9437.fb2
Сяргей прысеў каля дзяўчынкі, прыцягнуў яе да сябе.
Нэла ўсё гэтак жа вінавата ўсміхалася, адхіснулася злёгку, і Сяргей пабачыў тонкую вяроўчыну, якая была прывязана да босай, рудой ад бруду нагі дзяўчынкі. Другі канец вяроўкі быў завязаны за грушу.
– Хто гэта цябе прывязаў?
Нэла маўчала.
– Ты не навучылася гаварыць?
Нэла зноў толькі вінавата ўсміхнулася.
– Маці?
Дзяўчынка адмоўна кіўнула, пасмачкі чорных валасоў гайдануліся па тварыку.
– Прымак? Ну, зараза, я яго сам прывяжу да грушы. На ўсю ноч!
Сяргей схапіў кавалак шкла, якім Нэла прыкрыла ямку з некалькімі каменьчыкамі (гэта яна рабіла “сакрэты”), пасадзіў дзяўчынку і праз хвіліну перацёр вяроўчыну.
– Ну, вось...
Сяргей агледзеўся. Каля грушы стаяла пластыкавая бутэлька з вадой, ляжалі высахлы на сонцы кавалак хлеба і тры звараныя з лупінамі бульбіны.
– Так, цяпер я цябе крыху памыю. Не будзеш уцякаць?
Нэла весела пакруціла галавой.
Яна некалі ў тры гады размаўляла добра, безупынна пытаючыся ў Сяргея пра ўсё, што бачылі яе зыркія вачаняты. І гукі ўсе вымаўляла правільна. А калі на наступнае лета Сяргей прыехаў, Нэла ўжо нічога не пыталася ў яго. Яна маўчала. Маці казала, што сама не ведае, ад чаго такая бяда. Ездзіла па ўрачах, вазіла некуды да бабулькі-знахаркі, і тая сказала, што гэта ад перапуду.
Магчыма, і ад перапуду. Спужацца Нэле было чаго – той зімой маці прывяла ў хату мужыка, крываногага, з доўгімі, да каленяў рукамі, што былі скрозь у сініх наколках. Ён прыбіўся ў вёску з райцэнтра, былы зэк, п’яніца і лайдак. Маленькія, глыбока пасаджаныя вочкі не спыняліся на адным месцы – бегалі, бегалі, быццам ён увесь час нешта шукаў.
Той зімой брыдкія лаянкі і бойкі сталі ў Сяргеевай хаце звычайнай з’явай. Зоя, маці Сяргея, працавала на ферме даглядчыцай, рукі мела дужыя і саступаць прымаку не хацела. Зэк звычайна хапаў тое, што трапляла пад руку, і, зверавата выскаліўшыся, кідаўся на Зою.
Малая Нэла заходзілася ў крыку, але на яе толькі раз звярнулі ўвагу – прымак кінуў у кут, дзе яна сцялася, вялікую падушку ў шэрай, ліпкай ад поту і бруду навалачцы. І гэта падушка закрыла ўсю дзяўчынку, Нэла мала што не задыхнулася. Пасля гэтага выпадку, калі ў хаце ўспыхвала бойка, Нэла толькі ціхенька выла, забіўшыся пад ложак.
Калі прымак быў не надта п’яны, ён пачынаў выхоўваць Нэлу. Яго выхаванне больш нагадвала звычайную дрэсіроўку якога-небудзь звярка – ён біў дзяўчынку, калі тая не слухалася і даваў кавалачкі хлеба, калі яго каманды выконваліся.
Ён-такі ўзяў верх над маці Сяргея, тая скарылася, боек у хаце ўжо не было – было простае збіванне, калі прымаку нечага не хапала. Часцей яму не хапала гарэлкі.
Частка 2
Сяргей ліў на руку цёплую ваду з бутэлькі і мыў тварык Нэлы.
– Эх ты, мурза! Ты ж дзяўчынка, сорамна табе бруднай хадзіць. Так, цяпер я табе на рукі буду ліць, а ты сама іх памыеш. Вышэй, вышэй мый, да локцяў.
Нэла старанна цёрла свае рукі і заглядвала ў вочы хлопца позіркам, у якім адбівалася цэлая гама пачуццяў: і радасць, і вінаватасць ці то за брудныя рукі, ці то за тое, што не можа гаварыць, і яшчэ пытанне: “Ці добра я мыюся?”
