9656.fb2
За акном трошкі развіднела. У хаце было ціха. Маці зноў пайшла на працу, яна падмяняла гэты месяц сваю хворую зменшчыцу.
Васкевіч ляжаў, круціўся пад цёплай коўдраю, не жадаючы расставацца з лёгкай, ціхай прыемнасцю ад здаровага сну, ад родных сцен, ад таго, што ён адзін у хаце. Ён палюбіў быць адзін раніцамі яшчэ з дзяцінства, калі неяк, таксама зімою, моцна захварэў на вятранку і два тыдні сядзеў дома. Брат сыходзіў у школу, маці — у саўгас, а ён уключаў святло, бо за акном стаялі такія ж, як цяпер, прыцемкі, браў у ложак міску сухіх гарбузовых зярнят, кніжку — Мележа ці Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» — і за некалькі гадзін перажываў некалькі чужых жыццяў, такіх яркіх, цікавых, і разам з тым такіх блізкіх і падобных на сваё будучае жыццё... У Мележа Васіль абдымаў Ганну, а ён, чытаючы, думаў пра сваю новую маладую настаўніцу батанікі і ўяўляў, як ён вырасце і таксама будзе абдымаць дзяўчыну, падобную да гэтай настаўніцы. У кніжцы смалілі вепрука, а ён думаў, што і яны скора будуць біць кабана, а ён, Антон, залезе на печ, будзе пазіраць, як дзядзька Мікола-ляснік пакладзе на лаўку свой штык-нож, скіне шапку, перахрысціцца на пусты кут (абраз Міколы ў большай хаце), потым сядуць з братам за стол, вып'юць, матка будзе круціцца каля стала і прытворна дзякаваць, увесь час крадком пазіраючы на пляшку, ці не многа выпілі... А ён, глытаючы слінкі, адчуваючы страшны, да моташнасці голад, будзе пазіраць з печы, і вось урэшце матка падасць яму місачку свежаніны з лустай хлеба, шкваркі — каторая перасмажаная, аж чорная, каторая ледзь пажаўцелая, з белым салам, але ўсе да таго смачныя, што нават шкада глытаць іх, хочацца даўжэй патрымаць у роце, ды не слухаюцца і, неразжованыя, неяк самі пракоўтваюцца...
Тэлевізара тады не было. Антон вылазіў з-пад коўдры, бег па халоднай падлозе, уключаў радыё, стрымгалоў ляцеў назад і, лежачы, слухаў, як галасы з зусім іншага свету напаўняюць хату нейкай урачыстасцю, адчуваннем свята, быццам усё гэта для аднаго яго, хворага Антона...
Нешта падобнае ён адчуваў і цяпер. Лёгка, прыемна, радасна было ляжаць пад коўдрай аднаму ў хаце, глядзець у акно на ранішні прыцемак, але і ўставаць было радасна, бо чакала праца, якую Васкевіч умеў і любіў рабіць. Галоўнае, сам сабе гаспадар, ніхто не будзе камандаваць: як зробіш, так і добра.
Маці, падняўшыся ў чатыры гадзіны, паспела выпаліць у печы. На прыпечку стаяла патэльня смажанага мяса, падагрэтая ўчарашняя бульба. Васкевіч добра пад'еў — у Мінску забыў, калі ўвогуле апошні раз еў раніцай, — выйшаў на двор. Мароз яшчэ больш адлёг, усё было ў тумане. Дыхалася лёгка і здорава, як у дзяцінстве, ды ўсё вакол і было дзяцінствам: і гэтая сцяна хаты, і плот, і хлеў, і ледзь бачныя ў тумане абрысы блізкага лесу... А як добра само па сабе, смачна пад'еўшы! І гэтыя штаны байкавыя, валёнкі, кухвайка — цёпла, зручна...
Ён залез на гарышча, скінуў вялікія санкі, пацягаў іх трохі па снезе, каб адцерці з палазоў, у дрывотні знайшоў кавалак новай аборкі, падперазаўся і засунуў пад аборку сякеру. «Паглядзелі б цяпер на мяне хто з Мінску... — падумаў ён, ідучы агародамі па рыхлым снезе да пахмурнага лесу. — А можа, сапраўды, гэтая кухвайка і сякера за поясам якраз і ёсць маё, і не варта было рыпацца, шукаць нечага іншага...»
Ён з самага ранку настроіўся не спяшацца, як не спяшаецца звычайна ніколі сапраўдны вясковы мужык. У лесе кінуў на сцежцы санкі, доўга хадзіў, выбіраў раўнейшую, даўжэйшую хвойку. Усё былі роўныя і доўгія, і раслі пры самай дарозе. Прайшоў далей у лес — яшчэ лепшыя. Успомніў, што збіраўся насекчы лучыны, вярнуўся назад да дарогі — вось, тоўстая, камлюкаватая насечаная хвоя, насечку нядаўна нехта паліў і ўвесь камель аж да галін чорны.
