9437.fb2
Ён паднёс рагатку амаль да самай разяўленай дзюбы, стрэліў.
Каменьчык прыбіў галаву птушкі да зямлі. Сарачанё забілася, а потым зноў, у які ўжо раз стала на свае знявечаныя лапы, абаперлася на хвост, закінула галаву і разявіла акрываўленую дзюбу.
Цяпер крыку не было чуваць, нешта толькі сіпела ў шырокім птушыным горле.
Віцька глядзеў, як бегаў над сарачанём Эдзік, і жаль да птушкі нараджаў злосць на сябра. Ён адчуваў, што тое, што робіцца цяпер на палявой дарозе, – ужо не паляванне, не нейкі спартыўны азарт, а нешта бесчалавечнае, агіднае і злое. Яго цягнула падысці, падбегчы да Эдзіка, але што рабіць далей – Віцька не ведаў. Сарачанё ўжо немагчыма ўратаваць, яно вось-вось здохне, але і дабіць нейкім адным імгненным, не балючым ударам знявечаную птушку Віцька ужо не змог бы.
– Ах, ты, сволач, паміраць не хочаш! – Эдзік ужо раззлаваўся, зноў заклаў вялікі каменьчык і зноў стрэліў зблізку, ледзь не кранаючыся рагаткай раскрытай чорнай дзюбы.
Нешта хлюпнула ўсярэдзіне птушкі, але яна засталася стаяць.
Ружовая пена запоўніла раскрытую дзюбу, сарачанё вагалася, бы маятнік, з боку на бок, але стаяла, пабліскваючы маленькімі чорнымі вочкамі.
У птушцы адчайна білася жыццё.
Столькі непакорнасці, столькі волі і прагі да жыцця было ў постаці птушаняці, што Віцька як прырос да аднаго месца. У гэты момант ён гатоў быў паклясціся, што сарачанё ўсё-ўсё разумела, што яно было не проста нечым жывым, а разумным жывым і што ў маленькіх чорных вочках гарыць пракляцце ім – забойцам. А яшчэ ў гэтых чорных іскрынках Віцька пабачыў дакор і свой сорам: яны, такія вялікія, дужыя, узброеныя, забівалі ў сотню разоў меншае і слабейшае за іх, зусім яшчэ дзіця, у якога з усяе зброі – толькі дзюба...
– Ну, я табе мазгі зараз выб’ю! Каменныя ў цябе будуць мазгі! – Эдзік высыпаў з кішэні на дарогу каменьчыкі, знайшоў самы вялікі. Уклаў яго ў рагатку.
Камень, пушчаны з усяе сілы расцягнутай гумай, пранізаў рот птушкі і выляцеў з галавы.
Сарачанё ўпала.
– Глядзі, Віцька, без мазгоў, а дрыгае! – Эдзік закладваў яшчэ адзін каменьчык. – Дабіць! Атрымлівай! На! – і чарговы каменьчык упіўся ў невялікае цельца птушкі, выдзіраючы чорна-белыя пярынкі.
Каля яго ног трапяталася, ніяк не хацела паміраць знявечаная, з прастрэленай галавой птушка. Незразумелы інстынкт кіраваў мышцамі крылаў і ног, і цельца трапяталася на пыльнай дарозе, пакідаючы на траве кропелькі чорнай крыві.
Віцька не мог адвесці вачэй убок, хоць яму было ўжо жудасна глядзець на гэтае забойства, і агіда ад мярзоты таго, што адбылося, падступіла камяком да горла – так, што ні крыкнуць, ні ўздыхнуць.
А Эдзік, раззлаваны адчайнай, неверагоднай жывучасцю птушкі, страляў, страляў і страляў:
– На!
– На!
– На!
Ён не бачыў нічога вакол, акрамя гэтага стракатага, здаецца, сто разоў мёртвага цельца.
Віцька глядзеў на сябра, потым дастаў з кішэні каменьчык, заклаў у сваю рагатку. Напружанымі да здранцвення рукамі расцягнуў гуму моцна, так, што далей цягнуць не было куды, прыцэліўся ў стрыжаную патыліцу Эдзіка і стрэліў. Каменьчык, коратка прасвістаўшы ў паветры, пляснуў у галаву сябра. Той, дзіка завыўшы ад болю, упаў ледзь не тварам на забітае ім сарачанё і пакаціўся, падвываючы, па зямлі. І тады Віцька крыкнуў, на ўвесь свет крыкнуў:
– На і табе!