А яшчэ Сяргей бачыў у вачанятах Нэлы абажанне. І ў нейкі момант ён зразумеў, з якой тугой чакала яна яго вяртання, у якое шчасце выліўся для дзяўчынкі яго прыезд, як ён патрэбен ёй. Нечакана зашчымелі вочы, а з носа ледзь не закапала. Сяргей не стрымаўся ў наступны момант, зашморгаў носам, калі Нэла асцярожна, баязліва нават, прытуліла тварык да яго грудзей і гэтак жа паціху абняла за шыю. А потым сціснула рукі, прыціснулася сама – моцна-моцна, аж гузік кашулі балюча націснуў на грудзіну. “Нічога, нічога, – Сяргей гладзіў дзяўчынку па цёмных, неакуратна падстрыжаных валасах. – Мы прарвёмся. Усё ў нас будзе добра. Усё наладзіцца...”
Але як наладзіцца – Сяргей не ведаў. Ён насуперак пачутаму на прыпынку ад бабулек адкрываў веснічкі свайго двара з кволай надзеяй, што маці стала другой. Але аднаго яго позірку хапіла, каб зразумець: нічога не змянілася.
Двор быў засмечаны, парослы крапівой і быльнікам уздоўж плоту. Певень і дзве курыцы грабліся ў кучы смецця пад сенцамі. Гара тапорніку – двухмятровых тонкіх сасновых калкоў на дровы грувасцілася пасярод двара, і трава паспела ўжо аплесці асобныя палкі ўнізе.
Не хацелася ісці ў хату. Сяргей прадчуваў, што там – смурод і бруд, засмечаная падлога, нявыцерты стол, незасланыя ложкі без бялізны. Так было і мінулым летам...
– Ну, хопіць табе лашчыцца, – Сяргей лёгка адхіліў ад сябе Нэлу. – Пайшлі ў садок, пад вішню. Я табе нештачка прывёз, – па-змоўніцку шапнуў ён на вуха дзяўчынцы.
Нэла ў захапленні пляснула ў далоні, схапіла Сяргея за руку, пацягнула.
Прыселі ў цяні вішняў. Сяргей паволі развязаў рукзак, знарок доўга корпаўся там рукой і нарэшце стаў павольна цягнуць нешта бліскучае, чырвона-жоўтае.
– Што гэта?
Нэла паціснула смешна плячыма, і тварык яе адно свяціўся захапленнем.
– Трымай!
Сяргей адным рухам раскінуў у паветры выцягнутае і накрыў ім дзяўчынку.
– Гэта куртачка табе. Ану, памераем!
Куртачка была занадта вялікая.
– Нічога, за тры месяцы ты вунь як выцягнешся, якраз будзе, – заспакоіў крышку спахмурнелую Нэлу Сяргей, зноў бы чараўнік палез рукой у рукзак.
– Оп ля! Сукенка! Гэта якраз на цябе. Скідай свае анучы!
Нэла хапілася аберуч за падол сваёй сукенкі і ўмомант аказалася... голай. Чырвань сораму на імгненне апаліла Сяргею твар, але ў наступны момант ён успыхнуў абурэннем:
– Ты чаму без трусікаў ходзіш? Ты – дзяўчынка, табе пяць гадоў ужо. Сорамна павінна быць!
Нэла глядзела на яго са знаёмай вінаватасцю ў вачах. Яна разгублена развяла рукі ў бакі.
– Няма трусікаў?
Нэла кіўнула.
– Цьфу!
Настрой у Сяргея сапсаваўся. Але калі Нэла апранула блакітную сукенку, ён забыўся на нядаўнюю прыкрасць.
– Вось, ты ў мяне прыгажуня! Але не вымазвай толькі нідзе. Больш у мяне няма. Добра, што гэта далі.
І добра, што ён, Сяргей, звярнуўся да сваёй выхавальніцы. Яна, хоць і маладая зусім, сваіх дзяцей яшчэ не мае, а добра ўсё зразумела. І з той вялізнай кучы адзення (гуманітарнай дапамогі аднекуль з Германіі) Сяргею дасталіся добра ўжо пацёртыя джынсы ды вось гэтыя куртачка і сукенка.
– А цяпер будзем есці!