпаў яго па плячы, пасмяяўся.

- Ведаеш, - кажа, - браток, вайна скора скончыцца, а то я вярнуў бы цябе яшчэ ў строй, паваяваў бы яшчэ. Але i так добра. Як-небудзь без цябе дацiснем да перамогi. Толькi ты не сумнявайся, праз год, а то i меней усё будзе ў парадку, здаровы будзеш, як быська. Гэта я табе кажу, успомнiш потым. А пакуль збiрайся, едзь у свае мясцiны. I не тужы. Такiя, як ты, сто год пражывуць...

А праўду казаў той вясёлы доктар. Так яно i выйшла. Яно сказаць проста год. А як выйшаў са шпiталю - у паабiтым шынелку, з хатулём на спiне, з кастылём на ўсякi выпадак, ды сунуўся ў горад, нiбы ў гушчар якi трапiў. У галаве шум, ногi дрыжаць, у вачах цемень. I нiкому ты не трэба на вакзалах, у цягнiках - народу процьма, хто моц мае, той i лезе, а цябе адштурхне. I ўсё-ткi дабраўся, дапяў. Лiчы, праз месяц блуканняў ноччу спынiўся цягнiк на станцыi Аральск. "Пяцьсот сёмы вясёлы" называўся той "славуты" цягнiк, нiкому i нiколi няхай не давядзецца ездзiць на такiх цягнiках...

А тады i гэткаму парадку быў рады. Злез у цемры з вагона, як з гары, спынiўся разгублена, наўкол пустэча, ледзь-ледзь станцыйныя агеньчыкi прабiвалi змрок. Ветрана было. Адно гэты вецер яго стрэў. Свой, родны, аральскi вецер! Марской сырасцю тхнула ў твар. Мора было некалi побач, пад самай чыгункай. А цяпер i ў бiнокль не ўгледзiш...

Дых заняло - са стэпу патыхала ледзь улоўным водарам палыну, духам маладой яшчэ вясны, што пачынала ўладарыць на зааральскiх прасцягах. Вось i яны, родныя мясцiны!

Едыгей добра ведаў станцыю, прыстанцыйны пасёлак на беразе мора. Гразюка налiпала на боты. Ён iшоў да знаёмых, каб пераначаваць там i ранiцай падацца да свайго рыбацкага аула Жангельдзi, адлегласць да якога была немалая. I сам таго не заўважыў, як вулка вывела яго на ўскраiну, на самы бераг. I тут Едыгей не ўцярпеў, падышоў да мора. Спынiўся ля шумлiвай берагавой палоскi. Прыхаванае цемрай, мора давала аб сабе знаць няпэўным святлом, грэбнямi хваляў, што вынiкалi раптам са смугi i тут жа нiшчылiся. Месяц быў перадсвiтальны ўжо - бялеўся плямкай за аблачынай у вышынi.

Вось i сустрэлiся, значыцца.

- Дзень добры, Арал, - бадай што ўслых падумаў Едыгей. А потым прысеў на камень, запалiў, хоць дактары i не раiлi палiць пры кантузii. Пазней ён наогул кiнуў палiць. А тады расхваляваўся - што там тытунь, тут як жыць, невядома. У мора выходзiць - трэба моцныя рукi мець, храсткi здаровыя мець i, найперш, здаровую галаву, каб не загайдала ў шаландзе. Быў прамысловым рыбаком да фронту, а цяпер хто ён? Iнвалiд не iнвалiд, а наогул нi на што не варты. I найперш галава для рыбацкага промыслу стала не тая - гэта так.

Едыгей наважыў быў пайсцi, як на ўзбярэжжы аднекуль паявiўся белы сабака. Ён бег трухам паўз ускрай вады. Час ад часу прыпыняўся, заўзята абнюхваючы мокры жвiр. Едыгей прынадзiў яго. Сабака даверлiва падышоў, стаў побач, памахваючы хвастом. Едыгей паказытаў яму ў зашыйку.

- Ты адкуль, га? Адкуль бяжыш? А як зваць цябе? Арстан? Жалбарс? Барыбасар? А-а, я разумею, ты шукаеш рыбу на беразе. Ну, малайчына, малайчына! Толькi не заўсёды мора выкiдвае пад ногi тую рыбку. Але што рабiць! Даводзiцца бегаць! Таму i худы такi. А я, браток, дадому вяртаюся. З-пад Кёнiгсбергу. Не дайшоў трохi да гэтага горада, так шандарахнула снарадам, што ледзь жывы застаўся. А цяпер вось думаю-мяркую, як быць. Што ты так глядзiш? Нiчога ў мяне няма для цябе. Ордэны ды медалi... Вайна, дружа, галадуха паўсюль. А так хiба было б шкада?.. Чакай, тут вось цукеркi ёсць, для сына вязу, ён у мяне бегае ўжо, бадай...

