9437.fb2 Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Было, яна і сама пісала вершы. Адзін нават былі надрукавалі ў “Раніцы”. Божа, як чакала гэтай публікацыі Жэнька! Маці не паверыла адразу, што гэта яе Жэнька напісала, перапытвала. Потым, як “Раніца” прыходзіць, маці сама гартала газету, шукала імя дачкі. Хоць Жэнька ёй і сказала, каб не шукала, нічога яна больш у “Раніцу” не пасылала. Але аб тым, што паслала сваю невялікую заметку аб школе ў раённую газету, прамаўчала. А заметку надрукавалі. Праўда, вельмі ж пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька чытала свае і не свае радкі, параўноўвала з тым, як напісана было ёй напачатку, і ёй стала сорамна: ну, хіба яна сама, калі б пасядзела, як след, не змагла вось так напісаць – проста, ясна і складна?

Але было і прыемна. І хоць маці цяпер нешта асабліва не радавалася гэтай заметцы, як тым вершам, ды Жэнька вырашыла: будзе пісаць у газету заметкі. І стане журналістам.

А цяпер вось адчайна шукала тэмы ледзь не пад нагамі, глядзела на ўсе вочы на вуліцу, калі ішла па хлеб у магазін: а раптам нешта цікавае? Рэдактар жа казаў, што самае галоўнае – заўсёды перад вачыма. Трэба яго толькі ўбачыць. Купіла хлеб, хацела ўжо выходзіць, як пабачыла Віталіка – той выходзіў з падсобнага памяшкання магазіна з запоўненым нечым лёгкім мехам на плячы.

– Дзякуй Вам! – шчыра сказаў ён прадаўшчыцы.

Тут яго спыніла Жэнька.

– Ты што гэта набраў?

– Ха, тайна! – Віталь смешна вылупіў вочы. – Пусці, дай хоць выйсці, а то стаю тут з мехам.

На ганку Віталь паставіў мех, павярнуўся да Жэнькі.

– Глядзі, – ён паказаў ёй, што ў мяху – пустыя пластыкавыя бутэлькі.

– Навошта яны табе? – здзівілася Жэнька. – Ды яшчэ так многа...

. –О! Нам трэба пяцьсот штук.

Віталь быў узбуджаны – гэта Жэнька бачыла, і яна здагадалася, што хлопец заняты нейкай надзвычай важнай справай, цікавай.

– Што, на бутэльках на астравы паплывеш? – спыталася яна з’едліва, хоць адчувала, што бутэлькі нечым звязаны з планамі Віталя наконт Ведзьмінай тоні.

– Паплывём! – упэўнена адказаў Віталь, закінуў на плячо мех.

Яны пайшлі ў адзін бок – да дома Жэнькі.

– А куды ты іх нясеш? Да нас хіба?

– Не-а, – пакруціў галавой Віталь. – Да Зойчынага Сяргея. Ведаеш? Ён у інтэрнаце ўвесь год, мінулым летам тут краў, дзе што бачыў. У садку там яго будан...

– Бачыла.

– Ну, во. Там наш штаб! – важна адзначыў Віталь.

– Стоп, – Жэнька спынілася на самай справе. – Ты што, пасябраваў з гэтым Сяргеем?

– А што? – паціснуў Віталь плячыма. – Хлопец як хлопец, не задавака і не выстаўляецца. Псіхованы трохі хіба. Усё ўмее сам робіць... Гэта нас дзед Васіль звёў...

– А дзед Васіль пры чым?

Яны зноў нетаропка ішлі доўгай вуліцай, Віталь расказваў з задавальненнем, у словах яго адчувалася ўзрушаная радасць ад таго, што ўсё так добра склалася.

– Я прыйшоў да дзеда Васіля, каб расказаў, ці можна з вострава на востраў пераходзіць. Дзед кажа: не, але выхад ёсць. Сказаў мне паклікаць Сяргея. Той збіраўся адзін на Ведзьміну тоню ісці рыбу лавіць, бо на нашай копанцы яму твой Віцька з гарадскім Эдзікам набілі морду і сказалі, каб больш туды не соваўся. Вось... А дзед Васіль нам кажа: зробім плыт і паплывём утраіх!

