9656.fb2
Васкевіч ужо вешаў замок на знадворныя дзверы, як падышлі яшчэ чытачы, двое хлопцаў. Давялося вяртацца.
Аднога, большага, Васкевіч трохі ведаў са школы, помніў нават, як зваць — Пеця. Пеця гэты, калі закрылі іхнюю васьмігодку, давучваўся ў мястэчку. Васкевіч помніў яго, як нешта малое, галаватае, што вечна лазіла ва ўсіх пад нагамі на школьным двары і ў калідоры; помніў, што, бадай, не было такога перапынку, на якім Пеця не роў бы ўзахлёб — бо і пападала яму, вядома, як паганаму кату... Цяпер гэта быў мацачок гадоў семнаццаці, з вусікамі на шырокім квадратным твары, з пытлівымі разумнымі чорнымі вачыма. Відаць, ён вучыўся цяпер у горадзе і прыехаў на выхадныя, бо быў без шапкі — каб паказаць прычоску, — у харошай куртцы, у красоўках, хоць трэба было яшчэ ўмудрыцца прайсці ў іх сюды расталым снегам. Яго таварыш — тут, у памяшканні на святле, Васкевіч разгледзеў, што гэта не хлопчык, як падалося яму ў цемры на ганку, а нізкарослы мужчынка гадоў за трыццаць — быў у старой, заляпанай кухвайцы (ах, нязменны сімвал савецкай вёскі!), у гумовіках з адкочанымі да нізу халявамі, ад чаго быў падобны на маленькага кінакамедыйнага каўбоя. У бібліятэку ён прынёс пах сіласу і таго, што вясною на палі вывозяць. Спартыўная шапачка-грабеньчык збітая набок, твар маленькі, увесь пашчапаны маршчынамі, парослы пухам — быццам гэта дзіця гадоў сямі не паспела вырасці і пастарэла... Зрэшты, глядзець ён стараўся смела і па-п'янаму нахабна — маўляў, бачылі мы і не такіх, і не думай у чужым манастыры заводзіць свае законы.
Пеця яшчэ на ганку павітаўся з Васкевічам за руку, назваў па імені, спытаў, ці надоўга сюды. Мужчынка не павітаўся, а ў бібліятэцы, не паспеўшы стаць на парог, плюнуў пад ногі. Пеця крыкнуў:
— Ручка! — і збянтэжана, бы просячы прабачэння, патлумачыў Васкевічу: — П'яны, не звяртай увагі...
«Ручка», як зразумеў Васкевіч, была мянушка, якія заўсёды ёсць у такіх непрыкаяных.
Ручка скоса зіркнуў на Пецю, але паслухаўся, нехаця расцёр плявок ботам і толькі больш размазаў гразі з падэшвы.
— У цябе «Яма» Купрына ёсць? — сказаў ён грубым нізкім голасам, нечаканым для сваёй камплекцыі.
— «Яма»! — Пеця засмяяўся, ківаючы галавою, запрашаючы і Васкевіча смяяцца і нічога ўсур'ёз не прымаць. — Ляпне ж такое!.. Ды ты чытаць ужо не ўмееш, як той Пульс іхні!
Зарагатаў і Ручка, узрадваўшыся:
— Пульс?! Калека тая дваццатага века?! «Бабу, бабу мне знайдзіце», — перадражніў ён, выскаляючы счарнелыя зубы.
Васкевічу аж брыдка стала, неяк дзікавата ад гэтага рогату: адзін такі нягеглы, недапечаны, смяецца з другога такога ж... «Ды Пульс цябе б пстрычкаю забіў бы», — падумаў ён, яшчэ раз аглядаючы шчуплую дзіцячую фігурку.
Пеця папрасіў ключ ад пакоя-«клуба», сказаў, што Ліда (бібліятэкарка, што была да Васкевіча) заўсёды давала. Сёння пятніца, і сабярэцца «маладзёж», у карты пагуляюць, магнітафон паслухаюць. Ручка тым часам, хістаючыся, пасунуўся ўглыб стэлажоў. Не паспеў Васкевіч адчапіць з кальца ключ, як за стэлажамі пасыпаліся на падлогу кнігі, бухнула нешта цяжкае... Васкевіч з Пецем кінуліся туды і ўбачылі, што Ручка сядзіць на падлозе і запіхвае пад кухвайку таўсценную кнігу. Пеця вылаяўся, даў яму ў патыліцу, кнігу адабраў і, памагаючы тумакамі, павёў яго да дзвярэй.
— А ты не думай... — стараўся павярнуцца да Васкевіча няўдалы злодзей. — Паняў?