Едыгей не паленаваўся, развязаў напаўпусты рэчмяшок, у якiм была прыгаршча тых цукерак, загорнутых у газету, хустка для жонкi, купленая ў спекулянтаў. I была яшчэ ў рэчмяшку пара салдацкай бялiзны, рэмень, пiлотка, запасная гiмнасцёрка, штаны - вось i ўвесь запас.

Сабака злiзнуў з далонi цукерку, захрумсцеў ёю, вiляючы хвастом i ўважлiва, аддана гледзячы абнадзеянымi вачамi.

- Ну, а цяпер бывай.

Едыгей падняўся i пайшоў берагам. Рашыў не надакучаць на станцыi, блiзка свiтанне было, трэба было дабiрацца неяк да свайго аула Жынгельдзi.

Толькi апоўднi таго дня дабраўся ў Жангельдзi, увесь час iдучы берагам мора. А да кантузii за дзве гадзiны прабягаў адлегласць тую. I на табе сыночка, высветлiлася, даўно няма ў жывых. Калi Едыгея мабiлiзавалi, малому было паўгода. I такi ўжо лёс - памерла малое ў адзiнаццаць месяцаў. Захварэў на краснуху i не змог агню нутранога, згарэў, апаў попелам. Пiсаць бацьку пра тое на фронт не сталi. Куды i навошта пiсаць? На вайне i без таго ўсялякага хапае. Вернецца жывы, даведаецца, пасмуткуе, перажыве. А вы маладыя, казалi жонцы ў ауле, народзiце яшчэ, чаму не? "Галiна абламалася, затое ствол цэлы". I яшчэ, можа, меркаванне было: вайна яна вайна, цi мала што - куля абмiне, дык няхай хоць з надзеяй развiтаецца з белым светам: маўляў, спадчыннiк ёсць, роду не звесцiся...

А Укубала за ўсё кляла толькi сябе. Ад плачу заходзiлася, абдымаючы ацалелага мужа. Бо чакала гэтага дня з надзеяй i болем непагасным, змарнела ўся, чакаючы. Расказвала, захлiпваючыся слязьмi, што старая адразу здагадалася пра краснуху, казала, што трэба дзiцяцi захутаць як цяплей у коўдру з вярблюджай поўсцi ды трымаць у поўнай цемры, ды паiць цёпленькай вадзiчкай, а там ужо воля боская, агонь спадзе, дзiця выжыве. А яна, гаротнiца, не паслухалася той старой. Папрасiла ў суседзяў калёсы да павезла хворае дзiця на станцыю да доктаркi. А калi дабралася да Аральску на калёсах тых, дык было позна ўжо. Згарэў хлапчук па дарозе. Доктарка лаяла яе ўжо, лаяла. Кажа, трэба было табе паслухацца той старой...

Вось якiя навiны чакалi Едыгея дома, як толькi ён пераступiў парог. Скамянеў, учарнеў ад гора з той пары. Не думаў ён раней нiколi, што засумуе гэтак па малым дзiцёнку, па першынцу сваiм, якога нават не панянчыў. Яшчэ горай было ад гэтага.

Тады i пачалося. Знелюбеў Едыгею аул. Некалi тут, на суглiнiстым прыгарбку, было з паўсотнi двароў. З рыбы аральскай жылi. Арцель стаяла. А цяпер застаўся ўсяго дзесятак мазанак пад абрывам. Мужчын нiкога - усiх вайна падабрала. Старыя ды малыя i тыя ўсе на ўлiку. А хто i падаўся ў аулы калгасныя, жывёлагадоўчыя, каб з голаду не памерцi. Распалася арцель. Некаму стала выходзiць у мора.

Укубала таксама магла паехаць да сваiх, сама была са стэпавых плямёнаў. За ёй прыязджалi сваякi, хацелi забраць да сябе. Перачакаеш, маўляў, у нас злыбяду, а вернецца з фронту Едыгей - нiхто цябе трымаць не стане, вернешся адразу на сваё рыбацкае селiшча. Але Укубала рашуча адмовiлася: "Буду чакаць мужа. Сыночка страцiла. Калi вернецца сам жывы, дык няхай хоць жонку знойдзе на месцы. Я не адна тут, старыя ды малыя ёсць, памагаць iм буду, пражывём агулам".

Добра яна зрабiла. Ды толькi Едыгей з першых дзён пачаў гаварыць, што не можа ён без справы заставацца тут, ля мора. Можа, i праўду казаў. Сваякi Укубалы, калi прыйшлi пабачыцца з Едыгеем, прапанавалi перабрацца да iх. Пажывеш, маўляў, у нас пры атарах у стэпе. А там паздаравееш, зоймешся справай якой, скацiну пасвiць будзеш.

I тады наважылi яны з Укубалай рызыкнуць. Захацелi на чыгунку падацца. Думалi, знойдзецца якая вартая работа для Едыгея - вартаўнiком дзе-небудзь або на пераездзе шлагбаўм адкрываць ды закрываць. Павiнны ж даць нейкую работу iнвалiду-франтавiку.

