9656.fb2 Вёска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Вёска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

ХХІV

Прайшло тыдні два.

Антон з раніцы хадзіў на балота памагаць дэядзьку Міколу-лесніку касіць, і цяпер, у абед, ледзь прыцягнуў дамоў ногі.

— Еж, сынок, — зноў ласкава, як і нядаўна, калі паведамляла пра Валераву смерць, казала маці, ставячы перад Антонам міску шчаўлёвага баршчу. — Еж, пакуль гарачы... Бо таго Пеці, з якім ты вучыўся колісь, які ў вармію пайшоў, той гомельскі дзядзька памер... Сёння, кажуць, хаваць будуць.

Антон накінуўся на духмяны боршч, не даючы гэтым словам асаблівай увагі. І раптам цюкнула ў галаву, і ледзь зноў не выслізнула з рук лыжка. Ірэна! Гомельскі дзядзька — гэта ж бацька Ірэны!

— Ага, ага, — чытала яго думкі маці. — Той чарнявенькай, Ірыны, бацька.

— Ірэны, а не Ірыны, — рассеяна паправіў Антон.

— Шлунак быў бальной, — маці са смакам вымаўляла гэтае рускае «бальной». — А лячылі ад печані! Высах, кажуць, у цёску[9] за два месяцы.

На гэты раз Васкевічу захацелася пабыць на могілках, і ён акурат падгадаў, — ідучы ў бібліятэку, з дарогі ўбачыў каля могілкавых варот бартавую машыну, з якой яшчэ толькі здымалі труну. Антон пакіраваў туды.

Народу было даволі многа, папрыходзілі двароўскія і сасноўскія, хоць быў самы разгар летняга дня. Каля выкапанай непадалёк ад варот свежай ямы стаялі, апіраючыся на рыдлёўкі, прымак Рускі, дзядзька Юлен, яшчэ два незнаёмыя мужчыны, курылі. Васкевіч прайшоў углыб могілак, спыніўся перад бацькавай магілкай, пакалупаў патрэсканую фарбу на агароджы. Раптам да яго данеслася ціхае галашэнне. Ён асцярожна, адхінаючы рукамі маладую акацыю, падраўся ў той бок і ўбачыў: Надзя-паштальёнка ўкленчыла, абняла рукамі новенькі крыж і білася ў ціхім плачы на магіле сына... Антон вярнуўся да варот, змяшаўся з людзьмі.

— Думалі, печань, і лячылі, падлы, ад печані, — казаў нехта. — А тады глянулі — э-э! у яго ж шлунак бальной! Два літры гною выкачалі.

Да труны падвялі заплаканую ўдаву, якая раптам пачала прасіць праз слёзы мужа-нябожчыка, працягваючы да яго рукі:

— Витёк, встань, встань же, прошу тебя, умоляю! Ну, встань же скорее, хорошенький мой!.. Встань, посмотри на дочь твою!..

— Не ўмее галасіць, — прашамкала нейкая бабулька ззаду за Васкевічам.

Васкевічу самаму няёмка стала ад удовіных просьбаў, нешта фальшывае, што ніяк не магло стасавацца са смерцю блізкага чалавека, было ў іх. Маці расказвала, гэтага чалавека выпісалі з бальніцы, калі зразумелі, што не вылечаць, і ён больш за два месяцы ляжаў дома, ведаючы, што вось-вось сканае. Васкевічу раптам жыва, ярка ўбачылася: ён, чалавек гэты, стогне, плача, просіцца, капрызнічае, будзіць усіх начамі, жонка вымушана ад яго не адыходзіць, пераапранаць, перасцілаць, выносіць за ім; увесь час з парэзанага, скрамсанага скальпелямі жывата па трубцы ў слоік сочыцца гной, а пахі... Васкевічу ўспомнілася нядаўна прачытаная аповесць «Смерць Івана Ілыча», дзе жонка проста ўзненавідзела мужа за яго хваробу і толькі чакала, каб ён хутчэй памёр.

Васкевічу здавалася, што і гэтая ўдава павінна радавацца цяпер смерці мужа. І яму — ды, відаць, не аднаму яму — чуліся ў гэтым дзіўным галашэнні ноткі радасці, палёгкі, што вось, нарэшце, усё скончылася. Сорамна і цяжка ад гэтага плачу рабілася на душы.

Але вось ён убачыў Ірэну, прыгожую, стройную, рослую, у чорнай празрыстай хустцы, і яму здалося, што і дзяўчына яго ўбачыла, нават кіўнула ледзь заўважна. Ірэна схілілася над бацькам, прысела, — і Васкевічу стук.нула кроў у галаву, усё разам згадалася: ногі яе, цела, пах самагонкі, крэслы ў бібліятэцы... Ён глядзеў і бачыў, што нават цяпер, ля бацькавай труны, яна знарок прысядае сексуальна, як рэкламная дзеўка; на ёй была кароткая сукенка, і калі Ірэна прысядала, адкрыліся да самага канца чорныя калготкі на моцных, чуць разведзеных у бакі нагах... Антон апусціў вочы.

Застукаў малаток. Гучна, весела азваўся Рускі:

— Он там со стариком в карты сегодня ночью сыграет!

Магіла «старика» — бацькі нябожчыка, Ірэнінага дзеда — была побач.

— Сыграе, ...тваю маць, ага! — гэтак жа гучна, зларадна адказаў дзядзька Юлен, з сілаю і часта налягаючы на рыдлёўку.

