9656.fb2
Васкевічу раптам перастала здавацца гэта смешным. «Ага, вы там жывяце, кніжкі пішаце — а тут...»
— Як Лена? — у адкрытую спытаў ён.
— На дэкрэтным цяпер, — неяк неахвотна адказаў Алесь. — Замуж выйшла. Але так памагае нам, цікавіцца...
Надзіва, гэтая навіна мала ўразіла Васкевіча. Нават гэтая. «Ага, — ізноў падумалася, — жывяце там, замуж выходзіце, а я...»
— У чым заключаецца твая работа, Антон?
— У чым? А вось цягацца гэтай дарогай туды-сюды і гарэлку піць. У гэтым заключаецца.
Рамановіч прапусціў яго з’едлівасць міма вушэй.
— У цябе такая маці цікавая. І мова чыстая, я нават не чакаў, думаў, усё ж Палессе, — а ў вас, аказваецца, мова чысцейшая, чым на Міншчыне. А пра маці — вясковая жанчына, а так разважае! Цяпер ясна, адкуль у цябе гэты дух.
— Яна яшчэ не так можа паразважаць, — Васкевіч, аднак, ацаніў гэтую пахвальбу. — Проста яна ўбачыла — чалавек гарадскі, культурны, а вось прыехаў да яе сына, гаворыць па-простаму — вось і ўсё.
— Уразіла, што яна ела лыжкаю і хутка... Правільна, у яе ж работа, усё на хаду, — для Рамановіча, відаць, гэта было цэлае адкрыццё. — Давай пасядзім? — прапанаваў ён.
Непадалёку ўжо былі двароўскія хаты. Хлопцы расцягнуліся на траўцы пад цяністай вольхаю, на пагорку, каля старой бетоннай трубы, што была ўкапана пад дарогаю і значыла, што тут некалі цякла рачулка. Цяпер усё зарасло травою і кустоўем без следу.
— Тыповы беларускі краявід! — сказаў Алесь, паказваючы на хаты сярод алешніку, потым спытаў: — Васкевіч, як ты думаеш — ты, які бачыў усю гэту механіку знутры — чаму так лажанўліся з рэферэндумам?
— Правільна зрабілі... Чаго лажануліся? А што яны разбіраюцца! Ды ім усё адно, яны табе за далучэнне да Амерыкі прагаласуюць — як ім скажуць, так і будзе.
— Ты галасаваў?
— Не.
— Я галасаваў, але, ведаеш, таксама не разумеў, не прымаў гэтай камедыі. Больш скажу: ніхто б нам гэтай незалежнасці не даў у любым выпадку! Як бы ні прагаласавалі.
Васкевіч гмыкнуў:
— Я разумею, узяць акээм і махнуць у гэты лес! — паўтарыў ён тое, што запісваў некалі ў сшытак.
— Ну, гэта крайнасці. Ёсць больш простыя шляхі, — Алесь гаварыў ціха, пранікнёна і пасля кожнага сказу ляпаў далоняй па траве. — Цяпер — толькі палітыка. Аддзяленне. Будзе цвёрдая незалежнасць — з’явіцца сама сабою і мова, і ўсё іншае. Цяпер гэта — аддзяленне — павінна стаць нацыянальнай ідэяй.
— Цяпер ужо гэта «нацыянальная ідэя»?
— Чаму ты іранізуеш...
— А як жа экспансія з «усходніх абласцей», «адметнасці рэгіёну»?
— Быў час — было актуальна гэтае. Вось калі ў нас тут будзе свая Італія, тады будзем дзяліцца на ўсходнікаў, паўднёвікаў... Ганарыцца гэтым. А цяпер, пакуль мы ўсе «Северо-Запад», трэба кансалідацыя. Цяпер многае змянілася.
«Ну, вядома, змянілася! Ты вунь як апрануты, чысценькі, не п’еш, не курыш, Лена там з нейкім... Міцура кніжкі піша і спрачаецца з рэктарам, сам хоча выкладчыкаў выбіраць!.. А тут...»
— Ды няма ніякай нацыянальнай ідэі, і быць не можа! — пачаў заводзіцца Васкевіч, адчуваючы забытае ўжо, радаснае ўзбуджэнне спрэчкі. — Ва ўсіх людзей ёсць, а ў нас няма! Я перад гэтым рэферэндумам думаў: вось калі б узяліся ўсе за рукі, ад Езярышчаў да нашага Славечна, зрабілі «жывы лянцуг»...
— Можа, яшчэ возьмуцца.
— Ага, зараз!
Рамановіч зморшчыў прыгожы белы лоб, сказаў цвёрда:
— Не возьмуцца — нічога страшнага. Жменька нас ёсць, праз выбары возьмем уладу — і ўсё само сабою зробіцца. Ты ж сам сабе супярэчыш, ты ж сам кажаш — нашы людзі рахманыя, як ім загадаеш, так і зробяць.
— А! Ну, вядома, калі лічыць іх за вінцікі, матэрыял... Але тады трэба забыць, і згадваць перастаць пра «нацыянальныя ідэі»!
— Ды што ты ўскінуўся, як певень?
— Хочаш ведаць? Калі ласка. Больш чым паўгода я, адзін, тырчэў тут — і каму я быў трэба? Ні слова, ні вестачкі!
— І ты з-за гэтага пакрыўдзіўся?
— А гэтага мала? Што мне аставалася думаць? Быў сярод вас, побач — быў патрэбен, як матэрыял. Як і гэтыя людзі, што жывуць вунь у хатах, табе будуць патрэбныя... Знік з вачэй — і ўсё. Значыць, ідэя даражэй за чалавека? Ды вы павінны былі кінуць усё на свеце, не выдаваць кніжкі ў «Маладосці», не выходзіць замуж, а кінуць усё на свеце і пісаць мне, званіць, біць тэлеграмы, прыязджаць, ратаваць, думаць увесь час пра мяне! А раз ідэя для вас засціць чалавека, дык гэта г... а не ідэя! Такая ж лухта, «балталёгія», як і ўсе іншыя словы...
— Я ж прыехаў, — ціха прамовіў Алесь. Раней, у Мінску, Антон ніколі не спрачаўся з сябрам, таму для Рамановіча ўсё гэта было нечакана, ён нават неяк сцяўся. Васкевічу стала шкада яго.
— Пайшлі, — сказаў ён, і калі Рамановіч падняўся, паціснуў яму плячо. — Не крыўдуй, Алесь, я проста доўга ні з кім як след не гаварыў, вось і прарвала... — Ён тэатральна адвёў убок левую руку і жартоўна-трагічным голасам прадэкламаваў:
— Ладна, пакутнік! — засмяяўся Алесь.
Калі ўваходзілі ў вёску, насустрач трапіўся дзядзька, ехаў веласіпедам, у сетцы на рулі вёз хлеб і пляшку гарэлкі. «Ага, падвезлі... Зараз папрашу напавер», — Васкевічу стала радасна і захацелася яшчэ шчырасці, захацелася гаварыць і гаварыць... Толькі не тут, а калі прыйдуць у бібліятэку, і ён вып’е.
Сапраўды, у магазіне таўкліся ў чарзе людзі. Рамановіч з парога бачыў, як сябар пашыўся ў чаргу, папытаў нешта ў прадаўшчыцы, тая буркнула ў адказ, тады Антон пачаў прасіць аб нечым, азіраючыся і паказваючы пальцам на яго, Рамановіча. Азірнулася і прадаўшчыца. Рамановіч выйшаў на двор. Хутка следам выскачыў шчаслівы Васкевіч, з пляшкай у папяровым мяшэчку з-пад цукару:
— Усё, жывём!