9437.fb2 Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Ведзьміна тоня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

– Там жа балота! – усклікнула маці. – Як ён пройдзе?

– Потым, слухайце далей, – працягвала Жэнька. – Той самы Зойчын Сяргей, які лавіў рыбу, каб карміць сваю сястрычку, таксама зазбіраўся на Ведзьміну тоню лавіць там. І збіраўся разам са сваёй сястрычкай. Васіль Карота на гэтых астравах у час вайны са сваімі сябрамі-партызанамі ратаваўся ад блакады. І там, недзе ў балоце, загінула тады чацвёра партызан. І дзед захацеў на сконе жыцця наведаць гэтыя мясціны…

– Чакай, чакай, – раптоўна пасур’ёзнеў бацька. – Алена, – звярнуўся ён да маці, – ты ж яшчэ застала той час, калі дырэктарам у школе была Ганна Дзмітрыеўна?

– Рагоза? – удакладніла-перапытала маці.

– Вось, сярод тых чацвярых вяскоўцаў – яе бацька!

– Ты што?

– Праўда.

– Дык што далей, Жэня?

– А далей, як вы здагадаліся, тры розныя жаданні аб’ядналі трох розных людзей – і задача не стала такой складанай. Яны збіраюцца зрабіць плыт і па возеры наведаць усе астравы. І я з імі хачу, мам, – закончыла яна з плаксівай просьбай, з надрывам нават, так шчыра і нечакана, што маці адхіснулася.

– Куды ты хочаш? – перапытала яна, быццам не зразумела, якое жаданне выказала дачка.

– Я хачу плыць на плыце па Ведзьміной тоні, начаваць каля кастра і... напісаць аб гэтым! І сфатаграфаваць. Гэта будзе сапраўдны матэрыял! Ну, мам? – зноў у канцы заплаксівела Жэнька.

– Што – “мам”? А бацьку пытаць не трэба? – схітрыла маці.

– Напачатку ты!

– Чакай, дачка, – падаў голас бацька. – Тут справа сур’ёзная. Гэта не на копанку схадзіць. І не толькі таму, што небяспекі на балоце і на вадзе хапае, – цвёрда сказаў бацька і нечакана спытаў: – А ты, сын?

Віцька, які за сталом не сказаў ні слова, здрыгануўся, але нічога не адказаў.

– Андрэй, – папярэдзіла маці бацьку, – не загарайся, як хлапчук. Што табе да дзіцячых гульняў?

– Гульняў? – ціха, з напружаннем перапытаў бацька. – Жаданне старога партызана – гульня? Лавіць рыбу, каб купіць сабе і сястры хлеб – гульня? Гульня – гэта... – ён прыпыніўся.

Віцька сцяўся ў чаканні слоў: “гэта – расстрэльваць з рагатак сарачанят”, хоць бацька не мог ведаць аб іх “паляванні”. Ды бацька толькі махнуў рукой, нічога не сказаўшы.

Абед закончыўся ў маўчанні. Жэнька не стала больш дапытвацца – разумела, што сёння не той настрой у бацькоў.

Частка 13

Ну чаму, чаму ўсё ў гэта лета складваецца не так і не ў той бок?

Віцька перачытваў “Таямнічы востраў”, але прачытанае не лезла ў галаву. Ён адгортваў старонку, спрабаваў засяродзіцца на прыгодах каланістаў, а бачыў копанку, скручанага ад болю Сяргея, чуў роспачны крык малой Нэлы. “Як яна яго любіць!” А потым узнімалася на знявечаных лапках сарачанё, шырока разяўляла сваю дзюбу ў адчайным крыку да прагі жыцця, а маленькія вочкі птушкі свідравалі свядомасць.

Дзве ночы запар Віцьку сніцца сарачанё. То вось такое, у перадсмяротнай агоніі, а то жывое, хітраватае, ускоквае на яго тумбачку ля ложка, зварочвае галаву набок і цікуе адным вокам: спіць Віцька ці не спіць... Не, Віцька не стаў бы трымаць дома птушку, ён бы занёс сарачанё да Нэлы – яна б вельмі радавалася такому падарунку. Тым больш, ні сарока не ўмее гаварыць, ні Нэла... То вучыліся б разам....

Нічога не атрымліваецца, як магло б атрымацца. Ну чаму? Што не так робіць Віцька? Чаму ён, разумнейшы за Віталя (Віталь дыктант без Віцькі не напіша, факт), аказаўся ў цені свайго сябра ў пачатку года? Гэта ж аб Віталі гаварыла ўся школа, калі старшыня калгаса Зарэмба на першай лінейцы дзякаваў многім хлопцам і дзяўчатам за дапамогу, а Віталя – асабіста за зробленую карту. А маглі б разам зрабіць… Вось і цяпер маглі б разам паплысці па Ведзьмінай тоні – а пасварыўся з Віталем і да таго Сяргея і не падыдзеш… А яны во паплывуць, знойдуць нешта – і будзе аб іх гаварыць вёска і школа… Хацелася зрабіць такую добрую справу – чучала хоць якой птушкі прынесці ў кабінет біялогіі, а ўрэшце так агідна ўсё выйшла…

Што ён не так робіць?..

Віцька зірнуў на гадзіннік – пара ісці ў школу. Сёння ў кабінеце маці трэба пераставіць мэблю, каб потым фарбаваць падлогу. Той мэблі небагата, адно што камп’ютэр трэба адключыць і зноў падключыць.