Частка 11
Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла нейкая гарачка складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады ён намаляваў такі план вёскі, што яго план вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане было ўсё максімальна па праўдзе: і азімуты вытрыманы, і адлегласці, і кожная дарожка і сцяжынка. А колькі ён з “казой” пахадзіў па вуліцах пад незласлівыя, ды ўсё ж дастаткова крыўдныя насмешкі!
Картаскладаннем Віталь захварэў. Душа яго прагнула працы, і мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса. Бо той, які бачыў у калгаснай канторы, быў няправільны – ужо прафесійнаму воку Віталя не трэба было і лінейку да той схемы прыкладваць.
Але ж “казой” калгас не абмераеш. Выручыў бацькаў мапед – там жа быў спідометр. Цэлы месяц днямі Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. У розных кутках калгасных палёў з’явіліся яго меткі – паўтарамятровыя жэрдкі, па якіх ён вымяраў дакладную адлегласць па прамой.
У адзін дзень ён так быў захапіўся працай, што аж падскочыў над сваім самаробным планшэтам, калі побач завішчалі па-свінячы тармазы “Уазіка”. То быў сам старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Ён быў яшчэ зусім малады мужчына, толькі два гады кіраваў калгасам. Дзівіліся з яго вяскоўцы: і таму, што малады, але – разумны, і таму, што ніколі не крычыць і тым больш не мацюкаецца. Але толькі збоку здавалася, што ён мяккі: калі што сказаў – так і будзе. Трох трактарыстаў за п’янку звольніў, як ні прасіліся. Дысцыпліна ў яго – на першым месцы. І яшчэ дзівіліся вяскоўцы: па палях, па фермах гойсае, а заўсёды пры гальштуку, у чыстым, і туфлі блішчаць, быццам бруд да іх не прыстае. Праз тры месяцы ён усіх калгаснікаў па імёнах ведаў, да старэйшых за яго звяртаўся па бацьку. Адчувалася яго павага да людзей і ў словах, і ў справах: як ні цяжка пакуль, а зарплату ў час плаціць...
– Што гэта ты тут робіш? – строга запытаў старшыня, заглядваючы ў планшэт Віталя. – Ты адкуль?
– Ды... свой я, – напалохаўся крыху Віталь. – Вось, з вёскі, Аўдзееў Віталій.
– Антона Аўдзеева, трактарыста, сын? – працягваў распытваць старшыня, усё гледзячы ў паперу, на якую Віталь толькі што праставіў лічбы замераў. – І што робіш? Гэта ты на ўсіх палях жэрдкі наставіў?
– Я план складаю...
– Які план? Захопніцкі? – старшыня ўзняў вочы ўжо на Віталя, і той супакоіўся. У вачах Мікалая Рыгоравіча была ўсмешка.
– Не-е... – Віталь сабраўся, прадоўжыў: – У вас у канторы план няправільны, адлегласці на вока памаляваны... А я дакладны складаю.
– Бачу ўжо, – працягнуў старшыня, зноў схіліўся над планшэтам. – Гэта ў цябе дарога да ўрочышча Жмерань, гэта масток, канава... Як сфатаграфаваў. А што за лічбы?
– Працягласць дарогі, а гэта – працягласць канавы.
– Ого! – па-сапраўднаму здзівіўся старшыня. – А чым мераў?
– Дарога – па спідометры, адлегласць па прамой – вось, вешкамі.
– Ну-ну. І многа ты паездзіў?
– Гэта ўжо апошні квадрат.
– Які квадрат?
– Я калгас на квадраты разбіў. Астатнія часткі ў чарнавым варыянце ўжо гатовыя.
– З усімі дарогамі, канавамі і кіламетражом? – бровы Мікалая Рыгоравіча папаўзлі ўверх, ён недаверліва глянуў на хлопца.
– Ага. Я месяц праездзіў. Вось тут закончу – і буду чыставую маляваць.
– Ну, хлопча, – старшыня перагартаў некалькі лістоў у планшэце. – Што ж ты да мяне адразу не прыйшоў?
– А навошта?
– Дзівак... Ты карту сваю куды потым дзенеш?
– Не ведаю. Я яе ад цікавасці раблю.
– Ясна. Так, працуй. Зробіш – мне пакажаш. Дамовіліся?
– Добра, – зніякавеў ад такой увагі Віталь. – А вам навошта?