9437.fb2
Зноў завішчалі тармазы УАЗіка ля варот. Знаёмыя міліцыянеры выйшлі з аўтамабіля, накіраваліся да маці і Сяргея.
– Дзень добры! – павіталіся, участковы са скрухай паглядзеў на Сяргея і за яго спіну – на будан. Там ля ўваходу стаяла напалоханая крыкамі Нэла.
– Ну што, Васільеўна, давай расказвай, – дастаў планшэтку участковы. – Толькі папярэджваю: не хітрыць.
– Што расказваць? – перапалохалася маці. – Я нічога не рабіла, то вы прыехалі, забралі Федзьку…
– Федзька твой затрыманы ў сувязі з крадзяжом цяля з фермы… Так, расказвай: дзе твой Федзька начаваў?
– Дома начаваў…– хутка адказала маці. – Дома… выпілі крышку і спалі. Ага, спалі, во пакуль не прыехалі за ім…
– Васільеўна, я цябе афіцыйна папярэджваю… – строга загаварыў участковы.
– Гавары як ёсць, мама! – умяшаўся Сяргей. – Не было яго вечарам, і не пілі гарэлку, бо ціха было да паўночы ў хаце.
Маці ўздрыгнула, азірнулася на Сяргея здзіўлена. Невядома, ад чаго яна здзівілася больш: ад таго, што Сяргей мог ведаць нешта пра прымака, ці ад таго, што за гэтулькі часу ў першы раз пачула, што яе назвалі “мама”.
– Ён мяне заб’е, – плаксіва выгаварыла яна і амаль загаласіла: – А што ж мне рабіць, божачкі…
– Супакойся і адказвай на пытанні, – спакойна працягваў пераконваць участковы. – У колькі гадзін пайшоў са двара Фёдар?
– Дык… З абеду я яго не бачыла…
– Калі прыйшоў?
– Ы-ы-х, – выдыхнула маці, сказала ледзь чутна: – Пад ранне…
– Што казаў?
– Каб маўчала…
– Так, – участковы азірнуўся на двух другіх міліцыянераў, зноў павярнуўся да маці. – Пайшлі, Зоя Васільеўна, да машыны, сядзем і запішам усё як мае быць і падпішам.
– Не буду, нічога падпісваць не буду, – стала адступацца назад маці, і Сяргей не вытрымаў, закрычаў адчайна:
– Будзеш падпісваць! Будзеш!
Ён стаў насупраць маці, амаль што роўны з ёй ростам.
– Ідзі і кажы праўду, і падпісвай, што скажаш! А не хочаш – то ідзі разам з ім у турму! Я тады не буду спадзявацца на цябе. Буду ведаць, што мы з Нэлай – сіраты поўныя. Няхай пазбаўляюць цябе бацькоўскіх правоў!
Маці заплакала – цяпер уголас, закрыўшы твар рукамі, плечы яе сутаргава калаціліся, але яна пайшла да аўтамабіля.
За ёй падаліся два міліцыянеры, участковы затрымаўся каля Сяргея, у якога вочы былі поўныя слёз.
– Неяк мы і не пазнаёміліся, – працягнуў руку участковы. – Старшы лейтэнант Сяргей Гаўрылюк. Цёзкі мы з табой. Як табе тут, цяжкавата?
Шчырая спагада гучала ў яго словах – Сяргей гэта адчуваў.
– Не цяжка. Дзед Васіль дапамагае, Віцька з Віталікам…
– Ну і добра. Ты галоўнае… Ты ідзі сабе тым шляхам, якім пачаў. І ўсё добра будзе.
– Якім шляхам? – не зразумеў Сяргей.
– Чалавечым, – усміхнуўся ўчастковы. – Ты як толькі прыехаў, мне на цябе наказалі. Я за табой колькі часу прыглядваў: малайчына, правільна жывеш, чэсна. І ты спіш спакойна, і я за цябе хвалююся.
– Няма чаго за нас хвалявацца, – буркнуў Сяргей. Яму было непрыемна чуць, што аб ім нешта дрэннае казалі ўчастковаму.