Смерць аднакласніка Валера — чужое гора — унесла ў жыццё Васкевіча такую спакойную яснасць; а гэтая смерць зусім чужога чалавека ўсё паблытала ў галаве, усё парушыла. Прыйшоўшы з могілак у сваю халаднаватую, з зацененымі акацыяй вокнамі бібліятэку, Антон сядзеў за сталом-кафедрай, глядзеў на крэслы ля цэнтральных сталоў, курыў і думаў.

«Я малады, Ірэн маладая, і правільна яна зрабіла, што так адзелася на пахаванне і так прысядала!.. Жыццё ідзе, потым канчаецца такой вось ямаю, такімі дзядзькамі Юленамі з рыдлёўкамі... А пакуль не скончылася? трэба жыць, і жыць поўна, ярка!»

Настрой, які сышоў на яго тады ў царкве — расчуленасці, замілавання жыццём, настрой веры — і цяпер не пакідаў яго, хіба што трохі прытупіўся. Антон і цяпер не сумняваўся, што на ўсім і на ўсіх «длань Божая». Але цяпер настрой гэты, нібы агеньчык, пагражаў неўзабаве зусім прытухнуць, і патрабаваў, каб яму падкідвалі галінкі — «ежу».

Антон дастаў з шуфлядкі «кафедры» свой сшытак і запісаў з галавы:

«Спасающийся да спасется!»

«Беражонага Бог беражэ».

«Бог памагае таму, хто сам варушыцца, сам сабе хоча памагчы».

Трэба былі змены. І каб не пакорліва чакаць, апусціўшы рукі, як ён да гэтага рабіў, змен ад кагосьці, а самому спрабаваць штось змяніць. Толькі што? Як?!

І вось, дзён праз колькі, прыдумалася «што і як».

Моцна захварэла маці — у самы разгар спякотнага лета пачала смаркацца, чыхаць, ёй аблажыла горла. Паспрабавала вылячыцца сваімі сродкамі, паслала Антона назбіраць камянёў, увечары разагрэла іх на гарачым чаране печы, паклала ў місу з вадою, накрылася ўся дзяругаю і сядзела над гэтай місай, дыхала параю. Ад гэтых лекаў у яе толькі страшна счырванеў твар, закружылася галава, потым лінулася з носа кроў, так што Антон ледзь давёў маці да ложка.

— Добра... у адпуску, — сказала яна, задыхаючыся, — захварэла, а то б скарацілі з работы.

Антон пабег да прадаўшчыцы, яму адкрылі магазін, па тэлефоне выклікалі «хуткую», якая прыехала толькі пад раніцу. Маці зрабілі ўкол, далі таблетак, сказалі, што гэта павышаны, «старэчы» ціск і трэба хоць дні тры «пасцельнага рэжыму».

Здарылася гэта ў першых чыслах ліпеня, калі Антону трэба было ехаць у горад па палучку і завезці ў бібліятэку планы і справаздачы. Нікуды ён, вядома, не паехаў: варыў кабанам — маці, лежачы, расказвала, які чыгун узяць, колькі туды класці бульбы, буракоў, усыпаць мукі, уліць вады, — палоў агарод, які, нягледзячы на тое сухое лета, зарос метровым пустазеллем, гатаваў сякую-такую ежу сабе і матцы, глядзеў, каб яна ў час піла парашкі, заварваў ёй сухія ягады каліны — гэтай каліны Пульс, даведаўшыся пра хваробу, прынёс цэлы мяшэчак.

На другі дзень маці пачала патроху ўставаць, хадзіць, а на трэці, як ні ўпрошваў, як ні сварыўся на яе Антон, ужо з раніцы стаяла ракам на сотках. У горад Васкевічу было позна ехаць. Ён вырашыў паслаць свае планы і справаздачы пісьмом і заадно патлумачыць, чаму не з’явіўся. Так і зрабіў. А перад гэтым маці, добрая душа, не забылася, што Пульс даваў каліну і папрасіла Антона занесці яму ў падзяку пляшку самагонкі. Антон аднёс, і разам з Пульсам яны гэтую самагонку і выпілі. Магчыма, не быўшы на падпітку, Васкевіч не зрабіў бы таго, што зрабіў. Седзячы ўвечары ў верандзе, ужо заклеіўшы канверт з «бібліятзчным» пісьмом, яму прыйшло ў галаву, што трэба напісаць і ў Мінск, у інстытут. Сапраўды, гэта ж так проста! Каму ён трэба, калі ён сам пра сябе не падае знаку? Ды жывы ён увогуле ці не? Ліпень, у інстытуце працуе прыёмная камісія, рэктар будзе на месцы...

Гэта быў саромны, пакаянны, па-руску напісаны ліст, пра які потым Васкевічу і самому няёмка, цяжка было ўспамінаць, а тым больш расказваць некаму.

Ён пісаў, што вось ужо столькі месяцаў адлічаны з інстытута, і дасюль не ведае, за што. Воля Ваша, — пісаў ён, — можаце мяне і не ўзнаўляць. Але звяртаюся да Вас не як да рэктара, а як да чалавека: чыркніце мне хоць пару слоў, ці ёсць у мяне хоць маленькая кропля надзеі? Калі я нават і быў у нечым вінаваты, дык «за даўнасцю часу» даруюцца і не такія, як маё, злачынствы...

Не перачытваючы, заклеіў, падпісаў адрасы на абодвух канвертах.

Ужо раніцай яму, праспаламу, зрабілася сорамна; але ён згадаў выратавальнае: «Мне трэба варухнуцца, паспрабаваць самому сабе памагчы. А там Каму трэба, Той вырашыць», — і ў Двароўцы аднёс лісты на пошту.


  1. Цёска — трэска.