89214.fb2 Замалёўкi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Замалёўкi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

"Ого! - думаю. - Калi такiя прыгажунi заглядаюцца на мяне, вясковага падлетка, значыцца, я - хлопец хоць куды!"

I я пакрочыў больш бадзёра, упэўнены ў тым, што ў жыццi мяне чакаюць адныя радасцi i перамогi...

Дзiвак я, дзiвак!.. На мне была старэнькая, выцвiлая зiмовая шапка, "вушы" якой я не падвязаў зверху, а, падкруцiўшы, падаткнуў, каб не звiсалi, старыя i дзе-нiдзе залатаныя, татавы, навыраст, ватнiкi-штаны, гэткая ж ватоўка... Але самае галоўнае "ўпрыгожанне" майго ўбрання - вялiзныя, усе на латах, татавы валёнкi, на якiх былi надзетыя не галёшы, а чунi...

Сёння чунi нiдзе не прадаюцца, вiдаць, iх перасталi вырабляць, а тады яны моцна баранiлi валёнкi ад вiльгацi, ратавалi ад любой адлiгi, бо былi вельмi глыбокiя. Праўда, каб пасушыць валёнкi, няпроста было здзерцi тыя чунi, яшчэ складаней iх было надзець...

Вось у такiм звыклым для вёскi выглядзе, з вузельчыкам за плячыма, я крочыў па адталых чыстых вулiцах Менска, не заўважаючы на сабе такой недарэчнай вопраткi i абутку, бо юнацтва глядзiць на жыццё вачыма сваёй светлай душы...

Як жа было тым дзвюм расфуфыраным паненкам не выскаляцца, гледзячы на мяне, бо такога "заканадаўцу" моды не часта можна было сустрэць на вулiцах сталiцы...

А я ж думаў, што дзяўчат прываблiвала мая прыгажосць.

УСКРЫША

Лёгкай работы ў калгасе не было. I хоць давалася яна цяжка, хоць вочы страшылiся, рукi рабiлi.

Аднаго разу трапiла такая работа, якая мне не паддалася...

Вось як гэта адбылося. Ранняй вясной, калi толькi сышоў снег, а жывёлу нельга яшчэ было пасвiць, падышла чарга НЗ - вялiкага стога канюшыны.

Канюшына, калi яна не перастаiць на каранi, а скошваецца падчас яе цвiцення, - вельмi смачная i карысная для жывёлы прысмака.

Вось стог гэтай смакаты i вырашылi падаць жывёле да веснавога "стала".

Запрэглi мужчыны паркi коней i паехалi да таго стога. Мяне, жэўжыка, брыгадзiр паставiў скiдаць унiз на падводы са стога канюшыну.

- Ты - падлетак, - кажа брыгадзiр, - вось табе i лягчэйшая работа. Зробiш ускрышу стога i кiдай сабе зверху яе гуляючы.

Я паверыў i быў задаволены, бо такую "пасаду" яшчэ не займаў нi разу.

Узлезцi на стог - не простая справа. Трэба двое вiлаў, якiя па чарзе ўтыкаеш у стог, i, як па ўсходцах, карабкаешся наверх. Адтуль лiшнiя вiлы скiдаеш унiз, i лiчы, што вяршыня табе пакарылася...

Такiм вось чынам ускарабкаўся i я на стог, скiнуў другiя вiлы i пачаў...

Канюшына - не сена. Яна мае тоўстае, моцнае сцябло, ад якога ў розныя бакi адрастаюць яшчэ сцяблiнкi i лiсце. Пры кладцы стога гэтыя сцяблiнкi пераплятаюцца, за зiму спрасоўваюцца, робяцца маналiтам...

Колькi я нi ўтыкаў вiлы ў гэты маналiт - не здолеў адарваць нi ахапачка, нi пучка. Прыкладваю ўсе сiлы, аблiваюся потам - нiчога не атрымлiваецца.

Знiзу крычаць мужыкi:

- Што ты там, як верабей, капаешся?! Давай! Кiдай!

Мне сорамна прызнацца ў бяссiллi, хаця i не надта слабы я быў у свае чатырнаццаць гадоў. У працу ўцягнуўся i меў ужо нейкi вопыт i стаж. Тыя ж мужыкi, што на падводах, бораць мяне боралi, але прыходзiлася iм добра папыхкаць i павалтузiцца са мной...

Крычу мужчынам, задыхаючыся:

- Хвiлiнку! Пачакайце! Я тут расчышчаю, падрыхтоўваю...

Калi я зiрнуў на свае далонi - яны ўсе ў крывi. За гэты кароткi час ускочылi крывавыя мазалi, якiя адразу былi расцiснуты аб вiлачнiк. Цяпер я адчуў i пякучы боль.

