9656.fb2
Маці яшчэ не было. На стале ляжала яе запіска з раніцы: «Аддыхай, я ўсё зраблю сама».
Васкевіч асцярожна — набыў ужо вопыт — адкаркаваў шампанскае, палюбаваўся, як віхурыцца ў шклянцы, падымаюцца з дна і ледзь заўважна лопаюцца-пырскаюць на паверхні шарыкі газу, выпіў залпам, выйшаў на двор.
Ужо стаяў прыцемак, але той прыцемак, калі здаецца, што ўсё вакол бачыш лепш, чым светлым днём; калі прадметы робяцца як бы больш выпуклымі, кантрастнымі. Зусім нізка ляцелі гусі і крычалі ні то сумна, ні то радасна…
І ніколі раней не бачаны малюнак адкрыўся раптам перад Васкевічам. На захадзе, у тым канцы вёскі, дзе шаша, падняўся з-за хат светлы-светлы на шэрым небе, сферычны паўкруг. Нейкі час ён не памяншаўся і не павялічваўся, і было ўражанне, што гэта дзве машыны сталі там, на шашы, лоб у лоб, і свецяць адна на адну фарамі. Але вось з двух бакоў быццам два пражэктары ўлупілі раптам у гэты паўкруг, скрыжаваліся ў цэнтры яго, разарвалі; знізу з’явілася і заззяла фіялетавая паласа, вышэй — бэзавая, яшчэ вышэй — зялёная... Паўкруг пачаў распаўзацца, палосы пераліваліся адна ў адну, дрыжэлі, плавіліся, ігралі колерамі, як мазут на вадзе — і ўсё шырыліся, большалі, раслі ўвышыню і паўзлі сюды, да хаты Васкевіча, з двух бакоў агінаючы вёску, — быццам нехта хацеў нацягнуць над ёю на ноч дзівоснай прыгажосці купал...
Васкевіч стаяў і не мог адарваць ад гэтага купала вачэй. Яму здавалася, што ён у планетарыі — да таго ўсё было ненатуральна, казачна. Але вось пабляк купал, расталі ў цёмным небе квятастыя палосы, і настала ноч. Антон пайшоў да Пульса. Пульс жыў адзін, у вялікай хаце, трымаў кабана, курэй; у хаце, ва ўсіх трох пакоях, чыстата была наўздзіў — палавічкі чыстыя, ложкі засланыя, падлога вымытая, посуд чысты і акуратна стаіць на палічцы над газавай плітою... Убачыўшы Васкевіча, ды калі яшчэ той гупнуў на стол сваю пачатую пляшку, узрадаваны Пульс адразу ж кінуўся ў каморку, прынёс яек, сала, пачаў ладзіць на газе яечню — адзінае, што ён мог прапанаваць любому госцю (а ён лічыў госцем і кідаўся частаваць, любога, хто пераступаў парог яго хаты). Каля печы стаяў тапчан, засланы дзяружкаю; Васкевіч, як звычайна, улёгся на ім, а ногі ў чаравіках закінуў на біла — чаго з Пульсам цырымоніцца?..
Пажаўцелая, абшытая фанераю столь, печ, паўз ляжак на жэрдачцы — вязкі цыбулі, грыбы сухія… Рабілася ж колісь гэтая хата, і печ клалася, і людзі радаваліся… І дзе яны ўсе цяпер? На грудку паміж Двароўкай і Сасноўкай, пад бярозамі і дубовымі крыжамі… У адзін месяц — Васкевіч добра запомніў той летні месяц у свой апошні год перад арміяй — тры смерці… Першая — старэйшы Пульсаў брат, якому жонка здрадзіла з брыгадзірам, не вытрымаў і павесіўся. Матка — маленечкая, сагнутая ў крук шчыруха, хадзіла-хадзіла на могілкі, гаравала-гаравала, і раптам надумалася і выпіла скляначку ацэтону, якім дачка — Пульсава сястра — сцірала лак з пазногцяў. Тады была вераб”іная ноч, страшная, з маланкамі; а яны, хлопцы, і Пульс разам, сядзелі ў старым клубе, пілі самагонку і гулялі ў карты… І вось раніца, вуліца — бы чужая, з паламанымі слівамі паўз платы, сліўкі ўсе абарвала, уся зямля ўсыпана; бульбоўнік, авёс, жыта — усё палегла… Васкевіч выйшаў на двор мыцца і ўбачыў, што Пульс едзе некуды веласіпедам. “Матка памерла, ёпа-маць! — кінуў весела на хаду, а сам сівы-сівы, як голуб. — Цытон выпіла! На станцаю еду!” Чаго на тую “станцаю”, хто яго навучыў туды ехаць, што ён там збіраўся рабіць — званіць у міліцыю, у “скорую”, куды?..
Тыдні праз два ў той жа месяц сканаў і Пульсаў бацька, дома. Ізноў, толькі не раніцай, а ўдзень, ехаў веласіпедам Пульс на станцыю і весела тлумачыў цікаўным: “Бацько памер, ёпа-маць!”, — а сам яшчэ больш ссівелы… З гэтага бацькі, такога рабацягі, гаруна, якіх пашукаць, які згарбеў ад работы задоўга да пенсіі, яны, малыя і дурныя, смяяліся, дражнілі, — сагнуўшыся, паказваючы, быццам носяць гарбы, а ён крычаў, махаючы кулаком: “Падажджыце, дажывеце да маіх гадоў — ракам будзеце поўзаць! Але вы х… дажывеце да маіх гадоў!..”
— Знайдзі мне жонку… Прывязі з дома енвалідаў, — завёў сваю песню Пульс, калі яечня была гатова і селі за стол. Выпіў поўную “маліноўскую” шклянку, заеў шкваркаю, выцер сала з губ. Сівы, патлаты, смяецца — зуба пярэдняга няма…
— Добра, я знайду табе жонку, прывязу. Яна ж твае грошы забіраць будзе, усю пенсію!
— А я не дам! Біць буду!
— Дык хто з табою тады будзе жыць? Яна ж цябе кіне, ці спаць з табою не будзе лягаць.
— Я слухацца буду, кажу!.. Буду любіць, біць... «Смяешся з яго — а сябе успомні, — падумаў Васкевіч. — Пакуль гэтая малеча да цябе не прытулілася, успомні, які быў... А цяпер і гусей пачуў, і купал неба ўбачыў, і жыць ахвота... Так і ён: знайшлася б якая баба, не пабаялася, пайшла б за яго — і сама жыла б як у Бога за пазухай, і ён змяніўся б, ні адзін дурань не смяяўся б...»
Васкевіч пасядзеў, пагаварыў, і сабраўся ісці, калі віно скончылася. Але Пульс схапіў яго за руку:
— Пастой!.. — пабег у камору, там нешта грымнула, упала; вярнуўся — рукі па самыя локці ў муцэ, белыя, у руках — паўлітровы слоік самагонкі. Дзе ён яе хаваў, на які выпадак?..
Васкевіч астаўся, піў, п’янеў, мала-памалу захапіўся і, як чэхаўскі Іона сваёй каняцы, расказаў Пульсу пра Наташу, і пра Лену, і пра Мінск, і пра фіялетавую паласу на небе...