9566.fb2
- I я з табою пайду, цёця.
- Бяжы ў хату, скажы ўсiм, што я пабегла да Асташонка. Скоранька бяжы.
Агародамi пайшла спакайней. Калацiлася трывожна сэрца, кружылася ў галаве, сплывала патроху ценжар, што гняла душу. Не думаючы, два разы азiрнулася на свой сад. Верхавiнне груш было ясным i зялёным. Заходзiла сонца.
VII
Раставала ноч, як Асташонак прывёў Агату дадому. Яны яшчэ пасядзелi на вулiцы, перакiдаючыся рэдкiмi словамi. Фэлька не спаў - з вулiцы праз акно без фiранкi вiдаць было, як тупаў па хаце, з расшпiленым каўняром белай сарочкi, у камiзэльцы.
- Фэлька, - гукнуў Асташонак.
- Цiха ты.
Фэлька выйшаў на вулiцу, няцвёрда ступаючы разбутымi нагамi, хмельны яшчэ.
- Асташонак, ты?
- Ну як?
- Што?
- Усё.
- Цiха вы, абодва!
Агата ўстала, думаючы калюча ўшкнуць чым-небудзь Фэльку. Маўчалi ўсе трое. Фэлька, трохi збянтэжаны, сказаў:
- Зыгмусь пакрыўдзiўся.
- Зыгмусь Чухрэвiч пакрыўдзiўся! - сказала моцна Агата. - Ты iдзi, загадала Асташонку.
Асташонак пайшоў, развiтаўшыся i з ёю, i з Фэлькам за руку.
"Зараз пачнецца самае важнае, - з сумам падумала Агата. - I няхай сабе пачынаецца што хоча". Пачала шукаць у думках слова, каб укалоць Фэльку.
Але Фэлька падышоў да яе блiжэй, паглядзеў моўчкi ёй у твар i сказаў:
- Ты не крыўдзiся на мяне.
- За што?
- Ты ж думаеш, што я сiлком цябе ўгаварваў iсцi за Чухрэвiча. А яно не гэтак. Не iдзi ты за яго, калi гэтак не падабаецца ён табе... Хто гэта мог падумаць... Нядобра адно, што пакрыўдзiўся ён, такi ж мы з iм дружылi.
- Адкрыўдзiцца, калi табе гэтак хочацца.
- Я памiруся, толькi ты не ўмешвайся больш у гэтую справу.
- Я нiколi не хацела ўмешвацца.
Слёзы душылi яе, i яна пачала плакаць, сеўшы i прыпершыся плячыма да сцяны. Фэлька сеў каля яе. Палажыў руку на плячо, хмельны i расчулены, пацалаваў сястру. Яна плакала цiха. Пачынала свiтаць. Выплакала свае слёзы, рабiлася ёй лягчэй.
- Кiнь ты, не плач. Усё скончылася. Хiба нам кепска жыць на свеце?
- Бяры ты хутчэй сваю Алiмпу.
- Чаму ты гаворыш?
- Хачу табе дабра.
Зноў брат пашкадаваў яе, пагладзiў па галаве. Яна ўстала. Стала на паўзмрочнай вулiцы - прыгожая, здаровая, моцная. Высыхалi на вачах апошнiя слёзы, хараство жаночай усмешкi расцвiтала на твары. Фэлька стаў поплеч з ёю:
- Заснуць з гадзiну трэба яшчэ.
- Iдзi.
- А ты?
- Зараз iду.
Засталася на вулiцы адна.
Яснела неба, вiднела на зямлi. I шкада стала ёй, што адправiла яна так хутка дадому паслухмянага перад ёю Асташонка.
Паволi пайшла ў двор, поўная жаночага хараства. Ледзь прыкметна ўсмiхнулася - як на ўсходзе заружавеў гэты першы прамень маладога сонца.
Ападалi i пахлi ў садзе грушы. Усход рассцiлаў бялiць ружовыя палотны.
1928
Каментары
Друкуецца па зборнiку "Вераснёвыя ночы" /Менск, БДВ, 1929/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Узвышша", 1928, № 4. Датуецца снежнем 1927 i жнiўнем 1928 года.