9437.fb2
Аркадзь трохі псіхаваў – не паспее. Як ні хапалася Галіна, яго жонка, як сам ці не подбегам ні закідваў сена з валка ў прычэп, разумеў – два рэйсы не атрымаецца, а ў адзін прычэп не ўлезе сена з дзялкі, хоць з Галяй грузі, хоць з мужчынам. Два разы ехаць трэба, а сена ж яшчэ скінуць ды ў хлеў унесці – не кінеш на надворку на ноч, вунь і сонца ў аблокі садзіцца, чакай дажджу, хоць ноччу, хоць пад ранне. Добра хоць свякруха узяла малых глядзець, Дашу ды Андрэйку, а вось яшчэ па гаспадарцы ўправіцца самім трэба. Таму хвілін праз дваццаць супакоіўся Аркадзь і стаў падаваць сена Галіне на прычэп павольней. Валок, у які Галіна загрэбла дзялку, быў бясконца доўгі.
– Карацей, не будзем ірвацца, – выцер Аркадзь пот з ілба. – Сёння не забяром, не паспеем. Прычэп нагрузім, потым астатняе ў копы складзём. Дасць Бог, не будзе дажджу, забяру заўтра.
Давай так, – пагадзілася на прычэпе жонка.
Яна, прыбегшы з фермы, грэблася тут гадзіны чатыры і не абедала яшчэ сёння. І цяпер, раскладваючы сена на прычэпе, аглядваючы зробленае ёй, адчувала тупы ныючы боль ва ўсім целе. Упасці б на гэта сена і ляжаць...
…Сяргей не баяўся, што ён не знойдзе дзялку Аркадзя – памятаў з мінулага года, які ў яго трактар, ды і самога Аркадзя помніў – невялікага росту, з дзіўнымі чорнымі-чорнымі густымі валасамі і чорнымі вусамі. Ды і Галіну, жонку Аркадзя, выглядзець не складана: гэткая дзябёлая цётка, грудзі ў яе вялікія, твар шырокі і нос бульбінай. І – усмешка на твары добрая і прыемная.
Сад у Аркадзя малады, вішань многа, а клубніц – плантацыя цэлая. Але ў гэты агарод Сяргей ніколі не лазіў. Не тое, каб баяўся надта (не без гэтага), а стрымлівала больш, што ў сям’і гадавалася двое дзяцей: старэйшая за Нэлу на гады два дзяўчынка і хлапчук, мо аднагодак Нэлы. І яшчэ таму ніколі не паквапіўся Сяргей на клубніцы Калюжаў (так па-вясковаму звалі сям’ю Аркадзя і Галіны), што колькі б разоў ні праходзіў Сяргей з Нэлай у мінулым годзе міма гэтай хаты, і цётка Галя, калі была ў садзе ці на надворку, заўсёды паспявала заўважыць іх і даць хоць жменьку клубніц ці вішань.
Сяргей не ведаў, з якой нагоды гэта чужая яму і Нэле жанчына, частуючы іх ягадамі, так шкадуючы ўздыхала.
Вось таму Сяргей ішоў з Нэлай па лузе да дзялкі Аркадзя смела.
Аркадзь заўважыў, што Сяргей разам з сястрой ідзе менавіта да яго, прыпыніўся і (усё роўна ж не паспееш!) дастаў цыгарэту, каб хоць хвілін пяць даць спачынак рукам – не так лёгка кідаць угару.
– Ты ж Зойчын, га? – замест прывітання спытаў Аркадзь Сяргея, калі той спыніўся перад ім.
– Зойчын.
– А чаго гуляеш? Такі хлопец, памог бы каму сена грэбці, на цукеркі малой зарабіў, – упікнуў паўжартам Аркадзь.
– Я і прыйшоў.
– Што прыйшоў? – не зразумеў адразу Аркадзь.
– Да вас прыйшоў, дапамагаць і зарабляць, – прыўзняў Сяргей руку, паказваючы, што нясе з сабой вілы.
– А ці многа плаціць табе трэба? Чуеш, Галя! – гукнуў Аркадзь да жонкі. – Будзеш развязваць панчоху, бо во работнік наймацца прыйшоў, ці хопіць у нас грошай?
Яго жонка ў адказ, назіраючы з прычэпа за мужам, Сяргеем і Нэлай, толькі махнула рукой.
– Хопіць.
