9437.fb2 Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Ля будана Сяргей расчысціў старой рыдлёўкай невялікі кавалачак ад дзёрну, потым вядром нацягаў ад хаты дзеда Васіля пяску – там была яго невялікая горка.

– Вось, будзе табе месца, дзе гуляць, – задаволена сказаў Сяргей Нэле. – Будуй тут свае сакрэты, я табе пайду яшчэ цацак пашукаю.

У гэты час у садок зайшла Жэнька.

– Што трэба? – непрыязна сустрэў яе пытаннем Сяргей, стаў на сцяжынцы між ёй і буданом.

Жэнька першы раз бачыла ў гэтым годзе Сяргея, і яе крыху напужаў і грубаваты голас, і сам ён: насцярожаны, вочы глядзяць з-пад ілба, аднаго вока амаль не відаць з-за сіняка.

Жэньку Сяргей бачыў увогуле першы раз. Ну, мо і бачыў раней, але не ведаў, хто яна такая. Лялька ў яе руках давала магчымасць здагадацца, чаго яна сюды прыйшла, але...

– Я... я цацкі прынесла тваёй Нэле-Анжэле. І ляльку вось, – прыўзняла Жэнька пакет.

– У нас няма чым плаціць, – адказаў панура, але цвёрда Сяргей.

Дык я ж не прадаю, я так даю, – разгубілася Жэнька.

Ён што – не разумее, гэты хлопец, такіх простых рэчаў?

– Нам ад чужых нічога за так не трэба. Абыдземся без падачак.

Жэнька ніяк не чакала такіх слоў. І раптам яе разабрала злосць.

– Ты ідзі і зарабляй сабе на цукеркі! А Нэла зарабіць яшчэ не можа. І таму дзіцяці цацкі дораць і даюць, а не прадаюць, – выпаліла яна і рашуча, трымаючы пакет перад сабой, пайшла проста на Сяргея.

Той ад нечаканасці саступіў убок.

Жэнька падышла да будана, прысела каля дзяўчынкі.

– Цябе завуць Нэла, праўда?

Нэла маўчала, паглядваючы то на Жэньку, то на ляльку, то на Сяргея.

– Трымай! Будзе ў цябе сяброўка! – Жэнька працягнула ляльку Нэле, не чакаючы адказу.

Лялька была напалову росту малой. Заварожанымі вачанятамі глядзела яна на ляльку, узняла руку і ціхенька кранулася пальчыкам залацістых валасоў.

– Трымай, трымай, Нэла! Яна твая, – працягвала Жэнька ляльку, і ўпершыню за апошнія дні Нэла не стала чакаць дазволу Сяргея.

Асцярожна, нерашуча яна ўзяла ляльку і трымала на руках, зазіраючы ў штучныя блакітныя вочы.

– І вось табе яшчэ гуляцца, – высыпала Жэнька з пакета побач з буданом цацкі, якія сабрала на гарышчы: кубікі, кольцы, машынкі. – Гуляй.

Нэла, быццам баючыся, што ляльку забяруць, перадумаюць, адступала задам і раптоўна з імклівасцю звярка шмыгнула ў будан. Жэнька адно заўважыла, што з усяго адзення на Жэньцы толькі сукенка.

– А ты чаму, такая дарослая, без трусікаў ходзіш, – прысела яна перад буданам, зазірнула ўглыб.

– Не лезь не ў свае справы! – раздаўся над галавой злы голас.

Жэнька ўскочыла – побач стаяў Сяргей.

– Чаго ты крычыш? – паціснула плячыма Жэнька. – Дзяўчынкам трэба...

– Я ведаю, што трэба, – глуха сказаў Сяргей. – Прынесла цацкі – ідзі, нечага лезці да нас. Не прасілі.

Жэнька павярнулася ісці, прыпынілася.

– Чаму ты такі злы?

– Гэта цябе не тычыцца.

