9566.fb2
- Ты ж еў кагадзе.
- Зноў хачу.
Зыгмусь Чухрэвiч памог ёй адчапiцца ад Стасюка.
- Няможна так часта есцi, няздорава.
- Чаму?
- Няздорава на жывот.
- Сапсуецца жывот?
Фэлька ўзяў Стасюка за руку i вывеў на двор. Вiдаць было праз вокны павёў у сад, каб абы адчапiўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвiч падкруцiў вусы, дастаў з кiшэнi партабак з бярозавай чачоткi i дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукi тонкiя i белыя зверху. I, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. "Здаецца, памагла б яму", - думала Агата, падышоўшы да люстэрка i папраўляючы грабянi ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокiм. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамi садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры i вiнёўкi. Цыганкi чырванелi над плотам i над страхою прыгрэбкi. Нават запозненыя спасаўкi падалi яшчэ на траву i разлiвалiся ў ёй зялёным кiсялём.
- У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.
Агата ўздыхнула.
- Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?
- Нiчога, так сабе.
- Мусiць, сумна чагосьцi?
Агата глядзела, як ад усмешкi пайшло ў яго па твары шэсць вельмi сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, i схавалiся яны канцамi сваiмi ў вясёленька падкручаных вусах.
- На фэст, панна Агата, не збiраецеся?
- Не думала яшчэ. Можа i пайду.
- Можа разам пойдзем?
- Будзем бачыць.
- Сядайце, панна Агата.
- Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.
I тут яна падумала, цi не сказала чаго лiшняга, можа за тон гаворкi яе пакрыўдзiцца кавалер. Тады ветлiва, наколькi льга было, усмiхнулася:
- Вы таксама нейкi сумны.
- Не, чаго ж я. Сядайце.
Ён устаў з доўгага памалёванага столка i паставiў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.
- Пра што вы думаеце?
- Вам трэба ведаць?
- Трэба.
- Нашто вам ведаць?
- Панна Агата...
- Што?
- Эх, панна Агата...
Падсунуўся блiжэй, узяў пад руку, пацалаваў яе кароткiя пальцы. Казытнуў вусамi яе цудоўную шыю.
- Панна Агата, панна Агата...
Яна выцягнула з яго рук сваю руку, адсунулася далей.
- Панна Агата!
Губы яго траслiся, вочы зелянелi нерухомымi iскрамi, твар чырванеў.
У сенцах затупаў Фэлька, увайшоў у хату. Агата пайшла ў мыцельнiк, за перагародку з цалёвак, нiбы мыць мiскi.
Зыгмусь Чухрэвiч расказваў Фэльку:
- ...Дык я i кажу яму перад усiмi - гад ты, кажу, печаны, хамула ты дурное. Хамут! Чым ты, кажу, хвалiшся? Што за тры рублi абармотам зрабiўся?! Знайшоў чым хвалiцца, выбачайце за слова, дурнiла. Я яму так i сказаў. Не сцерпеў.
- Каму гэта? - трасучыся ад незразумелай крыўды, болю i тупой цяжкасцi на душы, крыкнула з мыцельнiка Агата.
- Асташонку.
Агата кiнула мiскi, з мокрымi рукамi кiнулася на двор. Пабегла ў сад, дзе пад бэрамi сохла капа садовай атавы. Упала галавою ў сена, калоцячыся ад бурных слёз.
III
Фэлька стаяў у варотах i чэзнуў па чарнавокай Алiмпе. Вечар быў цёмны. Агата сядзела каля хаты. Асташонак хадзiў з Алiмпаю па вулiцы. Непадалёку каля нечай хаты гуляў маладзеж. Фэлька не вытрымаў i падаўся да Алiмпы i Асташонка.
Пасля дзённага дажджу пахла жвiраватае каменне, маўчалi платы i хаты.
Дзяўчаты i хлопцы заспявалi. Фэлька, Асташонак i Алiмпа недзе знiклi з вачэй. Агата пачухала левы локаць, сцiшылася каля сцяны. Дзяўчаты на вулiцы зарагаталi. Агата пазнала iх па галасах. Падумала: "Як павыросталi, яшчэ летась у парваных андараках каровы пасвiлi, а гэта ўжо з хлопцамi гуляюць". Прыкрасць нейкая находзiла на яе. З'яўляцца пачалi думкi - пайсцi ў гурт маладзяжу. Але ўспомнiла - няма там аднагодкаў ёй, усе маладзейшыя. Брат Фэлька нiколi не ўпiкаў, што сядзiць яна дома, колькi сваталася - нi за кога iсцi не хацела, усё па густу выбiрала сабе i нiяк выбраць не магла. Хiба ж ён асмелiцца ўпiкнуць яе гэтым? А ўсё ж думкi ў яго ўсялякiя могуць быць... I чаму якраз Фэлька на думку ўзбрыў, хiба самой ёй нiчога гэта не абыходзiць?.. I чаго яны рагочуць так весела, гуляюць гэтак заўзята, гэтыя цыбатыя падлеткi? Можна падумаць, што i сапраўды паненкi цiкавыя. Прыкрасць сцiснула сэрца. Прыцiснулася плячыма да сцяны i чакала.
Гарэла святло ў хатах. Iшла ноч. Маўчала восень у садах i агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лiсця. Якую ж ноч прынёс верасень!
"Спаць iсцi", - узышоў чэмер думак, але ведала, што не засне.
Далонi рук пачалi гарэць. Ноч схавала ружовасць твару, маўчанне нервовую трывогу цела.