– Мне грошы не трэба, – заспяшаўся Сяргей. – Мне... Нам... Вось у вас дзеці ёсць... Дзяўчынка ў вас старэйшая за Нэлу. Можа, у вас засталося што з адзення дзявочага? А то ў Нэлы... трусікаў няма. І кофтачку якую... Бо... няма нічога...
– Т-э-э-к, – Аркадзь умомант пасур’ёзнеў, выбіў каблуком ямку ў дзёрне, затаптаў туды недакурак. – Чула, маці?
– Чула, – нявесела адказала Галіна.
– Знойдзецца там у нас што, каб аздобіць гэтую маўклівую прыгажуньку? – Аркадзь, ужо зноў усміхаючыся, прысеў перад Нэлай.
– Ды знойдзем, – адказала Галіна.
– Т-э-эк! Чула, маўчуня, будзе табе пасаг. А цяпер хадзі – я цябе пасаджу ў трактар, будзеш там сядзець, а то ногі тут наколеш вельмі, там, далей, бадзякоў многа. А мы з тваім брацікам хуценька сена будзем грузіць.
Аркадзь падхапіў яе на рукі, занёс у кабіну трактара.
– Толькі нічога не чапай, добра?
Нэла кіўнула, уціснулася камячком у сядзенне.
– Ну, маці, цяпер трымайся! – Аркадзь хапіўся за вілы.
Закідвалі сена ўдвух, Галіна паспявала ўкладваць. Потым Аркадзь пераганяў трактар, хапаўся за граблі – заграбаў палоску ў валкі, і ўсё – подбегам, подбегам. Сяргей ссоўваў валок у кучу, каб добра пачапіць на вілы, подбегам нёс да прычэпа.
– Гэ, маці, управімся! – гукаў весела Аркадзь, кідаючы на прычэп сена. – З такім памочнікам тры рэйсы зробім!
Яны напоўнілі прычэп хутка, як было кідаць.
Галіна засталася – складаць копы, пакінулі і Нэлу, а самі паехалі.
Галіна адшукала ў валку свой вузельчык – брала з сабой полудзень, ды так во і не прысела. І цяпер вырашыла, што можна хоць крыху адпачыць. Разаслала хусцінку, стала развязваць вузельчык.
– Паядзім з табой, Нэла...
…І разгрузілі прычэп хутка, і сена ўнеслі ў хлеў, і зноў паімчалі на луг. Закідвалі сена з коп, а дакладней – з вялікіх куч, не спяшаючыся, хоць сонца ўжо, бліснуўшы апошні раз праз шчыліну ў аблоках, схавалася за лесам.
– Управімся тут, управімся і дома. Святло ўключым, будзе ўсё відаць, – прыгаворваў Аркадзь. – Ці ты мо на танцы ў клуб пойдзеш? – падміргнуў Сяргею.
– Не, не хаджу я на танцы, – адказаў сур’ёзна Сяргей.
– Што, не падабаюцца табе нашы дзяўчаты? – не адставаў Аркадзь.
– Я на іх не гляджу.
– Ну, то справа асабістая, – заключыў Аркадзь, бачачы, што Сяргей не хоча размаўляць жартаўліва.
Вярталіся ў вёску ўжо прыцемкамі.
Сяргей скінуў сена з прычэпа, скочыў долу. Разам з Аркадзем яны заганялі вілы глыбока ў сена, разам прыўздымалі і потым цягнулі ў хлеў вялізную кучу – аднаму ні за што не падняць і за чатыры разы.
Галіна спяшалася туды-сюды па двары: вішчалі парсюкі, стаяла ў маўклівым, пакрыўджаным чаканні – калі яе падояць – карова.
Апошняя ахапка сена легла на месца. Сяргей падгроб акуратна надворак.
– Ну, дзякуй за дапамогу! – працягнуў Аркадзь руку.
І калі Сяргей трохі разгублена падаў сваю, адчуў, як моцна сціснуў яе Аркадзь.
– Вось гэта, я разумею, выручыў, як мужчына мужчыну. Ну, пойдзем у хату, перакусім, што там маці падрыхтавала.
– Не, не трэба, мы не галодныя. Я ж... для Нэлы там прасіў, – стаў адмаўляцца Сяргей.
– Ну, вось пакуль рукі памыем і пасядзім, і пасаг тваёй Нэле збярэцца. Ідзём, – Аркадзь па-сяброўску хлопнуў Сяргея па плечуку, падштурхнуў.