– Ну і... дурны, – нечакана для самой сябе закончыла Жэнька і сама спужалася: за такія словы можна што хочаш атрымаць, ды яшчэ ад гэтага, інтэрнацкага...

Але рэакцыя Сяргея здзівіла Жэньку: ён адвярнуўся ўбок і невыразна прамармытаў:

– Які ёсць, мая справа...

Жэнька пайшла.

Сяргей зазірнуў у будан.

– Ты дзе там?

Нэла выглянула з будана, агледзелася, вылезла і стала гушкаць сваю ляльку, цягнучы доўгае “а-а-а”. І зноў Сяргея абдало: гэта быў другі гук з вуснаў Нэлы, выкліканы не болем і не страхам...

– Усё будзе добра! – паўтарыў ён каторы ўжо раз, лёгка пагладжваючы яе па галаве.

Частка 9

Вечарам на надворку пачуліся галасы – маці і прымака. Яны сварыліся. Потым да гэтых галасоў далучыўся яшчэ адзін, другі, трэці... Шум з хаты даносіўся ў садок да позняй ночы. І яшчэ даймалі камары – трэба будзе абавязкова прыдумаць што-небудзь, каб шчыльней закрываць уваход...

Прачнуліся позна. Нэла сама пабегла цераз агарод да бабы Адаркі і прынесла паўлітровы слоік малака. Снедалі гэтым малаком з батонам.

Напачатку Сяргей упраўляўся са сваёй гаспадаркай: знайшоў стары, але яшчэ не дзіравы чайнік, адно што ручкі ў ім не было, то ён зрабіў яе з дроту. Нацягаў кавалкаў цэглы (іх шмат валялася на надворку, што засталіся ад некалішняй будоўлі), прынёс ад дзеда Васіля яшчэ пяску і гліны (ну, усё на надворку дзеда ёсць патрэбнае!), памучыўся трохі – амаль што пячурка атрымалася. І два паўлітровыя слоікі вымыў, і лыжкі, што ўзяў у хаце, адцёр жвірам, аж блішчалі.

Аблазіў гарышча, хлеў, кладоўку. Збіраў, выбіраў з хламу тое, што можа спатрэбіцца. Яно толькі напачатку здаецца, што нічога не трэба, а час пройдзе – ніткі не будзе – ужо праблема.

У блізкі ад вёскі лясок, дзе расло кустоў колькі арэшніку, ён пайшоў адзін – Нэла захапілася гульнёй з лялькай: і спаць яе клала, і карміла, і вадзіла за сабой. І ўсё яна нешта гула ціха, чуваць было яе доўгае “а-а-а”…

Да чатырох гадзін Сяргей прынёс тры добрыя вудзільны, абадраў кару, паклаў на дах хлява на сонечны бок сушыцца. Нэла ўжо была зноў збегала да дзеда Васіля – прынесла яблык.

Паелі яблыкаў з хлебам і салам. І пайшлі за вёску.

…Луг стракаціць: белыя хусткі, квяцістыя сукенкі жанчын, яркія чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, сінія купальнікі дзяўчат і маладзіц, загарэлыя спіны. Луг вялізны і цяпер не зялёны, а шараваты з гэтымі кропкамі людскіх постацей. Быццам на вялікі, роўны, падстрыжаны дыван нехта зверху пырснуў вадой, а кропелькі афарбаваліся ва ўсе колеры, разляцеліся па лузе ў выпадковых месцах. І не стаяць на месцы – варушацца, перасоўваюцца: туды, сюды. Здаецца, ну што тут могуць зрабіць гэтыя кропелькі з вялікім шаравата-зялёным дываном?

Але ж робяць!

Вось капашыліся яны тут увесь дзень, а к вечару раптам усе кінуліся ачышчаць гэты луг, зграбаць шэра-зялёнае сухое покрыва ў мноства валкоў, валкі зносіць у копы, і марудна, але няўмольна, метр за метрам ужо ачышчаецца луг зноў да чысцюткага зялёнага колеру, малады, падстрыжаны, як салдат-прызыўнік.