Пеця выпхнуў яго ў калідор, вярнуўся і зноў папрасіў не звяртаць увагі:
— Ён толькі калі п'яны — дурны... Хочаш, і ты аставайся? У карты пагуляем...
Васкевіч адмовіўся. Яны выйшлі разам, было ўжо зусім цёмна. Ручка сядзеў на ганку і курыў. Ад Бокаўкі, з лесу, наплывала светлая пляма — вячэрні аўтобус вяртаўся ў горад. Васкевіч ледзь паспеў дабегчы да прыпынку і ўскочыць у заднія дзверы. У аўтобусе, і калі ішоў цёмнай вуліцай дахаты, успамінаў сваіх чытачоў, і зноў на душы было сумна — сяброў яму тут не будзе, гэта ясна, як дзень белы... Трэба звыкацца з адзінотаю, а на які час — хто ведае?..
Пасля выхадных, у панядзелак, аўтобуса не было, і Васкевіч прыйшоў у Двароўку пешкі, ступіў на бібліятэчны двор, падняў галаву — і сэрца абарвалася. Акно, што насупраць яго «кафедры», каля якога ён любіў курыць і думаць, чарнела пустатою: дзве шыбкі былі разнесены ўшчэнт. Калі выбілі? У пятніцу? Няўжо два выхадных так і прастаяла?! Агледзеў снег, рамы, зазірнуў у сярэдзіну — не, не падобна, каб лазілі. Тады чаму разбілі? Ключоў няма — дамаўляліся, што Пеця пакіне бабцы... Тут з-за вугла, ад пошты выскачыла бабка, завойкала, аддала ключы:
— Вызывайце міліцыю! Яго ўжэ хацелі забіраць лячыцца, ужэ ўчастковы казаў — хай толькі шчэ раз!..
— Каго?
— Ручку тую малахольную! Як вуп'е, такая гадасць несусветная! Не давайце ім больш ключы!..
Васкевіч зайшоў у бібліятэку, прабег вачыма па стэлажах — як стаяла ўсё, так і стаіць, нічога не ўкрадзена. Каля акна валяецца пабітае шкло, пасярэдзіне на падлозе яшчэ невысахлая вада... Снежкамі разбілі. Проста так, ні за што, на злосць — бо ён не такі, як яны... І Пеця гэты не мог умяшацца!.. Што за людзі, што ў іх у галовах, чым яны жывуць?..
Бабка кінулася прыбіраць.
— Сцякла ж няма, мо б Іван паставіў, — казала яна, — дык і Йвана няма, паплёўся ў лясніцтва, зноў нап'ецца, бо ў тых палучка...
— А калі да гэтага схадзіць, Ручкі, — хай ставіць, раз выбіў.
— А Божа! — пляснула бабка ў далоні. — Ён паставіць! Ён не здолее дошкі ў плот прыбіць.
— А што ён робіць, працуе дзе?
— На трахтары, жыжку возіць на поле. Жыве адзін з маткаю, п'е, як дурны які...
«Ладна, — падумаў Васкевіч, — шуму не падымаць, сабе ж даражэй...» Наказаў бабцы пабыць тут, блізка дзе, зняў шнурком размеры, схадзіў назад, дамоў, забраў з гарышча два кавалкі шкла, што маці хавала на чорны дзень, пацёгся назад у Двароўку, у магазіне купіў шкларэз. Адрэзалася роўна, у акурат, нідзе не трэснула, — і пакрысе супакоіўся — правільна, так і трэба, сам, маўчком. Са сваімі законамі ў чужы манастыр не суйся. Калі прыбіваў штапікі, упаўзла ў двор бабка нейкая на двух кіёчках, яшчэ здалёк загаласіла:
— А мой ты сынку, прасьці яго!..
Плакала, «бо Валера мой не жэніцца», і не йдзе за яго ніхто, што яго хочуць выганяць з работы, а так ён, калі цвярозы, «дабрачы», «што і ў мяне ж сэрца, як і ў каждай маткі, за яго баліць»...
Найбольш уразіла Васкевіча, ледзь не да саромных слёз давяло, што гэтая бабка з кіёчкамі марыць пра ўнукаў, і што паганенькі Ручка для яе ніякі не Ручка, а родны сын, у якога, як і ў кожнага чалавека, ёсць імя — Валера; яна так і заве яго, і, відаць, ёй крыўдна, што людзі дражняць яго нейкай сабачай мянушкай; сын, якога яна песціла малога, любавалася ім і спадзявалася, верыла, што калі ён вырасце, будзе ёй помач і абарона.