– Дзед паплыве? Не смяшы! – не паверыла Жэнька.

– Я не смяшу. Памятаеш, на сустрэчы ў школе Васіль Яўменавіч казаў, што там, на астравах Ведзьмінай тоні, партызанскі атрад ратаваўся ў блакаду? Вось, дык ён хоча туды трапіць і… Ну, чацвёра партызан не выйшлі тады з балота, дзед кажа, што згінулі, багна ж кругом. Дарэчы, там усе з нашай вёскі... Вось ён хоча там пабыць. Ну, не ведаю, мо ўспомніць усіх… А бутэлькі гэтыя – каб плыт быў хоць і меншым, ды трымаў многа. Вось так! – ён глянуў на Жэньку з пераможным выглядам.

Жэнька закусіла вусны. Вось як усё перавярнулася!

– А... як жа тваё даследаванне астравоў? – спытала Жэнька.

– Адно другому не замінае, – махнуў рукой Віталь. – Мы адразу тры задачы рашым: дзеда на астравы звозім – раз; астравы аблазім – два; рыбы наловім, насушым, насолім і прададзім – тры!

– І... Нэлу з сабой браць будзеце?

– А Сяргей яе не кіне. І яна за Сяргеем як хвосцік – ні на крок не адыходзіць. Возьмем.

Падышлі ўжо да дома Жэнькі, і яна адважылася, запытала гулліва:

– Віталік, а мяне возьмеце?

Віталь лыпнуў разгублена вачыма, перакінуў мех на другое плячо:

– Ды ідзі ты... – адказаў ён, пакрыўджаны. – Я табе сур’ёзна аб усім кажу, а вы...

Ён пайшоў, а Жэнька зразумела, што “вы” – гэта яна і яе брат. І што пакрыўдзіўся Віталь не дарэмна – нельга было ёй аб такім сур’ёзным пытацца смехам.

На абед прыехаў бацька: загарэлы, рукі чорныя, ну хіба настаўнік? Трактарыст звычайны. Жэнька ліла яму на рукі і пыталася, як бы аб нечым другарадным.

– Тата, ты б пусціў сваю дачку на балота?

– А што рабіць маёй дачцэ на балоце?

– Рыбу лавіць.

– Не-а.

– А калі б у дачкі былі два надзейныя ахоўнікі?

– Яе ўзросту? Не.

– А з імі – дарослы і паважаны чалавек...

– Ну-у. Няхай тады сходзіць, камароў пакорміць...

– А з начоўкай?

Бацька выцерся ручніком, які ляжаў на плячы ў Жэнькі, няўцямна глянуў:

– Што гэта за такія задумы? Здаецца, у школе ніякіх паходаў на наша балота не планавалі.... Пайшлі есці, раскажаш.

Маці за сталом напачатку коратка расказвала аб сваіх праблемах: гэта звыкла, у школе праблемаў заўсёды хапае. Бацька слухаў, еў, ківаў галавой. Жэнька пакуль цярпліва чакала. Яна ведала – бацька яе падтрымае. А маці? О, маці будзе супраць, дакладна супраць. Добра б было, каб Віцька быў з хлопцамі. Але ж як склалася: з Віталем пасварыўся, з Сяргеем пабіўся і з гэтым гарадскім Эдзікам нешта не сустракаецца. Таксама кошка чорная паміж імі прабегла, ці што? Віцька сядзеў за сталом хмуры – як і два апошнія дні. Маці была пыталася ў яго, што здарылася, але больш за тое, што Віцька расказаў аб сутычцы на возеры, ён не расказваў.

– А ў мяне вось якая навіна, – бесклапотна пачала Жэнька, калі ўсе свае праблемы маці выказала. – Віталік Аўдзееў увесь год марыў адшукаць тайну астравоў Ведзьмінай тоні – думае, што астравы штучныя і хаваюць нейкую тайну. І хоча пабываць на ўсіх астравах.