9437.fb2
– Ты можаш ударыць мяне. Я...
Ён не паспеў дагаварыць. Ні Жэнька, ні Віталь, які падыходзіў да іх, ні сам Віцька не паспелі ўбачыць імгненны рух рукі Сяргея – кулак трапіў у сківіцу. Галава хлопца матнулася, бы нежывая, але ён устаяў на нагах.
Ніхто яшчэ не крануўся з месца – і тут закрычала Нэла. Яна падбегла з крыкам да Сяргея, абхапіла спераду за ногі і, задраўшы кверху галаву, крычала і... піхала яго назад.
– Усё, супакойся Нэла, – сказаў, крыху расслабіўшыся, Сяргей, але рукі яго заставаліся сціснутымі ў кулакі.
Віцька сплюнуў на зямлю – кроў, крануў анямелую шчаку.
– Ну, што ж, будзем лічыць, што мы ў поўным разліку, – сказаў ён на дзіва спакойна і працягнуў вуду: – Гэта як прабачэнне за тое... Ну за ранне на копанцы. Я б хацеў сябраваць...
Сяргей разгублена глядзеў на новенькую бліскучую чорную вуду. Яна крыху ўздрыгвала ў працягнутых да яго руках, але і невыказна радавала адмысловасцю і прадуманасцю кожнай сваёй дэталі: ёмкага дзяржання, зручнай катушкі, надзейна замацаваных кольцаў.
– Сяргей, бяры, бо Віцька жмінда, ён гэту вуду сніў, перадумае – не адбярэш, – нечакана весела сказаў за спіной Віталь.
Сяргей вагаўся. Уся яго нянавісць да Віцькі была выплюхнута адным ударам, мала таго, ён чакаў, рыхтаваўся да таго, што Віцька кінецца ў бойку ці хоць пачне абараняцца. А тут раптам такія простыя і спакойныя словы: “Мы ў разліку”. Здаецца, і на самай справе ў разліку... І вуда. Якая вуда! Сяргей міжволі асцярожна ўзяўся за цёплы пластык круглага дзяржання.
– Тады мір? – гэта ўжо Жэнька вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. – Біцца не будзеце? – павярнулася да Віцькі. – Зубы цэлыя?
– Цэлыя, – усміхнуўся праз боль Віцька.
– Астатняе зажыве, – ўсміхнулася крыху напружана і Жэнька і без пераходу дадала: – Віталік, Сяргей, вазьміце з нас сабой на Ведзьміну тоню.
Віталь зірнуў на Сяргея – той задумліва круціў у руках вуду, не ўзнімаючы вачэй, нарэшце ціха прамовіў:
– Я тут не галоўны... І бутэлькі мы разлічвалі на траіх...
– Ну, у нас толькі пяць радоў запоўнена, – ажывіўся Віталь. – Яшчэ чатыры ў запас.. Але бутэлькі будзеце на сябе збіраць. І нам яшчэ дапамагаць трэба...
– Не праблема, – асцярожна загаварыў Віцька. – У нас дома іх штук з дваццаць. І ў школу можна падысці – буфет жа працаваў...
– Добра, пайшлі працаваць. – Сяргей вызваліўся ад Нэліных рук. – Пайшлі, Нэла, бутэлькі мыць.
– Во, зусім забылася, – войкнула Жэнька, прысела, стала корпацца ў сваім вялікім пакеце, які несла з сабой. – Трымай, Нэла, – яна працягнула дзяўчынцы некалькі цукерак на далоні.
Нэла хуценька падышла, узяла цукеркі і толькі тады азірнулася на Сяргея з хітравата-вінаватым выглядам.
Падбегла і працягнула Сяргею адну цукерку.
– Еш сама, Нэла, – Сяргей лёгка крануў сястру за плечы. – Табе трэба салодкае.
– Э, я ўсім прынесла, – гукнула Жэнька. – Куды пакласці?
– Пайшлі да будана, там наш штаб, – паклікаў за сабой Віталь.
– Чакайце, – прыпыніў усіх Віцька. – Нам трэба ўсім разам пайсці да дзеда Васіля. У мяне… Я ў Інтэрнэце адшукаў… дакумент адзін. Там ёсць пра Ведзьміну тоню…
– Ты што? – крутнуўся Віталь.