Антон пасядзеў на санках, пакурыў. Усё пад бокам, думаў ён, — хочаш, хвойкі на жэрдкі, лучына, а летам тут жа, дзесяць мінут ходу, грыб, ягада, а вясною хочаш, прыходзь стаў[4] сок — вунь тры таўсценныя бярозы на пагорку... Папляваўшы для большай спаважнасці на далоні, насек лучыны — смачна хэкаючы, адчуваючы, як слухаюцца рукі, глыбокія і ладныя робяцца падсечкі і злупліваецца зверху вялікі, з аднаго боку гарэлы, з другога — жоўта-смалісты пахучы пласт... А некалі брат рубаў, а ён стаяў воддаль, каб не агрэла трэскаю, пазіраў з зайздрасцю... Склаў пласты каля санак, зноў трохі пахадзіў па лесе, нагледзеў урэшце дзве хвойкі, адна каля адной, абтупаў снег каля камлёў, каб ссячы пры самай зямлі; пагаварыў з імі ў думках, папрасіў прабачэння, што сабраўся іх забіваць — як рабіў у дзяцінстве, калі ўсё вакол здавалася жывым, разумным, і ён гаварыў і з катом, і з рэчкай, у якой купаўся, і з морквай, якую грыз, — так і цяпер: пагаварыў: «Вядома, вам тут лепш... І гэтыя бярозы будуць па вас сумаваць, і гэты дубок, які, нябось, ужо заглядаўся на вас, гадаў, каторую ўзяць у жонкі... Але што зробіш? Будзеце вісець у плоце прыбітымі да шулаў, вуліцу паглядзіце, людзей, машыны, кот па вас будзе бегаць. Тут, у лесе, магла б бура зваліць, ці самі па сабе састарэлі б, згнілі б — і ўсё; а ў плоце паслужыце, спарахнееце, парэжуць вас на дровы, спаляць, і паляціце дымам над гэтым лесам, над Беларуссю, свету пабачыце...»
— Селянін за гэты час высек бы і абчасаў даўно! — схамянуўшыся, сказаў сабе Васкевіч.
Але настрой гэты — «здзяцінелы», узнёслы — не пакідаў яго, пакуль высякаў, цягаў па адной хвойцы, прывязваючы камель да санак, а доўгі хвост валачыўся па снезе і спружыніў на буграх і ямах, пакуль абчэсваў, здымаў кару... Раскідаў старое прасла — амаль усе дошкі пагнілі там, дзе былі прыбітыя цвікамі, парасколваў гэтыя дошкі напал, і ўсё пайшло ў дзела. Хутка новенькае прасла жаўцела сваімі новымі жэрдкамі, адыходзіць не хацелася... Насек са смалістых пластоў поўны вялікі кош лучыны, а рукі ўсё не ўнімаліся, яшчэ прасілі работы. Падмёў хату, вытрас палавікі, гадзіны ў чатыры, калі ўжо змяркалася, запаліў у грубцы. На гэты раз не паспелі яшчэ як след разгарэцца дровы, як на двары пачуўся тупат, і зайшла маці з братам Сцяпанам. Маці, відаць, адпрасілася раней, заехала ў горадзе да Сцяпана, і вось, прыбылі, вырашаць Антонаў далейшы лёс. Маці была зусім іншая, чым учора, — ці проста выгаварылася дарогай Сцяпану, ці паспела ўжо ўбачыць і новыя жэрдкі, і кош лучыны, і што ў хаце чыста.
— Ну, як ты тут, сынок? — спытала і хутчэй кінулася збіраць на стол. На гэты раз знайшлася і пляшка.
Сама за стол не села, прыткнулася на ўслончыку каля печы.
— Вот, Сцёпа, вот куды яму дзецца? — спытала маці, калі браты выпілі і Сцяпан цягнуў з міскі поўную лыжку тугіх, слізкіх у алеі грыбкоў; па яе інтанацыі можна было здагадацца, што за сённяшні дзень яна задае гэтае пытанне не ў першы раз.
— Ён жа не малое дзіця, — асцярожна адказаў Сцяпан, жуючы грыбкі, пазіраючы на брата спагадлівымі вачыма з-пад чорных густых броваў.
— З Менска я выпісаны поўнасцю, і што рабіць, пакуль не знаю, — шчыра сказаў Антон. — Можа, у горадзе можна будзе як прыляпіцца?
— І не думай! — ускрыкнула матка. Відаць, і пра гэта яны са Сцяпанам ужо гаварылі.
— Горад... — Сцяпан фыркнуў насмешліва. — Добра, калі б быў горад!.. Гэта табе не Мінск, ці, як ты кажаш, Менск. Ды гэта большае балота, большая глуш за нашую вёску, за любы хутар! Абшчагі, заводы, бруд, аўтобусы ходзяць абы-як, у выхадныя да цэнтра няможна дабрацца, а калі і дабярэшся, дык што? Што ў нас за цэнтр? Два кінатэатры? Поўна нейкіх зэкаў, хімікаў[5], страшна па вуліцы прайсці... Зацемна еду на работу, зацемна вяртаюся, замыкаемся і глядзім тэлевізар — вось мне і ўвесь горад... Але хоць дзякую Богу, што вырваўся з той абшчагі рабочай, хоць гэтую маласямейку далі, а то ж страшна ўспомніць... П'янкі, бойкі, дзверы трашчаць, вады вечна няма, на кухнях нагаджана, пліты паламаныя, у душ пасля работы не сходзіш, калі і вада ёсць, бо баішся схапіць якой каросты ці грыбок!.. Наш горад!..
Спускай.
Вольнапасяленцаў (распаўсюджаны жарганізм).