– Ну, я хвалююся па другой прычыне. Сам ведаеш... Давай, рабіце сваю справу, а зробіце – пазычыце плыт на дзень-другі? Надта ж хочацца на шчупакоў ля Савінага вострава папаляваць, – весела падміргнуў Сяргею участковы.
– Пазычым… А з маці…нічога не будзе?
Участковы зразумеў, што меў на ўвазе Сяргей, пасур’ёзнеў, адмоўна пакруціў галавой.
– Яна ў крадзяжы не замешана і наўрад ці што ведала. Гэты Федзька – птушка бітая, ён заўсёды толькі адзін на свае справы ходзіць. Таму і злавіць яго цяжка. Ды цяпер не выкруціцца: і сляды засталіся, і скуру забітага цяляці знайшлі, і пакупніка мяса адшукалі. Так што сядзець гэтаму Федзьку ў трэці раз. Ну, а ў цябе і маці шанцы ёсць… – закончыў участковы аптымістычна, працягнуў руку Сяргею. – Ты ўгаворвай яе, і мы націснем крыху: няхай едзе ды лечыцца. З гэтай заразай аднаму не справіцца. А цяпер кадзіруюць добра, у мяне на пяць алкаголікаў на ўчастку за год паменела. Не пазнаць людзей… Ну, трымайся. Глядзі за маці.
Участковы пайшоў да аўтамабіля, дзе на капоце адзін з міліцыянераў нешта пісаў. Побач стаяла маці.
Нешта кранулася нагі – то Нэла нячутна падышла і прыціснулася.
Сяргей паклаў сваю далонь на яе валасы, лёгка ўзлахмаціў іх:
– Усё будзе добра. Праўда, Нэла, усё будзе добра…
На душы нечакана стала лёгка – у гэта ранне не толькі з’явілася надзея на добрыя перамены, але і самі перамены пачалі адбывацца.
Чайнік даўно закіпеў, Сяргей заварыў сабе чай – Нэла пабегла да бабы Адаркі па казінае малако, за сваёй ранішняй порцыяй. Дастаў палову батона, цукар, сыр, расклаў усё на “стале”. І пабачыў, што ў садок да будана ідуць Віцька з Жэнькай і Віталь.
І ў той жа момант Сяргей адчуў, што чакаў іх: не проста каб пабачыць, а каб падзяліцца такой прыемнай навіной: прымак затрыманы і хутчэй за ўсё будзе асуджаны, ёсць рашэнне, што можна зрабіць з маці, у яго з’явіўся яшчэ адзін добры знаёмы – участковы міліцыянер…
Яно і праўда: колькі разоў радасцю не падзелішся, а яе не меншае, а ў столькі разоў большае.
Пілі чай з пячэннем, якое напякла сама Жэнька. Настрой быў прыўзняты, гадалі, колькі часу зойме ў іх перацягнуць усё неабходнае на Заікін востраў і сабраць плыт, колькі часу патрацяць на зборку плыта…
Пабачылі, што ў свой сад выйшаў дзед Васіль. Усе разам пайшлі да яго.
Толькі паспелі павітацца, як пачулі: да хаты дзеда Васіля прыехаў аўтамабіль. Ляпнулі дзверцы, рыпнулі веснічкі, і звонкі жаночы голас крыкліва запытаў:
– Гэй, ёсць хто дома? Васіль Яўменавіч Карота тут жыве?
Каб жа ведалі, чым можа закончыцца для іх гэты візіт жанчыны, мабыць, усе разам выскачылі б на надворак і закрычалі, што дзеда Васіля тут няма, ён тут увогуле не жыў, і вёска гэта не тая, і ўвогуле жанчына заблукала. Але ж так добра пачалося ранне! Калі візіт міліцыі прынёс гэтулькі настрою, няўжо інтэлігентнага выгляду жанчына ў спартыўных штанах і кароткай майцы, маладжавая, рухавая, магла прынесці ім непрыемнасці?
То і некалькі галасоў на запытальны вокліч са двара адказалі:
– Мы тут усе! У садзе Васіль Яўменавіч!