89214.fb2 Замалёўкi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Замалёўкi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Так. У горадзе былi хоць якiя забавы, быў хоць якi заробак, у вёсцы не было нi забаў, нi рубля. I гэта - адна з галоўных трагiчных памылак, якая паскорыла падзенне будынка, пад якi не паклалi падмурак.

Прайшло сорак год горкiх маiх назiранняў, а ўперад - нi кроку.

Тыя нямногiя мае аднагодкi i людзi больш сталыя з апошнiх сiл трымаюць вёску, не даюць канчаткова рухнуць абяссiленаму i абяскроўленаму сялянскаму побыту. Цi надоўга хопiць сiл?..

А якое дачыненне маюць тыя абстрактныя работы нямецкай мастачкi да нашай змардаванай вёскi? Думаю - прамое.

Калi ў мастацтве маюць права на жыццё i рэалiзм, i авангардызм, i ўсялякi "iзм", то зямля не церпiць "абстракцыянiстаў". Ёй патрэбен толькi прафесiйны рэалiзм.

Гледзячы на абстрактныя адносiны да зямлi i людзей на ёй, мiжволi думаеш: "Куды мы iдзём?"

ТАВАР - ГРОШЫ - ТАВАР

Мiшка (царства яму нябеснае) наведаў пры жыццi суседа Адама (дзякуй Богу, яшчэ жывы).

- Здарова, Адаме!

- Адкуль яно, Мiхаська, тое здароўе?!

- А што будзем рабiць? - пытаецца Мiшка i ведае, што Адам, як заўсёды, дасць добрую параду.

Адам раiць:

- Здароўе патрабуе дагляду! Яго неабходна пастаянна падтрымлiваць! - i, падумаўшы, дадае: - Калi ёсць чым падтрымлiваць...

- Ёсць! - ускочыў Мiшка i дастаў з кiшэнi роўна столькi, колькi каштуе пляшка з "лякарствам". Але грошы са сваёй рукi не выпускае, а папярэджвае суседа: - Ахвярую з адной умовай: пляшку купiш толькi ў маёй Бронi! (Броня яго жонка.)

- Чаму ў яе? - пытаецца Адам.

- Таму, - тлумачыць Мiшка, - што гэтыя грошы я толькi што "пазычыў" у яе з панчохi i лiчу за абавязак, каб яны вярнулiся роўненька дамоў. Зразумеў?

- Не дурань, дзякуй Богу! - i Адам падаўся да суседкi.

Броня радасна прыняла ў Адама "навар" i выдала яму запаветную пляшку.

Адам вярнуўся да сябра, i той не ўтрымаўся ад тоста:

- А я ў школе нiяк не мог зразумець Маркса, што гэта за формулу ён прыдумаў: "тавар - грошы - тавар". Сёння бачу, што не зусiм дурны ён быў чалавек!

Цi то дзякуючы Марксу, цi то Мiшкавай кемлiвасцi, але грошы з Бронiнай панчохi кожны дзень спраўна траплялi да Адама, i ён спраўна адносiў iх гаспадынi, абменьваючы на "тавар".

Аднойчы стрэльнула здагадка Бронi ў мазгi, i яна не толькi пералiчыла грошы, але i запiсала iх нумары. Запiсала i жахнулася - яе родненькiя грошы гуляюць туды-сюды, а гарэлка задарма вандруе ў суседнюю хату.

"Ах, так! - узвiнцiлася яна. - Ну, я вам пакажу!" - i замест гарэлкi налiла ў пляшку вады. Налiла i ветлiва - Адаму:

- На здароўечка, Адамка! Прыходзь яшчэ!..

Вярнуўся яе Мiшка дамоў збянтэжаны i цвярозы, цыгарку смалiць ды моўчкi пасапвае.

- Што гэта ты сёння, як нашкодзiўшы кот? - смяецца Броня. - Няўжо ў Адама зачынiлася крама?

Мiшка збянтэжыўся яшчэ больш i ляпнуў:

- Што я?! Шкада Маркса - не спрацавала яго формула!

ДУРНОТА

Адчыняюцца сенцы, i на ганак выходзiць узрушаная жанчына, адпiхвае нагой худога сабаку i крычыць суседцы:

- Ты чула? Хулiа з Жулiяй пасварылiся i сёння не размаўлялi!

Суседка бразнула аб зямлю вядро з конскiм калам i схапiлася мурзатымi рукамi за галаву:

- Ды што яны, здурнелi?! Учора Рыкарда з Алiвiяй за дзве гадзiны нi разачку не пацалавалiся, а сёння Хулiа i Жулiя пайшлi наперакасяк! Як гэта я прапусцiла такое?..

На вулiцу пачалi выходзiць жанчыны з другiх хатаў.

- Ды што там Хулiа?! - кiпяцiцца "падмога". - Вунь Паула наставiла рогi Радрыгасу! Вось гэта дык да!

- А з кiм? З кiм наставiла рогi? - закрычалi адразу некалькi састарэлых жанчын, якiя ў сваёй маладосцi не ведалi, што гэта такое - "наставiць рогi".

- З Мэйсанам! З кiм жа яшчэ?! Не з Хуанам жа!

- А што Хуан зрабiў табе дрэннага? Ён што, гарод табе стаптаў?

- Ды твой Хуан у параўнаннi з Карласам як чарвiвы казляк побач з баравiком!..

Я стаю, здаецца, у роднай вёсцы i не магу крануцца з месца, каб iсцi ў сваю хату. Куды я трапiў? Цi мая гэта вёска? Дзе я - у Аргенцiне, Бразiлii цi Амерыцы?

Не! Дзякуй Богу, не! Ды i жанчыны гэта нашы, беларускiя, вясковыя. Вунь на iх - драныя ватоўкi, скрыўленыя, стаптаныя, крыху маладзейшыя за iх, боты, кожная мае ў роце два-тры зубы...

Бедныя бабы!.. Затуманiлi iм мазгi розныя бяздарныя тэлесерыялы.

КАЛЮЧАЕ МАСЛА

- I якога ражна трэба майму малаку?! - скардзiцца гаспадыня суседцы. Здыму смятанку - смятанка густая, палец не лезе, перакулю яе ў бойку, збiваю-збiваю, каб масельца зрабiць...

- I што? - цiкавiцца суседка.

- А нiчога! - адказвае гаспадыня. - Адна сыроватка ў бойцы. А куды што дзяваецца - дзiва нейкае!

- Нячыстая сiла! - коратка i рашуча заключае суседка.

- Што, нячыстая сiла? - уздрыгвае гаспадыня.

- Нячыстая сiла з'ядае тваё масла! Вось што!

- А як гэта яна? - падалася ўсiм целам уперад гаспадыня.