Маці не хоча, каб дома быў камп’ютэр. Кажа, гэта рэч толькі зацягвае ў багну, імя якой – віртуальны свет. А Віцьку хочацца… Гэтулькі ўсяго на камп’ютэры зрабіць можна цікавага…

Маці дала Віцьку ключы ад кабінета і сама заспяшалася ў сельскі Савет – нейкая там тэрміновая справа. Віцька не спяшаючыся раз’яднаў блокі кампю’тэра, перасунуў сталы, нетаропка ўсё злучыў. Вымыў падлогу, потым уключыў камп’ютэр – маці дазваляе гэта рабіць, і нават у Інтэрнэт Віцька ўжо навучыўся выходзіць…

Мабыць, нашы жаданні іншы раз так глыбока хаваюцца ў свядомасці, што мы робім і толькі потым асэнсоўваем, што менавіта гэта хацелі зрабіць. Так і Віцька – выйшаў у Інтэрнэт, зайшоў на пошукавую сістэму Яндэкс, і рукі хутка набралі ў пошукавым полі: “Ведзьміна тоня”.

“Па Вашаму запыту нічога не знойдзена”.

Віцька і не спадзяваўся, што нешта адшукаецца, але была нейкая надзея – а раптам? Раптам нехта раней нешта напісаў пра гэта месца – будзе тады ісці з чым да Віталя…

Віцька вырашыў напісаць словы лацінскімі літарамі. Напісаў “Vedzmina tonay”. Пуск…

“Па Вашаму запыту нічога не знойдзена”.

Чакай… А калі пашукаць у іншых пошукавых сістэмах? Ну, самы шырокавядомы, лічы, міжнародны – Гугль.

Але і гэты пошукавік ў сусветнай павуціне нічога не знайшоў ні ў кірылічным напісанні, ні ў лацініцы.

Віцька яшчэ спрабаваў мяняць напісанне слова лацінскімі літарамі, мяняў адну-дзве літары, але дарэмна. Ужо хацеў выключыць, як раптам успомніў, што яму расказвалі старэйшыя пра пошукавыя сістэмы – у кожнай краіне ёсць яшчэ свая такая сістэма. А рэсурсы Інтэрнэта, каб яны былі вядомы пошукавікам, трэба яшчэ рэгістраваць у іх каталогах… Значыць, трэба спачатку выйсці на пошукавыя сістэмы розных краін – там хутчэй знайсці нешта малазначнае для ўсяго сусвету. Калі яно ёсць, вядома.

“Пошукавыя сістэмы розных краін” – набраў у запыце Віцька.

Яндэкс адказаў некалькімі старонкамі з дакументамі, дзе сустракаюцца такія словы. Ёсць патрэбны – англійскі.

Праверым … няма нічога.

Польскі пошукавік… нічога не знаходзіць. Нямецкі… І гэта нешта кажа сваім языком, але цалкам зразумела, што няма такіх спалучэнняў, няма радкоў са спасылкамі…

Віцька задумаўся, потым вырашыў хутка ўстанавіць у камп’ютэр яшчэ і нямецкую мову – бо без нямецкай мовы мо і няправільна будзе напісаць “Ведзьміна тоня”, каб нямецкі пошукавік на нечым спыніўся. Ды і як яно будзе выглядаць, гэта напісанне? А як тут напісаць, калі ніколькі гэтай мовы не ведаеш?

Пашукаў у даведніку маці дамашні тэлефон Таццяны Пятроўны – настаўніцы замежнай мовы. Патэлефанаваў – і ўдача, яна была дома.

“WEDZMINA…”. Нечакана для самога сябе Віцька захваляваўся. Мо прадчуванне якое было ці тое, што так доўга давялося шукаць правільнае напісанне?

І ўздрыгнуў, калі праз хвіліну на экране засвяціўся радок са спасылкай на нейкі невядомы рэсурс. І там, трохі ніжэй, былі два радкі нямецкага тэксту з выдзеленымі знаёмымі словамі…

Яшчэ не верачы, што нешта знайшлося, не ведаючы, што канкрэтна знайшлося, Віцька ліхаманкава, быццам усё магло прапасці раптоўна, націснуў на спасылку. Толькі б адкрылася старонка…

Адкрыўся сайт. Нямецкая мова. Як можна было здагадацца, то было кшталту нейкай электроннай версіі газеты. Тэксту было многа. Гэта, можна было здагадацца, было інтэрв’ю. І ў гэтым інтэрв’ю у адным месцы выразна выдзяляліся словы “WEDZMINA …”.

Пальцы дрыжалі. Віцька нават не стаў капіраваць тэкст, а націснуў на цалкам захаванне старонкі, потым яшчэ скапіраваў тэкст асобна… Каб ён ніяк не згубіўся.

Ужо спакойней апрацаваў тэкст у тэкставым рэдактары, надрукаваў на прынтыры. Атрымалася дзве старонкі.

І толькі цяпер, трымаючы ў руках і тэкст, і надрукаваную цалкам старонку невядомага сайта, Віцька ў думках крыкнуў сам сабе: “Гэй!”

І пашкадаваў, што вучыць англійскую мову, а не нямецкую. Як перакласці? Ісці да Таццяны Пятроўны? Не хацелася. Не хацелася ўвогуле паказваць каму-небудзь гэты тэкст, самому не прачытаўшы яго. А раптам там нешта такое, што… зробіць яго, Віцьку, сапраўдным героем?