З тым i рушылi з аула ўвесну. Маладыя былi, нiчым пакуль не звязаныя. Першым часам на станцыях розных начавалi. Але работы не шанцавала знайсцi. З жытлом было яшчэ горш. Жылi дзе давядзецца, задавальнялiся рознай выпадковай работай на чыгунцы. Укубала тады выручала - здаровая ды маладая, яна i працавала найбольш. Едыгей, як мужчына нiбы цягавiты, дамаўляўся на работу, а Укубала тую работу рабiла.

Такiм чынам апынулiся яны аднойчы, недзе ў разгары вясны, на вялiкай вузлавой станцыi Кумбель. Вугаль разгружалi. Вагоны з вугалем падавалiся па запасных пуцях проста на тылы дэпоўскай гаспадаркi. Тут вугаль скiдалi спачатку на зямлю, каб хутчэй вызвалiць платформы, а потым на тачках перавозiлi туды, дзе рабiлiся бурты, аграмадныя, як дамы. Запас на цэлы год. Непамерна цяжкая, пыльная, брудная была работа. Але i жыць трэба. Едыгей накiдваў грабаркай той вугаль на тачку, а Укубала адвозiла тачку ўгору па насцiлу, там выварочвала яе i зноў вярталася ўнiз. Зноў насыпаў Едыгей тую тачку, i зноў Укубала, бы каняка якая, кацiла ўгору цяжкi, не для бабскай сiлы груз. А тым часам рабiлася ўсё гарачэй дзень пры днi, i ад той гарачынi, ад таго вугальнага пылу млосна рабiлася Едыгею, блажыла яго. Сам адчуваў, як пакiдаюць яго сiлы.

Але больш за ўсё непакоiла яго, прыгнятала тое, што жонцы даводзiлася, задыхаючыся ў чорнай пылюцы, рабiць замест яго тое, што трэба было рабiць яму. Цяжка было глядзець на яе. З галавы да пят уся ў чорным вугальным прысаку, толькi адны бельмы вачэй ды зубы свецяцца. А сама ўся мокрая ад поту. Бруднымi пiсягамi сцякаў вугальна-чорны пот на шыю, на грудзi, на спiну. Каб ён быў па-ранейшаму моцны, хiба дапусцiў бы такое! Сам адзiн перакiдаў бы дзесятак вагонаў гэтага праклятага вугалю, каб толькi не бачыць жончыных пакутаў.

Калi яны пакiдалi свой апусцелы рыбацкi аул, спадзеючыся, што Едыгею як параненаму франтавiку знойдзецца якая работа, не ўлiчылi аднаго: што такiх франтавiкоў усюды было аж даволi. I ўсiм iм трэ было неяк падладжвацца пад новае жыццё. Добра яшчэ, што ў Едыгея ацалелi рукi i ногi. А колькi знявечаных - бязногiх, бязрукiх, на мылiцах i пратэзах - пабачыла тады чыгунка. Доўгiмi начамi, калi, уладкаваўшыся дзе ў кутку ў перапоўненым, смуродным станцыйным памяшканнi, яны бавiлi ноч, Укубала, наперад папрасiўшы прабачэння, дзякавала богу за тое, што муж яе побач, з ёй, што яго пашкадавала вайна, не скалечыла так, каб было да адчаю роспачна i невыносна. Бо тое, што яна бачыла на станцыях, пасялiла ў ёй жах i пакуту. Што чакала кожнага з iх, чым можна было заплацiць за тое, што болей было за любую плату? I толькi за адно тое, што такая бяда абмiнула яе, а магла i не абмiнуць, за тое, што муж вярнуўся хай i з кантузiяй, але не знявечаны, Укубала была гатовая аддзячыць усяму свету самай пякельнай працай. I таму яна не скардзiлася, не падавала выгляду, нават калi не ставала сiлы цягаць ногi, калi, здавалася, не хапала трывання.

Але Едыгею ад гэтага было не лягчэй. Варта было нешта прыдумаць, неяк мацней адчуць сябе ў жыццi. Не век жа блукаць. I ўсё часцей прыходзiла ў галаву думка: а што, калi сказаць сабе "таўбакель"* i падацца куды ў горад, а там ужо як пашанцуе. Толькi каб здароўе вярнулася, толькi б выкараскацца з гэтай кантузii праклятай. Тады яшчэ можна было б пазмагацца, пастаяць за сябе... Усяляк магло, вядома, перакруцiцца для яго i ў горадзе, але, можа, прыжылiся б неяк, як шмат хто, ды лёс памеркаваў iначай. Так, гэта лёс быў, бо iнакш як назваць той выпадак...

* Таўбакель - была не была.

У тыя днi, калi яны гаравалi на станцыi Кумбель, наняўшыся на буртоўку вугалю, на дэпоўскiм двары паявiўся аднойчы нейкi казах верхам на вярблюдзе дапяў сюды, мусiць, са стэпу дзеля сваiх спраў. Так яно падалося. А той пусцiў вярблюда пасвiцца на лубяк поблiзу, а сам, заклапочана азiраючыся, пайшоў з пустым мехам пад пахай.