Знiзу далятала лаянка мужчын. Там жа ля iх стаяў моўчкi i брыгадзiр.

Тады мне было не да здагадкаў, я рваў жылы, нервова мiтусiўся, а кiдаць унiз не было чаго.

На маё шчасце, аднекуль раптоўна з'явiлася мая мама-выратавальнiца. Яна iмгненна ацанiла сiтуацыю i наляцела на брыгадзiра, як каршун на курыцу.

- Ты што здзекуешся? Хiба ж можна дзiця ставiць на такую работу? Ану злазь! - загадала мне.

Я, як абмалочаны сноп, ссунуўся ўнiз. Далонi пякло агнём, вочы залiваў пот, жывот ад перанатугi ныў, спiну ламала... Не паддалася мне ўскрыша...

Пазней я ацанiў брыгадзiраву "ласку" i здагадаўся, за што яна...

Мы з Барысам адмочвалi розныя нумары, сярод якiх быў i наступны.

Брыгадзiраў бацька рабiў конюхам. Тры разы на дзень - пасля ранiшняга догляду коней, дзённага i вячэрняга, ён нёс дамоў поўнае, з коптурам, вядро конскага калу, якi спрадвек у вёсцы падмешваюць свiнням да асноўнай яды. Нiчога дзiўнага ў тым не было, што чалавек нясе дамоў конскi кал, каб не тое, што кожны дзень па тры вядры. Каб яго скiдаць у адну кучу, дык праз нейкi час i хаты не было б вiдаць...

Усе здагадвалiся, што ён нясе авёс, якi давалi коням, а кал толькi зверху быў для чужых вачэй. Здагадвалiся, а зрабiць нiчога не маглi - як-нiяк, а брыгадзiраў бацька. Тут дрэнныя жарты, бо брыгадзiр у глухой вёсцы - i цар, i ўсяго ўладар.

А нам з Барысам - мора па калена. Цi ж мы думалi пра тое, што бацькам не дадуць каня адсеяцца цi дадуць не надзел сенакосу, а балоцiну?.. Мы прагнулi праўды - мы яе i знайшлi...

Iдзе конюх з конскiм калам дамоў, а мы з Барысам чакаем яго ля Тодаравай хаты - на самым бойкiм месцы ў нашай вёсцы. Вiтаемся, Барыс i прапаноўвае:

- Адпачнiце, дзядзька! Раскажыце, як справы, як здароўе...

Мы з Барысам - блазнюкi, падшыванцы, конюх - чалавек стары, ды i недалюблiваў ён нас.

- Зараз я тут буду з вамi байкi разводзiць... Чакайце! - але вядро ставiць на зямлю, каб вальней уздыхнуць.

Нам гэта толькi i трэба! Я, быццам спатыкнуўшыся, стукаю нагой па вядры, яно - перакульваецца, i на дарогу, следам за конскiмi кругляшкамi, шугае жоўценькi авёс...

Крыку i гвалту было многа з боку брыгадзiравага бацькi. Брыгадзiравай крыўды - яшчэ больш.

Гэта крыўда перарасла ў дробязную помсту, якая, мiж iншым, загнала мяне на стог клеверу.

ПАРУШАНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

На вечарынкi, а асаблiва на вяселлi моладзь дапiнала i за дзесяць, i за дваццаць кiламетраў. Iшлi, не думаючы пра адлегласць ды пра стому. Галоўнае танцы-абдыманцы! Iшлi на цэлы дзень, на цэлую ноч, таму была адна непрыемная закавыка - голад. Надыходзiў час, i хацелася хоць чагосьцi ўгрызцi. Не несцi ж у кiшэнi хлеб з салам. Але супраць гэтай закавыкi добра спрацоўвала адна традыцыя - мясцовая моладзь арганiзоўвала нейкi стол i запрашала немясцовых перакусiць. Сябры запрашалi сяброў, знаёмыя - знаёмых.

Аднойчы мы з хлопцамi зацягнулiся на вяселле ў такую далеч, што знаёмых там не аказалася, i голад паступова пачаў псаваць нам настрой.

Панiгаўшы туды-сюды, мы вырашылi, пакуль яшчэ засталiся нейкiя сiлы, клыпаць дамоў.

Раптоўна, як на тое шчасце, сустракаем крыху знаёмага хлапца, якi ў калгасе працаваў маладым спецыялiстам - ветэрынарам - i жыў у гэтай вёсцы.

- Дзiма! - у адзiн голас злiлiся нашы галодныя галасы. - Як жывеш? Рады бачыць!.. А мы тут з ранiцы... цэлы дзень... стамiлiся... духi падцягнула... Разумееш?

Бачым, што не разумее i робiць выгляд, што перад iм стаяць бараны.