– Ты ж нічога не казаў, – здзівілася Жэнька і ўжо сабралася пакрыўдзіцца на брата – не мог падзяліцца навіной, ідучы сюды!
– Нельга мне нічога нікому расказваць, пакуль дзед не пачуе, – упарта сказаў Віцька. – Самі зразумееце.
– А што там такое? – Віталя аж распірала ад нецярпення. – То пайшлі хутчэй!
Частка 14
Віталь як усё адно даклад рабіў:
– Васіль Яўменавіч, вось Віцька з Жэнькай папрасіліся да нас. Тут у нас… было некаторае рознагалоссе, але мы ўсё прывялі ў норму. Слова за вамі.
Дзед усміхнуўся, уважліва паглядзеў на ўсіх, спыніў позірк на Жэньцы:
– У мае гады дзяўчаты іншымі гульнямі займаліся.
– Ат, Васіль Яўменавіч, – Жэнька пачырванела, не магла знайсці слоў, каб нешта сказаць.
За яе адказаў Віцька:
– Яна з намі яшчэ ў мінулым годзе ў футбол гуляла, Васіль Яўменавіч. І сукенку ніколі не носіць. Ёй трэба было хлопцам нарадзіцца…
– Кім нарадзілася, тым вырасцеш, – падміргнуў быццам дзед Жэньцы. – Ну, больш людзей – будзе весялей.
– Так, адно, будзем лічыць, вырашылі, – працягваў свой даклад Віталь. – Мы сабраліся і вас ад працы адарвалі па той яшчэ прычыне, што Віцька ў Інтэрнэце знайшоў нейкі дакумент, дзе пішацца пра Ведзьміну тоню, і хоча яго агучыць абавязкова вам…
Дзед Васіль насцярожыўся, уважліва глянуў на Віцьку.
– Дзе знайшоў? Што там пра тоню?
– Інтэрнэт… – пачаў Віцька, не ведаючы, як можна патлумачыць старому чалавеку, што такое Інтэрнэт. – Ну, ёсць камп’ютэр. Гэта як тэлевізар амаль. Толькі па тэлевізары перадае адна станцыя, а ўсе глядзяць. А я магу нешта надрукаваць, фотаздымак паставіць у камп’ютэр, і гэта можа прачытаць і пабачыць любы чалавек у любой кропцы зямлі. Вось такая сістэма, каб можна было абмяняцца інфармацыяй з любым і кожным і завецца Інтэрнэтам. Сёння ў свеце шмат якія газеты перадаюцца праз Інтэрнэт. Не трэба купляць – уключыў і праглядвай. Ну, яшчэ ёсць пошук. Розных дакументаў так многа, што цяжка знайсці патрэбны. А пошук для таго… Напрыклад, нам трэба адшукаць усе дакументы, дзе сустракаецца слова “тоня”. Пішам яе, ціснем – і усе дакументы з гэтым словам нам паказваюцца…
– Бач, да чаго людзі дадумаліся, – пакруціў галавой стары. – То хутка мне газет не будзе на самакруткі…
Засмяяліся, а Віталь упэўнена сказаў:
– Што вы, паперу нішто ніколі не заменіць! Камп’ютэр – раз і зламаўся! І ўсё, што там было, – прапала. Ну, праўда…
– Не перабівай! – спыніў яго Сяргей. – Хай Віцька гаворыць.
– Ага, кажы!
– Дык вось, – працягваў Віцька. – Я адшукаў у Інтэрнэце нейкую нямецкую газету. Пераклад няўдалы, думаю, што гэта газета невялікага горада. Зрэшты, гэта не мае значэння, што за газета, і што за горад. Там быў надрукаваны вось такі артыкул дзевяць гадоў таму. Гэта інтэрв’ю…
Віцька, відавочна хвалюючыся, палез у нагрудную кішэню, выцягнуў складзеныя ўчацвёра лісты белай паперы.
Раптам наступіла цішыня – было чуваць, як распрамляюцца лісты ў Віцькіных руках. Яго хваляванне перадалося іншым – усе зразумелі, што Віцька адшукаў нешта сур’ёзнае. Такое сур’ёзнае, што не мог сказаць нікому з іх аднаму. А толькі ўсім разам…